Бытавой тэхнікi ўжо нахапалiся?..
Бытавой тэхнікi ўжо нахапалiся?..
Б’юся аб заклад, што чытач нi за што не здагадаецца, якая зараз, на мой погляд, самая папулярная i запатрабаваная рабочая спецыяльнасць у гандлёвых прадпрыемствах сталiцы. Нi прадавец, нi адмiнiстратар-таваразнаўца, нi нават дырэктар. Грузчык!!! Напэўна, нiводны з iх дагэтуль яшчэ нi разу не бачыў адначасова такой колькасцi тавараў (складанабытавой тэхнiкi), якую трэба даставiць пакупнiкам. Так, гэта наступствы таго спажывецкага попыту, якi назiраўся ў самым пачатку года. ...Панядзелак, ранiца. Аддзел бытавой тэхнiкi на першым паверсе "ГУМа" здалёк прыцягвае ўвагу вялiкай колькасцю такiх жа вялiкiх шэрых упаковачных каробак. Гэта халадзiльнiкi. Яны стаяць, нiбы тая гвардыя волатаў на парадзе. Напэўна, новы завоз? Толькi падышоўшы блiжэй, заўважаю, што гэта — ужо прададзены тавар. На кожнай упаковачнай тары надпiс: прозвiшча пакупнiка, яго адрас, дата дастаўкi. Апошняя пазначана 20 студзеня. Сярод гэтых шэрых кардонных "постацяў" заўважаю i некалькi "белацелых". Гэтыя халадзiльнiкi — велiчыней больш за сярэднюю — яшчэ можна набыць. Прадаюцца гэтыя айчынныя бытавыя халадзiльныя агрэгаты са знiжкай 10 працэнтаў. Адпаведна, кошт дзвюх убачаных мадэляў з яе ўлiкам складае крыху больш за 1,4—1,5 мiльёна рублёў. За вуглом ад iх стаяць некалькi айчынных пральных машын. На iх — такiя ж цэтлiкi аб продажы. Замежны халадзiльнiк побач больш чым за 2 мiльёны рублёў, падаецца, увогуле не прыцягвае ўвагi нешматлiкiх у гэты час пакупнiкоў. Дарэчы, хто яны? Як мне падалося на той момант — пераважна людзi састарэлага ўзросту. Куплялi яны адносна танныя тавары. Вось у iншай секцыi пенсiянерка яўна задаволеная набыццём люстэрка. За iмi састарэлая пара выбiрае недарагi свяцiльнiк, далей у невялiкай чарзе наступныя пакупнiкi такога ж узросту прыгледзелi сабе таршэр. На газавыя плiты побач нiхто з iх нават не пазiрае. Дарэчы, адзiная айчынная мадэль тут ужо прададзена, купiць можна толькi электрычна-газавую. Астатнiя — замежныя. На супрацьлеглым ад халадзiльнiкаў баку таго ж першага паверха ёсць яшчэ адзiн аддзел бытавой тэхнiкi. Палiцы тут хоць i не пустуюць, але бачна, што яны добра "прарэджаныя". На некаторых iмпартных, найбольш папулярных мадэлях пыласосаў сярэдняга цэнавога сегменту (крыху больш за 400 тысяч рублёў) таксама бачныя паперкi аб iх продажы. Як i на айчынных ЗВЧ-печах. Затое побач — вялiкi выбар iмпартных, выбраць ёсць з чаго. Усе беларускiя пральныя машыны ў цэнтры гандлёвай залы прададзеныя, чакаюць памянёных вышэй грузчыкаў. На ўваходзе ў аддзел у свабодным продажы засталiся толькi замежныя аналагi. Пры мне жанчына ва ўзросце па мабiльным раiцца з некiм адносна пераноснай газавай для дачы айчыннай вытворчасцi коштам 96 тысяч: "Ну i што, трэба ўсё роўна браць. А наконт газавага балона потым неяк дамовiмся". У секцыi з тэлеапаратурай у гэты час таксама не шматлюдна. З пакупнiкоў, дакладней, наведвальнiкаў пераважаюць мужчыны. Аглядаюць выстаўленае, раяцца: "Бяры вось гэты невялiкi, як раз для кухнi". Выбар, на мой погляд, даволi вялiкi, праўда, нейкi аднастайны. Тых жа невялiкiх апаратаў сапраўды даволi шмат, а вось нечага больш "сур’ёзнага"... Зручная мадэль з плоскiм экранам за крыху больш чым 800 тысяч рублёў прададзена, прададзены i некалькi iмпартных тэлевiзараў з вялiкiмi экранамi. Дарэчы, чамусьцi кiнулася ў вочы, што ўсё прададзенае аформлена ў крэдыт. Над уваходам у секцыю, на шкле вакон па-ранейшаму напiсана, што пры продажы дзейнiчае знiжка ў 5 працэнтаў. Увогуле, тэлевiзар сярэднiх памераў тут можна набыць крыху больш чым за 300 тысяч рублёў. А што ў "ЦУМе"? Памятаеце, у канцы мiнулага тыдня мы пiсалi, што па секцыi з бытавой тэхнiкай можна было шпацыраваць як па праспекце — з-за адсутнасцi там звыклых халадзiльнiкаў, пральных машын?.. Асартымент тут значна папоўнiўся, практычна да ранейшага, перадажыятажнага перыяду. Стаiць некалькi айчынных пральных машын, праўда, iмпартных — крыху больш. Па-ранейшаму шмат замежных газавых плiт, а нашы выстаўлены ўсяго некалькiмi адзiнкамi. Затое халадзiльнiкаў — практычна на любы густ i кiшэню. Наколькi змянiлiся цэны, сказаць цяжка, паколькi трэба параўноўваць канкрэтныя мадэлi тады i цяпер. Разгледзець жа на цэтлiках такую iнфармацыю не вельмi лёгка: вiдаць, з-за спешкi яна напiсаная ад рукi на маленькiх кавалачках паперы, недзе чамусьцi адсутнiчала ўвогуле. Скажу толькi, што самы танны "Саратаў" каштаваў крыху больш за 700 тысяч, самы дарагi вялiкi "Атлант" — крыху больш за 1,6 мiльёна рублёў. На першы, суб’ектыўны погляд, калi павелiчэнне цэнаў i было, дык яно не вельмi заўважнае. Большасць пакупнiкоў, як i я, проста вывучала кошты i асартымент. Хоць я i заўважыў адзiн, падавалася б, знаёмы цэтлiк, прычым з датай 12 студзеня. Праўда, на iм было напiсана не "Прададзена", а сцiпла, неяк нават нязвыкла-сарамлiва пазначана "Адкладзена" да якойсьцi там гадзiны гэтага ж дня. Побач прадаўцы даставалi з упаковачнай тары новую тэхнiку. Печамi-ЗВЧ былi ўжо застаўлены ўсе палiцы, што i звычайна. Пры мне мужчына, на выгляд пенсiянер, вырашыў набыць недарагi свяцiльнiк... Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Б’юся аб заклад, што чытач нi за што не здагадаецца, якая зараз, на мой погляд, самая папулярная i запатрабаваная рабочая спецыяльнасць у гандлёвых пр
|
|