21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Хутаранская ўтопія?

26.08.2009 10:44 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хутаранская ўтопія?

Тэма хутароў закранула многiх чытачоў "Звязды", а гэта сведчыць пра цягу чалавека да зямлi, свайго надзелу. Настальгiя па вольным жыццi на хутары, дзе чалавек быў сам сабе гаспадаром, яшчэ не пакiнула людзей старэйшага пакалення, якiя тыя хутары памятаюць. Але цi можна адрадзiць хутары ды фальваркi? І цi ёсць у гэтым сэнс?

Сталыпiн — рэфарматар, але...

Да вайны ў Заходняй Беларусi хутары былi звычайнай з’явай i тут не было асаблiвай заслугi Сталыпiна — хутары iснавалi да яго i пасля. Сёння вельмi любяць пагаварыць пра аграрныя рэформы былога старшынi Савета Мiнiстраў Расii. Маўляў, Сталыпiн задумаў непазнавальна змянiць iмперыю, якая на 80 працэнтаў была сельскай.

Сапраўды, тагачасныя рэформы разбурылi абшчынны ўклад вёскi, стварылi ўмовы для станаўлення селянiна-ўласнiка, якога пасля рэвалюцыi аб’явiлi кулаком.

Але разам з гэтым рэформы мелi негатыўны бок. Сталыпiн пачаў праводзiць небывалае перасяленне людзей ў Сiбiр i Сярэднюю Азiю — вырашалiся iмперскiя праблемы, а чалавек заставаўся на дзясятым месцы.

Тыя рэформы найперш закранулi ўсходнiя губернi Беларусi. Сотнi тысяч людзей вывезлi на незаселеныя тэрыторыi, i многiя, зведаўшы абяцанага раю, вярнулiся назад, але большасць — самыя бедныя — засталiся ў Сiбiры, бо не маглi вызвалiцца ад банкаўскiх путаў.

Тым не меней хутары беларусаў заўсёды прыцягвалi.

Хутаранiн — гэта...

На хутары чалавек меў вялiкую перавагу. Уся зямля была наўкол сядзiбы i не трэба было, як раней, ездзiць на свае палоскi-надзелы за некалькi кiламетраў. Але ж гаспадар асядаў на хутары, каб працаваць на зямлi, i што з яе атрымлiваў, на тое i жыў.

Хутар не толькi ўплываў на матэрыяльны стан сям’i, але i фармiраваў псiхалогiю людзей. Хутаранцы, якiя жылi асобна ад астатнiх, мелi свае погляды на жыццё, у iх была свая жыццёвая фiласофiя. Менавiта з гэтай прычыны, падчас калектывiзацыi, пачалi зганяць людзей з хутароў — чалавек павiнен быў быць пад кантролем.

У свой час хутары з’яўлялiся нi чым iншым, як фермерскiмi гаспадаркамi i сённяшнiя фермеры, у прынцыпе, мала чым адрознiваюцца ад тагачасных хутаран.

Мы ўжо плануем ствараць хутары, хоць яшчэ не разабралiся з фермерамi — iх статус даволi неакрэслены. Фермерам даюць няўдобiцу — пясок, хмызнякi ды балоты, i хоць зямлю яны атрымалi ў арэнду з правам перадачы ў спадчыну, тым не меней мясцовая ўлада, бывае, i папярэдзiць, што калi ўраджай у iх будзе нiжэй за сярэднi паказчык па раёне, то зямлю могуць i забраць. А вось якiм бы нiзкiм ураджай нi быў у сельгаскааператыве, так пытанне там стаяць не будзе. А пра падтрымку, напрыклад, пра доўгатэрмiновыя льготныя крэдыты, пракладку дарог, дапамогу з набыццём мiнеральных угнаенняў i хiмiкатаў... многiм фермерам даводзiцца толькi марыць.

Хутаранiн — гэта гаспадар, якi павiнен пракармiць сям’ю, а для гэтага яму патрэбна зямля, каб на ёй працаваць, гадаваць жывёлу...

Дык што, сельгаскааператывы будуць сваю лепшую зямлю аддаваць пад хутары? Цi будзе тое ж самае, што з фермерамi? Кожны чалавек захоча жыць не на балоце, а паставiць сядзiбу на добрай зямлi, у "вясёлым" месцы, i гэта зразумела. А жыць у чыстым полi i хадзiць на працу ў сельгаскааператыў за некалькi кiламетраў, — гэта поўны абсурд.

