Інжынераў з заробкам да 1 млн патрабуецца шмат, а вакансiй таваразнаўцаў няма
Інжынераў з заробкам да 1 млн патрабуецца шмат, а вакансiй таваразнаўцаў няма
Антыкрызісная эканомiка "Шукаю любую работу" — гэта аб’ява пяцiдзесяцiгадовага мужчыны ў "бягучым радку" мясцовага тэлеканала адразу ж навявае думкi пра сусветны фiнансава-эканамiчны крызiс. Няўжо i сапраўды трэба, як кажуць, чапляцца за любую саломiнку? Аднак знаёмства з прапановамi Гродзенскай гарадской службы занятасцi пераконвае, што вакансiй хоць i менш, чым яшчэ год таму, але па-ранейшаму шмат — самых розных i, вядома ж, з рознай зарплатай. Спачатку прыгадаем знакамiты твор Аркадзя Райкiна пра iнжынераў i таваразнаўцаў i пацiкавiмся, якая ж сёння сiтуацыя з гэтымi прафесiямi на рынку працы. Дык вось, па апошнiх звестках службы занятасцi, нiводнай вакансii таваразнаўцы ў абласным цэнтры няма. Затое патрабуюцца 43 iнжынеры рознага профiлю, у асноўным у праектныя i будаўнiчыя арганiзацыi з заробкам да 1 мiльёна рублёў. А вось iнжынеру-праграмiсту ў адным з каледжаў прапануюць (цяжка паверыць, але факт) "ажно" 219 тысяч рублёў. Няўжо нехта пойдзе на такi не проста нiзкi, а зневажальны заробак? Менш, 176 тысяч рублёў, зарплата толькi кухоннага рабочага ў ведамасных яслях-садку, праўда, яшчэ абяцаюць прэмiю i бясплатны праезд адзiн раз у год па СНД i Беларускай чыгунцы. Чыя яшчэ праца ацэньваецца, мякка кажучы, вельмi сцiпла? Бiблiёграфа ў навуковай бiблiятэцы (235 тыс. руб.), выхавальнiка ў iнтэрнаце (276 тыс. руб.), памочнiка выхавальнiка ў яслях-садку (250-280 тыс. руб.), большасцi санiтарак у медустановах (прыкладна 250 тыс. руб.). Выкладаць спецыяльныя дысцыплiны ў каледж запрашаюць за 330 тыс. руб. (такая ж зарплата, дарэчы, i ў рабочага па доглядзе жывёл у заапарку), а праца загадчыка мастацка-пастановачнай часткi, рэжысёра-пастаноўшчыка i мастака-пастаноўшчыка ў абласным тэатры лялек ацэньваецца ў 360 тыс. руб., акцёра — у 300 тыс. руб. Гэта менш, чым у рабочага без прафесii, у чые абавязкi ўваходзiць мыццё i рамонт бялiзны. Так, людзi творчых прафесiй працуюць не толькi дзеля грошай, але ж, акрамя тэатра, трэба i ў краму хадзiць. Альбо як жывецца сацыяльнаму работнiку з зарплатай 300-330 тысяч рублёў? Хiба ж самому гэтаму працаўнiку не патрэбна сацыяльная дапамога? Але можна зарабiць i значна больш. Сярод спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй найбольш запатрабаваныя на сёння праекцiроўшчыкi, якiх не хапае нават пры зарплаце 1 мiльён 800 тысяч рублёў. Праўда, не кожны з ахвотных можа адгукнуцца на гэту аб’яву, паколькi абавязковая ўмова працаўладкавання — стаж у гэтай галiне. А што датычыцца рабочых спецыяльнасцяў, то ў параўнаннi з сiтуацыяй гадавой даўнасцi афiцыйных заявак ад службы занятасцi значна менш. Гэта датычыцца i будаўнiкоў, i станочнiкаў. У прыватнасцi, калi летась на гэты перыяд мелася 80 вакансiй муляра, то на 19 студзеня — толькi 6 (зарплата — 1 мiльён рублёў), аблiцоўшчыка-плiтачнiка — адпаведна 77 i 3 (500 тыс. руб. — 1,2 млн руб.), маляра — 25 i 9 (1-1,2 млн руб.), страхара — 30 i 13 (900 тыс. руб. — 1,2 млн руб.), тынкоўшчыка — 70 i 7 (1-1,2 млн руб.), электрагазазваршчыка — 61 i 13 (да 1,3 млн руб.). Менш патрабуецца i токараў, фрэзероўшчыкаў, машынiстаў экскаватараў, бульдозераў i кранаў. Па-ранейшаму шмат, хоць таксама менш у параўнаннi з тым жа перыядам мiнулага года, вакансiй слесараў (найбольшая зарплата ў сiстэме ЖКГ — 900 тыс. руб.), шафёраў (толькi аўтобуснаму парку № 1 патрабуецца 50 вадзiцеляў, зарплата — 1,2 млн руб.), прадаўцоў (з заробкам максiмум 550 тыс. руб.), электраманцёраў (да 1 млн руб.). А вось на юрыста заяўка толькi адна (зарплата — 500 тысяч рублёў i абавязкова — з вопытам працы), на эканамiста — чатыры (300 тыс. руб. — 1 млн руб.), галоўнага бухгалтара — тры (да 1 млн руб., стаж). Таксама 1 млн руб. можна зарабiць i грузчыкам на мясакамбiнаце (ва ўзросце да 35 гадоў), але папярэджваюць, што праца звязана з фiзiчным напружаннем i нiзкай тэмпературай. Акрамя таго, можна стаць начальнiкам, ёсць шэраг вакансiй з такой назвай. Заробак начальнiка гаража — 700 тыс. руб., участка ў сiстэме ЖКГ — 1 млн руб, начальнiка праектнага бюро ў будтрэсце — 1,4 млн руб. (стаж — не менш за восем гадоў). А самая высокая зарплата ў начальнiка аддзела ў праектным iнстытуце — 1,7 млн руб., але зноў жа пры наяўнасцi вопыту працы па гэтай спецыяльнасцi. Дарэчы, адна з мясцовых газет падала ў службу занятасцi i заяўку на карэспандэнта — спецыяльнага, з заробкам 600 тысяч рублёў. Праўда, гэтым шанцам наўрад цi скарыстаецца вышэйназваны мужчына, якi шукае "любую работу". А вось уладкавацца рабочым па комплекснай ўборцы i ўтрыманнi домаўладанняў (дворнiкам) з зарплатай паўмiльёна рублёў можна. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Шукаю любую работу" — гэта аб’ява пяцiдзесяцiгадовага мужчыны ў "бягучым радку" мясцовага тэлеканала адразу ж навявае думкi пра с |
|