21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Жыццё адбірае атэрасклероз...

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жыццё адбірае атэрасклероз...

А таксама адсутнасць банальных ведаў цi нежаданне iх прымяняць

Спецыялiсты сцвярджаюць, што ў беларусаў ёсць выдатны прыродны патэнцыял, каб жыць доўга. Праўда, любы патэнцыял, як вядома, можна загубiць. Яскравым адлюстраваннем нашага нерацыянальнага абыходжання з уласным здароўем з’яўляецца распаўсюджанасць сардэчна-сасудзiстых захворванняў у досыць раннiм узросце. Загадчык лабараторыi хiрургii сэрца РНПЦ "Кардыялогiя", доктар медыцынскiх навук, прафесар, галоўны пазаштатны кардыяхiрург Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Юрый АСТРОЎСКI кажа, што ў галiне медыцыны сёння iснуюць усе належныя магчымасцi для паляпшэння якасцi жыцця хворым з самымi цяжкiмi паталогiямi сэрца i сасудаў. Але аднымi толькi высокiмi тэхналогiямi павысiць працягласць жыцця беларусам не ўдасца.

— Адзiн з важнейшых фактараў, па якiм ацэньваецца ўзровень развiцця дзяржавы, — гэта, як вядома, узровень працягласцi жыцця грамадзян. У савецкi час сярэдняя працягласць жыцця на Беларусi была адной з самых высокiх сярод iншых народаў Саюза, калi не браць ва ўлiк каўказскiя народы. Больш за тое, працягласць жыцця беларусаў на той момант мала адрознiвалася ад працягласцi жыцця жыхароў Еўропы. Гэта сведчыць аб тым, што сама па сабе генетыка ў нашага народа — добрая. Аднак працягласць жыцця людзей — пытанне шматбаковае. I сацыяльнае, i эканамiчнае, i медыцынскае...

Нельга не заўважыць, што пэўныя станоўчыя зрухi назiраюцца апошнiм часам ва ўсiх кiрунках, аднак нямала яшчэ павiнен зрабiць чалавек сам для сябе. Генетыка дае толькi асноўны фон, патэнцыял, але расходавацца апошнi можа абсалютна няправiльна. У першую чаргу, я лiчу, варта гаварыць аб ўзроўнi банальных ведаў у галiне фiзiялогii i бiялогii. Насельнiцтва павiнна ўсведамляць, што генетычны патэнцыял можна добра выкарыстоўваць, а менавiта — прытрымлiвацца здаровага ладу жыцця. Я не прыхiльнiк такiх жорсткiх мераў, як поўнае адмаўленне ад алкаголю. Калi ўжываць алкагольныя напоi, то ў першую чаргу — чырвонае вiно. I, вядома, не больш за адзiн келiх у суткi. Безумоўна, важна разнастайна харчавацца. Безумоўна, неабходна пераадольваць уласную ляноту, гiпадынамiю. Аднак калi ўсё гэта не закладзена з дзяцiнства, то з узростам цалкам iгнаруецца.

— На што менавiта мы ўплываем, калi з дапамогай здаровага ладу жыцця спрабуем падоўжыць жыццё?

— У гэтым выпадку працягласць жыцця вызначаецца развiццём атэрасклерозу. Гэты працэс непазбежны. Наша з пацыентам задача — дамагчыся таго, каб гэта адбылося як мага пазней. Каб сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусi была як у краiнах Еўрасаюза — 74-78 гадоў, цi як у Японii — пад дзевяноста... Думаю, для нас гэта рэальна, праўда, з цягам часу, натуральна...

— Вы былi ў Японii?

— Быў.

— Тады ведаеце, што яны робяць, каб жыць "пад дзевяноста"...

— Нiчога такога, што нам было б невядома. У першую чаргу — разнастайнае харчаванне з вялiкай колькасцю морапрадуктаў i гароднiны, дастатковая фiзiчная нагрузка...

— Гэта 30 хвiлiн хады ў дзень?

— Гэта 10 км хады ў дзень... Я, напрыклад, бегаю ранiцай па 4 км...

— Як бы мы нi наладжвалi здаровае жыццё, усё адно будзем гiнуць... Ад сардэчна-сасудзiстай паталогii ў тым лiку...

— Гэта зразумела. Iншая рэч, што мы пачынаем займацца пацыентамi ва ўзросце пасля 40-45 гадоў, а за мяжой — пасля 60-i. Паталогiя будзе развiвацца ў любым выпадку, але асноўная задача здаровага ладу жыцця, прафiлактычных мерапрыемстваў — адсунуць гэты момант як мага далей.

— Што менавiта мы будзем адтэрмiноўваць?

— Працэс развiцця атэрасклерозу, у падмурку якога хаваецца досыць складаны працэс — абмен халестэрыну. У некаторых людзей атэрасклероз развiваецца вельмi хутка — па прычыне генетычных асаблiвасцяў. Такiх пацыентаў трэба проста раней выяўляць i раней iмi займацца. Што датычыцца ўсiх астатнiх, то iх праблемы абумоўленыя ў першую чаргу лiшкам тлушчаў жывёльнага паходжання ў рацыёне, што прыводзiць, адпаведна, да лiшку халестэрыну ў крывi. Халестэрын адкладваецца ў сасудах, у вынiку чаго яны паступова звужаюцца, а значыць, парушаецца сiлкаванне пэўных органаў i сiстэм. А калi парушаецца сiлкаванне, значыць, церпiць функцыя. Калi мы гаворым пра сэрца, то тут, дзякуючы прыроднай падстрахоўцы, парушэнне функцыi заяўляе пра сябе болевым сiндромам — стэнакардыяй. Боль — добры бiялагiчны механiзм, якi закладзены ва ўсiх нашых сiстэмах. Стэнакардыя азначае, што трэба займацца праблемай. З дапамогай медыкаментаў або хiрургii.

— У прынцыпе, з халестэрынавымi адкладаннямi можна жыць. Чаму ўсё ж такi здараецца сасудзiстая катастрофа — iнфаркт, iнсульт?

— Iснуе шэраг абарончых механiзмаў, дадзеных нам ад прыроды. Так, пры пашкоджаннi сасуда халестэрынавымi бляшкамi павышаную нагрузку могуць браць на сябе iншыя, менш пашкоджаныя сасуды. Па-другое, нашы сасуды пакрытыя спецыяльнымi эндатэлiяльнымi клеткамi, якiя перашкаджаюць утварэнню тромба. Тромб — гэта, зноў жа, бiялагiчны механiзм абароны. У супрацьлеглым выпадку чалавек загiнуў бы пры першым пашкоджаннi пальца, самым малым крывацёку. Гэты механiзм працуе там, дзе парушана цэласнасць тканак i сасудаў. Праўда, у гэтым выпадку ўтварэнне тромба ў сасудзе перакрывае прасвет. Адсюль i катастрофа.

— Якое дачыненне да апошняй маюць курэнне, фiзiчная нагрузка цi стрэс?

— Курэнне прыводзiць да спазму сасудаў. Спазм — гэта застой крывi, а там, дзе застой, заўсёды ёсць магчымасць для тромбаўтварэння... Фiзiчная нагрузка — трэнiроўка сасуда. Чым вышэйшая нагрузка, тым больш сасуды рэагуюць расшырэннем. Стрэс — абарончая рэакцыя арганiзма, якi мабiлiзуецца да барацьбы. У кроў выкiдваецца вялiкая колькасць адрэналiну i норадрэналiну. Гэтыя гармоны прыводзяць да звужэння сасудаў, спазму. А там, дзе спазм, там i трамбоз.

— Якiм чынам атэрасклероз "размяркоўваецца" ў арганiзме?

— Наогул працэс звужэння сасудаў за кошт халестэрынавых бляшак адбываецца ва ўсiх басейнах арганiзма чалавека. Аднак у аднаго ён можа праяўляцца парушэннем кровазабеспячэння канечнасцяў, у другога — галавы, у трэцяга — нырак, у чацвёртага — сэрца... Наш цэнтр займаецца складанымi выпадкамi, калi атэрасклероз дае пра сябе знаць на некалькiх "участках". Такiя станы могуць выпраўляцца паслядоўна, а могуць i адначасова.

— Спецыялiсты "выправiлi" сiтуацыю, але ж тое, што прывяло да яе, — нездаровы лад жыцця — працягвае ўздзейнiчаць, i чалавек зноў становiцца пацыентам цэнтра...

— Калi чалавек працягвае жыць тым жыццём, якiм ён жыў раней, то сэнсу ў нашым умяшаннi сапраўды няма. Пасля выканання аперацыi хворы заўсёды атрымлiвае дакладныя рэкамендацыi па тым жа харчаваннi i медыкаментозным суправаджэннi. Станоўчы вынiк будзе толькi ў тым выпадку, калi будуць вытрымлiвацца рэкамендацыi... Наогул хiрургiя — гэта рэвалюцыйны момант. Скажам, было дрэннае кровазабеспячэнне, — мы функцыю аднавiлi. У пацыента знiклi скаргi. Псiхалагiчна гэта для чалавека знакавы момант. Сапраўды, ён думае, што зноў можа рабiць усё, што рабiў раней. Дык вось, гэта не так! Калi лад жыцця будзе ранейшым, чалавек вернецца да крытычнага стану i паўторнай аперацыi. А паўторная аперацыя — больш складаная i для хiрурга, i для пацыента.

— У чым прынцыповае адрозненне нашай i замежнай кардыяхiрургii?

— Хiрургiя аднолькавая. Толькi ў нас усё "прывязана" да больш маладога ўзросту. На Захадзе чалавека аперыруюць, умоўна кажучы, у 75 гадоў... А мы аперыруем ва ўзросце пасля 50-i, i таму павiнны зрабiць так, каб павялiчыць працягласць жыцця гэтага чалавека хоць бы да 75 гадоў. Мы вымушаны глядзець наперад, выкарыстоўваць такiя магчымасцi, якiя дазволяць гэтаму чалавеку пражыць максiмальна даўжэй.

— Цэнтр аснашчаны на ўзроўнi адпаведных сусветных устаноў?

— Хацелася б яшчэ лепш... I на гэта скiраваны план далейшага развiцця ўстановы... У нас добрыя, моцныя кадры. Неабходна, каб такiя спецыялiсты з’явiлiся ва ўсiх абласных цэнтрах. Падрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца зараз на базе адпаведнай кафедры Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi.

— Абласныя кардыялагiчныя цэнтры павiнны ўзяць на сябе пэўную частку пацыентаў, аднак, магчыма, нехта з iх захоча трапiць менавiта ў рэспублiканскую ўстанову. Наколькi гэта магчыма?

— Стандартныя аперацыi выконваюцца i будуць выконвацца ў абласных цэнтрах, а да нас будуць накiроўвацца самыя цяжкiя пацыенты... З аднаго боку, мы не можам выканаць, напрыклад, больш за 2 тысячы аперацый на адкрытым сэрцы ў год. Гэта тэхналагiчна немагчыма. Таму i едзем у рэгiёны, — навучаць тамтэйшых спецыялiстаў на месцы. З iншага боку, нашым спецыялiстам самiм трэба пастаянна павышаць сваю квалiфiкацыю, асвойваць новыя тэхналогii... Кардыяхiрургiчная дапамога становiцца даступнай, а такое магчыма пры рацыянальным размеркаваннi нагрузкi. Звычайную ж паталогiю клапана выправяць у любым абласным цэнтры.

— Чэргi i скаргi ў цэнтрах ёсць?

— Чарга ў гэтым выпадку — гэта лiст чакання. Ён патрэбны з пункту гледжання рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнiчнай базы, але тэрмiн не павiнен перавышаць разумных межаў — трох месяцаў — для планавых аперацый. Для тэрмiновых i экстранных умяшанняў такога лiста, натуральна, няма.

— Наколькi вялiкай была неабходнасць у выкананнi аперацый па перасадцы сэрца?

— 100 хворых у год у Беларусi маюць патрэбу ў такiм лячэннi. Нiчога iншага гэтым людзям прапанаваць немагчыма. Кошт i сама магчымасць выканання такой аперацыi — па астаткавым прынцыпе — недасягальныя для ўсiх нашых хворых на Захадзе. Я лiчу, што краiна, якая мае дастатковы ўзровень развiцця, павiнна выконваць такiя аперацыi.

— Што вы думаеце аб увядзеннi платных паслуг у дзяржаўных установах?

— Для кожнага з нас важна атрымаць меддапамогу ў той момант, калi яна неабходна. Паколькi мы ўсе плацiм падаткi, якiя iдуць у тым лiку на ахову здароўя, то маем права на бясплатную медыцынскую дапамогу. Што датычыцца платных паслуг, то для гэтага ёсць камерцыйныя цэнтры, якiя дапамагаюць зняць чэргi. Важна, каб i ў дзяржаўнай, i ў платнай сiстэме аховы здароўя працавалi прафесiяналы.

— Над чым працуе цэнтр цяпер, калi асвоена найвышэйшая кропка аказання кардыялагiчнай дапамогi — перасадка сэрца?

— Першая задача — развiццё кардыяцэнтраў у рэгiёнах, што дазволiць зняць праблему лiста чакання. Другая — развiццё новых тэхналогiй, скiраваных на тое, каб эфектыўнасць аператыўных умяшанняў была вельмi высокай, i каб гэты эфект падтрымлiваўся доўгi час пасля iх выканання. Будзем працягваць рухацца ў кiрунку iнвазiўных метадаў лячэння, з меншай траўматызацыяй, меншым часам знаходжання ў стацыянары, больш хуткiм вяртаннем да звычайнага ладу жыцця. Што датычыцца трансплантацыi органаў, то наперадзе — рэалiзацыя праграмы трансплантацыi лёгкага, а пазней — адначасова лёгкага i сэрца.

Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А таксама адсутнасць банальных ведаў цi нежаданне iх прымяняць Спецыялiсты сцвярджаюць, што ў беларусаў ёсць выдатны прыродны патэнцыял, каб жыць доў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика