Што ў iменi табе маiм? Творчая iдэя!
Што ў iменi табе маiм? Творчая iдэя!
На хвалi
Напрыканцы зiмы радыё TUT.BY разам з аднайменным парталам абвясцiлi своеасаблiвае рэалiцi-шоу — "Жаночае iмя Беларусi". Вынiкам яго стане песня-прысвячэнне абранаму iменi, якая прагучыць у выкананнi Змiцера Вайцюшкевiча на ягоным жа вялiкiм сольным канцэрце 8 сакавiка. Але праект, якi задумваўся як арыгiнальны падарунак жанчынам, ледзь не завяршыўся скандалам. Сама iдэя абрання "iменi-сiмвала" не новая i o прынцыпе далёка не найгоршая — вядома ж, жанчыны любяць вушамi, каму не прыемна пачуць колькi добрых словаў аб сабе. Аднак арганiзатары праекта аддалi iнiцыятыву iнтэрнэт-карыстальнiкам — пра што вельмi хутка i пашкадавалi. Бо кандыдатамi на "Жаночае iмя Беларусi" карыстальнiкi назвалi больш за 8 дзесяткаў iмёнаў, сярод якiх "класiчныя" Рагнеда, Ефрасiння цi Паўлiна суседнiчалi з экзатычнымi Еўсцiгнiдамi, Лаўрамi цi нават Трактарынамi... А падчас галасавання — таксама наладжанага праз iнтэрнэт — у лiдары выбiлася штучнае стварэнне савецкiх часоў — iмя Даздраперма ("Да здравствует Первое мая!"). Яно было ўнесенае ў спiс як быццам у якасцi жарту, але раптам сабрала звыш 25 тысяч галасоў. Гэту тэндэнцыю, зрэшты, партнёры праекта хутка выявiлi, палiчылi спробай сапсаваць рамантычную задуму i нават як быццам знайшлi канкрэтных iнтэрнэт-хулiганаў. "Пасля таго, як я звярнулася да спецыялiстаў TUT.BY са сваiмi сумневамi, яны сапраўды выявiлi хакерскую атаку, якая вялася з некалькiх расiйскiх ІP-адрасоў, — расказвае PR-менеджар аднаго з партнёраў праекта, кампанii KIA Motors. — Хтосьцi напiсаў праграму, якая "накручвала" галасы за Даздраперму i Трактарыну. Не тое каб я была супраць гэтага iменi, але ўсё ж у Беларусi багатая гiсторыя, i ёсць мноства прыгожых жаночых iмёнаў, з якiмi можна звязаць нашу краiну. Таму мы былi вельмi рады, калi ў лiдары выйшла iмя Дамiнiка. Хоць яно i мае лацiнскае паходжанне (Дамiнiка з лацiнскага — "спадарыня" або "Божы дзень"), яно было досыць распаўсюджанае сярод шляхетных беларускiх паненак, таму мае больш правоў быць прызнаным жаночым iмем Беларусi". ...У беларускай гiсторыi, шчыра кажучы, наўскiдку мы прыгадалi толькi мужчын —уладальнiкаў iмя Дамiнiк — ад роду Радзiвiлаў, Агiнскiх да сваякоў Янкi Купалы. А вось сярод сучаснiц Дамiнiк, як высветлiлася, сапраўды хапае. Нават на айчыннай эстрадзе iх дзве — ДаМiНiка, крупская школьнiца Веранiка Чарняўская, якая колькi гадоў запар актыўна ўдзельнiчае ў розных музычных конкурсах (у 2006 годзе, напрыклад, трапiла ў фiнал адбору на дзiцячае "Еўрабачанне") i ДамЕнiка (насамрэч — Юлiя) — былая экс-вакалiстка Iрыны Дарафеевай, якая гучна заявiла пра сябе ў сёлетнiм адборы на "Еўрабачанне" дарослае. Але для абедзвюх спявачак Дамiнiка — усяго толькi сцэнiчны псеўданiм. ...