Сімвал замкнёнасцi
Сімвал замкнёнасцi
"Трымаць рот на замку", "за сямю замкамi" — у народнай культуры замок заўсёды быў сiмвалам таямнiчасцi, замкнёнасцi, закрытасцi, i можа менавiта таму — аховы i абароны. Практычна ўсе замовы маюць заключны выраз: "Ключ, замок, амiнь" цi "Словам маiм ключ i замок". У той жа час, калi адчынiць замок з дапамогай ключа, гэта можа сiмвалiзаваць уваход у якiя-небудзь новыя, невядомыя сферы пазнання. l Калi першы раз выганялi скацiну ў поле, часцей за ўсё на Юр’я, з замком абыходзiлi ўвесь статак, затым замок замыкалi i казалi: "Я замочак замыкаю ада ўсiх пашчаў". Лiчылася, што такiмi сiмвалiчнымi дзеяннямi "закрывалi" пасткi ваўкам, i хатняй жывёле нiчога не пагражала. l Каб карова-першацёлка не з’ела сваё цяля, на рогi ёй вешалi замок. l 6 студзеня гаспадыня абмотвала стол невялiкiм ланцугом i замыкала на iм замок, каб на ўвесь год "закрыць" языкi ўсiм нядобразычлiўцам сям’i. l Дзверы нашых продкаў нiколi не зачынялiся. Але ў час эпiдэмii воспы цi iншага iнфекцыйнага захворвання на дзверы спецыяльна вешалi зачыненыя замкi. Лiчылася, што гэта спынiць распаўсюджванне эпiдэмii. l Падчас вясельнай змовы сваха клала пад парог хаты нявесты адамкнёны замок. Калi жанiх са сватам i дружынай выходзiў з хаты, сваха хуценька замыкала замок, а ключ кiдала ў раку, каб нiшто не перашкодзiла будучаму вяселлю. l Перад тым, як жанiх павiнен быў унесцi нявесту ў хату, пад ручнiк, якiм быў засланы парог, клалi адамкнёны замок. Потым замок замыкалi, ключ неслi ў хату нявесты, а замок захоўваўся ў хаце жанiха. Лiчылася, як гэты замок нiхто нiколi не адкрые, так i пара заўжды будзе разам. І толькi ў тым выпадку, калi ў сям’i не нараджалася дзяцей, хтосьцi з пары быў бяздзетным, "вясельны" замок неабходна было абавязкова адкрыць. l "Вясельным" замком зачынялi дзверы пакоя, куды сыходзiлi маладыя на першую шлюбную ноч — каб нiхто не сурочыў. l Падчас родаў у хаце павiнны быць адчынены ўсе замкi i запоры. Калi роды былi вельмi цяжкiмi, сваякi парадзiхi iшлi ў храм i прасiлi адчынiць царскую браму — каб "выпусцiць" душу дзiцяцi на свабоду з улоння мацi. l Каб муж кахаў жонку i не здраджваў ёй, пасля першай шлюбнай ночы жонка замыкала над галавой соннага мужа замок i несла яго на могiлкi. Замок i ключ трэба было пакiнуць на безымяннай магiле. l Калi дзяўчына засядзелася "ў дзеўках", на Юрая (6 мая) трэба было абавязкова адкрыць у хаце ўсе замкi i запоры. l Бабка-павiтуха клала замок у труну памерламу немаўляцi, калi ў вёсцы часта памiралi, "не гадавалiся", дзецi. l Замок выкарыстоўвалi i для нанясення шкоды гаспадарцы, для таго, каб пасварыць памiж сабой пару, "забраць" патэнцыю цi наслаць бясплоддзе i г.д. Таму да падкiнутых цi знодзеных замкоў заўсёды ставiлiся з перасцярогай i нiколi не прыносiлi iх у хату. Аксана КОТОВIЧ, Янка КРУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Трымаць рот на замку", "за сямю замкамi" — у народнай культуры замок заўсёды быў сiмвалам таямнiчасцi, замкнёнасцi, закрытасцi, i
|
|