Гаворыш па-беларуску, значыць, належыш да элiты
Гаворыш па-беларуску, значыць, належыш да элiты
Мова — душа народа
— Вось калi б "начныя матылькi" ля гатэля "Турыст" з клiентамi дамаўлялiся па-беларуску, тады можна было б казаць, што наша мова слушна развiваецца... Мiж iншым, гэтую думку выказаў мой калега на адной з мiжнародных навуковых канферэнцый... Мой суразмоўца прафесар Іван Штэйнер усмiхаецца хiтра i глядзiць з акна кафедры налева. Туды, дзе i знаходзiцца гэты самы гатэль, i разважае пра лёс беларускай лiтаратуры. Я яго ведаю чвэрць стагоддзя i таму падхоплiваю. — Iван Фёдаравiч, дык яны б у замежнага клiента карысталiся асаблiвай папулярнасцю, трэба тэрмiнова iм гэта растлумачыць. Маглi б, пры пэўнай маркетынгавай палiтыцы ў iх справе, атрымлiваць двайны ганарар. Размова тым часам iдзе пра гумар, уласцiвы беларусам. I загадчык кафедры беларускай лiтаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Францыска Скарыны, доктар фiлалагiчных навук Iван Штэйнер прыводзiць прыклады. — У сваёй апошняй кнiжцы "Ех рrоmtu — ех рrороsitо" я пiшу i пра спецыфiку гумару. Ёсць там такi раздзел: "Сакральная крынiца гумару — не радасць, а гора". У беларусаў такая цяжкая доля была, што, як аўцюкоўцы кажуць, каб не смяялiся, даўно б павесiлiся — iронiя выратоўвала. Яны гатовыя i самi з сябе пасмяяцца, i з усяго iншага. Пра беларускi гумар часта кажуць толькi як пра сялянскi. Але ж быў i гумар тых жа Радзiвiлаў. Ведаеце анекдот ад сябра Караля Станiслава Радзiвiла Леона Бароўскага? Ён расказвае, што яго конь не мог пераскочыць мур, а калi ядро трапiла ў каня i ад яго засталася палавiна, той нарэшце пераскочыў. Пазнаяце, што гэта нам нагадвае? Так, твор Распэ — аўтара прыгодаў барона Мюнхаўзена. А вось яшчэ адна добрая гiсторыя: "Закахаўся, — кажа Леон, — я ў сiрэну. — I што? — пытае сябар. — Што-што... Нарадзiлася сто тысяч селядцоў". Жарты ў iх былi найвыключнейшыя. — Ну ў кнiжцы ж не толькi анекдоты сабраныя? — Кнiжка напiсана ў форме эсэ. Гэта форма папулярная на Захадзе. Ведаеце, кажуць: "Калi можаш — напiшы раман. Калi не можаш — тады п’есу. Не атрымлiваецца — малюй графiк бiржавых кацiровак. Калi i гэта не можаш — напiшы тое, што ты хочаш i назавi гэта эсэ". Так, гэта эсэ, разважаннi пра ўсё i пра нiчога. У кнiзе няма акадэмiчнасцi, бо ад яе мухi дохнуць ад суму. Там узнiмаюцца праблемы агульначалавечыя, культуральныя: што прымушае чалавека пiсаць, чаму ён раптам апантаны, якую ролю адыгрываюць у гэтым плане каталiзатары: алкаголь, сэкс. — "Iван Фёдаравiч Штэйнер як даследчык лiтаратуры выдатна ведае, як высока ўзляцела ў апошнiя часы навукова-тэарэтычная думка лiтаратуразнаўцаў, але ў якасцi выкладчыка лiтаратуры не горш ведае, як страшна далёкая акадэмiчная навука ад масавага чытача" — гэта цытата з прадмовы да вашай кнiгi, напiсанай доктарам фiлалагiчных навук Мiхасём Тычынам... — Так, таму i назваў "Ех рrоmtu — ех рrороsitо". Значыць: экспромтам i абдумана. Адразу i спантанна. Шкада, што мы да ўсяго свайго ставiмся паблажлiва. — "Няма прарокаў у сваёй Айчыне"?.. — А наша лiтаратуразнаўчая задача — "раскруцiць" беларускiх аўтараў, у тым лiку i для заходняга чытача. Уладзiмiр Караткевiч, якi закончыў Кiеўскi ўнiверсiтэт, заўсёды казаў: калi б мая воля, я адпраўляў бы хлопцаў, каб яны пабылi далёка ад дома i ацанiлi, што такое Беларусь. Бо жывеш i да свайго прывыкаеш. Да i нашы вядомыя народныя пiсьменнiкi — той жа Андрэй Макаёнак, Iван Шамякiн i Iван Мележ. Гэтыя Iваны — авангард нашай нацыянальнай прозы. Рыгор Барадулiн, Вiктар Казько — найвыдатнейшыя пiсьменнiкi еўрапейскага ўзроўню. — Ведаеце казус: у скверы Янкi Купалы, побач з якiм я жыву, адкрывалi яго бюст, напiсалi спачатку радкi з верша Коласа... Потым выправiлi. Многiя iх блытаюць, або успрымаюць, як Маркса-Энгельса, не разумеючы, хто ёсць хто. — Купала i Колас — быццам бы браты-блiзняты... Так, у нас iх нават выкладчыкi ў ВНУ па нейкай савецкай схеме аб’ядноўваюць. А гэта абсалютна розныя людзi — ну нiчога няма агульнага! У адным з артыкулаў я i спрабую гэта даказаць. I гэта самае