Я распранаю i апранаю жанчын...
Я распранаю i апранаю жанчын...
Слава Зайцаў. Размяняўшы сёмы дзясятак, ён называе сябе менавiта так, i ў гэтым няма позы цi выклiку. Заслужаны дзеяч мастацтваў Расiйскай Федэрацыi, прафесар, член-карэспандэнт Расiйскай акадэмii мастацтваў... Яму даўно не патрэбна рэклама. Яго асабiстая бiяграфiя — гiсторыя развiцця моды ў апошнiя паўстагоддзя. Яго адказы на пытаннi, як ён сам — простыя, як класiчны крой, прыхiльнiкам якога ён з’яўляецца, i складаныя — як фантазiя, што пераўтварае звычайнае ў цудоўнае. — Я сорак гадоў распранаю i апранаю жанчын... Гэта i ёсць гiсторыя моды: распрануў-апрануў. Цяжка сказаць, што ёсць мой стыль. Можа, гармонiя. Я магу рабiць усё. Іншая справа, што не ўсё раблю, таму што пакiдаю маладым займаць пэўныя нiшы. Класiк, кансерватар — можаце так называць. Мода — пошук гармонii. У адзiн момант, калi пачалiся пошукi новай эстэтыкi, жанчыну агалiлi бязмежна. Да такой ступенi, што яна перастала быць цiкавай для мужчын. У гэты час я стаў вяртацца да народнага крою — гэта выратаванне, свежае паветра. Я натхняюся народным касцюмам. Сёння i Еўропа вяртаецца да класiкi i фальклору. I там робяцца спробы прыўнесцi гэта ў сучасны стыль адзення. Сiла традыцыйных каштоўнасцяў вельмi вялiкая ў культуры. Сапраўднае заўсёды выклiкае iнтарэс. Так, адзiн i той жа пiнжак, пашыты з розных тканiн, глядзiцца па-рознаму. Iмгненна мяняецца вобраз. Сурдут, якi я зараз нашу, я прыдумаў для сябе ў 1994 годзе. Спачатку ён быў чорны. Я прыходзiў у рэстаран i мне казалi: здымiце палiто! Прайшоў час, i зараз мне сталi заказваць сурдуты — прынялi стыль XIX стагоддзя як данасць. Зараз рыхтую новую калекцыю на тэму "Валёнкi". Яны будуць белыя, дэкараваныя. Потым пакажу тэму, звязаную са 100-годдзем Дзягiлеўскiх сезонаў у Парыжы: тэма Усходу будзе прысутнiчаць вельмi актыўна. Сёння адбываецца абясцэньванне адзення ва ўсiм свеце. Яно каштуе капейкi. У мяне ж цана за касцюм — ад 700 да 1000 долараў. Я надаю вялiкую ўвагу якасцi тканiны. Для мяне вельмi важныя тэхналогiя i якасць апрацоўкi. Класiка — гэта самая стабiльная форма адзення. Класiка будзе жыць па-за часам. — У вас столькi захапленняў, акрамя моды... Складана знайсцi больш рознабаковага чалавека з такой багатай бiяграфiяй. — Мяне цешча выгнала з дому ў 1965 годзе. Пасля чаго я нарадзiўся як мастак. Таму што пры цешчы быў хатняй работнiцай. Яна лiчыла, што я няварты яе дачкi. Фатаграфiяй я займаюся з 60-х гадоў. Першыя здымкi зрабiў, працуючы на Бабушкiнскай эксперыментальна-тэхнiчнай швейнай фабрыцы Мосаблсаўнаргаса, якая шыла адзенне для вёскi. Я тры гады там прапрацаваў па размеркаваннi пасля iнстытута. У 1963 годзе я ўпершыню паказаў сваю калекцыю целагрэек у Маскве. Мае калегi мяне тады не зразумелi i ўвогуле абвiнавацiлi, што я не туды вяду калектыў. Такiм быў выхад у свет. Але ж яго заўважылi французы i напiсалi вялiкi артыкул пра тое, што ў Маскве з’явiўся сапраўдны мастак. Так i пачалося маё жыццё — з ганеннямi, неразуменнем, нежаданнем успрымаць мяне. А я не разумеў, чаму ўсё так адбываецца. Што ж, сёння iх няма, а я застаўся... Тое, што не магу ўвасобiць у модзе, увасабляю ў жывапiсе. Ён атрымлiваецца метафiзiчны нейкi... А ў адзiн момант, пасля смерцi мацi, у 1978 годзе, я пачаў пiсаць вершы. У той час я