ЧЫРВОНЫ ХАРЧАВІК у шакаладзе
ЧЫРВОНЫ ХАРЧАВІК у шакаладзе
За крызiсам людзi не перасталi есцi салодкае. Нават наадварот, ААТ "Чырвоны харчавiк" яшчэ болей вырабляе i прадае зефiру, халвы i мармеладу. Дырэктар Мiкалай Чыслоў паведамiў, што ў студзенi прадпрыемства дасягне 125% у тэмпах росту вытворчасцi. Праўда, нельга сказаць, што наступствы сусветнага фiнансавага крызiсу зусiм не закранулi гэта вядомае бабруйскае прадпрыемства. Сыравiна з краiн далёкага замежжа (пекцiн з Францыi, жэлацiн з Данii i агар з Чылi) падаражэла ад 10 да 25%. — Аднак гэта не азначае, што наша прадукцыя будзе даражэйшая для беларускага спажыўца, — запэўнiў Мiкалай Чыслоў. — У нас ёсць яшчэ задзел у рэнтабельнасцi. Але гэта сур"ёзнае пытанне. Напрыклад, мы набываем натуральную шакаладную глазуру ў Расii. Яна вырабляецца з какава-бабоў, неўраджай якiх нагнаў цану. Калi ў Беларусi цэны ўзнiмуцца толькi на 0,5%, то з лютага наша прадукцыя ў Расii падаражэе больш iстотна. Праўда, выпадае вельмi асцярожна павышаць экспартныя цэны i жорстка кантраляваць сiтуацыю, каб не страцiць рынкi збыту. Каб не толькi выжыць, але i захаваць тэмпы развiцця ў крызiсны час, дырэктар "Чырвонага харчавiка" вылучае дзве асноўныя пазiцыi: высокую якасць прадукцыi i заваёву новых знешнiх рынкаў збыту. Якасць бабруйскiх ласункаў сёння не выклiкае сумневаў: яны не толькi смачныя — натуральныя складнiкi зефiраў i мармеладаў яшчэ i карысныя для здароўя. Нездарма вядомая праграма аднаго з расiйскiх тэлеканалаў, дзе народ i спецыялiсты тэсцiруюць розныя харчы, зефiр "Чырвонага харчавiка" прызнала лепшым. Што датычыцца рынкаў збыту, то бабруйчане актыўна бяруць удзел у замежных выставах: толькi нядаўна былi ў Маскве i Санкт-Пецярбургу, а цяпер прадстаўнiкi прадпрыемства едуць у Кёльн. Немцы штомесяц набываюць 10 тон ласункаў, але "Чырвоны харчавiк" хоча павялiчыць пастаўкi i пашырыць iх геаграфiю. Як у Германii, так i ў ЗША i Ізраiлi зефiр набываюць у так званых "рускiх крамах" былыя савецкiя людзi. Сёлета зефiр рыхтуецца атрымаць адмысловы кашэрны знак, што дазволiць пашырыць яго рэалiзацыю за межы толькi "настальгiчнай" гандлёвай сеткi. — З верасня мы пачалi працаваць з Малдовай, якая адмовiлася ад паслуг падобнага расiйскага прадпрыемства, — распавёў Мiкалай Чыслоў. — Мы заслужылi рэпутацыю сумленнага партнёра i штомесяц адпраўляем у Малдову да 15 тон прадукцыi. Мы таксама пачалi пастаўку ў Туркменiстан i адправiлi ў гэту краiну вагон: 30 тон зефiру, халвы i мармеладу даехалi да месца прызначэння ў цэласцi i захаванасцi. Вырабленыя ў студзенi ласункi больш чым на 8 мiльярдаў рублёў у асноўным папоўняць палiцы беларускiх крамаў. Ажыятажны попыт напярэдаднi навагоднiх i калядных святаў выбiў многiя пазiцыi, i цяпер асартымент трэба аднавiць. Сёння прадпрыемства працуе ў дзве-тры змены, часам даводзiцца аб’яўляць i суботу працоўным днём. Скарачэнне людзей, запэўнiў дырэктар, абсалютна выключана: сёння на "Чырвоным харчавiку" працуюць амаль 900 чалавек, плюс больш за сотню ў фiлiяле "Харчавiк-агра". Яшчэ ў 2005 годзе прадпрыемства выкупiла калгас-банкрут: цяпер сельская гаспадарка стала рэнтабельнай i летась прынесла 100 мiльёнаў рублёў прыбытку. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За крызiсам людзi не перасталi есцi салодкае. Нават наадварот, ААТ "Чырвоны харчавiк" яшчэ болей вырабляе i прадае зефiру, халвы i мармеладу |
|