Няхай будзе падведзена да хутара электралiнiя i пракладзена дарога, але як будуць дабiрацца да школы вучнi малодшых класаў — на хутары ж прыйдуць маладыя?

Вось Алена Сальнiкава стварыла фермерскую гаспадарку "Далонь" пад Баранавiчамi. Трымае кароў, а збыць малако — праблема. Неабходна ехаць з тымi бiтонамi палявой дарогай праз зямлю мясцовага кааператыва — усяго адзiн кiламетр, але фермерку папярэдзiлi, што на гэта яна не мае права, а малако трэба вазiць наўкол за дванаццаць кiламетраў, i ў пацвярджэнне гэтага з раёна прыслалi план-схему. Згнiлi i слупы лiнii электраперадач, а хто будзе iх мяняць?

А з якой нагоды стаўленне да хутаран будзе лепшым, чым да фермераў?

Менавiта на хутарах задумана выхоўваць гаспадароў, але чаму нельга гэта рабiць у неперспектыўных вёсках? Людзей там мала, а зямля наўкол зарастае хмызняком. Колькi ў нас вёсак, якiя ператварылiся ўжо ў хутары? Многа, але штосьцi не спяшаюцца туды гараджане, ды i не ў кожны аграгарадок iх зацягнеш, бо хоць жыллё i даюць, але заробкi малыя (пра гэтую праблему "Звязда" пiсала).

Калi тыя хутары i з’явяцца, то найперш наўкол гарадоў, райцэнтраў цi аграгарадкоў, каб быць блiжэй да цывiлiзацыi, а гэта выклiча пратэст з боку тых жа СВК, бо зямлi свабоднай няма. Чалавек, якi не працуе ў сельгаскааператыве, але трымае каня i карову, мае вялiкiя праблемы не толькi з нарыхтоўкай кармоў, але i з пашай. Звярнуўся аднойчы знаёмы ў сельсавет, каб выдзелiлi яму хоць 20 сотак сенакосу. Прапанавалi за сем кiламетраў. Паглядзеў чалавек на той луг, а там адны купiны. Пайшоў да старшынi СВК, а той i размаўляць не стаў.

Калi няма альтэрнатывы.

Паводле афiцыйных звестак, за некалькi апошнiх гадоў у нас знiкла 17 тысяч падсобных гаспадарак, якiя давалi гароднiну, мяса i малако. I ў гэтым адна з прычын, чаму растуць цэны на прадукты, хоць i сабралi мы сёлета рэкордны ўраджай збожжа. Знiкненне падсобных гаспадарак звязана, найперш, з вымiраннем вёскi — састарэлыя людзi адыходзяць, а маладыя не хочуць мець клопату з той жа каровай.

Узгадваючы сваё дзяцiнства, адзначаю адзiн факт. Хоць тады краiна i будавала камунiзм, але наўкол кожнай вёскi пасвiлiся статкi прыватных кароў, i той выган цягнуўся да небасхiлу. Тады ўлада магла ў селянiна абрэзаць зямлю да пятнаццацi сотак, але выган не забiрала, бо ён спрадвеку быў агульным, цi абшчынным. Затым калгасы пачалi наступаць, i сёння многiя вёскi акружаны не выганам, а палямi сельгаскааператываў. Чалавеку не тое што карову пасвiць, цяля няма дзе навязаць.

Калi вясковец працуе ў сельгаскааператыве, яму яшчэ дапамогуць з кармамi (нарыхтоўкай сена), а калi не, то ў чалавека будзе шмат турбот. Рабiць стаўку на хутаран, якiя будуць мець падсобныя гаспадаркi i насычаць рынак мяснымi i малочнымi прадуктамi не атрымаецца па вельмi простай прычыне.

Падсобная гаспадарка сям’ю не пракормiць — у шырокiм сэнсе гэтага слова. Неабходна мець з дзясятак тых кароў, каб быў рэальны прыбытак, а гэта ўжо фермер. А жыць на хутары, як гаварылася вышэй, ды хадзiць на працу ў сельгаскааператыў — гэта нонсэнс.

