Выйшаў англамоўны падарожны даведнік пра Беларусь
11 марта 2009 Культура
Ігар Іваноў, Наша Ніва Гэтая публікацыя — найбольш поўны і дакладны англамоўны падарожны даведнік пра Беларусь на дадзены момант, піша блог "Беларусі ў Вялікабрытаніі". Ён прыйдзецца дарэчы любому, хто зьбіраецца наведаць краіну або даведацца пра яе больш. Варта зьвярнуць увагу, аднак, на моцныя і слабыя бакі гэтага даведніка. Кніга напісаная Найджэлам Робэртсам, ангельцам, які валодае расейскай мовай, правёў багата часу ў нашай краіне і спаткаў там самых розных людзей. Гэта паслужыла яму крыніцай шматлікіх дасьціпных гісторый, шчодра раскіданых па старонках даведніка. Многія з гэтых гісторый несумненна прыйдуцца даспадобы тым, хто ўпершыню сутыкаецца зь Беларусьсю і беларусамі. Аўтар рызыкнуў не абыходзіць бокам гісторыю і сучасную палітычную сітуацыю ў Беларусі — збольшага незразумелыя тэмы для заходняга чытача. У выніку атрымалася эклектычная мазайка — частая зьява ў падобнага кшталту публікацыях. Аўтар несумненна прачытаў не адну кнігу пра беларускую мінуўшчыну і ведае пра асноўныя падзеі і тэндэнцыі нядаўняга мінулага і цяперашняга дня, аднак яго аповеду бракуе цэльнасьці. Н.Робэртс шмат ведае пра Чарнобыльскую катастрофу і ейныя наступствы. Ён вельмі кранальна піша пра высілкі беларусаў і нашых прыяцеляў у іншых краінах зьменшыць негатыўныя наступствы трагедыі. Падобна, што аўтарскі інтарэс да нашай краіны разьвіўся ў выніку яго кантактаў зь беларускімі дабрачыннымі арганізацыямі. Аповед пра культуру кароткі і са шматлікімі памылкамі, апіскамі і русіфікаванымі формамі беларускіх імёнаў і назваў, што выдае няведаньне мовы. Другую і асноўную частку кнігі — традыцыйна для падарожных даведнікаў, — складае практычная інфармацыя для тых, хто зьбіраецца наведаць Беларусь: транспарт, пражываньне, харчаваньне, забыткі і г.д. Цалкам натуральна, што значная частка гэтага разьдзела прысьвечаная Менску зь яго параўнальна добра разьвітай турыстычнай інфраструктурай. Неаднаразова аўтар цалкам справядліва папярэджвае чытачоў, што наведваць краіну самастойна — а тым больш бязь веданьня мовы (расейскай, — паводле аўтара; на жаль, з ім давядзецца пагадзіцца, бадай), — наўрадці разумна, а нават — немагчыма, з‑за неразьвітасьці турыстычных паслугаў. У той жа час Н.Робэртс захапляецца Беларусьцю менавіта таму, што тут можна знайсьці нечаканкі, атрымаць досьвед, цалкам адрозны ад таго, да чаго прызвычаены заходні турыст. "Яна абсалютна несапсаваная лавушкамі сучаснага турызму і заходняга матэрыялізму. Тут вельмі проста адчуць, нібыта ты трапіў у іншую эпоху і вымярэньне. У многіх сэнсах краіна — жывы музей савецкага камунізму, але так ставіцца да яе было б вялікай несправядлівасьцю да ашаламляльнай вытрываласьці ейных людзей," — піша аўтар. Ён замілаваны неэксплуатаванай прыродай, містыкай расейскага праваслаўя, поўнымі забыткаў музеямі, якія стаяць амаль пустыя, але больш за ўсё — цёплымі, шчырамі і гасьціннымі людзьмі. "Але кажыце пра гэта шэптам, бо ўсе гэтыя багацьці трэ’ берагчы, каб не папсаваць," — завяршае аўтар. Цёплыя словы пра Беларусь і беларусаў не захавалі мяне ад адчуваньня, нібы я мэбля ў брытанскай краме каляніяльных рэчаў — забаўная, таямнічая, такая адрозная. Любоў і захапленьне аўтарскіх словаў неяк патыхаюць патэрналізмам. Як яшчэ можна вытлумачыць гісторыю даваньня хабару памежніку, якую Н.Робэртс апавядае бяз каліва сораму?! Нягледзячы на шматлікія недахопы (і сярод іх — вельмі слабы індэкс), гэтую кнігу варта вітаць як яшчэ адзін унёсак ў папулярызацыю Беларусі. Як на сёньня, няма нічога лепшага рэкамэндаваць англамоўным падарожнікам у нашую краіну. Замовіць кнігу можна на Amazon. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 марта 2009 Культура Ігар Іваноў, Наша Ніва Гэтая публікацыя — найбольш поўны і дакладны англамоўны падарожны даведнік пра Беларусь на дадзены момант, піша блог "Беларусі ў Вялікабрытаніі".Ён прыйдзецца дарэчы любому, хто зьбіраецца наведаць краіну або даведацца пра яе больш. |
|