А дом — адзiн
А дом — адзiн
...На схiле гадоў думкамi ён часта вяртаўся ў дзяцiнства — на вулiцу, на бераг Мухаўца, у родны дом, разглядваў карту аўтамабiльных дарог, думаў: ад нямецкага горада Вуперталь, дзе жыве, да Кобрына ўсяго паўтары тысячы кiламетраў, летам, на аўтамабiлi, за двое сутак можна дабрацца. І ён рашыўся. З гэтага пачалося падарожжа. Нямецкi пенсiянер Густаў Ратц усё жыццё працаваў кавалём на машынабудаўнiчым заводзе, зарабiў добрую пенсiю, спецыяльна да паездкi прадаў стары аўтамабiль i купiў новы. Аднак як жа здарылася, што наш зямляк па нараджэннi i немец па нацыянальнасцi жыў у Кобрыне? Нагадаем, што да 1939 года гэты горад быў польскiм. Больш за тое — тут яшчэ з часоў царскай Расii жыла невялiкая нямецкая калонiя. Разам з карэннымi жыхарамi перанесла яна ўсе цяжкасцi Першай сусветнай вайны. Восенню 1939-га пачалася Другая сусветная. Часцi вермахта дайшлi да Кобрына i акупавалi яго. Тутэйшым немцам трэба было альбо пакiнуць горад i пераехаць на пастаяннае жыхарства ў Германiю, альбо застацца. Выбар гэты быў вельмi нялёгкiм. У тым лiку i для бацькоў Густава Ратца. Яны толькi што пабудавалi добры мураваны дом, мелi сваю справу, сяброў. I трэба было зрывацца, адпраўляцца хоць i на гiстарычную радзiму, аднак па сутнасцi — у невядомае. ...Новым месцам пастаяннага жыхарства Густава Ратца стаў горад Вуперталь. Як яны зажылi там? Не салодка. Сястра Марта неўзабаве выйшла замуж за маладога вупертальца, якога тут жа прызвалi ў вермахт. А тут Гiтлер пачаў свой сумна вядомы паход на Усход. Муж Марты загiнуў. Хлопчыкам Густаў Ратц перажыў увесь жах бамбардзiровак. Гэты буйны прамысловы цэнтр фашысцкай Германii авiяцыя саюзнiкаў бамбiла бязлiтасна, знiшчаючы i горад, i прамысловыя прадпрыемствы. Пад бомбамi загiнулi бацька i мацi. Была вайна... ...У Густава Ратца захаваўся дарагi яму фотаздымак. Год 1946-ы... У прафесiйным вучылiшчы маладым хлопчыкам выпускнiкам уручаюць пасведчаннi рабочых. А вось фотаздымак асобны. На iм Густаў Ратц трымае ў руках зробленую дэталь. Усё жыццё ён працаваў у "гарачым цэху" — кавалём. Заробкi былi добрымi. Падняў дзяцей, пабудаваў дом. Але ж пастаянна марыў пра той, родны. I вось мы ў Кобрыне. Цэнтральныя вулiцы, масты, новабудоўлi. Усё тое ж i не тое! Каб "прывязацца" да мясцовасцi, знайсцi арыенцiр, Густаў прапануе паехаць на вакзал, прагуляцца па невялiкай прывакзальнай плошчы. Пешшу мы iдзём да царквы. Узнiмемся на стары мост цераз Мухавец. — Я зразумеў, дзе мы i дзе знаходзiцца наша вулiца! — гаворыць Густаў i мы зноў садзiмся ў аўтамабiль. Едзем. Адзiн паварот, другi. — Вось... гэта наш дом, — цiха гаворыць Густаў, спыняецца i выцiрае слёзы. Да нас мiж тым, выходзяць гаспадары, пытаюць, чым дапамагчы? Я кораценька кажу iм пра гэтага вiзiцёра. Нас адразу ж запрашаюць зайсцi, частуюць кавай, i мы працягваем размову. А Густаў з хваляваннем аглядае дом, сцены, нешта гаворыць сабе... Потым з суседняга пакоя да нас выходзiць бабуля. У руках у яе — пакецiк з паперамi. Яна дастае адну з iх — пажаўцелую, аднак з добра бачнымi друкаванымi лiтарамi, подпiсамi, пячаткай... — Гэта, пан Густаў, дакумент аб продажы вашага дома маiм бацькам, — кажа жанчына. Мы разглядаем рэлiквiю — сапраўдны дакумент мiнулых часоў, якi перажыў такi неспакойны, такi супярэчлiвы, такi цяжкi час... Вось якое я меў падарожжа — па нашай агульнай, еўрапейскай гiсторыi. Па нашым агульным еўрапейскiм доме. Анатоль ПАЛОНСКI. г. Брэст. г. Брэст.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...На схiле гадоў думкамi ён часта вяртаўся ў дзяцiнства — на вулiцу, на бераг Мухаўца, у родны дом, разглядваў карту аўтамабiльных дарог, думаў: ад н |
|