велiзарнае шчасце нашай лiтаратуры, што яны такiя розныя. — Цытую вас: "Мы не прачыталi як след Купалу, таму разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе". — А ён жа — Анатоль Сыс — у нашым унiверсiтэце вучыўся, калiсьцi крыўдзiўся на мяне, што я яго не заўважыў. Сапраўды, так, я яго не ацанiў. А потым аднойчы перачытаў — i зусiм па-iншаму ён паўстаў перада мной. Я за два тыднi да яго смерцi пачаў пiсаць пра яго артыкул — без усякага мiстычнага адчування. — Для мяне было даволi незвычайна, што вы карыстаецеся прыёмам, заснаваным на асацыятыўнай сувязi з’яў сучаснай лiтаратуры са з’явамi сусветнай лiтаратуры... — Чым больш я ведаю славянскiя лiтаратуры, тым больш пераконваюся, што беларуская лiтаратура займае сярод iх важнае месца. I таму трэба разглядаць беларускую лiтаратуру на фоне не толькi славянскiм, але i еўрапейскiм. I я параўноўваю Уладзiмiра Караткевiча з Мiцкевiчам, Байранам i Шэлi. I без усякай гэта нацяжкi выходзiць — наша паэзiя на высокiм узроўнi. Выключны феномен нашай беларускай культуры — за ХХ стагоддзе ў нас такiя таленты з’явiлiся! Хоць недаацэнены i агульнавядомыя Кiрыла Тураўскi, Францыск Скарына... Сказаць па сутнасцi, мы ж нiколi не былi правiнцыяй. Калi ўзгадаць Нясвiж, Шклоў, — якой вышынi дасягнулi гэтыя гарады — там былi тэатры, опера была. А Слонiм называлi Паўночнымi Афiнамi... Там быў высокi ўзровень культуры ва ўсе часы. А мы прывыклi, што добрае — толькi дзе-небудзь у суседзяў. У нас свая велiзарная культура! I цяпер iдзе яе адраджэнне. Я разглядаю беларускую лiтаратуру як частку славянскай культуры i частку агульнаеўрапейскай лiтаратуры. Наша лiтаратура, як толькi нарадзiлася, пачала развiвацца ў сiлавым полi ўсiх заходнiх лiтаратур. I адначасова таксама на iх уздзейнiчала. — Ваша апошняе лiтаратуразнаўчае захапленне — Алесь Разанаў... — Так, нядаўна я напiсаў манаграфiю пра Разанава. Па сутнасцi, цяпер яму няма роўнага па таленце i значнасцi ў Еўропе. Проста мы да канца яго не зразумелi. Ён доўга жыў у Германii, авалодаў нямецкай мовай настолькi, што стаў пiсаць па-нямецку. У Германii выдадзены яго пераклады, а паралельна творы i па-беларуску, i па-нямецку. I гэта цiкава: як нацыянальнае дапамагае пабачыць агульначалавечае. Разанаў iдзе ўслед за Гiёмам Апалiнэрам — вялiкiм французскiм паэтам, якi разламаў усю еўрапейскую паэзiю пачатку ХХ стагоддзя, ствараючы новую лiтаратуру. Яна нетрадыцыйная, у ёй на першы план выходзяць розум i iнтэлект, а не пачуццi. — Што будзе з беларускай лiтаратурай у найблiжэйшы час? Я агучваю пытанне, якое часта мае даволi песiместычны адказ. — Па сутнасцi, ва ўсiх славян лiтаратура заўсёды адыгрывала найвялiкшую ролю ў абуджэннi нацыi. Пiсалi Талстому: "Як жыць, Леў Мiкалаевiч?". Лiчылася, што менавiта ў лiтаратуры можна знайсцi адказы на ўсе пытаннi. У славянскай культуры пiсьменнiкi выконвалi ролю вялiкiх фiлосафаў — яны ўсе свае iдэi выказвалi праз лiтаратуру: Фёдар Дастаеўскi, Кiрыла Тураўскi, Леў Талстой... Лiтаратура клiкала на барацьбу, яна енчыла, вучыла, плакала... Што будзе з ёю? Я часам маю даволi песiмiстычныя погляды, бо яна саступае мас-медыя. Але ж лiтаратура застанецца. Я заўсёды размаўляю па-беларуску i нiколi нiдзе не сустракаў антыпатыi. Наадварот. Раней быў комплекс: гаворыш па-беларуску, — значыць, калгаснiк. А цяпер, пабачце: нават рэклама самая цiкавая iдзе па-беларуску. I таму людзi пачынаюць разумець, калi ты гаворыш па-беларуску, ты належыш да элiты. Я заўважыў: многiя iмкнуцца размаўляць з табой па-беларуску, калi ты з iмi па-беларуску. Мне здаецца, што цяпер назiраецца такi ўсплеск цiкаўнасцi да ўсяго нацыянальнага. У гэтым плане я аптымiст. Мы еўрапейская краiна, у нас слаўныя традыцыi, нам не трэба падцягвацца да кагосьцi, нам проста доказна трэба расказваць пра сваю культуру. I адчуваць сябе гарманiчна ў агульнаеўрапейскiм кантэксце. Гутарыла Iрына АСТАШКЕВIЧ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Вось калi б "начныя матылькi" ля гатэля "Турыст" з клiентамi дамаўлялiся па-беларуску, тады можна было б казаць, што наша мова с
|
|