Каралі сенсацый i "каралi Ефрасiннi"
Каралі сенсацый i "каралi Ефрасiннi"
Днямi грамадскасць узрушыла навiна: нiбыта аўкцыённы дом "Парагiс" збiраецца выставiць на продаж каралi Ефрасiннi Полацкай. "Парагiс" — вядомая крынiца падобных сенсацыйных заяў. Гэты аўкцыённы дом, якi заснаваны ў сакавiку 2004 года, некалькi гадоў таму паведамляў пра продаж невядомага да гэтага часу пеўня, якi быў створаны на дошцы. Аўтарам быў пазначаны Марк Шагал. Твор быў прададзены за 650 тысяч долараў. Цяпер размова можа iсцi пра кошт, якi значна перасягае гэтую лiчбу. Інфармацыйныя агенцтвы называюць лiчбу ў 1,5 мiльёна еўра. Калi гаворка iдзе пра нейкi невядомы дагэтуль артэфакт такога старажытнага паходжання, то цiкавасць да яго можа быць сапраўды вельмi вялiкая, адпаведна будзе ўзнiмацца i сума, якая прапануецца за яго. Iншая справа, што калi гаворка iдзе пра сапраўдны твор старажытнага паходжання, якi мае дачыненне да гiсторыi нашай краiны, то цiкавасць да яго павiнна быць найперш з боку дзяржаўных культурных устаноў. Аднак сумненняў чуецца больш, чым словаў даверу. Напэўна, нездарма. Сенсацыя — цiкавая рэч, аднак у такiх выпадках патрэбна ацэнка вельмi аўтарытэтных экспертаў, якая засведчыць, што гэта не штучна раздутая мыльная бурбалка. Трэба заўважыць i тое, што ўжо некалькi гадоў не было чуваць пра гучныя продажы аўкцыённага дома "Парагiс". — Няма абгрунтаваных доказаў таго, што гэтыя каралi належаць Ефрасiннi Полацкай, — пракаментаваў iнфармацыю пра каштоўнасць, якую збiраюцца выставiць на аўкцыён, загадчык аддзела гiсторыi Беларусi Сярэднiх вякоў i пачатку Новага часу Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi Аляксандр ГРУША. — Калi б пацвердзiлася iнфармацыя толькi пра каралi ХII-ХIII стагоддзяў, гэта ўжо стала б сенсацыяй. Нiхто не можа выключыць верагоднасць таго, што такiя каралi могуць знаходзiцца ў нейкай прыватнай калекцыi. Аднак, каб пацвердзiць, па-першае, час, якiм датуецца тая цi iншая рэдкасць, па-другое, яе прыналежнасць, неабходна прыцягнуць спецыялiстаў, каб яны правялi экспертызу. Наколькi мне вядома, падобных заявак у Iнстытут гiсторыi не паступала. Акрамя таго, калi нейкая рэч мае навуковую каштоўнасць, iнфармацыя пра яе абавязкова будзе ў адпаведнай лiтаратуры, але нiчога падобнага пра "каралi Ефрасiннi Полацкай" я не сустракаў. Безумоўна, да свайго пострыгу ў 12-гадовым узросце полацкая князёўна Прадслава насiла каралi, патлумачыў гiсторык, бо ў той час каралi былi абавязковай часткай жаночага касцюма i выконвалi розныя функцыi, былi не толькi ўпрыгажэннем. Аднак вызначыць прыналежнасць любых караляў наўрад цi магчыма. Ларыса ЦIМОШЫК, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi грамадскасць узрушыла навiна: нiбыта аўкцыённы дом "Парагiс" збiраецца выставiць на продаж каралi Ефрасiннi Полацкай. "Парагiс&q |
|