Лепшыя падарункi — дзецi
Лепшыя падарункi — дзецi
Жанна i Сяргей пазнаёмiлiся ў навагоднюю ноч, калi ў адной кампанii сустракалi 1993 год. Разглядзелi адно аднаго i закахалiся 1 студзеня. Таму што на вулiцы Цяхцiна, дзе адбывалася гiстарычнае для будучых сужэнцаў застолле, нечакана знiкла электрычнасць. Новы год сустрэлi ў поцемках, а потым маладыя людзi за сталом не затрымалiся i ўсе разам з Жаннай рушылi на працу. — Я кiрую нашым сельскiм Домам культуры i таму штогод у навагоднюю ноч павiнна быць на працоўным месцы, — патлумачыла яна. — Паводле няпiсаных вясковых правiлаў, каля гадзiны ўначы павiнна пачацца святочная дыскатэка каля галоўнай ёлкi. — Я Жанну адразу заўважыў: сiмпатычная дзяўчына, вясёлая, яркая, не падобная на ўсiх iншых, — узгадвае Сяргей. — І праз два месяцы мы згулялi вяселле! Больш за 15 гадоў мы разам, i не шкадуем! Маладым людзям тады хапiла няшмат часу, каб разабрацца ў пачуццях i зразумець, што не трэба чакаць наступнага Новага года. Аднак сустрэча 1994-га ўсё ж такi не выдалася спакойнай: 1 студзеня нарадзiўся першынец Плехавых — сын Максiм. Калi шчыра, яны i не меркавалi пра такi навагоднi падарунак. Жанна i Сяргей хацелi сустрэць свой першы Новы год разам, i на свята з’ехаўся натоўп гасцей. Абодва паходзяць са шматдзетных сем’яў, маюць багата сваякоў i любяць прымаць гасцей: маўляў, для ўсiх знойдзецца чарка, бульба з салам ды добрае слова. — Але я насуперак усiм планам трапiла ў бялынiцкую бальнiцу, — расказала Жанна. — Пакуль усе святкавалi, вы ў пакутах раджалi дзiця. Не крыўдна было? — Абсалютна не. А Новы год я сустрэла, праўда — без шампанскага, перад тэлевiзарам у радзiльным аддзяленнi. Схваткi яшчэ толькi пачыналiся... — I што запомнiлася з тэлевiзiйнай перадачы? — Нiчога! (Смяецца.) Толькi памятаю, што быў канцэрт. Ды на вулiцы весялiлiся людзi. А я думала толькi пра тое, каб хутчэй усё здарылася. Мне было цiкава, што Максiм нарадзiўся ў першы дзень новага года! Дачка Плехавых Насця з’явiлася на свет у першы дзень новага стагоддзя — 1 студзеня 2000 года! Праўда, на гэты раз вопытнай мацi, якая не вельмi спяшалася ў бальнiцу, удалося сустрэць Новы год у кампанii сваякоў i сяброў. Аднак i тут без прыгодаў не абышлося. Пасля сiмвалiчных 12 гадзiн, смачнай вячэры i глытка шампанскага ў сiтуацыю давялося ўмяшацца мясцовай службе МНС у сувязi з вялiкiм снегападам i мяцелiцай. Тэлефоны ў Цяхцiне не працавалi, i выратавальнiкi выклiкалi парадзiсе "хуткую дапамогу". — Калi нарадзiўся Максiм 1 студзеня, яшчэ не было пытанняў: маўляў, цiкавае супадзенне святаў, — кажа Сяргей. — А калi ў першы дзень года нарадзiлася i Насця, усе сваякi былi моцна здзiўленыя. Потым нават са школы i сельсавета тэлефанавалi i высвятлялi, цi няма памылкi ў дакументах. — Здзiўленне цалкам зразумелае. Няўжо Плехавы сапраўды валодаюць нейкай адмысловай методыкай нараджэння дзяцей 1 студзеня? — (Смяецца.) Калi б яна iснавала, такая методыка, то мы б ужо ўсiх вучылi, давалi парады... — ...i здолелi б зарабiць на гэтым прыстойныя грошы! — Так, гэта было б добра! Але гэта толькi шчаслiвы выпадак! Хоць з сiмвалiчнымi датамi ў нашай сям’i нешта такое атрымлiваецца. Дачка Ксюша, якой ў наступным годзе споўнiцца 2 гады, ледзь не "трапiла" ў дзень нараджэння мацi ў сакавiку! Малодшую Ксюшу ў сям’i называюць лялькай i мамчынай дачкой. На руках Жанны бландзiнка ў ружовым (нарадзiлася ў год ружовага Парасяцi) выплывае са спальнi. Настрой у малой не самы лепшы: успышкi фотакамеры ёй не даспадобы i на ўсякi выпадак яна не сыходзiць з рук Жанны. — Хоць Максiм i