21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мой родны кут

26.08.2009 10:46 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мой родны кут

...Мікалаеўшчына — вёска ў Беларусi вядомая, радзiма народнага песняра Якуба Коласа i... мая.

З трох бакоў яе акружае славуты Нёман. У вярхоўi яго, на невялiкiм участку зямлi, людзi калiсь выпалiлi i выкарчавалi лес, заснавалi паселiшча. У пачатку 60-х гадоў яго не стала, а прылеглы луг i лес каля яго назаўсёды засталiся Лядзiнамi.

Калi спусцiшся па рэчцы крыху ўнiз, трапiш да Прыстанькi. Пры царскiм часе тут спынялiся, прыставалi да берага плыты. Бярвеннi сплаўлялiся з лясоў Уздзеншчыны ў Масты i нават у Гродна i Лiтву, аж да самай Прусii.

Вядомая Прыстанька i тым, што на гэтым высокiм беразе Нёмана ў 1906 годзе адбыўся нелегальны з’езд настаўнiкаў Беларусi, на якiм яны абазначылi свае патрабаваннi да наяўнага рэжыму. З’езд быў выкрыты палiцыяй, а яго ўдзельнiкi, у тым лiку i Якуб Колас, звольнены з пасад.

Рака тут робiць круты выгiн i шпарка гонiць свае воды далей. Лес, каля якога яны праплываюць, называецца Пас. Вядома ж, ад слова пасвiць. А мне ён запомнiўся грыбамi. У маленстве з сябрукамi толькi сюды i хадзiлi па лiсiчкi, асавiкi, якiя потым мянялі на яблыкi. У нас у Мiкалаеўшчыне садоў было мала — згарэлi ў 1940-м. Ад вёскi тады засталася толькi адна вулiца — Дворная. Але, дзякуючы клопатам улады i Якуба Коласа, за год амаль усе адбудавалiся. А сады ж так хутка не растуць...

За Пасам — шырокi луг. Гэта — Ёлава. Па паданнi старажылаў тут калiсьцi быў яловы лес. Адсюль i назва. Дарэчы, на гэтым адрэзку Нёмана з 1921 па 1939 год праходзiла дзяржаўная мяжа. Мiкалаеўшчына ў вынiку падзелу Беларусi, згодна з Рыжскай дамовай, апынулася пад Польшчай. Прыпамiнаючы той час, мае бацькi расказвалi, як хадзiлi ў Ёлава нарыхтоўваць сена. Працавалi, жартавалi, часам i песню зацягвалi. А на другiм беразе, дзе таксама касiлi i сушылi траву, — цiха-цiха было. Бы вады ў рот людзi набралi. "Мы нават крычалi iм, каб расказалi, як жывецца ў Краiне Саветаў, — успамiналi бацькi. — Нам нi слова ў адказ. Пасля аб’яднання, ды i то па сакрэце, пачулi: "Паспрабаваў бы хто адгукнуцца, той жа ноччу забралi б. Запалоханыя былi ўсходнiкi павальнымi арыштамi, баялiся слова сказаць, не тое што адгукнуцца".

А вось абрысы Русаковiчаў — невялiкай прынёманскай вёскi. Праўда, у апошнiя гады яна, дзякуючы дачнiкам, стала разбудоўвацца. Не дамы тут, а сапраўдныя церамы вырастаюць, упрыгожваюць гэты куточак Стаўбцоўшчыны...

Зрабiўшы некалькi крутых паваротаў, Нёман iмчыць наперад, да невялiкага ляска. Пры iм лужок. Гэта — Клешчыцы. І сапраўды, Нёман тут, як у клешчы, з двух бакоў бярэ i луг, i лес. Па паданнi ў гэтым месцы пасля доўгага плавання па Нёмане спыняўся нясвiжскi князь Мiкалай Чорны. Надта ж спадабалася яму гэтае ўрочышча. I вырашыў ён заснаваць паселiшча, якое i стала называцца па князевым iменi — Мiкалаеўшчына.

З Клешчыцаў Нёман iмкнецца ўнiз i заварочвае каля вялiкай жоўта-белай пясчанай гары. Яна называецца Амброжыкава, бо жыў ля яе селянiн Амброжык. Нашчадкi яго i цяперака ёсць. Гара ж знакамiтая тым, што рускае войска вяло тут баi са шведамi i французамi ў часы iх паходаў на Русь.

