Што за выбар без скандалу?
Што за выбар без скандалу?
Беларусь у лiку першых "адстралялася" з выбарамi свайго прадстаўнiка на цяперашнi песенны конкурс, традыцыйна адшумелi пэўны час канкурэнты, i ўсё супакоiлася. Цяпер Пётр Елфiмаў ужо на ўсю моц рыхтуецца — у Фiнляндыi былi запiсаныя i зведзеныя некалькi варыянтаў песнi "Eyes that never lie", у Лiтве, як плануецца, будзе надрукаваная папяровая частка прома-прадукцыi, у блiзкiм i далёкiм замежжы праходзiць прома-тур спевака. А вось абедзве нашы краiны-суседкi, Расiя i Украiна, выбiраць сваiх прадстаўнiкоў будуць толькi ў гэтыя выхадныя, i тое са скандаламi.
Напрыклад, ва Украiне фiнал нацыянальнага адбору, прызначаны на 8 сакавiка, аказаўся пад пагрозай зрыву. Адна з удзельнiц, выпускнiца "Фабрыкi зорак" Анастасiя Прыходзька, за шматлiкiя парушэннi правiлаў была дысквалiфiкаваная з адбору, але не змiрылася i ў адказ падала ў суд на арганiзатараў — Нацыянальную тэлекампанiю Украiны. Больш за тое, Шаўчэнкаўскi раённы суд Кiева стаў на бок спявачкi i яе прадзюсара, забаранiўшы праводзiць фiнал конкурсу да вынясення канчатковага рашэння. У сваю чаргу, тэлекампанiя абвясцiла, што гэта адкрыты цiск на журы i ўвогуле спроба дыскрэдытаваць Украiну, i што запланаваны канцэрт — на iм, дарэчы, запрошаны выступiць i Пётр Елфiмаў — пройдзе па графiку. Праўда, магчыма, зменiцца працэдура вылучэння пераможцы адбору — яго могуць назваць увогуле без конкурсу, як гэта было ў свой час з Анi Лорак i Веркай Сярдзючкай. Пакуль што чакаецца выступленне ў канцэрце запрошаных гасцей з Беларусi, Лiтвы, Польшчы i Вялiкабрытанii, а таксама 15 фiналiстаў. У лiк апошнiх, на жаль, не трапiла выпускнiца Беларускага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў Веста Каменева, затое прайшла экс-удзельнiца "ВІА Гра" Святлана Лабада, спявак Аляксандр Панаётаў i дзявочае трыо "Заклёпкi", якое запомнiлася па леташнiм конкурсе "Новая хваля". Тым часам прабiўная Насця Прыходзька прайшла... у фiнал расiйскага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2009"! I гэта пасля таго, як быў зацверджаны i апублiкаваны спiс з 15 фiналiстаў, сярод якiх — спявачка Валерыя, гурт "Кватро", Аляксей Вараб’ёў, Ганна Семяновiч, гурт "Плазма" i яшчэ шэраг менш раскручаных выканаўцаў i калектываў. Дзеля справядлiвасцi, праўда, трэба заўважыць, што з журы нацыянальнага адбору пасля ўключэння ў фiнал "фабрыканткi" Анастасii Прыходзька выйшаў прадзюсар i аўтар конкурснай песнi спявачкi Канстанцiн Меладзе — каб захаваць аб’ектыўнасць галасавання. Праводзiцца яно будзе пасля выступлення фiналiстаў увечары 7 сакавiка: спачатку гледачы вызначаць тройку лiдараў, а з iх лiку журы ў прамым эфiры назаве iмя пераможцы. Зазначым — беларуская спявачка Палiна Смолава, якая зноў спрабавала штурмаваць расiйскi адбор, у фiнал яго зноў не прайшла. Затое абсалютна нечакана беларус выступiць ад... Нарвегii. 22-гадовы Аляксандр Рыбак з песняй "Fayritale" i скрыпiчным сола нарабiў у нарвежскiм адборы проста фурор i атрымаў рэкордную колькасць глядацкiх галасоў — звыш 700 тысяч! I хоць Сашу бацькi — прафесiйныя музыканты — звезлi з Мiнска ў 4-гадовым узросце i грамадзянства хлопец даўно мае нарвежскае, родную мову спявак дагэтуль крыху памятае, лiчыць, што ў песнi адлюстраваныя нацыянальныя беларускiя матывы, i спадзяецца падчас выступлення на "Еўрабачаннi-2009" атрымаць ад былых суайчыннiкаў як мага больш балаў. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота: Саша Рыбак якраз на "Еўрабачаннi" адзначыць свой 23-i дзень нараджэння; Гурт "Кватро" называюць адным з лiдараў расiйскага адбору; Анастасiя Прыходзька — адна з галоўных скандалiстак украiнскага адбору.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь у лiку першых "адстралялася" з выбарамi свайго прадстаўнiка на цяперашнi песенны конкурс, традыцыйна адшумелi пэўны час канкурэнты,
|
|