Ёсць сумненне, што хутары выхаваюць новых гаспадароў. I ўвогуле, гаспадары не растуць, як тыя апенькi. Вось i сярод фермераў iх не так i многа, а здавалася б, кожны фермер павiнен быць гаспадаром.

Адрадзiць пласт гаспадароў хутка не атрымаецца. Генафонд iх за час калектывiзацыi стаў мiзэрным. Хiба таленавiтых кiраўнiкоў сельгаскааператываў у нас шмат? У кожным раёне iх можна пералiчыць на пальцах адной рукi.

Сёння стаўка зроблена на СВК i яны кормяць краiну — гэтага нiхто адмовiць не можа. Iм слава, пашана i падтрымка. На дажынках каго мы ўшаноўваем? Працаўнiкоў сельгаскааператываў, бо не фермеры, а яны намалацiлi тыя мiльёны тон.

Фермеры ў нас усё яшчэ не родныя, а пасынкi. А з якой нагоды ў сельгаскааператывах i раёнах будуць любiць хутаран? Ды i вёска на iх будзе глядзець коса — кулакi.

Зямля мае цану?

Адрадзiць хутары — гэта жаданне даць вёсцы новы жыццёвы iмпульс. Але сiтуацыя з фермерствам паказвае, што мы пачынаем не з таго боку. Вось фермер узяў у арэнду 50 гектараў зямлi, але плацiць падаткi праз тры гады стараецца мiнiмальныя — няма ўраджаю, то няма i даходу. Ён стараецца ашукаць падатковую iнспекцыю, а тая iмкнецца схапiць фермера за руку. А бывае, што муж бярэ гектары, а затым i жонка яго становiцца фермерам, i зноў адтэрмiноўка з падаткамi.

А як было да вайны з зямлёй у Заходняй Беларусi? Чалавек зямлю купляў цi браў у арэнду. У першым выпадку ён плацiў штогод падаткi, напрыклад, пяць злотых з гектара i нiхто да яго не меў прэтэнзiй — сабраў ты са свайго надзелу ўраджай цi не. Зямля твая, але падаткi за яе заплацi. Адносна арэнды, то тут таксама ўсё зразумела — бралi працэнт ад сабранага ўраджаю цi арандатар плацiў агавораную суму за зямлю незалежна ад таго, што на ёй вырасла.

Будзе дзяржава прадаваць зямлю цi не, але зямля павiнна мець рэальную цану, якая залежыць ад бальнасцi, яе знаходжання, падведзеных камунiкацый... Але канчатковы кошт установiць рынак.

Хоча чалавек жыць на хутары, то няхай возьме крэдыт, выкупiць сабе надзел i пачынае падымацца на ногi. А дзяржава павiнна даць iльготны крэдыт, дапамагчы будучаму хутаранiну, а не будаваць яму сядзiбу i садзiць на гатовае. Калi iсцi такiм шляхам, то атрымаецца, як з раздачай дамоў у аграгарадках i сельгаскааператывах.

Некалi спытаў у немца, як ён пабудаваў сабе дом, катэдж, якiх у нас шмат.

— Узводзiць пачаў мой дзед, затым будаваў бацька, а я закончыў, — быў адказ.

Вось так выхоўваюцца гаспадары, а раздача дамоў, да якiх чалавек не прыклаў рукi, — гэта звычайнае разбэшчванне.

Працаўнiку сельгаскааператыва, фермеру, як i будучаму хутаранiну, найперш патрэбен заробак. Калi яго не будзе, то ўсе самыя добрыя намеры асуджаныя на няўдачу.

Безумоўна, можна стварыць хутар, на якiм чалавек будзе нешта каваць цi выпякаць, але сёння нармальнага iснавання гэтая дзейнасць яму не забяспечыць.

А хто мае грошы i хоча стаць уладальнiкам маёнтка, той няхай плацiць за ўсё i будуе.

I перад тым як паставiць кропку, скажу: свет змянiўся, i маладое пакаленне жыць на хутары, як жылi iх дзяды i прадзеды, ужо не захоча. Ды i цi патрэбен маладым хутар — яшчэ невядома.

Сымон Свiстуновiч.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма хутароў закранула многiх чытачоў "Звязды", а гэта сведчыць пра цягу чалавека да зямлi, свайго надзелу. Настальгiя па вольным жыццi на х
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика