ЛАДАРАЖ
ЛАДАРАЖ
Не назва, а сапраўдны эксклюзiў. На цэлую краiну адна такая са шматзначным iмем вёска. Хто толькi не ламае галаву, каб спасцiгнуць сутнасць слова Ладараж. Нават вясковы ляснiк Уладзiмiр Паляйчук мае на гэты конт асабiстую версiю: калiсьцi тут добра, цi ладна, як ён кажа, радзiла рож (жыта). З леснiком цяжка не пагадзiцца: ён ведае каштоўнасць зямлi дзякуючы мазалям на ўласных далонях. Глеба тут хлебадайная, i недарэмна яго продкi аблюбавалi сярод пiнскiх балотаў менавiта гэты кавалак зямлi, моцна трымалiся свайго поля i ў вынiку сталi Палейчукамi. Пакуль мы мiнаем вясковыя хаты, перасякаем раку Стыр i закутае льдом балота, Уладзiмiр распавядае пра свой радавод, пра дзеда Пятра, якi пры Польшчы таксама служыў леснiком. Як сапраўдны экскурсавод, ён стварае ў маiм уяўленнi маляўнiчы партрэт палескай вёскi, схаванай ля самай мяжы з Украiнай. Мне ж застаецца ўтульна ўладкавацца ў санках на духмяным сене i, наставiўшы ад марозу i ветру каўнер, услухоўвацца ў загадкавую паляшуцкую мову, поўную дыялектаў i вобразаў. "Дажэ кiнь нэ iдэ, бо дань холодны i вiцюр дма", — кажа ляснiк, тузаючы лейцамi каня. Мы мiнаем не проста вёску — этнаграфiчны музей. Крыжы-ахоўнi, пунi i некалькi хат з саламянымi стрэхамi, лодкi, стагi сена i стагi дроў, буслянкi на стрэхах i слупах. "Калi на страсе ёсць буслiнае гняздо, хаце не пагражае маланка, — прыгадвае Уладзiмiр Iванавiч мясцовае павер’е. — Гэта шчаслiвая хата". Я iмкнуся ўявiць тутэйшы вясновы краявiд, калi вяртаюцца з выраю чароды буслоў i паветра ажно шумiць ад птушыных крылаў. Во дзе трэба развiваць айчынны агратурызм! Вось куды трэба ехаць i арнiтолагам, i этнографам, i фалькларыстам таксама. Бо Ладараж яшчэ захоўвае сваю багатую песенную спадчыну, а мясцовыя спявачкi-бабулi вядомыя не толькi на Пiншчыне. Пра iх я ведаў крыху раней. Летась давялося патрапiць на канцэрт аўтэнтычнай палескай песнi, дзе выступаў i гурт "Ладаражанка". Гледачы "фанацелi" ад жывых галасоў, строяў, дыялекту. Пазней бачыў iх сярод удзельнiкаў абласнога каляднага фестывалю, пераканаўся — сапраўдныя артысты гэтыя гаспадынi шчаслiвых хат пад буслiнымi гнёздамi. Наогул, Ладараж нават не музей — запаведнiк. Уявiце сабе малюнак з сучаснага вясковага жыцця: па восенi ў вёсцы з’яўляецца воз з ганчарнымi вырабамi — гаршчкамi, глечыкамi i гладышамi, макотрамi, спарышамi. Гэта майстар са Столiнскай вёскi Гарадная, дарэчы, няблiзкай адсюль, прыехаў абменьваць свой тавар на бульбу. За адзiн гляк ён бярэ кош бульбы. "Бабы, кушняры і краўцы!" — заклiкае вясковых жанчын ганчар-гандляр. У Ладаражы "гаршаi" не ляпiлi, бо не тая глеба, а былi скарнякi i шаўцы, кажуховых спраў майстры. На жаль, промысел гэты аджыў сваё. Але ёсць вясковы ўмелец з аўтарытэтам выдатнага майстра. Гэта Iван Носка, спецыялiст па вырабе лодак, санак i паўсанак, вазоў, вёслаў, бондарскага посуду. Шые хамуты i кладзе печы. Яму робяць заказы нават з-за мяжы. Па Стыры плаваюць ягоныя "дубы", а коней запрагаюць у носкавыя калёсы. А што ўжо казаць пра звычайныя кошыкi, цi, як па-мясцоваму кажуць, "кашалыкi". А колькi святаў было, гульняў, традыцый i абрадаў! Год пачынаўся Раством i Шчодрыкамi. Пад вокны прыбягалi дзецi: "Дзядзько, цi можно поколядоваты? Дай Божэ, каб за год дождалы". "Колядуйтэ",— адказваў гаспадар. "Колядын, колядын, я ў бацькi одын..." На масленiцу ў Ладаражы каталiся на санках, а на "паласказуба" — першы дзень посту — частавалi сырам. На саракi да сустрэчы вясны выпякалi птушачак, хлопчыкi кiдалi праз страху трэскi. Трэба было кiнуць ажно сорак трэсак, каб потым знайсцi сорак птушыных яек. На балотных купiнах малыя палешукi шукалi яйкi дзiкiх качак. На Юр’я, калi першы раз выганялi ў поле жывёлу, пастушкам давалi пiрагi. А вось на Тройцу ў хатах на падлогу абавязкова клалi "лэпэх" (аер) i "вадзiлi куста". "Куст" — як сiмвал роду, быў асноўны абрад усёй вёскi. Потым прыходзiлi зажынкi i на покуць ставiлi першы сноп. На жаль, усё гэта можна пералiчваць толькi ў мiнулым часе. Калi б абрады i святы захавалiся ў сваiм першасным выглядзе i ў Ладаражы, i ў iншых куточках Палесся, наша краiна магла б прэтэндаваць на бясспрэчную ўнiкальнасць. Але я трапляю ў палон iншых думках: цi не апошнiя носьбiты бясцэннага скарбу дажываюць сёння свой век у Ладаражы? Моладзi амаль не засталося, няма каму несцi тутэйшую самабытнасць. Цяпер, каб падняць магутны пласт народнай культуры, якi, аднак, знiкае, дзяржаве трэба прыкласцi неверагодныя намаганнi. На Ладаражы з яго i матэрыяльнай i нематэрыяльнай спадчынай, падобна, даўно пастаўлены крыж. Дарэчы, пра крыжы. Ладаражскiя крыжы надзвычай старажытныя i маюць сапраўдную культурную i гiстарычную каштоўнасць. Гэта — святынi. Асаблiва адзiн абракальны крыж на могiлках. Ён не знiк нават у самыя атэiстычныя часы i да сёння не страцiў патрэбы ў людзей. Верагодней за ўсё, крыж з’явiўся з прыходам хрысцiянства, на змену паганскiм камяням, бо агульнавядома, што аброкi — традыцыя дахрысцiянская.. Апошнi выпадак, калi абракалася ўся вёска, адбыўся ў Ладаражы 52 гады таму, калi маланка забiла дзвюх сясцёр. Матулi абракалiся за сваiх дзяцей, за свой дом, нават за жывёл. — "I цяпер штогод на Пятра i Паўла ўсе збiраюць аброк i нясуць у царкву. Маланак стала менш, — кажа Уладзiмiр Паляйчук. У сваёй вёсцы ляснiк ведае кожнага жыхара, лёс кожнай сям’i. Па-першае, кожны гаспадар iдзе да яго па дровы. Хто сам iх нарыхтоўвае, каму трэба прывезцi. Жонка Тамара —— работнiк клуба, бiблiятэкар i стараста населенага пункта, i ў iхнiм доме рэдка зачыняюцца дзверы i маўчыць тэлефон. Насельнiцтва ў Ладаражы пенсiйнае, адпаведныя ў яго i праблемы: пенсii, здароўе, догляд старых, хуткая дапамога, рэйсавы аўтобус, тавары штодзённага попыту, дровы. Не надта вясёлы твар сёння ў вёскi: праз адну стаяць пустыя хаты, цi жывуць у iх адзiнокiя. На вулiцы дзiцячых галасоў не пачуеш, хiба ўлетку ў час канiкулаў. Нельга сказаць, што жыхароў тут мала, усё ж такi 220 чалавек, але гэта — рэшткi былой раскошы. Раней не ведалi, каму працу даваць i як ад ахвотных адбiцца, цяпер працаваць няма каму. Пальцаў рук хопiць пералiчыць працаздольных. — Раней у нас быў перадавы калгас "Ударнiк", жывёлы было 2000 галоў, даяркi ў чарзе па працу стаялi. А як з "Маяком" аб’ядналi, усё змянiлася", — не без крыўды кажа мой спадарожны. Калi не лiчыць вайну, тры асноўныя хвалi пад корань касiлi Ладараж. Па-першае мелiярацыя ў 1968 годзе балюча ўдарыла па навакольным асяроддзi i, "вызваляючы" палешука з балота, моцна змянiла лад яго жыцця. Як высветлiлася пазней, не да лепшага. Але гэта паўбяды. Вось калi ў Пiнску пабудавалi трыкатажны камбiнат, моладзь з вёскi знiкла, нiбы пасля чумы. Тэндэнцыя адтоку моладзi працягваецца па сёння, гэтаму актыўна дапамагае радыяцыйнае чарнобыльскае забруджванне, а яно дасягае тут ад 5 да 15 кюры. — Першыя дзесяць гадоў нам плацiлi "грабавыя", — узгадвае ляснiк. — Цяпер не, напэўна, лiчаць, што радыяцыя нам на карысць. Наўздагон яшчэ адзiн удар: у 2008 годзе ў Ладаражы зачынiлi школу. Тлумачэнне даволi распаўсюджанае — мала дзяцей. I гэта ў вёсцы, дзе некалi быў свой радзiльны дом. I вось парадокс. У Iванчыцах, усяго ў сямi кiламетрах, толькi на ўкраiнскiм баку, у гэткай жа, як Ладараж, вёсцы, на гэтай жа рацэ Стыр, не менш пацярпелай ад Чарнобыля, з году ў год адбываецца прырост насельнiцтва. У Ладаражы — скарачэнне. У чым прырода неверагоднай рознiцы двух памежных насельных пунктаў? Можа ў iх аддаленасцi ад райцэнтраў. Ладараж — адзiн з самых аддаленых у Пiнскiм раёне, Iванчыцы ў сваiм Зарэчненскiм — самы блiзкi. Ад Ладаража да мяжы з Украiнай ад сiлы пяць кiламетраў. Цяпер гэта леснiковы абход. Уладзiмiр хоча паказаць мне сваё любiмае дрэва, якое ён лiчыць сапраўдным помнiкам прыроды, а яно расце якраз каля мяжы. Ехаць мне туды небяспечна, але я згаджаюся, бо калi яшчэ такая магчымасць выпадзе? Прыгожая марозная ранiца, надзейны транспарт. Сёння толькi пракацiцца на санках, лiчы, агратурызм. Спачатку дарога ўецца сярод Чарнiтава балота, потым знiкае пад снегавым покрывам. Толькi мясцовы жыхар можа яе дакладна адчуваць. Ужо некалькi гадоў па гэтай дарозе, акрамя леснiка, грыбнiкоў i ягаднiкаў нiхто не ездзiць. Нават не верыцца, што для вяскоўцаў зусiм нядаўна яна была сапраўднаю "дарогаю жыцця". — Да нашага райцэнтра — Пiнска — 60 кiламетраў, да Столiна столькi ж, а да Зарэчнага ва Украiне ўсяго пятнаццаць, — тлумачыць ляснiк i дадае: — але ўжо тры гады, як мяжа "на замку" i нават суседнiя Iванчыцы нам забаронена наведваць. Акрамя базару, жыхары Ладаража на ўкраiнскiм баку мелi патрэбу ў медыцынскiм абслугоўваннi, наведвалi бальнiцу, везлi ў рамонт бытавую тэхнiку. Што датычыць роднасных, сваяцкiх i проста сяброўскiх сувязяў — гэта асобная i надзвычай балючая тэма. Раней што нi вяселле — цi малады з Украiны, цi маладая. Вясковы гарманiст Аркадзь Курадовец быў гарманiстам больш як на паўтысячы вяселлях, у тым лiку i iнтэрнацыянальных. Хто пра межы тады хваляваўся? Цяпер паспрабуй сунься напрасткi ў Iванчыцы, схопiш ад пагранiчнiкаў штраф як мiнiмум тысяч семсот. Апошнi выпадак Уладзiмiр Паляйчук запомнiць надоўга. Паехаў неяк з суседам на канi на кiрмаш парасят купляць. Карацейшай дарогай, як заўсёды. I парасят купiлi, i знаёмых пабачылi, колькi радасцi было сустрэцца! А як вярталiся дадому, украiнскiя памежнiкi iм: стоп, дакументы на праезд! I за парушэнне пагранiчнага рэжыму — пад арышт. Некалькi дзён трымалi, забралi парасят, каня, воз. Жонка дома трывогу падняла — мужык прапаў, вядомы на ўсю акругу