Адыходзячы год можа стаць самым цёплым за ўвесь час метэаназiранняў
Адыходзячы год можа стаць самым цёплым за ўвесь час метэаназiранняў
У навагоднюю ноч чакаецца бадзёры мароз i невялiкi снег. Нагадаю, што пакуль самым цёплым лiчыцца 1989 год, калi сярэднегадавая тэмпература склала плюс 8 градусаў. Другое i трэцяе месцы падзяляюць 2000 i 2007 гады, калi было зафiксавана 7,8 градуса. Разам з тым, сёлета за 11 месяцаў сярэднегадавая тэмпература склала 8,8 цяпла, што на 2,1 градуса вышэй за клiматычную норму, паведамiў карэспандэнту "Звязды" начальнiк службы гiдраметэапрагнозаў Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Дзмiтрый Рабаў. Паводле падлiкаў спецыялiста, калi i сёлетнi снежань нас так i не замарозiць, то тады гэты год у Беларусi мае шанцы пабiць усе мiнулыя рэкорды па цеплынi. Як па сезонах характарызуюць сiноптыкi адыходзячы год у Беларусi? Мiнулая зiма 2007—2008 гадоў адзначалася сярэднецёплым "норавам" з сярэдняй тэмпературай трох месяцаў мiнус 1 градус пры клiматычнай норме 5,5 градуса марозу. Такiя цёплыя зiмы бываюць вельмi рэдка — толькi чацвёрты раз за мiнулыя 100 гадоў. За перыяд глабальнага пацяплення клiмату з 1989 года гэта ўжо трэцяя цёплая зiма. Самай цёплай была зiма 1989—1990 гадоў з сярэдняй тэмпературай мiнус 0,1 градуса. Сёлетняя вясна была таксама даволi цёплай, з сярэдняй тэмпературай трох месяцаў 7,8 градуса, што на 2,1 градуса вышэй за клiматычную норму. Такiя вёсны надараюцца раз у 6 гадоў, а самая цёплая назiралася ў 2007 годзе, калi сярэдняя тэмпература сезона дасягала 8,9 градуса. Мiнулае лета адрознiвалася ад звычайных невялiкiм плюсам, бо сярэдняя тэмпература трох месяцаў склала 17,6 градуса, што толькi на 0,8 градуса вышэй за клiматычную норму. Сярэдняя тэмпература восенi сёлета склала 7,6 градуса пры норме 6,3 цяпла. Падлiчана, што такая цеплыня восенню сустракаецца ў нашай краiне раз у 9 гадоў. Самая цёплая "залатая" пара года была зафiксавана ў 1967 годзе, калi сярэдняя тэмпература складала 9 градусаў. Мiж iншым, пачатак сёлетняй зiмы вызначыўся рэкордным па цеплынi першым тыднем снежня, калi сярэднясутачная тэмпература была на 3—10 градусаў вышэйшая за норму. Такога цёплага тыдня ў снежнi, як сёлета, на тэрыторыi Беларусi яшчэ не назiралася нiколi. Увогуле сярэднямесячная тэмпература 17 дзён снежня перавышае клiматычную норму першага месяца зiмы ажно на 4,2 градуса. Вызначыўся адыходзячы год i экстрэмальнымi сiнаптычнымi з’явамi. Моцныя ветры парывамi да 15—23 м/с, працяглыя i моцныя, а месцамi ў Вiцебскай вобласцi вельмi моцныя снегапады назiралiся сёлета 24 i 25 сакавiка. Нанеслi шкоду раслiнам iнтэнсiўныя замаразкi ў ноч на 7 мая, калi тэмпература знiжалася месцамi на глебе да мiнус 4 градусаў. Змагалiся сяляне з непрацяглай засухай у пачатку чэрвеня. Даволi моцнымi лiўнямi, ураганам i градам адзначыўся сёлета лiпень. У жнiўнi спякота па краiне дасягала 34 градусаў, а па Вiцебскай i Брэсцкай абласцях — ажно да 37,5 цяпла. Моцныя снегапады назiралiся 23—24 лiстапада ў Гомельскай i Магiлёўскай абласцях. Якiм будзе наступны год, айчынныя спецыялiсты пакуль дакладна не ведаюць, але Дзмiтрый Рабаў упэўнены, што год жоўтага Быка стане таксама цёплым. Паводле папярэднiх прагнозаў, студзень будзе на градус цяплейшы за шматгадовую клiматычную норму, якая складае мiнус 5—8 градусаў. У лютым тэмпературны рэжым прагназуецца ў межах нормы — мiнус 4—8 градусаў. Разглядаючы доўгатэрмiновую перспектыву змянення клiмату на планеце, эксперты Сусветнай метэаралагiчнай арганiзацыi (СМА) склалi прыкладны тэмпературны прагноз на блiжэйшыя 60 гадоў. Паводле iх падлiкаў, да 2069 года сярэднегадавая тэмпература па планеце павiнна павялiчыцца яшчэ на 2 градусы. За гэты час павялiчыцца i колькасць ападкаў на планеце, а вось хуткасць ветраў зменшыцца. Паводле меркаванняў Дзмiтрыя Рабава, калi агульнапланетарны клiматычны прагноз насамрэч будзе спраўджвацца, тады павелiчэнне сярэднегадавой тэмпературы ў нашай краiне да 2069 года дасягне 2,5—3 градусаў. * * * Паводле папярэднiх прагнозаў айчынных сiноптыкаў, на навагоднiя святы ў Беларусi чакаецца камфортнае надвор’е са слабым ветрам i невялiкiм марозам. У навагоднюю ноч на тэрыторыi краiны прагназуецца невялiкi снег. Тэмпература паветра па краiне ад мiнус 4 да мiнус 8 градусаў, у Мiнску — каля 4 марозу. У першы дзень новага года — ад 0 да 5 марозу. Сяргей КУРКАЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нагадаю, што пакуль самым цёплым лiчыцца 1989 год, калi сярэднегадавая тэмпература склала плюс 8 градусаў. Другое i трэцяе месцы падзяляюць 2000 i 200
|
|