Праявы крызісу ёсць, але працаваць можна
Праявы крызісу ёсць, але працаваць можна
"Крычаўцэменташыфер" не будзе спыняць вытворчасць у святы i не адправiць сваiх працаўнiкоў на навагодне-калядныя вакацыi. За 11 месяцаў гэтага года прадпрыемства вырабiла цэменту i шыферу ў сярэднiм на 20 працэнтаў болей у параўнаннi з адпаведным перыядам мiнулага года. — Сёлета мы, паводле папярэднiх разлiкаў, павiнны выпусцiць 1 мiльён 370 тысяч тон цэменту, што на 200 тысяч болей, чым летась, — паведамiў намеснiк генеральнага дырэктара па эканомiцы "Крычаўцэменташыферу" Аляксандр Мiнiн. Такi значны рост вытворчасцi цэменту забяспечаны дзякуючы сёлетняму ўводу ў дзеянне трэцяй печкi па вырабе клiнкера. Тым не менш, i гэта буйное i паспяховае прадпрыемства горада Крычава закранулi негатыўныя працэсы ў сувязi з сусветным фiнансавым крызiсам. Увогуле цэмент i шыфер — гэта сезонныя тавары, i попыт на iх натуральна памяншаецца ў зiмовы час. Аднак аб’ёмы рэалiзацыi напрыканцы года яшчэ больш знiзiлiся, асаблiва на знешнiм рынку. У снежнi, у параўнаннi з яшчэ "не вельмi крызiсным" кастрычнiкам, прыкладна ў паўтара раза. — Мы цяпер выконваем усе ўказаннi ўрада, — распавёў карэспандэнту "Звязды" Аляксандр Мiнiн. — Знiзiлi кошты на прадукцыю. Аддаём прадукцыю ў растэрмiноўку, хоць раней прадавалi толькi па папярэдняй аплаце. Увогуле гiбка падыходзiм да сiтуацыi, каб не знiзiць яшчэ болей аб’ёмы продажу i не спынiць вытворчасць. Сёння на "Крычаўцэменташыферы" працуюць больш за 1800 чалавек. Сярэднi заробак за 11 месяцаў склаў 1 мiльён 213 тысяч рублёў. Нягледзячы на даволi трывалае становiшча свайго прадпрыемства ў параўнаннi з iншымi (напрыклад, Крычаўскi завод гумавых вырабаў часова спынiў вытворчасць), людзi ўсё роўна трывожацца за свае працоўныя месцы i заробкi. — Але сусветны крызiс — гэта не нагода зусiм апусцiць рукi i пакорлiва чакаць, што будзе далей, — лiчыць кiраўнiцтва вядомага крычаўскага завода. — Мы працуем i шукаем шляхi, каб працаваць стабiльна i забяспечыць матэрыяльны дабрабыт сем’яў нашых работнiкаў. Складскiя запасы на "Крычаўцэменташыферы" складаюць 25 працэнтаў ад месячнага аб’ёму вытворчасцi, i гэтую мяжу тут iмкнуцца не перавышаць. — Усе ж такi да 90 працэнтаў вырабленай прадукцыi мы рэалiзуем на ўнутраным рынку, — нагадаў Аляксандр Мiнiн. — І калi ў Беларусi асноўныя дзяржаўныя праграмы па будаўнiцтве не будуць звернутыя, то мы будзем жыць. Свае маркетынгавыя высiлкi мы сёння канцэнтруем на знешнiм напрамку i, будзем спадзявацца, вернем да актыўнага супрацоўнiцтва сваiх расiйскiх i нават прыбалтыйскiх партнёраў. Праявы крызiсу ёсць, але працаваць цяпер можна i трэба. Менавiта так можна коратка ахарактарызаваць сiтуацыю на прадпрыемстве. Кiраўнiцтва "Крычаўцэменташыфера" напярэдаднi святаў жадае сваiм працаўнiкам i ўвогуле ўсiм беларусам не журыцца, а верыць у тое, што разам мы стойка перажывём усе цяжкасцi i будзем працаваць. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Крычаўцэменташыфер" не будзе спыняць вытворчасць у святы i не адправiць сваiх працаўнiкоў на навагодне-калядныя вакацыi. За 11 месяцаў гэт
|
|