Так цi iнакш, сумесны твор Уладзiмiра Някляева i Змiцера Вайцюшкевiча "Дамiнiка" будзе паказаны слухачам 8 сакавiка. Музыкант нават сцвярджае, што ўсе Дамiнiкi змогуць трапiць на канцэрт бясплатна. А Даздраперма, Трактарына, Сябрына, Параскева, Ярына i нават Лаўрэля, якая набрала ў iнтэрнэт-галасаваннi менш за ўсё балаў, застануцца для гiсторыi. Для носьбiтаў iншых iмёнаў таксама прагучаць вiншаваннi з 8 Сакавiка, але, на жаль, не асабiстыя прысвячэннi. Тым не менш, засмучацца не-Дамiнiкам не варта, многiя жаночыя iмёны таксама не абдзеленыя ўвагай з боку беларускiх выканаўцаў. За-пя-вай! Якiя яшчэ жаночыя iмёны былi апетыя (у прамым сэнсе) беларускiмi выканаўцамi? "Скажы мне, Ганулька", "Алеся", "Веранiка", "Александрына", "Машанька", "Аэлiта", "Лада", "Марыся", "Людка", "Стася" — "Песняры"; "Алеся", "Элеанора" — ансамбль "Сябры"; "Стэфка" — гурт "Крама"; "Iлона", "Асоль" — гурт "Лекi ад меланхолii"; "Оленька" i "Вольга" — "Нейра Дзюбель"; "Нiна", "Прабачце, Маша", "Раiнька" — Ляпiс Трубяцкой; "Мая Маруся", "Ларыса-актрыса" — Аляксей Шэдзько; "Ева" — гурт "Nео"; "Маргарыта" — "Беларускiя песняры"; "Пасвiла Кася конi", "Спi, Наталька", "Дарота" i цяпер вось "Дамiнiка" — Змiцер Вайцюшкевiч. Ну i практычна кожны прысвячаў песнi — а) маме, б) жанчынам, дзяўчатам увогуле — "Беларускiя дзяўчаты" ("Сябры"), "Дарагiя жэншчыны!" ("Крамбамбуля") i г.д. Не ў iменi ж, у рэшце рэшт, справа... Жанчыне з якiм iмем вы прысвяцiлi б песню? Юлiя Громава, праваднiца чыгункi: — Мне цiкава i надзвычай прыемна было б пачуць песню, дзе згадваецца iмя Альжбета — так звалi маю прабабулю. Яе, на жаль, з намi ўжо няма, але гэта быў вельмi светлы i добры чалавек, якi навучыў нас з сястрой галоўнаму — нiколi не апускаць рукi. Ну, i прысвячэнне свайму iмя таксама спадабалася б! (Смяецца) Марат Клiмаў, кандыдат гiстарычных навук, навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук РБ: — Выбраў бы не збiты варыянт — напрыклад, архаiчнае iмя Ядвiга... Альбо яшчэ Яна, таксама прыгожа гучыць. Нешта вось так у мяне атрымлiваецца, напрыканцы алфавiта. Дамiнiка Яраш, загадчыца арганiзацыйна-метадычным кабiнетам Пастаўскай цэнтральнай раённай бальнiцы: — Ой, так прыемна чуць ад вас, што майму iменi будзе прысвечаная песня! Яно ж даволi рэдкае — я i ў школе, калi вучылася, была адзiная Дамiнiка, i ў ВНУ; мабыць, таму што я полька па паходжаннi... Ва ўсякiм выпадку, сваiх цёзак я нiколi не сустракала. А каму яшчэ прысвяцiла б песню? Ну, вось дачка ў мяне — Святлана, было б цiкава пра яе песню пачуць. Або пра iмя Марыя: у мяне i сястра, i нявестка — Марыi. Аляксандр Кабяк, вадзiцель маршрутнага таксi: — Я прысвяцiў бы песню мамам — усiм без выключэння. За iх цярпенне i мудрасць, за тое, што яны прымаюць нас такiмi, якiя мы ёсць. Ну, або Тамары — гэта iмя маёй мацi. Са святам, мама! Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы зiмы радыё TUT.BY разам з аднайменным парталам абвясцiлi своеасаблiвае рэалiцi-шоу — "Жаночае iмя Беларусi". Вынiкам яго стане пе
|
|