Незнаёмы Куляшоў
Незнаёмы Куляшоў
6 лютага — 95 гадоў з дня нараджэння паэта ...Маладнякоўскi лiтаратурны рух цалкам паглынае Куляшова, i ён пасля заканчэння сямiгодкi едзе ў Мсцiслаўскi белпедтэхнiкум, якi ў той час адыгрываў значную ролю ў паглыбленнi культуры на ўсходзе краiны. Кiраўнiцтва ўстановы iдзе насустрач маладым творцам, руплiва ставiцца да стварэння бiблiятэкi, арганiзоўвае выхад першага нумара рукапiснага iлюстраванага часопiса "Юнацкi клiч". Неўзабаве ў свет выходзяць ужо друкаваныя паэтычныя нумары, у якiх маладыя паэты, спрабуючыя свае творчыя сiлы, пасля стагоддзяў нематы ва ўвесь голас iмкнуцца сцвердзiцца, заявiць пра сябе. Цяга да вучобы штурхала iх наперад, у сталiцу. "У 1930 годзе, калi мы ўпершыню сустрэлiся, — пiша лiтаратурны крытык Алесь Кучар, — я запомнiў Аркадзя Куляшова як невысокага, хударлявага, негаваркога хлопца i заядлага курца. Хадзiў ён тады ў кампанii з Юлi Таўбiным i Змiтраком Астапенкам. Усе трое прыбылi ў сталiцу ў даволi абшарпаным адзеннi. Амсцiслаўцы, як iх звалi, хутка апранулiся ў навамоднае адзенне. У iх былi высокiя заработкi. У той час вельмi патрабавалiся перакладчыкi. "Тры капелюшы iдуць" — так iх сустракалi ў Доме пiсьменнiка". У той час, як сцвярджае шмат хто з пiсьменнiкаў, у доме Таўбiна — Астапенкi — Куляшова жыло iмкненне да глыбокага пазнання паэзii. Амаль штовечар да iх прыходзiлi Максiм Лужанiн, Уладзiмiр Хадыка, Аляксей Зарыцкi. Усе разам частавалiся чаем, пра вiно i гарэлку нават не было i гаворкi... Стварэнне новай лiтаратуры павiнен быў распачаць малады Саюз пiсьменнiкаў БССР. Пакуль кiраўнiцтва творчай арганiзацыi распрацоўвала планы па авалодваннi пiсьменнiкамi метадам сацрэалiзму, за канкрэтную справу ўзялася камунiстычная партыя i яе правадыр — Iосiф Сталiн. На лiтаратурным фронце iдэалагiчныя чыноўнiкi заўважылi рад фактаў прасочвання адкрытых класава варожых, рэваншысцкiх, нацыянальна-дэмакратычных вылазак. Спецыяльная пастанова ЦК КП(б)Б (28. 01.1933 г.) заклiкае грамадзян да высокай класавай пiльнасцi. "Вораг пралез у нашы рады", — крычаць загалоўкi артыкулаў. Пад пiльнае крытычнае вока трапляе i малады Аркадзь Куляшоў. У газетным артыкуле Ул. Дуброўскага ён упамiнаецца ў шэрагу пiсьменнiкаў-камсамольцаў, якiя "дапусцiлi значныя iдэалагiчныя зрывы". Памылка Аркадзя Куляшова заключалася ў "iгнараваннi камсамольскай тэматыкi ва ўласных творах". Можна толькi здагадвацца, што адчуваў тады i як паводзiў сябе у той час дзевятнаццацiгадовы Аркадзь Куляшоў. Яму заставалася адно: рушыць наперад. Ён уладкоўваецца на працу ў газету "Чырвоная змена" i цалкам аддаецца рэдакцыйным заданням па тэматыцы калектывiзацыi сельскай гаспадаркi. Громам сярод яснага неба адгукнецца ў сэрцы Куляшова раптоўны арышт i высылка сяброў-рамантыкаў Юлi Таўбiна i Змiтрака Астапенкi. Яшчэ зусiм нядаўна яны па-ранейшаму ўтраiх радавалiся выхадам зборнiкаў паэзii Таўбiна i Астапенкi, шчыра абмяркоўвалi iх, марылi пра будучыя. На жаль, жыццё, родная для Куляшова "Чырвонка" быццам сякерай адсякала iх творчыя планы на будучыню. "Разгром нацдэмаўскай швалi, якая пралезла ў рады пiсьменнiкаў, у лiтаратуру, i завастрэнне класавай пiльнасцi — пiсаў старшыня аргкамiтэта Саюза пiсьменнiкаў БССР Мiхась Клiмковiч, — першы здабытак гэтага года. Гэты здабытак забяспечвае наш далейшы рост беларускай савецкай лiтаратуры на пазiцыях пралетарыяту i пралетарскага iнтэрнацыяналiзму". Адзiн з лiтаратурных крытыкаў, якi доўгi час працаваў над творчасцю Аркадзя Куляшова сябраваў з iм, засяроджваючы ўвагу на прычынах рэпрэсiй у пiсьменнiцкiм асяродку, заўважыў, што "многiя з маладых творцаў сустрэлi вялiкi пералом непадрыхтаванымi i iдэйна незагартаванымi". Наконт незагартаванай iдэйнасцi маладых пiсьменнiкаў з поглядам крытыка можна не пагадзiцца, бо абсалютная большасць iх, калi не ўсе, прынялi Кастрычнiцкую рэвалюцыю, а пасля i ўсе рашэннi камунiстычнай партыi, душой i сэрцам, бо iм было што параўноўваць — жыццё дзядоў i бацькоў пры царызме i жыццё пры Саветах. Iншая справа — непадрыхтаванасць, пра якую вядзе гаворку згаданы вышэй крытык. У гэта слова лiтаратурны аглядальнiк, лiчу, укладваў сэнс "усвядомленага, поўнага i безагаворачнага падпарадкавання рашэнням партыi i ўладам". Такi падыход у сваiх паводзiнах мог скарыстоўваць толькi чалавек з багатым жыццёвым вопытам, адукаваны, якi добра ведаў псiхалогiю чалавечых адносiнаў, цi, наадварот, прыстасаванец-шасцёрка, якi лоўка, не мiргнуўшы вокам, мог нешта зрабiць i не выдаць сябе. Вядома, што шмат хто з маладых творцаў такой навукай не валодалi. Вось i апынулiся ў самастойным жыццi адораныя Богам на красамоўнае слоўца дзеткi сам-насам з сабой, калi любы друкаваны твор, незалежна ад таго, быў ён вершам для паэта, цi апавяданнем для празаiка, узвышаў аўтара не толькi ў сваiх вачах, але i перад сябрамi, знаёмымi i незнаёмымi чытачамi-прыхiльнiкамi. Таму кожны наступны твор падахвочваў аўтара напiсаць новы яшчэ лепей, цiкавей i, вядома, з вастрынёй, так, каб ахнулi чытачы. У трыццатыя гады гэтыя "ахкiя калючкi" вытузвалi з твораў "пiльныя" грамадзяне i следчыя НКУС, якiя i прыпiсвалi аўтарам кляймо ворага. Сярод iх апынулiся i тры пiсьменнiкi з Касцюковiцкага раёна — Зяма Пiвавараў, расстраляны, Масей Сяднёў, якому дапамагла вызвалiцца з рук ахоўнiкаў бамбардзiроўка падчас пачатку Вялiкай Айчыннай, i Васiль Хомчанка, якому таксама ўсмiхнуўся шчаслiвы выпадак — была згублена ўлiковая картка асуджанага. Якiм жа чынам абмiнула кляймо абвiнавачвання Аркадзя Куляшова? Сказаць, што на яго не пiсалi даносы — нельга, бо факты гавораць адваротнае. Першым незразумелым, да болю абсурдным для яго стаў арышт сяброў-"амсцiслаўцаў" Юлi Таўбiна i Змiтрака Астапенкi. У той час Аркадзь Куляшоў працаваў, як вядома, у рэдакцыi газеты "Чырвоная змена", таму сказаць, што для яго гэты арышт стаў поўнай нечаканасцю, нельга. "Чырвонка" з нумара ў нумар "крычала" вялiзнымi "шапкамi" пра пiльнасць, якой павiнен трымацца савецкi чалавек. Паэт Сяргей Грахоўскi нават прысвяцiў гэтай тэме такi верш: Але яшчэ не скончаны бой, Наша зброя — ПIЛЬНАСЦЬ. I кожны за ўласнай сваёю спiной Ворага ўгледзець павiнен. Не прадчуваў Сяргей Iванавiч, якую бяду ён клiкаў не толькi на iншых, але i на сябе. Амаль два дзесяткi гадоў давялося яму дзялiць горкi лёс з мiльёнамi нявольнiкаў, заплямленых страшэнным таўром 58-й пробы. Але вернемся да рэдакцыi газеты "Чырвоная змена", у якой працаваў Аркадзь Куляшоў. На яе старонках шырока асвятлялася работа Саюза пiсьменнiкаў БССР, сябрам якога быў i Куляшоў. Ён быў блiзка знаёмы з пiсьменнiкам Платонам Галавачом, якi займаў тады высокiя дзяржаўныя пасады. У 1937 годзе Платона Галавача арыштоўваюць, а крыху пазней — расстрэльваюць. Разам з iм паводле абвiнавачванняў у нацыянал-дэмакратычнай контаррэвалюцыйнай дзейнасцi былi расстраляныя паэты Мiхась Чарот, Анатоль Вольны, Зяма Пiвавараў, Алесь Дудар, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Iзi Харык, Арон Юдэльсон, Юлi Таўбiн, Тодар Кляшторны, празаiкi Васiль Сташэўскi, Васiль Каваль, Мiхась Зарэцкi i Янка Нёманскi. Лiтаратурны крытык так пiша пра той час: "Тыя гады былi бурнымi. Сцены Дома пiсьменнiка патаналi ў спрэчках i дыскусiях. Куляшоў быў заняты сям’ёй, працай i творчасцю". Можа, гэта i ёсць той адказ, чаму яго мiнула бяда? У нейкай ступенi, мне здаецца, гэта так. Перш-наперш у рукi следчых траплялi тыя, хто не стрымлiваў сваё вострае крытычнае слова. Выказанае не абавязкова ў адрас партыi i ўрада, яно магло быць сказана так, для падтрымкi гаворкi з суразмоўцам. Але калi чужыя вушы пачулi яго — чакай бяды. Куляшоў жа, па характары негаваркi, тыднямi прападаў на вёсцы — там, дзе стваралiся першыя калектыўныя гаспадаркi, дзе нараджалiся яго будучыя творы для зборнiкаў паэзii "Аманал", "Медзi дождж" i "Гарбун". У вершах тых гадоў, як адзначала крытыка, былi "празмерная метафарычнасць вобразаў, сiмвалiчнасць, кампазiцыйна-сюжэтная непаслядоўнасць, але — здольнасць, якую заўважыў i падтрымаў Янка Купала". Менавiта талент, як талiсман, таксама адыграў сваю ролю ў тым, што Куляшова не зачапiлi органы. Першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка не толькi перапынiў арышт, бо добра ведаў Куляшова (прызнаваў i цанiў яго талент), але i незнарок адкрыў вочы паэту на так званых "сяброў", якiя акружалi яго. У шасцiдзесятыя гады жыццясцвярджальны характар паэзii Куляшова паступова затухае. У вершах усё часцей i часцей адчуваюцца песiмiстычныя ноткi, там-сям думкi пра мажлiвасць трагiчнай развязкi. Цяжкая хвароба сэрца, якая ў 1945 годзе ўпершыню нагадала пра сябе, раптам праявiлася iнфарктам на Навагрудчыне ў 1963, дзе Куляшоў, як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, сустракаўся з выбаршчыкамi. Крыху пазней iнфаркт паўтарыўся двойчы. Вядома, што сярод лiтаратараў, крытыкаў пайшлi гуляць чуткi, што Куляшову наўрад цi ўдасца пераадолець нямогласць. Як нi дзiўна, але ён выкараскаўся з бальнiчнага ложка. Больш таго, паэт быццам адчуў другое дыханне, бо ў яго творчасцi пачало выразна праглядаць асэнсаванне месца чалавека ў сусвеце, яго барацьба, яго страты i здабыткi. У свет выходзяць зборнiк паэзii "Новая кнiга", паэмы "Цунамi", "Варшаўскi шлях", драматычная паэма "Хамуцiус". Чалавечы боль працiнае нiзку вершаў "Маналога", прысвечаную памяцi паэтаў Змiтрака Астапенкi i Юлi Таўбiна — першых сяброў-паэтаў, якiя сталi ахвярамi "крутых гадоў, бязлiтасных судоў". Нядоўгiм быў ваш век, як век падзёнак, Мае сябры!.. Суровы сiвер змёў Са старту вас. Вы — кнiгi без старонак, Лiсты без дрэў, дарогi без слядоў. Я — ваша памяць, вы — маё сумленне, Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на iм. Адзiным дрэвам дружбы мы раслi. З трох два сукi сякера смерцi ссекла. Тагачасная савецкая лiтаратурная крытыка азначыла нiзку вершаў "Маналога" як "спрэчку аўтара з самiм сабой, спрэчку аб месцы паэта ў свеце, аб бурным дваццатым стагоддзi", хаця нават недасведчанаму чытачу пра сталiнскiя рэпрэсii было зразумела, што вершы наскрозь прасякнуты болем i смуткам па загiнулых нi ў чым не вiнаватых сябрах. Зiрнуць новымi вачыма на мiнулае, прычым строга i патрабавальна, каб там, у днi ўчарашнiм, здабыць урокi для будучынi, для несупыннага руху наперад, мне здаецца, прымусiла Куляшова яшчэ i падарожжа ў Амерыку, дзе ён як член беларускай дэлегацыi прымаў удзел у чарговай асамблеi ААН. Куляшоў рыхтуецца да напiсання драматычнай паэмы "Хамуцiус", якую улады адмовiлiся пасля ўключыць у пасмяротнае выданне "Выбранае" з вялiкай серыi "Бiблiятэка паэта". "Праца над паэмай, — расказвае ў лiтаратурназнаўчым эсэ "Лясному рэху праўду раскажу..." дачка паэта Валянцiна Куляшова, — давалася бацьку цяжка, але, адкрыўшы для сябе асобу вялiкага змагара (Кастуся Калiноўскага. — В. П.), бацька захапiўся яго велiччу i не змог абысцi ў творчасцi". Па сутнасцi, у паэме "Хамуцiус" Аркадзь Куляшоў сцвердзiў высокадухоўныя правы беларусаў на гiстарычнае паўнакроўнае жыццё, на Адраджэнне. Гэта было сказана паэтам у той час (1972 г.), калi савецкае грамадства цалкам паглынуў застольна-застойны перыяд развiцця... Вiктар Патапенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
6 лютага — 95 гадоў з дня нараджэння паэта ...Маладнякоўскi лiтаратурны рух цалкам паглынае Куляшова, i ён пасля заканчэння сямiгодкi едзе ў Мсцiслаў
|
|