I вось, нарэшце, яшчэ адзiн паварот: як на далонi — двухпавярховая сярэдняя школа iмя Якуба Коласа, будынак сельскага Савета, помнiк Песняру. Калiсьцi прыцягвала позiрк i царква, размешчаная памiж школай i сельсаветам. Але яе, помнiк арыгiнальнага драўлянага дойлiдства, у 1960-м разабралi i кудысьцi вывезлi.

Сама вёска вялiкая (пяць доўгiх вулiц), але цяпер — пенсiянерская. Асаблiва адчуваецца гэта ўвосень i зiмою: нi душы. А раней жыццё тут вiравала... Назаўсёды засталiся ў памяцi танцы пад гармонiк, якiя называлiся ў нас забавай. Напэўна, ад слоў бавiць, забаўляцца.

Святам было i кiно. Прывозiлi яго i на аўтамашыне, i на канi. Галоўны груз — рухавiк, па-нашаму — дзвiжок, што выпрацоўваў электрычнасць. Працаваў ён на бензiне. Я i цяпер, пачуўшы яго пах, заўсёды ўспамiнаю кiно 50-х.

Электрычнасць у нас з’явiлася ў 1962 годзе, але эпоха кiнаперасоўкi закончылася раней, у 1955-м, калi пабудавалi клуб на цагельным заводзе. Там была кiнабудка, адкуль дэманстрацыя фiльма вялася бесперапынна з дзвюх апаратных установак. Раней жа перапынкi былi пасля кожнай часткi фiльма...

Iду далей па беразе на бетонны мост, якi пралёг над Нёманам. Цудоўны далягляд адкрываецца: залiўныя лугi, зубчасты лес, занёманскiя вёскi, абрысы Новага Свержаня i Стоўбцаў. Гляджу на воды Нёмана i ўспамiнаю тату — заядлага плытнiка, якi шмат гадоў сплаўляў бярвеннi, маму, якая замочвала i адбельвала тут натканыя льняныя палотны, каб потым пашыць для сям’i бялiзну.

Жыццё майго бацькi было багатым на розныя падзеi: добраахвотнiкам пайшоў у Чырвоную Армiю, абараняў Петраград ад войскаў Юдзенiча, удзельнiчаў у баях з белапалякамi, трапiў у палон i, дзякуючы абмену, вызвалiўся, служыў у Бранску, а пасля дэмабiлiзацыi вярнуўся ў Мiкалаеўшчыну, стварыў сям’ю. Аднак утрымлiваць яе было вельмi цяжка, бо не ўсiм хапала работы. I тады, са згоды мамы, тата завербаваўся на шахты ў Францыю. Амаль год працаваў там. Пасля аб’яднання Беларусi актыўна ўдзельнiчаў у станаўленнi новага жыцця. У Вялiкую Айчынную вайну трымаў цесныя сувязi з баранавiцкiм партызанскiм злучэннем на чале з Героем Савецкага Саюза У.З. Царуком. Пасля вайны працаваў у сельсавеце, загадваў гаспадаркай бальнiцы i школы, сустракаўся па справах з Якубам Коласам. Нарыхтоўваў лес у Налiбоцкай пушчы, ганяў плыты.

...А думкi ўсё плывуць i плывуць разам з водамi Нёмана. Вось i Карчэвядзь. Тут у далёкiя часы таксама быў лес, пасля яго выразкi засталiся карчы (адкуль i назва). А калi i iх прыбралi, утварыўся луг. З цеплынёю ўспамiнаецца, як па нядзелях моладзь Мiкалаеўшчыны ладзiла тут танцы пад духавы аркестр. Адметнай рысай iх было кола з маладых бярозак. Музыканты пачыналi граць, i ў адно iмгненне ўсё наваколле патанала ў музыцы. Яна вабiла, клiкала да сябе. I неўзабаве i малы, i стары спяшалiся да бярозавага кола. Танцы ў iм доўжылiся амаль да ранiцы.

Даўно ўжо няма ў Мiкалаеўшчыне аркестраў. Апошнi, памятаю, граў у жнiўнi 1959 года. I наогул, вёска i яе наваколле ўжо не тыя, як былi калiсьцi. Асаблiва засмучае, што не стала мiлай рэчачкi Гавязянкi, якая вiлася сярод лугоў i каля Амброжыкавай гары ўлiвалася ў Нёман. Колькi там рыбы вадзiлася ў шматлiкiх бухтачках, колькi ракаў лавiлi! Цяпер пра гэта можна толькi ўспамiнаць: замест рэчачкi цячэ роўная, як страла, канава, выкапаная мелiяратарамi. Вады тут нават менш, чым па калена — нi пакупацца, нi рыбы палавiць.

...Так, у глыбокiм задуменнi, непрыкметна дайшоў да кладаў, пакланiўся магiлам блiзкiх людзей i рушыў далей унiз па Нёмане. За могiлкамi вырас малады сасняк, а за iм хутар Смольня. Тут пасля вяртання з турмы, дзе сядзеў па абвiнавачваннi ў напiсаннi рэвалюцыйных пракламацый, жыў Якуб Колас. У гэтай жа хатцы ў 1912 годзе ўпершыню ён сустрэўся з Янкам Купалам.

Далей мой шлях пралягае па тэрыторыi турбазы "Высокi бераг". Людзей улетку тут шмат, галоўным чынам з Мiнска. Дарэчы, i з другога боку Нёмана, у Клешчыцах, пра якiя я ўжо апавядаў, размяшчаюцца пансiянат i прафiлакторый для ветэранаў вайны i працы.

Ад турбазы Нёман рэзка бярэ ўлева, а затым паварочвае направа i нясе свае воды ў бок Стоўбцаў. Тутэйшы луг i дубовае ўрочышча носяць назву Бервянец.

Знаходзячыся ў турме, Колас з душэўнай шчымлiвасцю ўспамiнаў гэтыя любыя мясцiны:

...Ды я душою ажываю,

Як вокам мыслi азiраю

Цябе, мой луг i бераг родны,

Дзе льецца Нёман срэбраводны,

Дубы дзе дружнай чарадою

Стаяць, як вежы, над вадою.

У гэтым цудоўным месцы праходзiлi раённыя народныя гуляннi ў Дзень моладзi i па iншых святах, адзначалiся круглыя даты жыцця Якуба Коласа.

За Бервянцом Нёман цячэ ў абдымках абрывiстых берагоў, зарослых лазой, крапiвой i розным быльнягом. Iсцi тут намнога цяжэй, чым у Ёлаве, дзе берагi ў асноўным пакатыя i нiзкiя. Але падарожжа маё ўжо завяршылася: наперадзе — ваколiцы Альбуцi, былая леснiчоўка, дзе Колас правёў свае дзiцячыя i юнацкiя гады, дзе жылi прататыпы яго паэмы "Новая зямля". Цяпер тут таксама музей. Заходжу пад паветку i адразу прыпамiнаю радкi:

А пад паветкаю прылады:

Вазок, калёсы, панарады,

Старыя санi, восi, колы...

Цiкава, але я ўбачыў гэтыя рэчы i зараз. Як i многае iншае з гэтай неўмiручай паэмы: Зялёны луг, як кiнуць вокам,

Абрусам пышным i шырокiм

Абапал Нёмна рассцiлаўся —

За хатай зараз пачынаўся

Ды йшоў квяцiстай раўнiною

З мурожнай слаўнаю травою

I ззяў на сонцы ў пералiвах...

Абрусам пышным i шырокiм

Абапал Нёмна рассцiлаўся —

За хатай зараз пачынаўся

Ды йшоў квяцiстай раўнiною

З мурожнай слаўнаю травою

I ззяў на сонцы ў пералiвах...

На гэтым светлым тоне i хочацца завяршыць свой аповед пра наш, мiлы сэрцам куточак.

Анатоль МIЦКЕВIЧ.

г. Гомель.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Мікалаеўшчына — вёска ў Беларусi вядомая, радзiма народнага песняра Якуба Коласа i... мая. З трох бакоў яе акружае славуты Нёман. У вярхоўi яго, н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика