Антон ПІЛIПЧЫК Амністыя...
Антон ПІЛIПЧЫК Амністыя...
На конкурс апавяданняў
Апавяданне Антона Пiлiпчыка здаецца не надта мудрагелiстым, нават просценькiм. Усе мы прагнем звычайнай дабрынi, дабрабыту i шчасця. Але не заўсёды простыя i звычайныя вядуць нас да гэтага сцежкi. Адным словам, не проста жыць на свеце, але жыць трэба, калi нават i невыносна. I калi мы не здаемся, калi ў нас не знiкла чалавечнае, — жыццё заўсёды працягвае нам руку i баронiць нас. Вiктар КАЗЬКО.
У канторы, цьмянай, пракуранай, з адным усяго, ды i тым зашмальцаваным, столiкам i не лепшым крэслам, брыгадзiр падвёў Алеся да вузенькага акенца i паказаў на шырокую за замурзанымi шыбкамi панараму наваколля. — Бачыш вунь ферму? Адпрацоўваць свой дзень... як iх там называеш?.. грамадскiх аплатных работ пойдзеш туды. Вось-вось ля кармакухнi павiнен аб’явiцца цiкавы малады чалавек. З пiлою ён будзе... Парэжаце якi пяток бярвенняў... "Цiкавага маладога чалавека" Алесю доўга чакаць не давялося. — Хiмiк... Лёнiкам мяне завуць, — падаў руку на знаёмства цыбаты, каротка пастрыжаны мужчына. — Накiраванец службы занятасцi, — сказаў, назваўшы сваё iмя, не разумеючы, аднак, што канкрэтна азначае Лёнiкава "хiмiк", Алесь. А Лёнiк не стаў марудзiць з выкананнем работы. Адразу занёс пiлу на бервяно, якое Алесь яшчэ да яго прыходу прымасцiў на iншых так, каб, пiлуючы, асаблiва не трэба было згiнацца, i яны пачалi туды-сюды цягаць "Дружбу-2". Толькi ў драўнiну пiла ўгрызалася неахвотна. — Тыр-р-! — не вытрымаў Лёнiк. — Ну яе к д’яблу! На той свет нас загонiць, — у ягоных руках аднекуль апынулiся пласкагубцы. Iмi Лёнiк пачаў спрытна расхiляць зубы пiлы: — Разгону яна ж амаль не мае. Гэтую яе хваробу я яшчэ ўчора прыгледзеў. З адным дзедам тут пiлаваў. Ды палячыць не меў чым... — А "хiмiк" — гэта... Ну, прафесiя, спецыяльнасць?.. — Хiмiкамi, пара ведаць, называюць тых, хто на вольным пасяленнi... Асуджаных, значыцца, — не хаваючы свайго здзiўлення няведаннем дзiваком-чалавекам агульнавядомага, патлумачыў Лёнiк. Зрабiўшы невялiчкую паўзу, ён прадоўжыў: — Ты, Алесь, вось у службе занятасцi на ўлiку стаiш. Скарацiлi цябе, я так мяркую. Цяпер так модна пазбаўляцца ад непажаданых... А чым па сваiм, так бы мовiць, статусе, скажы, лепш пачуваеш за мяне? Га?.. Табе гэтаксама трэба рэгулярна адзначацца, з накiраваннем хадзiць па арганiзацыях i клянчыць, каб работу далi. Iнакш грашовай дапамогi... Ды якой яе там!.. Як той кот наплакаў. Не ўбачыш... Алесь толькi зыркнуў на Лёнiка. А тым часам "хiмiк" ужо апрабаваў пiлу на бервяне i падаў каманду: — Ну, паехалi!.. Во, цяпер яна, зараза, перастане нас мэнчыць. Палезе, як у кашу... "Дружба-2" i сапраўды зашахкала весялей, лягчэй. Папiлавалi яны на кароценькiя калодачкi адно бервяно, прынялiся рэзаць другое... — Лёнiк, прывiтанне!.. Цябе i сёння запрэглi ў пiльшчыкi-дрывасекi?.. Абодва яны павярнулi галовы ў той бок, адкуль данеслася звонкае жаночае "прывiтанне!", i ўбачылi: вялiзны вiсячы замок за дзвярах адмыкае сiмпатычная дзяўчына. — Гэта Ларыска. Яна з даярак, але цяпер падмяняе захварэлую загадчыцу. А тут размяшчаецца кармакухня, пойла для цялят гатуюць. Для гэтага вось i патрэбныя дровы, — напаўголаса пачаў уводзiць Алеся ў курс справы Лёнiк. Ён раптам пакiнуў пiлу i накiраваўся ў памяшканне, дзверы ў якое былi ўжо расчынены насцеж. "Ну, наклёўваецца любоў!", — падумалася грэшным чынам Алесю. У дзвярным праёме кармакухнi нельга было не заўважыць не надта высокую кадушку, напоўненую нечым белым. Што гэта малако, Алесь здагадаўся толькi тады, калi ўбачыў: яго напарнiк па нарыхтоўцы дроў для фермы залпам выхлебаў "белага" аж тры кубкi. — Можна лiчыць, што я паснедаў, — сказаў, вярнуўшыся да пiлы i выцершы рукавом курткi вусны, Лёнiк. Яны зноў пачалi пiлаваць. — А не зашкодзiць? Кадушачка ж вунь якая... — Брудная? А я i ўчора з яе пiў. Нiчога, нармальненька... Не бойся, не пройме... Маленькiх цялятак памыямi ж не пояць. — Ну, а як усё ж да вольнага пасялення дажыўся? — без дыпламатыi запытаў Алесь. — Думаю, што зусiм не гэтак, як ты да свайго скарачэння... Жонка ўпякла... Праўда, цяпер ужо былая... Развёўся з нягоднiцай... — А не пагарачыўся? — Не! О, не... Падумай, дружа... Пэўна ж, сам будзеш жанаты?.. Алесь кiўнуў галавою. Лёнiк, разглядваючы ўважлiва суразмоўцу, распалiўся: — Цi ж мала хто з нас, мужыкоў, га?... Бывае, з’ездзiць сваёй любай па лупсяках. Тыя на iх адразу ў суд, — у Лёнiкавым голасе задрыжалi i абурэнне, i крыўда. — Хто каго любiць, той таго i чубiць... — Проста так выйшла... У сябра дзень нараджэння быў. Ну, i хапянуў я добра-такi. Дамоў заяўляюся — яна i паперла на мяне: "А ўжо нейкую сабе завёў!.." I на мяне з кулакамi. Я адмахнуўся. А яна, брыдота, што робiць? Га?.. Тут жа тэлефануе да сваёй мацi: "Запiў, загуляў, позна прыцёгся, забiвае, а-я-яй!"..". Чорт ведама чаго набрахала. А тая — у мiлiцыю... I прышылi мне, а божачка ты мой!.. i тое, i гэта... Надта ж старалася цешча... I я вось ужо гадок "адхiмiчыў"... — Бач ты, як яно ў жыццi бывае?! — паспачуваў Лёнiку напарнiк. — З усякiм усё можа здарыцца, — разважыў ён. — У народзе нездарма ж кажуць: астрогу бойся, хваробы сцеражыся, торбы не цурайся... — А нашчадкi вашы цяпер як?.. — Дзецi? Не даў бог iмi абзавесцiся... Мы ж i двух гадоў не пажылi. Нашых мужчынскiх мазгоў часам бывае, мусiць, мала, каб зразумець, што такое жанчына... Некалькi калодак, але ўжо моўчкi, яны адпiлавалi яшчэ. Нечакана з’явiўся пасланец ад брыгадзiра i перадаў просьбу тэрмiнова "перадыслакавацца" на суседнюю жывёлагадоўчую ферму — прыбыць, маўляў, у распараджэнне тамашняй загадчыцы, выпратаць з-пад маленькiх цялятак гной... — Каб не мы, "хiмiкi", то ў гэтай гаспадарцы, далiбог, не было б каму рабiць... Свае да працы не рвуцца. Ды i колькi тых працаздольных у вёсках цяпер засталося?! I тыя самагнёт цiснуць i без меры жлукцяць... Неўзабаве "хiмiка" ўжо ледзь не абдымала загадчыца фермы — жанчына вострая, як адразу звярнуў увагу Алесь, на язычок. — А хто будзе гэты чалавек? — палезла яна адразу ў роспыты. — Разам з табою таксама адбывае? Можа, i ён сваю кралю адмалацiў?.. — Не! — сказаў Лёнiк сваёй прыяцельцы. — Алесь тут ад "бiржы працы". Адшчыроўвае ўстаноўлены дзень, iнакш, кажа, на хлеб i халодную ваду яму не дадуць... — А!.. Значыцца, цi выкiнштэйн яму зрабiлi, цi мо па дурноце i сам у такi няроўны час работу кiнуў. Але, пэўна ж, не без жанчыны абышлося, — не ўгамоньвалася з падагульненнямi i высновамi загадчыца. — Скарочаны! — толькi i паспеў вызначыць пра сябе Алесь. Загадчыца фермы, адчуўшы свой верх, i далей па словы ў кiшэнь не лезла: — А, вiдаць, не на цяжкай рабоце быў. Ручанькi-то — чысценькiя. Не такiя ўкачаныя, як у нас з табою, Лёнiк! Нiчога, зараз не лепшымi за нашы стануць... Бярэмце, мужычкi, вiлы i гайда са мной. Гнаятус — на палятус... Вось такая рабацёнка зачакалася вас... Калi ўсё, што патрабавалася, "мужычкi" зрабiлi, Лёнiк, перад тым як рызысцiся па дамах, прызнаўся Алесю: — Хоць, ведаеш, i брыдкавата будзе казаць, але... — ён паказаў на разбухлае рукаво курткi. — Во! Спагадлiвыя тутэйшыя жанчынкi-даярачкi лiтровую бутэлечку сырадою ўдружылi. Пракiпячу, з макаронай за мiлую душу пойдзе... Павячэраю, значыцца, сёння таксама задарма... На "хiмii", каб ведаў, не кормяць. Сам сябе павiнен харчам забяспечваць... А ў гэтым сельгаскааператыве, як з дня ў дзень нi шчыруй, на больш, як семдзесят тысёнцаў зарплаты ў месяц не разлiчвай... Мне ж яшчэ, браток, да глыбокай восенi адбываць, — у вачах Лёнiка заблiшчаў сум. — А можа, дасць Бог, меней. А раптам якая амнiстыя выйдзе?.. — "Амнистия, амнистия... Меня судьба обчистила..." . — не то напяваць, не то проста дэкламаваць пачаў Лёнiк. Але хацеў сказаць яму штосьцi суцяшальнае, лагоднае на розвiт, але не паспеў. Ля самых iх — адкуль толькi i ўзяўся? — затармазiў беленькi "жыгулёнак". З яго лiтаральна выкiнулася i кiнулася да Лёнiка, аберуч абхапiла яго за шыю пекная кабетка. — Вось ты куды забраўся!.. Ледзь-ледзь адшукала... Лёнiчак, любы мой, дрэнна мне без цябе... Дурная была, мамку неразумную паслухала... Я ўжо вось год, як зусiм не сплю па начах... Табе харчу прывезла, лепшага апранку прыхапiла... Смуткую, родненькi, дарагi!.. Чакаю не дачакаюся... Жанчына ўткнулася тварам Лёнiку ў грудзi, яе плечы сталi ўздрыгваць. Той, адною рукою тулячы яе да сябе, другую падаў Алесю на развiтанне, пры гэтым загаварыў да яго амаль шэптам, мякка, але неяк i ганарова: — Ну, вось, здаецца, i напрарочыў ты мне, Алеська, амнiстыю... Самую нечаканую!.. Разумееш?.. Гэтая паненачка, думаю, ты ўжо, здагадаўся, — мая тая самая непуцёвая... Ах i люблю ж я цябе!.. Апошнiя Лёнiкавы словы былi гучнымi, нiбы ўдарылi ў звон, i адрасавалiся ўжо, вядома ж, не Алесю. Алесь узяў кiрунак дамоў. Iдучы дзе вiхлявымi сцежкамi, дзе напрамкi цераз палеткi, у сваёй руцэ ён яшчэ доўга адчуваў нейкае асаблiвае цяпло развiтальнага поцiску Лёнiкавай. I нiяк не адставалi ад яго думкi пра гэтага чалавека. "Обчистила", згадалася Лёнiкава распеўнае дэкламаванне. Алесю раптам вельмi захацелася, каб гэтаму бяскрыўднаму "хiмiку" i сапраўды выйшла якая амнiстыя, каб паразумеўся ён са сваёю жонкай, а яшчэ каб Бог даў iм шмат дзетак... А неўзабаве Алесь падлавiў сябе ўжо на тым, што з-за адпрацаванага "дня грамадскiх аплатных работ" яму прыемна не меней. Будзе налiчана грашовая дапамога!... Няхай нават такая, як i выказаўся Лёнiк, — нiбы той кот наплакаў. Але ж i ягоная адзiная, можа, ужо перастане, ледзь што, усяляк плявузгаць пра яго скарачэнне. А то, як той казаў, i днём i ноччу не сцiхае: "А ты, мусiць, супраць начальства iшоў. Трэба ж было прыкiлзваць язычок...". "А ты, мусiць, не вельмi рупiўся, лынды бiў...". "А ты, мусiць...", "А ты, мусiць...". I хай Бог сцеражэ! Цяпер, бач, возьме таксама амнiсцiруе...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апавяданне Антона Пiлiпчыка здаецца не надта мудрагелiстым, нават просценькiм. Усе мы прагнем звычайнай дабрынi, дабрабыту i шчасця. Але не заўсёды пр
|
|