ляснiк, да таго ж адзначаны граматай мiнiстра пагранвойскаў за дапамогу па ахове дзяржаўнай мяжы. Вярнуўся Уладзiмiр самаходам, праз пагранпераход, з пустымi кiшэнямi. Праўда, каня i калёсы пазней вярнулi. Вось табе i суседзi. Раней i на конях, i пешкi дабiралiся, а ў вясновыя разлiвы i на маторках, i катэрам па Простыры. Да 1975 катэр хадзiў, "лапаць" называлi. Пра гэта жыхары цяпер толькi ўздыхаюць, бо як пагадзiцца iм з абмежаваннем паляшуцкай вольнiцы? Iван Носка зрабiў для знаёмага ўкраiнца i калёсы, i санкi, а заказчык не едзе ўсё па той жа прычыне — напрасткi нельга, у аб’езд далёка i падатак вялiкi трэба мытнi плацiць. Леснiковы абход у Палейчука вялiкi, замест патрэбных 600 гектараў ён ахоўвае ў два разы больш. У лесе ёсць участкi, дзе радыяцыя лiтаральна "зашкальвае", там перыядычна вядуцца замеры, але лепей тыя месцы абмiнаць. Колiшнiя ўрадлiвыя глебы за Чарнiтавым балотам цяпер зарастаюць хвойнiкам. Тут каласiлася ладнае жыта. Некалi продкi лiтаральна адваёўвалi зямлю. Цяпер прырода вяртае сваё назад, робiць гэта хутка, змяняючы краявiд, не пакiдаючы дарог. Зiмою лягчэй дабрацца да любога балотнага i ляснога куточка i, паблукаўшы мiж бяроз i вольхаў, мы нарэшце спыняемся. Яшчэ некалькi хвiлiн пятляем па снезе — i вось ён, унiкальны аб’ект прыроды: сiямскiя блiзняты лесу. Дубы, якiм гадоў пад сорак, зраслiся адной галiнай, быццам у iх на двух адна рука. Ляснiк адкрыў гэты цуд нядаўна i вiдавочна хвалюецца, як уратаваць дубы, захаваць для нашчадкаў. Бо ў лесе здараюцца несанкцыянаваныя высечкi гасцей-нелегалаў з суседняй краiны. Што для iх прыгажосць, альбо з’ява прыроды?! Адно дрэва часам захаваць куды цяжэй, чым цэлы лес. Зрабiўшы фотаздымак лесніка ў дрэвах, вяртаемся на свой санны след, каб яшчэ да захаду сонца працягнуць ладаражскi фоталетапiс. Без фотаздымкаў маiх уражанняў будзе недастаткова. А фотаздымкам патрэбен каментарый. Вось памiж дзвюх Надзей сядзiць з гармонiкам Аркадзь Курадовец, колiшнi ўдзельнiк гурта "Ладаражанка", а Надзеi — жонка i суседка i дагэтуль спяваюць i выступаюць. Цiкавую фразу сказаў пра сябе Аркадзь Лукiч: "Каб пераняць, (навучыцца) iграць польку, пешкi хадзiў да настаўнiка ў Пiнск". Цяпер толькi ён можа сыграць польку ладаражскую i польку iванчыцкую. Дванаццацiгадовая школьнiца Лiза Клiмушка нарадзiлася ў Столiне, а жыве ў Ладаражы. Яна з ахвотаю спявае i ў школьным хоры, i ў вясковым клубе. Уся надзея, што мясцовы фальклор не загiне — на яе. Лiза, як сапраўдная мадэль пазiравала перад фотакамерай у ладаражскiм строi. Старастай вёскi жыхары аднагалосна абралi маладзейшую за сябе Тамару Паляйчук i цяпер з любым пытаннем — да яе. Фальклорны гурт "Ладаражанка" — вясковы брэнд, з вялiкiм поспехам яны выступiлi ў сталiцы i патрапiлi на фота i вiдэастужкi. Самым маленькiм жыхарам Юлii Дзямчук i Ангелiне Санчук пакуль што зусiм не цесна ў адных санках. Кiм яны стануць, калi вырастуць? Анатоль Кляшчук, фота аўтара. Пiнскi раён. Пiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не назва, а сапраўдны эксклюзiў. На цэлую краiну адна такая са шматзначным iмем вёска. Хто толькi не ламае галаву, каб спасцiгнуць сутнасць слова Лада |
|