быў у iзаляцыi, хтосьцi пусцiў плёткi, што я з’ехаў у Iзраiль. Прэсе не дазвалялася са мной кантактаваць. Выратаванне прыйшло з неба. Мне здавалася, што гэта не я, я так не ўмею пiсаць, гаварыць i думаць. Такiм вось чынам была выпрацавана нейкая праграма жыцця, пасля якой я рэзка пайшоў уверх. Мне прапанавалi ўзначалiць дом моды, чым я i пачаў актыўна займацца. Мяне пытаюць: што для вас крынiца натхнення? Бог. Бываюць нейкiя сiтуацыi, узнiкае паток iнфармацыi, я малюю адразу ж. А бывае, што некалькi месяцаў нiчога не раблю. А потым таго, што намалюю, мне хапае на год, на два наперад. Узнiкае ўсё нечакана: у машыне, у сне... Мне галоўнае — дакрануцца да паперы: лiнiя i вобраз самi з’яўляюцца. Самому здаецца: я не мог гэтага зрабiць... Нерэальна проста. — Ваш сын пайшоў па вашых слядах... — Мой сын — гэта маё шчасце, гонар. Ён вельмi складаны, i яму вельмi складана было са мной. У нас былi перыяды непаразумення. Самае каштоўнае тое, што ён адбыўся як мастак. Апошняя яго калекцыя абсалютна не падобная на маю. Але ж аснова мая — класiчны стыль. Ён аднойчы сказаў: тата, навошта я буду рабiць тое, што робiш ты? Я павiнен знайсцi свой шлях. Ён знайшоў яго. Ён займаецца такiмi своеасаблiвымi iнсталяцыямi — робiць арт-аб’екты. Кардэн хацеў калiсьцi яго ўзяць да сябе асiстэнтам, але ж ён адмовiўся, сказаў: я буду з бацькам працаваць. Ён не прымае нiкога, хто не прымае яго пазiцыю. Я больш гнуткi, чым ён. Хаця ў рэальнасцi ён мяккi i ранiмы. Яго дачка ад першага шлюбу — Маруся, мая ўнучка, ёй 15 гадоў. Гэта мая будучыня, мая памочнiца. Яна многа чым займаецца: фатаграфiяй, ёгай, мовамi, рукадзеллем з лямцу. Пры гэтым у школе вучыцца добра... А паўгода таму ў мяне нарадзiлася яшчэ адна ўнучка... — Вы сабе дазваляеце апранацца ў iншыя брэнды? — Я паспрабаваў аднойчы. У Парыжы некалькi гадоў таму я трапiў пад дождж i сапсаваў касцюм. Зайшоў у краму: там Арманi, Ферэ, Версачэ — поўны набор. Мне спадабаўся бэжавы пiнжак ад Франка Ферэ... Я купiў. Спачатку — нядрэнна быццам бы. Але потым зняў. Мяккi плечавы пояс — не мой. Я люблю канструктыўныя выразныя формы, бо ведаю свае асаблiвасцi, недахопы. Вылепленая форма для мяне больш важная. Лiчу, што не мае сэнсу купляць у кагосьцi — сшыю сабе сам. Я не баюся быць рызыкова апранутым. Калi я гэта апрануў, людзi разумеюць, што гэта магчыма. Сам рэкламую сваё адзенне. Я шыю звычайна на нашых, айчынных мужыкоў: гэта акцёры, пiсьменнiкi, людзi бiзнэсу. — А якiм, на ваш погляд, павiнен быць сапраўдны мужчына? — Змястоўным, лiчу. Моцным, мужным, лаяльным, эстэтычна дасканалым. Гармонiя павiнна быць: зместу i формы. Часцей за ўсё мужчыны баяцца думкi iншых людзей i спрабуюць схавацца ад яе. Што датычыцца непасрэдна крою, самае галоўнае ў мужчынскiм касцюме — плечавы пояс. Мужчыны вельмi цяжка ўспрымаюць новыя дэталi, у адрозненне ад жанчын. — Праграма "Модны прыгавор" сёння — ваша вiзiтная картка... — Я не быў яе iнiцыятарам i доўга супрацiўляўся, катэгарычна не хацеў гэтым займацца, бо разумею, што, трапiўшы на тэлебачанне, жывым яго не пакiнеш. А потым мне Косця Эрнст патэлефанаваў i кажа: "Слава, гэта перадача для цябе. Ты чалавек, якi жыве ў свеце моды больш за 40 гадоў, ты проста абавязаны гэтым заняцца". Пасля гэтага я сказаў: "Добра, я паспрабую". Паспрабаваў i захапiўся. Я хацеў некалькi разоў выйсцi, але нiчога не атрымлiваецца. Перадача вельмi папулярная i запатрабаваная. Найвышэйшы рэйтынг. Летась мяне прызналi лепшым вядучым i праграма атрымала "Тэфi". Мне падабаецца тое, што я сустракаюся ў ёй з людзьмi, якiх я люблю. Мне важна адкрываць для людзей новыя клапаны для адчування радасцi быцця. Трапляючы ў свет мастацтва, прыгажосцi, кожны чалавек даведваецца аб магчымасцях, схаваных e прыродзе касцюма. Для мяне гэта вельмi важна, бо я шмат гадоў жыў у свеце, дзе не разумелi прыгажосцi, яна была незапатрабаваная. Чалавек быў пазбаўлены яе, лiчыў вялiкай раскошай адчуваць сябе прыгожым. Тым не менш усе гэтыя гады я iмкнуўся падарыць радасць пазнання гэтай iсцiны. Бо няма чалавека па-за модай. Ён або старамодны, або ультрамодны, або адпавядае сучаснай модзе. Iнакш не бывае. Праграма "Модны прыгавор" унесла ў маё жыццё нейкiя новыя магчымасцi пранiкнення ў таямнiцы чалавечай душы. Яна ж iдзе ва ўсiм свеце. У Парыжы, у Марока, Барселоне я сустракаю людзей, якiя ўдзячныя за гэтую праграму. Такiм чынам разумееш, што недарэмна жывеш. I гэта прымушае заставацца ў праграме, бо, калi шчыра, я б даўно кiнуў — я вельмi стамiўся. Для мяне ж асноўнае — прымiтыўна мадэляваць адзенне. Калi ў мяне ёсць свабодная гадзiна — я бягу ў сваю майстэрню, бяру кавалак тканiны, раскладваю i пачынаю яе рэзаць — без усякiх мерак, як рускую сарочку — найпрасцейшы крой — чатыры складаннi, раблю надсечкi для проймы... I гэта для мяне — сапраўднае задавальненне. Усе адкрыццi адбываюцца менавiта на гэтым стале. Мне важна ўзяць самому кавалак тканiны i ажывiць яго. Складана — няма сiлаў i часу. Пры гэтым пастаянна — клiенты, бо наш дом моды жыве за кошт клiентаў, дзе я сам праводжу прымеркi. Яшчэ ў мяне ёсць лабараторыя моды — я кланiрую самога сябе. Прыязджаюць вучыцца да мяне людзi з розных рэгiёнаў. За год чалавек набывае ўсё тое, што неабходна прафесiяналу-мадэльеру. Я магу спакойна пайсцi, ведаючы, што мае вучнi будуць жыць доўга. — Апошнi час жанчына становiцца больш мужнай, а мужчына — падобным на жанчыну. Можа, праз дзесяць гадоў мода ўвогуле перастане дзялiцца на мужчынскую i жаночую. Будзе агульны ўнiсэкс? — Гэта страшна. У канцы 70-х ужо такая спроба была, але гэта прайшло. Новае стагоддзе прыйшло разам з бессаромнасцю. Сёння i гэта прайшло. Зараз зноў у пашане класiка, фольк. У апошнiх калекцыях, якiя я бачыў у Парыжы i Нью-Ёрку, дамiнуе чысцiня формаў, чысцiня лiнiй. Зараз iдзе такое прыемнае абнаўленне ў модзе, нягледзячы на крызiс. Прынамсi, як i ў трыццатыя-саракавыя гады, калi быў крызiс. Узгадайце, якая мода тады была ашаламляльная! Як жаноцкасць падкрэслiвалася! Жанчыны былi рамантычныя, а мужыкi статныя! Сёння менш стала паказаў, але гэта не пагоршыла, а палепшыла сiтуацыю. Вобразы сталi больш стыльныя, больш цэльныя, больш рэальныя, больш выразныя i не пошлыя. З’явiлася ўпэўненасць у прыгажосцi. На Захадзе вельмi многа закрываецца фiрмаў — вялiкая канкурэнцыя. Выжывуць наймацнейшыя — гэта нармальна, так павiнна быць. Выжывуць моцныя i таленавiтыя людзi. Iрына АСТАШКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Слава Зайцаў. Размяняўшы сёмы дзясятак, ён называе сябе менавiта так, i ў гэтым няма позы цi выклiку. Заслужаны дзеяч мастацтваў Расiйскай Федэрацыi,
|
|