Палітолаг: Нічога брутальнага 14 лютага не адбылося
16 февраля 2009 Политика
Уладзімір ІЎЧЫК, МЫ Палітолаг Юрась Чавусаў пагутарыў з “Мы” наконт падзеяў 14 лютага, калі ў Мінску было разагнана шэсце, арганізаванае “Маладым фронтам”. - На Вашую думку, чаму так брутальна, як зазначалася ў СМІ, павялі сябе ўлады? - Я трошкі не згодзен з вызначэннем “брутальны”. Стандартны разгон, звычайны. Я завяраю, што Зміцер Дашкевіч бачыў значна больш брутальныя разгоны. Калі я чытаю на навіновых сайтах пра крывавую масакру ў цэнтры Мінска, то мне хочацца сказаць, што ёсць рэжымы значна больш жорсткія, чым беларускі. - Якую мэту пераследвала, на Вашую думку, кіраўніцтва “Маладога фронту”, праводзячы акцыю? - Відавочна, акцыя адрознівалася ад традыцыйнай схемы правядзення Дня святога Валянціна. Бо акцыя даволі вядомая, традыцыйная. Гэта пытанне да Дашкевіча, як ён будуе сваю палітычную лінію. І ягоныя дзеянні пасля гэтага разгону - яны таксама шмат пра што сведчаць. Ён, як палітык, ставіў пэўныя мэты гэтай акцыяй - і зыходзячы з гэтага трэба ацэньваць гэтую акцыю. Зараз, як я бачу, у апазіцыйным асяродку фармуюцца дзве выразныя плыні. Адна - гэта статусная апазіцыя, якая, нават не ўдзельнічаючы ў дыялогу, ажыццяўляе сваю дзейнасць з улікам таго, што вось гэты дыялог улады з Захадам адбываецца - і трэба нейкім чынам гэтым дыялогам скарыстацца. Гэта і партыі, і асобныя, скажам так, апазіцыйныя эксперты, якія запрошаны ў Грамадскі каардынацыйны савет, гэта і спадар Мілінкевіч з рухам “За Свабоду”, гэта і партыі АДС. Нават калі Партыя БНФ прымае заяву на нядаўнім Сойме з крытычным стаўленнем да гэтых дыялогавых пляцовак, яна ўсё роўна ажыццяўляе сваю дзейнасць, зыходзячы з наяўнасці вось гэтых каналаў. Крытыкуюць, але імкнуцца нейкім чынам у гэтым працэсе паўдзельнічаць, нават праз крытыку. Ажыццяўляюць разнастайныя маніторынгі таго, што адбываецца ў гэты шасцімесячны перыяд. Гэта і сродак камунікацыі, і нагода для камунікацыі, гэта спроба - нават не седзячы за гэтым сталом дыялогу - паўплываць на тое, што ў гэтым дыялогу адбываецца. А існуе іншая плыня. Другая. Не трэба вызначаць яе пэўныя суб’екты, бо ёсць і ў Партыі БНФ такія людзі, і ў іншых арганізацыях, і ў Хартыі’97, і вось вулічныя арганізацыя, якія пазыцыянуюць сябе як вулічныя байцы. Ёсць групы, якія сябе ў гэтым дыялогу не бачаць. Сваю дзейнасць ажыццяўляюць не на ўплыў на гэты дыялог, а на яго зрыў. Яны не бачаць для сябе ў гэтым дыялогу магчымасцяў і будуюць сваю дзейнасць такім чынам нібыта рыхтуюцца да чарговай каляровай рэвалюцыі. Гэтая другая плыня імкнецца паказаць самым разнастайным чынам, што дыялог дэкаратыўны, скіраваны на тое, каб “запудрыць мазгі” Захаду. Гэта такі, скажам, дзіцячы трошкі падыход, бо ён сыходзіць з таго, што Захад быццам бы насамрэч у лібералізацыю ў Беларусі паверыў. І не ўлічваецца той факт, што ў гэтым працэсе дыялогу сцвярджэнні пра змены ў Беларусі - гэта, скажам так, дамоўленасць Захаду і беларускіх уладаў. Тут не трэба казаць, што Беларусь заходнікаў падманвае, хутчэй, паводле класіка: “Обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад”. Таму і адбываюцца спробы справакаваць улады на разгон - а мы памятаем, што 14 лютага была спроба правесці несанкцыянаваную акцыю ў цэнтры гораду. І гэта было нагодай для ўжывання гвалту. Гэты інцыдэнт, назавем яго так, не пашкодзіць дыялогаваму працэсу. - Ці чакаць нейкай рэакцыі з боку Захаду на дзеянні ўладаў 14 лютага? - Канешне, ёсць пытанне свабоды сходаў, якое ў Беларусі абмежаванае. Мы ведаем, што ёсць вельмі шмат прэтэнзіяў да Беларусі: ад смяротнага пакарання да свабоды асацыяцыяў, шмат розных пытанняў рознага ўзроўня. Дык вось свабода сходаў - гэта толькі адно з гэтых пытанняў, магчыма, не самае важнае. Тут цяжка ацэньваць важнасць, але, прынамсі, ёсць некалькі патрабанняў ЕС: спачатку было 12 нефармальных патрабаванняў, потым іх колькасць зменшылася. Вызначылі, што за гэтыя 6 месяцаў павінна іх некалькі выканаць уладам. Дык што мы бачым: спецсродкі не ўжываліся, арыштаваных няма - у гэтым сэнсе казаць пра беспэцэдэнтнае ўжыванне сілы немагчыма. І я прагназую, што сёння, а сёння ў нас 16-е, калі праходзіць акцыя салідарнасці, будзе стандартнае выцісненне з плошчы, не сказаць, што не гвалтоўнае, але і не брутальнае. Паглядзім, якая будзе рэакцыя ўдзельнікаў гэтай акцыі. Магчыма, таксама будзе памкненне застацца на плошчы, магчыма, нікога на плошчу не пусцяць. Я б усё-такі ацэньваў акцыю 14 лютага ў кантэксце беларуска-еўрапейскага дыялогу. Бо гэты тыдзень абяцае быць беспрэцэдэнтным па колькасці замежных візіцёраў у Беларусь. І ўвогуле мы набліжаемся да часу, калі будзе ацэньвацца выніковасць гэтага шасцімесячнага перыяду, які быў дадзены беларускім уладам. Таму, я думаю, і ўлады будуць актыўна дзейнічаць, каб прадэманстраваць, што змены ёсць, і тыя сілы, якія скіраваныя на зрыў гэтага дыялогу, будуць правакаваць улады на неадэкватныя дзеянні. Зрэшты, не трэба недаацэньваць і магчымасці ўладаў. Мы бачым, што нашумелыя арышты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў былі зробленыя на такіх падставах, якія зразумелыя еўрапейцам. Выбухі - чутка пра гэта была запушчана маментальна. Не падпалы - падстава для арыштаў, а тэракт на мінулагодні Дзень рэспублікі. Для еўрапейцаў - гэта зразумела нават як падстава для арыштаў. І ніхто не будзе сцвярджаць, што ў Беларусі адноўленая брутальная дыктатура. Гэта мастацтва - арыштоўваць палітычных апанентаў з такой нагоды, якая зразумелая еўрапейцам. А не, скажам, за паклёп на прэзідэнта. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
16 февраля 2009 Политика Уладзімір ІЎЧЫК, МЫ Палітолаг Юрась Чавусаў пагутарыў з “Мы” наконт падзеяў 14 лютага, калі ў Мінску было разагнана шэсце, арганізаванае “Маладым фронтам”.- На Вашую думку, чаму так брутальна, як зазначалася ў СМІ, павялі сябе ўлады?- Я трошкі не згодзен з вызначэннем “брутальны”.
|
|