Феміда тут болей не жыве10:30, Уладзімір Халіп — Политика Амапаўцы схапілі ў цэнтры Мінска трох моладзевых актывістаў. Яны раздавалі ўлёткі. А можа, стаялі на плошчы з партрэтамі зніклых палітыкаў. Або проста кудысьці ішлі. Размова зусім не пра тое. Як звычайна, затрыманых адвезлі ў пастарунак. І склалі пратакол. У якім было адзначана, што яны лаяліся матам. Усіх кінулі за краты – чакаць судовага прысуду. Чым ён павінен скончыцца, вядома кожнаму. Але здарылася нечаканае. Даведаўшыся пра інцыдэнт, кіраўнік дзяржавы ў гневе запатрабаваў тэлеэфір. А заадно і рознае высокае начальства. І, абараняючы затрыманых, абвесціў усёй краіне (тэкст фанаграмы скарочаны нязначна): “Если уж мужики на это пошли, наверное, они действительно возмущены были.И все простые люди на их стороне. Этих людей надо отпустить. И даже прошу публично, не стесняясь, суд, чтобы вы очень внимательно отнеслись, и если есть возможность, поддержали этих людей. Нельзя их сажать!” Краіна ўстала перад тэлеэкранам і доўга пляскала ў далоні. Далёка за мяжой Беніта Ферэра-Вальднер не хавала слёз замілавання. З палёгкай уздыхнула Еўропа – тытанічныя намаганні яе чынавенства далі нарэшце плён. Апошняя дыктатура наўпрасткі пайшла да гуманізму і чалавечнасці. Чым не свята? Не, ніякай тут фантастыкі. Усё гэта было. Акрамя нязначнай увогуле дэталі. Трое затрыманых – не тыя нязгодныя з рэжымам маладзёны, якіх хапаюць беспадстаўна ледзь не кожны дзень. А трое дзецюкоў, якія забілі чалавека. Астатняе – па тэксце. Здарэнне адбылося ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна. Чалавек, які не аднойчы сядзеў у турме, апынуўшыся на волі, тэрарызаваў мясцовых жыхароў. Тым, хто адмаўляўся пазычыць грошы на гарэлку, пагражаў падпалам. Паспеў нават нейкія пагрозы здзейсніць. Абяцаў яшчэ і навагодні падарунак. Але яго апярэдзілі. У апошні дзень году забілі. У хуткім часе міліцыя затрымала трох вяскоўцаў. Адвезла куды трэба. Яны сядзелі за кратамі, чакаючы, пакуль скончыцца следства і адбудзецца суд. І раптам грымнуў тэлегром. Гнеў галоўнага начальніка перапалохаў тых міліцыянтаў. Сто разоў цяпер падумаюць, ці варта ім затрымліваць бандзюкоў, забойцаў ды іншы адпаведны кантынгент. Гэта ж не жарты – з самога Мінску наўпрост праз тэлевізар атрымаць такую дырэктыву: “Отвезите людей в деревню, и пусть эти старики работают там, находятся в своих семьях… Это для них будет лучше, чем сидеть в следственном изоляторе”. Самаму старому з гэтых старых – 37 гадоў. Але хто ж з міліцыянтаў наважыцца пярэчыць высокаму начальству. Усіх трох затрыманых падхапілі пад ручкі і на міліцэйскай машыне імгненна развезлі па хатах. Як і было загадана з экрана самага справядлівага ў свеце тэлевізара. А ў камеры папярэдняга затрымання замест іх цяпер сядзіць тутэшая Феміда. Няма чаго ёй рабіць у краіне, дзе канчаткова знішчана законнасць. А тым часам ў Мінску хапалі моладзевых актывістаў. Адвозілі ў пастарунак і подла, каб прынізіць і зняважыць, прымушалі ў прысутнасці старонніх распранацца да апошняга. У Ваўкавыску да няўгодных Міколы Аўтуховіча і Юрыя Лявонава ўварваліся ў чорных масках узброеныя да зубоў спецназаўцы. І халуйскі тэлевізар, захлынаючыся ад радасці, паведамляў, што знайшлі ў падазроных выбухоўку. Потым ужо высветлілася - у выніку магутнай аперацыі героі захапілі паяльнікі і волава. Але гэтыя дробязі ўжо нікога не цікавілі. Удзячныя гледачы ўсё тое імгненна праглынулі. Карысць відавочная. Нянавісць да злоснай апазіцыі прыкметна ўзрасце. Кажуць, у вясковым інцыдэнце была істотная акалічнасць. Тыя, хто ўчыніў навагодні самасуд, спачатку спрабавалі дамагчыся абароны ад улады. Яны звярталіся ў міліцыю. Прасілі супакоіць баламута, які тэрарызуе вёску і пагражае ім падпалам. Але мясцовыя вартавыя надта экзатычнага парадку падстаў для затрымання не знайшлі. Сапраўды, не крычаў жа ён на вуліцы: “Жыве Беларусь!” А ў такім разе, як яму прад’явіш хаця б абвінавачанне ў тым, што лаяўся матам. А што п’янтос тэрарызуе жыхароў, дык гэта ўжо не навіна. Па ўсёй Беларусі ў вёсках сёння – п’яны гвалт і поўнае дзікунства. Міліцыі зусім не да таго. Яна ахоўвае ўладу. А ўсе іншыя выжываюць, як умеюць. Вяскоўцы сабраліся ўтрох і па-свойму абаранілі вёску. Учынілі “суд Лінча”. Вось тады ўжо ўзнялася і міліцыя. Забойства – гэта забойства. І ўсплёскі кіруючых эмоцый тут недарэчы. Справу павінен разгледзець суд і вынесці вердыкт. Але які працэс, калі ўжо грымнуў высокі гнеў: “Нельзя их сажать! Это что – великий человек погиб?” Можна і вось гэтак – проста, шчыра, “по понятиям”. Паказаць усім, што ў народа ёсць заступнік. Тым болей, выбары ўжо недалёка. А крызіс катастрафічна размывае рэйтынг. Чым яго яшчэ падняць? Пра ўсё тое не варта было б нават узгадваць. Стары электаральны фокус. Але тут ёсць надзвычай цікавы момант. Адзін з тых трох, Сяргей Аліферовіч, выказаў амаль крамольны ў цяперашіх умовах погляд. “На снисходительность суда не надеюсь – статья серьёзная. Президент заступился, но закон…” Ён адзіны, хто ў гэтай гісторыі ўспомніў пра закон. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10:30, Уладзімір Халіп — Политика Амапаўцы схапілі ў цэнтры Мінска трох моладзевых актывістаў.
|
|