Бiзнэсмены не хочуць плацiць зарплату з прыбытку
Бiзнэсмены не хочуць плацiць зарплату з прыбытку
Кiраўнiкi прыватных бiзнэс-структур падчас пасяджэння Савета па развiццi прадпрымальнiцтва ў Беларусi выказалi агульнае меркаванне, што зарплата iх рабочых павiнна цалкам закладвацца ў сабекошт прадукцыi, а не выплачвацца часткова з чыстага прыбытку прадпрыемства. Да таго ж прадстаўнiкi прыватных прадпрыемстваў прапануюць альбо адмянiць прымяненне Адзiнай тарыфнай сеткi для прадпрыемстваў з доляй дзяржавы меней за 50%, альбо зрабiць, каб яна мела рэкамендацыйны характар. Работадаўцы падмацоўваюць мэтазгоднасць такога кроку тым, што, па-першае, кiраўнiк прыватнага прадпрыемства павiнен сам вырашаць, колькi плацiць сваiм падначаленым, пры чым, як кажуць прадпрымальнiкi, у шматлiкiх выпадках яны б хацелi плацiць i болей, але тарыфная сетка iх абмяжоўвае, а па-другое, скасаванне шматлiкiх каэфiцыентаў i падлiкаў значна спрасцiла б бухгалтарскi ўлiк пры налiчэннi зарплаты, што прынесла б палёгку як малым, так i больш буйным прадпрыемствам. Такiм чынам, кiраўнiкi прыватных прадпрыемстваў просяць "развязаць iм рукi" хаця б у пытаннях аплаты працы, каб павысiць манеўранасць i выжывальнасць у крызiсны перыяд. Аднак яны падкрэслiваюць, што iм самiм выгадна плацiць нармальныя грошы работнiкам, каб пакiнуць у сябе высакакласных спецыялiстаў, i што яны адчуваюць сацыяльную адказнасць за тых, каму даюць працу. Але iнiцыятывы прадпрымальнiкаў, напрыклад, катэгарычна не падтрымлiвае Мiнiстэрства працы i сацабароны: — Адмяняем тарыфную сетку — i як налiчваць зарплату? Адзiная тарыфная сетка прымяняецца ў цэлым па дзяржаве, не толькi ў бюджэтнай сферы, але i ў рэальным сектары эканомiкi. Мяркую, што сёння яе адмяняць рана, i гэта пазiцыя мiнiстэрства, — сказаў на пасяджэннi начальнiк аддзела развiцця сiстэм аплаты працы галоўнага ўпраўлення працы i зарплаты Мiнiстэрства працы i сацабароны Юрый Фёдараў. Такiм чынам, дзяржорганы не могуць поўнасцю даверыць пытаннi аплаты працы прадпрымальнiкам, бо, з аднаго боку, прадпрымальнiкi запэўнiваюць у сваёй адказнасцi за працаўнiкоў, а з другога боку, дзяржава таксама нясе сацыяльную адказнасць перед людзьмi. І чыноўнiкi турбуюцца, цi будзе забяспечана сацыяльная справядлiвасць у поўнай меры пры адмене Адзiнай тарыфнай сеткi. Усе прапановы па рэфармаваннi сiстэмы аплаты працы на прыватных прадпрыемствах, выказаныя на пасяджэннi Савета па развiццi прадпрымальнiцтва, будуць накiраваныя ў Саўмiн, а таксама ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта. Аднак праца ў гэтым напрамку iдзе ўжо сёння: — У Плане першачарговых мераў па лiбералiзацыi эканомiкi ёсць 39-ы пункт, якi прадугледжвае пашырэнне правоў наймальнiка па вызначэннi пералiку i памераў уключаных у сабекошт прадукцыi, тавараў, работ i паслуг, заахвочвальных выплат працаўнiкам камерцыйных арганiзацый незалежна ад формы ўласнасцi, — кажа начальнiк упраўлення фiнансаў, прамысловасцi i гандлю Мiнiстэрства фiнансаў Леанiд Баранаў. — Для выканання гэтага пункта мы будзем рыхтаваць праект Дэкрэта Прэзiдэнта i будзем працаваць, зыходзячы з таго, што мы павiнны даць магчымасць ачысцiць ўвесь прыбытак ад аплаты працы. Усе выдаткi на аплату працы павiнны ўключацца ў сабекошт. А прыбытак застаецца ўласнiку як крынiца iнвестыцый. Праект Дэкрэта Прэзiдэнта, пра якi казаў Леанiд Баранаў, павiнен быць падрыхтаваны да 1 чэрвеня. Кiраўнiкi прыватных прадпрыемстваў выказалi задаволенасць тым, што Мiнфiн разумее iх праблемы, i папрасiлi не зацягваць з дакументам, бо з-за сусветнага эканамiчнага крызiсу дзейнiчаць трэба хутка i без лiшнiх бюракратычных працэдур. Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кiраўнiкi прыватных бiзнэс-структур падчас пасяджэння Савета па развiццi прадпрымальнiцтва ў Беларусi выказалi агульнае меркаванне, што зарплата iх ра
|
|