ЦІ ЧАКАЮЦЬ ЗВАЛЬНЕННЯЎ?
ЦІ ЧАКАЮЦЬ ЗВАЛЬНЕННЯЎ?
У апошнi час не сцiхаюць размовы пра сусветны фiнансавы крызiс. Пра яго не ведае, можа, толькi дзiця. На шчасце, гэта навала не асаблiва закранула нашу Беларусь, але чуткi пра беспрацоўных, якiя запаланiлi iншыя краiны, нават нашых найблiжэйшых суседзяў, палохаюць людзей. Ды i дзе там не напалохацца: толькi ў Расii на канец мiнулага года было зарэгiстравана звыш 1,45 млн беспрацоўных. Больш за тое, некаторыя прадпрыемствы аб’явiлi аб планах вызвалiць ад працы ў студзенi-лютым 2009 года яшчэ каля 270 тысяч чалавек. Цi закране хваля масавых звальненняў Беларусь i ў прыватнасцi, Мiнск? Людзi якiх прафесiй могуць не турбавацца за сваю будучыню, а каму мае сэнс падумаць пра перанавучанне? У сiтуацыi, якая склалася сёння на сталiчным рынку працы, разбiралася карэспандэнт "Звязды". Як паведамiла начальнiк аддзела рынку працы арганiзацыi новых рабочых месцаў упраўлення занятасцi насельнiцтва камiтэта па працы, занятасцi, сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Святлана ЛЯВОНЧЫК, колькасць беспрацоўных у Мiнску за мiнулы год склала 3,8 тысячы чалавек. Гэта 0,4 працэнта ад эканамiчна актыўнага насельнiцтва. У пачатку новага года гэта лiчба амаль не змянялася. Больш таго, летась якiх-небудзь скачкоў, рэзкiх змяненняў таксама не адбывалася. Адзiнае, што адрознiвала 2008 год ад папярэдняга — попыт наймальнiкаў на рабочую сiлу вырас. У вераснi была зафiксавана рэкордная колькасць заяўленых вакансiй ў службу занятасцi — 24 тысячы. Праўда, да канца года лiчба крыху зменшылася. Але i тут няма нiякай трагедыi: такi працэс адбываецца штогод. Праўда, у 2008-ым колькасць вакансiй знiзiлася ў большай ступенi, чым раней. Спецыялiсты лiчаць, што гэта звязана з сiтуацыяй на прадпрыемствах, з iх нейкiмi эканамiчнымi цi арганiзацыйнымi цяжкасцямi. Тым не менш, звестак аб масавых звальненнях на студзень-люты новага года не паступала. Калi б такiя звальненнi чакалiся, кiраўнiцтва прадпрыемстваў абавязана было б за два месяцы праiнфармаваць аб гэтым службы занятасцi. Афiцыйная статыстыка па Мiнску сведчыць аб тым, што не больш за 1700 чалавек у мiнулым годзе страцiлi працу. Звыш 30 працэнтаў ад гэтай лiчбы — людзi перадпенсiйнага ўзросту i пенсiянеры. На пачатак года ва ўпраўленнi занятасцi насельнiцтва камiтэта па працы было зафiксавана 17,5 тысячы вакансiй, з iх 14000 — для рабочых. — Працу знайсцi ў Мiнску магчыма, — лiчыць Святлана Мiхайлаўна. — На аднаго беспрацоўнага, якi сёння стаiць на ўлiку, iснуе 5-6 вакансiй. Як правiла, 30 працэнтаў тых, хто звяртаецца да нас, — гэта моладзь да 21 года, якая не мела вопыту работы i цяпер упершыню яе шукае, iнвалiды, бацькi з няпоўных i шматдзетных сем’яў, людзi перадпенсiйнага ўзросту. Той, хто здольны самастойна заняцца пошукам працы, часцей за ўсё да нас не звяртаецца. Уся iнфармацыя пра вакансii, якiя iснуюць у горадзе, змешчана на сайце камiтэта па працы Мiнгарвыканкама (www.minsk.gov.by). На старонцы ўпраўлення занятасцi ў 2008 годзе было зафiксавана больш за 1,5 млн. зваротаў. Акрамя таго, ва ўпраўленне занятасцi насельнiцтва камiтэта па працы звяртаюцца i тыя, хто хоча атрымаць новую спецыяльнасць цi першую прафесiю. Часцей за ўсё гэта выпускнiкi школ, якiя не змаглi працягваць вучобу далей. Паслуга перанавучання вельмi запатрабаваная. Прапануецца больш за 30 спецыяльнасцяў, 80 працэнтаў з якiх — рабочыя. Па прагнозах Святланы Лявончык, у новым годзе, як i раней, будуць запатрабаваныя вадзiцелi, мантажнiкi, электрамантажнiкi, рабочыя будаўнiчых спецыяльнасцяў (асаблiва вясной-летам), прадаўцы, слесары-рамонтнiкi, слесары-сантэхнiкi, сталяры, токары, электрыкi, электраманцёры, неквалiфiкаваная рабочая сiла (прыбiральшчыкi, грузчыкi, кухонныя рабочыя), памочнiкi выхавацеляў, санiтаркi. Сярод служачых — медсёстры, iнжынеры (дарэчы, попыт на гэтых спецыялiстаў з кожным годам вырастае), спецыялiсты сферы паслуг. А вось эканамiстаў, юрыстаў i псiхолагаў зашмат у Мiнску. — Магчыма, спецыялiсты высокай квалiфiкацыi без праблем знаходзяць сабе працу нават па тых спецыяльнасцях, якiх сёння дастаткова на рынку працы, — кажа Святлана Мiхайлаўна, — Але, напрыклад, у нашай базе на 60 вакансiй эканамiста прэтэндуе 300 чалавек. Як правiла, наймальнiкi на конкурснай аснове шукаюць для сябе такiх работнiкаў. Па заканадаўстве наймальнiку пасля звальнення папярэдняга работнiка даецца два тыднi, каб на яго месца знайсцi новага. Калi за гэты перыяд месца застаецца вольнае, кiраўнiк арганiзацыi (прычым усiх формаў уласнасцi, у тым лiку прыватнага ўнiтарнага прадпрыемства) па заканадаўстве абавязаны падаць звесткi ў нашу службу. Таму, магчыма, да нас некаторыя вакансii не паспяваюць дайсцi, бо наймальнiкi падбiраюць для сябе работнiка самастойна. Акрамя таго, на нашым сайце людзi часта пакiдаюць свае анкеты-рэзюмэ. Гэта дазваляе наймальнiкам знаёмiцца з прэтэндэнтамi i рабiць самастойны адбор. Каб атрымаць больш поўную карцiну, я звярнулася у адзiн з буйных сталiчных кадравых цэнтраў i пацiкавiлася ў дырэктара Iрыны ШАТКОЎСКАЙ, цi заўважыла яна якiя-небудзь асаблiвыя змены на рынку працы, цi больш людзей звяртаецца ў цэнтр за пошукам работы? — Зараз крыху ранавата рабiць нейкi глыбокi аналiз, бо год толькi пачаўся, —патлумачыла Iрына Антонаўна, — Як правiла, многiя кантракты былi заключаныя да канца 2008-га. Ведаю, што на некаторых фiрмах, хоць людзей i не звольнiлi, але крыху змянiлi аплату: дзесьцi скарацiлi гадавы бонус (у многiх кампанiях, асаблiва гандлёвых, акрамя зарплаты, у канцы года работнiк атрымлiваў дадатковыя грошы); на некаторых фiрмах са студзеня 2009 года зарплату знiзiлi на 20 працэнтаў. Але гэта хутчэй выключэнне, чым правiла. Нiякiх рэзкiх зменаў на рынку працы я не назiраю. Можа, самая вялiкая змена ў тым, што людзi, якiя працуюць, але хацелi б знайсцi для сябе больш цiкавую, лепшую працу, паставiлi свае пошукi "на паўзу", засталiся на "старой". Думаю, што i далей асаблiвых зрухаў у нашай краiне не будзе. Больш за тое, у снежнi толькi выйшлi на рынак некалькi буйных кампанiй, у якiх грандыёзныя планы i якiм патрэбен персанал (будуць шукаць фiнансiстаў рознага ўзроўню, маркетолагаў, бухгалтараў, iнжынерна-будаўнiчых спецыялiстаў). Iрына Шаткоўская расказала, што заўсёды запатрабаваны спецыялiсты ў галiне маркетынгу, iнжынерна-тэхнiчных, будаўнiчых спецыяльнасцяў. Напэўна, нейкае скарачэнне чакае менеджараў па продажы. Але i гэта залежыць ад сферы дзейнасцi, дзе быў заняты спецыялiст. Магчыма, там, дзе размова iдзе пра прадметы раскошы, продаж ўпадзе. Напрыклад, дарагiя аўтамабiлi ва ўсiм свеце купляць сталi менш. Адлюструецца гэта i на нашай краiне. Адпаведна, людзi, якiя спецыялiзавалiся на продажы аўтамабiляў у дарагiх салонах цi, скажам, на ювелiрных упрыгажэннях, можа, i застануцца без працы. У новым годзе, прызнаецца дырэктар кадравага цэнтра, колькасць фiрмаў, якiя шукаюць праз агенцтва спецыялiстаў, крыху скарацiлася. Але ў снежнi-студзенi такое змяншэнне адбываецца заўсёды. У гэты перыяд людзi менш думаюць пра працу, а больш пра святы. Некаторыя кiраўнiкi прадпрыемстваў едуць у гэты перыяд кудысьцi на адпачынак i таму зразумелае некаторае скарачэнне тых, хто звярнуўся па дапамогу. Марына ЛЯВОШКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнi час не сцiхаюць размовы пра сусветны фiнансавы крызiс. Пра яго не ведае, можа, толькi дзiця. На шчасце, гэта навала не асаблiва закранула наш |
|