Насця нарадзiлiся ў адзiн дзень i па гараскопе Казярогi, але яны зусiм розныя па характарах, — сцвярджае мацi. — Максiм — спакойны чалавек. Будзе такiм жа надзейным мужчынам, як яго бацька. А Насця — агонь, пацанка, адважная вершнiца. Наш конь Орлiк — яе галоўнае захапленне. — Увогуле нам падабаецца, што двое нашых дзяцей нарадзiлiся 1 студзеня, — падсумоўвае Сяргей. — Гэта незвычайна i вельмi радасна! Чараду навагоднiх святаў Плехавы пачалi яшчэ 20 снежня. У гэты дзень сям’я адзначае дзень нараджэння бацькi. Праўда, у Сяргея, якi працуе леснiком, у перанавагоднiя днi шмат службовых клопатаў: абараняць лес ад самавольных масавых высечак ялiн. У Цяхцiне жывуць праваслаўныя людзi, але Плехавы 25 снежня зноў святкуюць: на гэты раз дзень нараджэння мацi Сяргея i выказваюць за адным разам павагу да католiкаў Беларусi i ўсяго свету. Сваякi, якiя прыязджаюць у Цяхцiн 31 снежня, на наступны дзень лагiчна працягваюць святкаваць днi нараджэння навагоднiх дзяцей Плехавых. — Гэта добра, калi свята падвоенае! — лiчаць бацькi. Праўда, Максiму 1 студзеня споўнiцца ўжо 15 гадоў, таму хатнi дзiцячы салодкi стол яму ўжо не вельмi цiкавы. Сёлета хлопец плануе запрасiць у госцi усiх 16 сваiх аднакласнiкаў i арганiзаваць дастойную культурную праграму. Максiм просiць у мацi зрабiць у зiмовым лесе шашлыкi. Навагоднi пiкнiк у лесе — гэта "фiрменнае" свята Плехавых. Аднойчы, калi з неба "кiношна" павалiў вялiкiмi камякамi снег, яны адзначалi Новы год пад вялiзнай ялiнай, нiбыта пад парасонам. Вогнiшча, простая ежа, шампанскае, вясёлыя гульнi — як у казцы. I размовы: як прайшоў год i якiя планы на наступны. — Хоць i казалi, што высакосны 2008 год будзе цяжкiм, але нiчога дрэннага з намi не здарылася, нас абмiнулi хваробы, а ўдача i шчасце завiталi да нас, — кажа Жанна. — Няхай i наступны год будзе спакойным i ўсе нашы жаданнi спраўдзяцца. Плехавы атрымалi льготны крэдыт i будуюць дом. За некалькi восеньскiх месяцаў яны ўзвялi будынiну, але ў наступным годзе яшчэ будзе багата працы. Сяргей, праўда, трохi хвалюецца за крэдыт у сувязi з крызiсам, але ж мае ўнутраную ўпэўненасць — усё будзе ў парадку! Аграгарадок Цяхцiн яны лiчаць добрым месцам для жыцця: пабудавалi шмат новых дамоў, ёсць дзiцячы садок i школа, у моцнай сельскай гаспадарцы запрацаваў сучасны крухмальны завод, новым дарогам могуць пазайздросцiць гараджане, крамы радуюць разнастайнасцю тавараў. Плехавы спадзяюцца, што ў будучынi ў Цяхцiне пабудуюць новы Дом культуры — вялiкi i ўтульны, а таксама адкрыюць цырульню. Тутэйшым абяцаюць, што ў будучынi ў аграгарадку з’явiцца нават свой спартыўны комплекс з басейнам! Максiм старанна вывучае спiс самых запатрабаваных прафесiй: праз два гады яму давядзецца зрабiць выбар. Цяпер ён вагаецца памiж юрыстам i праграмiстам i хоча, калi зусiм шчыра, паспытаць жыццё ў вялiкiм горадзе. А Насця з’ездзiла на аздараўленне ў Амерыку i зрабiла для сябе выснову: "Дома ў Цяхцiне лепей!". За акiянам ёй спадабаўся заапарк i басейн, а больш нiчога цiкавага, па словах дзяўчынкi, там няма. На памяць пра далёкую краiну прывезла калядную скульптуру для дома i саду — аленяня з белага дроту i лямпачак. Гэта будзе "моднай фiшкай" навагодняга свята-2009! — Мы жадаем усiм людзям у новым годзе самага галоўнага ў жыццi — здароўя, — кажуць Плехавы. — А ўсё астатняе — у нашых руках! Iлона Iванова. Бялынiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жанна i Сяргей пазнаёмiлiся ў навагоднюю ноч, калi ў адной кампанii сустракалi 1993 год. Разглядзелi адно аднаго i закахалiся 1 студзеня. Таму што на
|
|