21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

У беларускага бiзнэсу няма звярынага выскалу капiталiзму

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У беларускага бiзнэсу няма звярынага выскалу капiталiзму

...Нейкi дробны чыноўнiк з нейкага дзяржведамства вельмi неаб’ектыўна ставiўся да прадпрымальнiкаў. I розныя iх прапановы па паляпшэннi эканамiчнай сiтуацыi ў краiне прапускаў мiма вушэй. Маўляў, што там карыснага могуць сказаць гэтыя бiзнэсоўцы. Доўга яго ўгаворвалi хаця б пачытаць iх Нацыянальную платформу i ўсё ж угаварылi. Ды вырашылi "праверыць" чыноўнiка — у вокладку ад прадпрымальнiцкай Нацыянальнай платформы паклалi План першачарговых мерапрыемстваў па лiбералiзацыi, распрацаваны Урадам. I чыноўнiк цi то чытаў яго, цi то не, але дакуменцiк... аблаяў... Такую цi то байку, цi то праўду пачуў я на асамблеi дзелавых колаў, калi прадпрымальнiкi казалi, што месцамi пра iх праблемы i прапановы проста не хочуць чуць. У прынцыпе, гэта не лагiчна, бо хто, як не бiзнэсоўцы, ведаюць эканамiчную сiтуацыю знутры. Сёння мы пагаворым пра праблемы беларускага бiзнэсу i пра магчымыя варыянты развiцця эканамiчнай сiтуацыi са старшынёй саюза юрыдычных асобаў "Рэспублiканская канфедэрацыя прадпрымальнiцтва", дырэктарам гандлёвага прыватнага ўнiтарнага прадпрыемства "Трыдакта" Вiктарам Маргелавым:

— Вось у Нацыянальнай платформе бiзнэсу на 2009 год, прынятай нядаўна на рэспублiканскай асамблеi дзелавых колаў, выдзелена 12 самых важных i першачарговых крокаў. Але вельмi сумнiўна, што Урад выканае ўсе пункты адразу. Можна вылучыць з iх самы-самы важны i набалелы?

 

— Па-першае, адразу хачу расставiць кропкi над "i": нiхто i нiколi не казаў, што ўсе пункты трэба выканаць заўтра. I па-другое, мы не збiраемся выконваць функцыi Урада, бо заўсёды недзе заканчваецца праца бiзнэс-супольнасцi i пачынаецца праца прафесiяналаў. Мы можам дапамагаць iм пiсаць добрыя нарматыўна-прававыя акты, экспертызу даваць, але не больш за гэта. Iх некалькi тысяч у гэтым працэсе, а нас толькi некалькi дзясяткаў, хто можа з iмi прафесiйна размаўляць. А тысячы прадпрымальнiкаў толькi кажуць, дзе балiць... Натуральна, пасля таго як у якасцi iдэi прымаецца Нацыянальная платформа, трэба думаць, як i што ў першую чаргу рабiць. Нельга ж ступiць i правай, i левай нагой адначасова. Нешта першае трэба пачынаць рабiць, але разумеючы, што за гэтым будзе рабiцца i другое. Абсалютную большасць нашых прапановаў можна вырашыць на працягу гэтага года. Так, чыноўнiкам трэба будзе заняцца iнтарэсамi дзелавой супольнасцi замест нейкiх сваiх прыярытэтаў, але чаму не? Справа не ў грашах, не ў тым, што гэта нерэальна цi супярэчыць дзяржаўнай палiтыцы, а ў тым, што гэтым проста трэба заняцца. Дык давайце рабiць, мы гатовыя дапамагаць. З 12-цi ўжо выбiраць няма куды, гэтыя 12 — самыя галоўныя. Пытанне ў iншым — у якой паслядоўнасцi iх выконваць. Мы прэтэндуем на тое, што прапанавалi iдэi Ураду, а ён хай пiша план, бо мы ж не Урад.

— Адзiн з гэтых 12 пунктаў — увядзенне свабоднага цэнаўтварэння. Хутчэй за усё, дзяржава проста баiцца, што калi цэны адпусцiць, то яны рэзка папаўзуць уверх. Што трэба зрабiць для практычнага пераходу ад цэнтралiзаванага рэгулявання цэнаў да свабоднага?

— Пытанне свабоднага цэнаўтварэння ўпiраецца ў нашае антыманапольнае заканадаўства i адпаведныя органы, якiя трэба стварыць. Але хiба прадпрымальнiкi вiнаватыя, што такiх органаў няма? Калi дзяржава разумее iх патрэбу, то давайце ствараць. Напрыклад, паўгода адводзiм на разгортванне антыманапольных iнстытутаў, а потым робiм свабодныя цэны. Разумна? Разумна! Безумоўна, я цалкам згодны, што структура антыманапольнага рэгулявання складаецца з дзвюх частак: па-першае, трэба стварыць заканадаўства, якое б забяспечыла прававыя антыманапольныя рамкi, i, па-другое, трэба антыманапольныя органы запусцiць. Вось якраз камiтэт па цэнах можа быць пераўтвораны ў антыманапольны орган. Толькi яны ўжо не будуць хадзiць па крамах i пытаць, чаму сёння мандарыны падаражэлi, а будуць назiраць за пастаўшчыком-манапалiстам гэтых мандарынаў на беларускi рынак i думаць, што зрабiць, каб пастаўшчыкоў мандарынаў было шмат. Гэта значыць праца будзе трохi iншай: змагацца не з наступствамi, а з прычынамi. Грамадскасць да нагляду за манапалiстамi трэба падключыць, прэсу, трэба iмкнуцца да стварэння рэальнай канкурэнцыi, дэманапалiзацыi. Вось прыклад: цэны на нафту ў свеце ўпалi ў тры разы, а цана на бензiн у нас толькi падымаецца. От тут павiнен працаваць антыманапольны камiтэт i глядзець, хто вяршкi здымае. Я разумею высакародную мэту, што i бюджэт болей атрымлiвае, але мяркую, што не толькi бюджэт...

Далей нам патрэбны механiзмы самарэгулявання рынку, адпаведныя iнстытуты, асацыяцыi, створаныя самiмi ўдзельнiкамi рынку, хай на першым этапе i пры ўдзеле дзяржавы. Правобраз — таварыства ацэншчыкаў. Такiя ж механiзмы павiнны быць створаны i ў гандлёвай сферы, i ў iншых. З аднаго боку, мы такiм чынам паменшым дзяржаўныя выдаткi на рэгуляванне, а з другога боку мы зможам фармiраваць больш гнуткiя правiлы для ўдзельнiкаў рынку, пра што сведчыць i сусветны вопыт. Дзяржава нiколi не паглыбiцца ў нюансы, не зразумее глыбiнi, а пры хутка зменлiвай сiтуацыi патрэбныя больш гнуткiя механiзмы самаарганiзацыi рынку. Сёння ў нас два шляхi: альбо мы застаёмся на прынцыпах сацыялiзму, альбо пераходзiм на рынкавую сiстэму, як ва ўсiм свеце. За тры днi гэтага не зробiш, механiзмаў не наладзiш, ды i нiхто не кажа, што цэнарэгуляванне заўтра трэба адмяняць. Трэба ўвязаць мерапрыемствы адно з адным i, скажам, праз год перайсцi на свабоднае цэнаўтварэнне. Без яго мы, умоўна кажучы, не можам сёння мець эфектыўную эканомiку, якая сама сябе выцягне за валасы. Калi раней, яшчэ год таму, мы маглi сабе дазволiць пры наяўнасцi каласальных дзяржаўных рэсурсаў дапамагаць развiвацца прадпрыемствам, даваць грошы на iнавацыi, то на сёння такiх магчымасцяў няма. I вельмi сумнiўна, што большасць нашых дзяржаўных прадпрыемстваў здольная пры скарачэннях рынкаў захаваць рэнтабельную працу. Так, раней дзяржаўная форма арганiзацыi вытворчасцi была больш выйгрышнай, але зараз, ва ўмовах фiнансавага эканамiчнага крызiсу, калi разбураюцца старыя рынкi збыту i гэтак далей, сусветны вопыт паказвае, што дзяржпрадпрыемствы ў такой сiтуацыi не надта спрытныя. Новую нiшу на свае страх i рызыку лепей знаходзяць камерсанты, якiя рызыкуюць i ўласным капiталам, i аўтарытэтам, i жыллём, i будучыняй сваёй сям’i, а не проста прэмiяй дырэктару завода. Мы баiмся, як людзi гаспадарлiвыя, што калi пачнуць закрывацца заводы, то праз 2-3 гады iх прастою з iх раскрадуць усё. Мы лiчым, што трэба знаходзiць варыянты ў агульным iнтарэсе, i калi ёсць магчымасць знайсцi рэальнага гаспадара, якi не пагоршыць сiтуацыю, то гэта трэба рабiць у разнастайных формах: арэнды, продажу з растэрмiноўкай, продажу за 1 базавую велiчыню i гэтак далей. Так мы зможам падняць айчынны бiзнэс, пакуль яшчэ ёсць час — прыкладна год. Потым i платформа будзе iншая, i прапановы iншыя, бо, як кажуць, позна пiць Баржомi будзе...

— Значыць, для пераходу на свабоднае цэнаўтварэнне нам трэба зрабiць два крокi: спачатку стварыць антыманапольныя органы i заканадаўства, а потым — iнстытуты самарэгулявання?..

— Iх можна ствараць паралельна. За месяц можна пераўтварыць камiтэты па цэнах у антыманапольныя органы. З самарэгуляваннем паскладаней будзе — спатрэбяцца месяцы 2-3. На сёння няма нiводнага разумнага абгрунтавання, чаму вытворцы не могуць самi вызначаць цану на сваю прадукцыю, за выключэннем таго, што за манапалiстамi трэба назiраць. У тым жа Мiнэканомiкi прапаноўвалi выдзелiць 400 пазiцый, якiя дзяржава будзе рэгуляваць. Перш за ўсё гэта палiўна-энергетычныя рэсурсы — электрычнасць, нафта, бензiн, ЖКГ i гэтак далей. Вось гэта — правiльны падыход. Бо тут сапраўды складана разабрацца, а цэны кладуцца на ўсё астатняе, тут, безумоўна, патрэбна дакладнае дзяржрэгуляванне. А ва ўсiм астатнiм рынак хутка ўсталюе ўсе цэны. Зноў пытанне, што цэны падымуцца. Натуральна, спачатку падымуцца, але ж трэба памятаць, што большасць з нас выступае ў 2 асобах: як працаўнiкi, напрыклад, малаказавода мы зацiкаўлены ў павелiчэннi цаны, а з другога боку, як пакупнiкi заўтра ў краме, мы зацiкаўлены ў памяншэннi цаны. Можа быць пераразмеркаванне рэсурсаў, калi пры высокiх цэнах на малако з’явiцца шмат ахвотных яго вырабляць i пацiху цэны знiзяцца. Праўда, такiя працэсы будуць iсцi павольна. Ды i па вялiкiм рахунку, рэгуляванне цэнаў у краiне ў прынцыпе не залежыць ад нашых вытворцаў цi гандлю — мы маленькая адкрытая краiна i можам выставiць цэны, груба кажучы, прыкладна так, як i ва ўсiм свеце. Калi наш вытворца скажа, што хлеб павiнен падаражэць у два разы, то, напэўна, адразу з’явяцца камерсанты, якiя з Расii пачнуць вазiць хлеб i закрыюць гэтую нiшу. I гэта будзе правiльна. Так што баяцца вялiкiх перагiбаў накшталт таго, што ўсё падаражэе на 30 працэнтаў i вышэй, не трэба. Глабальна баяцца не варта. У цэлым цэны застануцца такiмi ж, але на штосьцi павялiчацца, а на штосьцi паменшацца. Такiм чынам рынак лiквiдуе грымасы дзяржаўнага рэгулявання.

— Вiктар Ягоравiч, паколькi ў вашую канфедэрацыю ўваходзяць саюзы прадпрымальнiкаў, то дазвольце спытаць i пра IПэшнiкаў: наколькi дзейсным крокам з’яўляецца пераход да рэгiстрацыi па заяўным прынцыпе?

— Статыстыка паказвае, што назiраецца ўсплёск рэгiстрацый, iх больш, скажам, у два разы. Але гэта адкладзены попыт, бо ўсе пра такi крок ведалi з лiстапада-снежня i проста чакалi. Я мяркую, што месяцы за 2 гэты патэнцыял скончыцца, i застанецца колькасць трохi большая, чым была да Указа. Гэта правiльная рэч, добрая рэч, за рэдкiмi агаворкамi вельмi правiльная рэч, гэта сёння неабходна, але недастаткова. Дзелавы асяродак павiнен змянiцца па iншых аспектах, i тады людзi ахвотна пойдуць. У кожнага ёсць мара пабудаваць добры дом, ездзiць на больш-менш прыстойнай машыне, не баяцца за заўтрашнi дзень. Гэта нармальная мара, якую за кошт малога бiзнэсу можна ажыццявiць. Але такой мары павiнны дасягаць хаця б 30 % прадпрымальнiкаў. А сёння мы бачым iншае. Чые катэджы стаяць? Думаеце, прадпрымальнiкаў? Не, чыноўнiкаў. Сёння выгадна быць чыноўнiкам, знаходзiцца ў дзяржструктурах, а толькi пасля быць прадпрымальнiкам.

— Раз-пораз уздымаецца пытанне пра тое, што трэба дазволiць IПэшнiку мець аднаго цi некалькiх наёмных працаўнiкоў. Што вы лiчыце на гэты конт?

— Тут комплекснае пытанне, пытанне дзвюх справядлiвасцяў. Першая, якую рэалiзуюць улады, заключаецца ў тым, што ўсе павiнны быць роўнымi — i маленькi IП, i вялiзная дзяржаўная карпарацыя або холдынг. Такой роўнасцi не атрымлiвалася, бо ў IП iльготы па падатках, дзяржрэгуляваннi, i таму было вырашана зменшыць перавагi IП да нуля. У нас iншы падыход, адпаведны пункт ёсць i ў Нацыянальнай платформе бiзнэсу, — усе павiнны быць роўнымi ў сваiх вагавых катэгорыях. Самым маленькiм павiнны быць самыя маленькiя падаткi i дзяржрэгуляванне, да большых прадпрыемстваў — большыя патрабаваннi, да манапалiстаў — максiмальныя. У нас жа атрымалася, што iндывiдуальныя прадпрымальнiкi ў добрых умовах, а малы бiзнэс мае такую ж нагрузку, як i ў вялiкага прадпрыемства. А павiнна быць выгадна на пэўным этапе перайсцi з IП у малое прадпрыемства, далей у сярэдняе i буйное. Я быў у ЗША — у iх там няма абмежаванняў на наёмных працаўнiкоў у IП. Але там так наладжана падатковая сiстэма, што табе калiсьцi стане нявыгадна заставацца IП. Плюс адказнасць. Iндывiдуальны прадпрымальнiк адказвае за ўсё сваёй асабiстай уласнасцю. I таму ў Амерыцы людзi iмкнуцца засцерагчы асабiстую адказнасць ад адказнасцi арганiзацыi. Умоўна кажучы, калi нехта паслiзнуўся на кавуновай лупiне ў тваёй краме, то ты банкрут з-за судовых выдаткаў. Але адна справа, калi банкрут — тваё прадпрыемства, а iншая — калi банкрут ты сам i застаешся без дома, машыны i г.д. Патрэбны механiзмы, якiя б стымулявалi паслядоўны паступальны рост. А ў нас? Вось навошта было спрошчаны пераход з IП у малое прадпрыемства рабiць часовым? Часовае дзеянне скончылася, i зараз глядзiце: я IП, маю фонды — машыну, лядоўню, вiтрыну. I хачу стварыць малое прадпрыемства. Дык дазвольце без падаткаў перанесцi маю маёмасць у маё ж малое прадпрыемства i працаваць далей!..

— Ну i напрыканцы хацелася б спытаць пра сацыяльную адказнасць прадпрымальнiкаў. Ужо шмат чуў пра яе ад розных бiзнэсоўцаў, але нядаўна задумаўся — цi iснуе яна насамрэч? Глядзiце, пасля дэвальвацыi курс еўра вырас, а цэны за арэнду гандлёвых плошчаў не ўпалi. Па iдэi, арэндадаўцы (яны ж таксама прадпрымальнiкi) павiнны былi ўзгадаць пра сацыяльную адказнасць i скiнуць цэны ў еўра... Але гэтага не адбылося. Дык цi не пустыя словы пра сацыяльную адказнасць прадпрымальнiкаў?

— Тут iснуе цэлы клубок супярэчнасцяў. З аднаго боку, калi мы такiя рыначнiкi, то павiнны прызнаць, што права на ўласнасць павiнна быць поўным i арэндадаўцы маюць права самi прызначаць цэны. Але з другога боку, шэраг арэндадаўцаў падпадаюць пад катэгорыю манапалiстаў, i таму яны могуць выпампоўваць усе сокi з прадпрымальнiкаў-арандатараў. У прынцыпе, жыццё i тут прымусiла знiзiць цэны, бо шмат гандлёвых месцаў пачынала пуставаць. Я гэта назваў бы нават не сацыяльнай адказнасцю, а "шкурным" iнтарэсам. Пад сацыяльнай адказнасцю я разумею iншыя аспекты — працоўныя калектывы, зарплату. Я шмат чуў прыкладаў, калi наш бiзнэс быў сацыяльна адказным. Лiтаральна днямi мы вырашалi пытанне па нашаму даччынаму прадпрыемству: прадаўцы атрымлiвалi зарплату ў залежнасцi ад выручкi, але па вынiках лютага мы пабачылi, што там спад. Прычым не па нашай вiне, а з-за таго, што зачынiўся вялiкi завод i 1,5 тысячы працоўных "гуляюць" трэцi месяц за свой кошт. Там у горадзе ўсяго 15 тысяч насельнiцтва, плюс гастарбайтары папрыязджалi з Расii без грошай i селi на шыi жонкам... Адпаведна i выручка ўпала. I мы вырашылi прыбытак раздаць на зарплаты людзям, каб яны ў iх засталiся на тым жа ўзроўнi. Вось гэта я назваў бы сацыяльнай адказнасцю. Сёння трэба думаць пра людзей, пра калектывы. За рэдкiм выключэннем, у нас няма звярынага выскалу капiталiзму. Не думаю, што трэба баяцца прыватнай уласнасцi, але пры ўмове, што лiдарамi i ўласнiкамi яе будуць нашыя беларусы, г.зн. людзi, якiя выйшлi з нашай культуры. Для параўнання на прадпрыемствах з замежнымi iнвестыцыямi, дзе iншая карпаратыўная культура, усё больш жорстка: крок улева, крок управа — звальненне. Таму мы прапануем падымаць менавiта айчынны бiзнэс. Бо калi прапусцiм гэтую магчымасць, дзяржаўную маёмасць разбурым, а айчынны бiзнэс не падымем, то прыйдзе замежны, i будзе, як у той Венгрыi, дзе 90 % уласнасцi належыць чужынцам. А гэта ўжо тужлiва, я мяркую, гэта нiкому не патрэбна...

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Нейкi дробны чыноўнiк з нейкага дзяржведамства вельмi неаб’ектыўна ставiўся да прадпрымальнiкаў. I розныя iх прапановы па паляпшэннi эканамiчнай сi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика