ШЛЯХ ДА ВІФЛЕЕМА
ШЛЯХ ДА ВІФЛЕЕМА
Ад горада, чый узрост перавышае чатыры тысячы гадоў, ад рэзiдэнцыi Прадстаяцеля Правалаўнай Царквы на Святой Зямлi пачаўся мой шлях у Вiфляем. На развiтанне Яго Блажэнства Феафiл III пакiнуў у нататнiку добразычлiвае пажаданне. Побач з аўтастрадай хтосьцi пракладвае свой шлях у Вiфлеем. Наша газета надае шмат увагi нацыянальным духоўна-рэлiгiйным пытанням i адраджэнню хрысцiянскiх традыцый. З яе старонак неаднаразова гучалi словы праваслаўных iерархаў, святароў i тых, хто сёння плённа працуе на нiве хрысцiянскай асветы. Мы падрабязна паведамлялi пра вiзiты ў Беларусь Свяцейшага Патрыярха Аляксiя II, традыцыйнымi сталi на старонках "Звязды" святочныя пасланнi Фiларэта Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусi. На працягу 15 гадоў газета ўдзельнiчае ў рэспублiканскай духоўна-асветнiцкай экспедыцыi "Дарога да Святыняў з Непагасным агнём, запаленым ля Гроба Гасподняга. У снежнi мiнулага года наш карэспандэнт Яўген Пясецкi пабываў на Святой Зямлi Iерусалiма i прылеглых да яго мясцiнах — асвечаных самымi дарагiмi ўспамiнамi з гiсторыi чалавецтва, адзначаных зямным жыццём Збавiцеля i здзейсненымi Iм цудамi, амытых Яго крывёю. Па бласлаўленнi Мiтрапалiта Фiларэта Яўген Пясецкi быў запрошаны ў Рускую Духоўную Мiсiю ў Iерусалiме i зрабiў падарожжа па некаторых гарадах i паселiшчах зямлi, якая з’яўляецца калыскай хрысцiянства. Упершыню журналiст з беларускай газеты быў прыняты Блажэннейшым Патрыярхам Святога Града Iерусалiма i ўсёй Палесцiны Феафiлам III. Прадстаяцель Iерусалiмскай Праваслаўнай Царквы пазнаёмiўся з некалькiмi нумарамi газеты "Звязда", паслухаў кароткi расповед пра гiсторыю старэйшай беларускай газеты. На развiтанне Яго Блажэнства Феафiл III пакiнуў у блакноце нашага карэспандэнта традыцыйныя словы добрых пажаданняў нашым чытачам i павiншаваў iх са Святам Нараджэнне Хрыстова. Натхнёны цёплым прыёмам у Прадстаяцеля мацi хрысцiянскiх цэркваў, ранiцай наступнага дня я рушыў у дарогу. Маршрут падказала сама перадсвяточная атмасфера: надыход Свята Нараджэнне Хрыстова адчуваўся паўсюль. Даехаць з Iерусалiма да месца нараджэння Збавiцеля горада Вiфляема ўдалося меней чым за гадзiну — падзяляюць iх некалькi дзясяткаў кiламетраў дагледжанай шашы i, так званая, сцяна бяспекi. Мiнуўшы прыгарад, дарога прывяла ў нiзiну мiж камянiстымi халмамi. На пакатых схiлах заўважныя невялiчкiя паселiшчы сцiплай забудовы i цёмна-карычневыя кавалачкi клапатлiва апрацаванай зямлi. Колькi тысячагоддзяў, прыстасоўваючыся да мясцовай неласкавай прыроды (а не змагаючыся з ёй!), чалавек вырошчвае тут хлеб, збiрае плады з невысокiх каржакаватых алiваў... Напэўна, таксама здаўна людзi адстойваюць тут свае правы на зямлю, на яе каштоўнасцi i Святынi. Яшчэ раз падумалася пра гэта на зваротным шляху ў Iерусалiм, калi наш аўтамабiль ненадоўга прыпынiўся, каб праехаць праз пункт кантролю: узброеныя людзi карэктна праверылi дакументы, зазiрнулi у салон, у маю рэпарцёрскую сумку з фотаапаратамi. У гэтыя днi на зямлi Iзраiля асаблiва неспакойна. Калi льецца кроў i грымяць выбухi — нiякая асцярога не бывае залiшняй. Кажуць, што на Зямлi налiчваецца некалькi тысяч храмаў, асвечаных у гонар Нараджэння Хрыстова. Але першы сярод усiх, безумоўна, знаходзiцца ў Вiфлееме. Пабудаваны ён яшчэ ў 326 годзе над пячорай, дзе нарадзiўся Збавiцель. Iнiцыятар гэтай будоўлi вiзантыйская царыца Алена забяспечыла сабе, па сучасным кажучы, ганаровае месца на старонках гiсторыi хрысцiянства. Пазбегнуўшы разбурэнняў i аднаўленняў, храм i сёння красуецца у выглядзе своеасаблiвай крэпасцi. Правы ад алтара ўваход у пячору належыць праваслаўным, але наведаць i пакланiцца Святынi прыходзяць вернiкi усiх канфесiй. Пад цэнтральнай часткай на невялiкай глыбiнi знаходзiцца месца Нараджэння Збавiцеля. Побач з пячорай грот — гэта яслi, куды Дзева Марыя паклала маленькага Iсуса. У глыбокай нiшы алтар, а на падлозе — вялiкая срэбная зорка з надпiсам на лацiнскай мове: "Тут Дзева Марыя нарадзiла Iсуса Хрыста". Дарэчы, з гэтай зоркай, як i са шмат якiмi iншымi хрысцiянскiмi Святынямi, звязаны падзеi, якiя ўплывалi на нашу агульную гiсторыю. Так, напрыклад, срэбную зорку ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя выкралi. Гэта святатацтва стала тады адной з падстаў для развязвання Крымскай вайны. Вiфлеем шырока вядомы з нагоды яшчэ аднаго бiблейскага падання: у гэтай мясцовасцi паводле загаду цара Iрада былi знiшчаны ўсе дзеткi мужчынскага полу ўзростам да двух гадоў. Так бязлiтасны дыктатар спрабаваў павярнуць ход гiсторыi — прадвешчанае нараджэнне Збавiцеля. У тыя далёкiя часы, за 11 кiламетраў на ўсход ад Вiфлеема, у iншай пячоры спынiлiся на ноч валхвы, якiя пакланiлiся народжанаму Збавiцелю. Праз пяць стагоддзяў каля гэтага месца быў заснаваны манастыр — прыстанак неўзабаве стаў шырока вядомы сваiмi клопатамi аб хворых i вандроўнiках. Тут у 1173 годзе была пахавана першая жанчына, потым кананiзаваная Рускай Праваслаўнай Царквой — заступнiца зямлi беларускай Ефрасiння Полацкая. Напрыканцы свайго зямнога жыцця Ефрасiння вырашыла здзейснiць духоўны подзвiг — паломнiцтва на Святую Зямлю. Ёй раiлi не пачынаць гэты цяжкi i небяспечны шлях, але яна была непахiсная. Мацi Ефрасiння дабралася да Святой Зямлi, дзе праз некалькi дзён свайго знаходжання ў Iерусалiме памерла. Яе словы пра гэта падарожжа — найвялiкшая каштоўнасць, захаваная для нашчадкаў: "Дайсцi да Святога Града Iерусалiма i памалiцiся Гробу Гасподняму i ўсiм святым месцам, бачыць i цалаваць, i там жыццё скончыць..." Ужо потым, калi ў аэрапорце блiз Мiжземнага мора гадзiны чакання спрыялi ўспамiнам, я занатаваў у свой блакнот верш на адлёт са Святой Зямлi:
Хай ты вандроўнiк на Зямлi Святой, Хай невядома дзе твая Айчына, Але яднае ўсiх памiж сабой Зямля i Неба Iерусалiма. Яны яднаюць тое, што было, З усiм, што стрэнеш у радасцi цi ў горы, Зямля i Неба — як з крылом крыло, I чалавек, як птушка у прасторы. Мо будзе лёс ўсе далi абляцець I зблуджаным сюды вярнуцца сынам. Каб перад сконам бласлаўленне мець Зямлi i неба Iерусалiма. Яўген Пясецкi. Фота аўтара. (Iерусалiм — Мiнск) Аўтар вельмi ўдзячны Пасольству Рэспублiкi Беларусь у Дзяржаве Iзраiль i Горненскаму манастыру ў Iерусалiме за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад горада, чый узрост перавышае чатыры тысячы гадоў, ад рэзiдэнцыi Прадстаяцеля Правалаўнай Царквы на Святой Зямлi пачаўся мой шлях у Вiфляем. На разв
|
|