21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Яшчэ не вечар...

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ не вечар...

— Вам неабходна аперацыя, — гаворыць доктар. Гаворыць мякка, амаль ласкава. Але мяккасць — з металам. Ён не пытаецца, ён канстатуе. Гэта яшчэ не прыгавор, гэта пакуль што папярэднi дыягназ. Але па скуры прабягаюць дрыжыкi, i сэрца правальваецца некуды на нiз жывата. Кроў прылiвае да скроняў, i толькi адна думка пульсуе ў галаве: "Чаму я?..".

У 7 гадзiн ранiцы iду на аўтобусны прыпынак з дзвюма сумкамi. Яшчэ i яшчэ раз "перабiраю" спiс неабходных рэчаў: зубная шчотка, паста, мыла, пакаёвыя тапачкi... халат, спартыўны касцюм... дэтэктыў Марынiнай... пашпарт, медыцынская карта, накiраванне...

Доўгi падземны калiдор аб’ядноўвае карпусы бальнiцы ў мiнi-горад. Не калiдор, а лабiрынт — з развiлкамi, паваротамi i перакрыжаваннямi, пад’ёмамi i спускамi... Наперадзе бадзёра крочыць "разводзячая" медсястра. "Не адставайце, прытрымлiвайцеся мяне. Нам — у аддзяленне мамалогii". На трэцiм павароце пачынаю страчваць адчуванне прасторы i часу. Шматлiкiя неонавыя паказальнiкi расплываюцца ў вачах, калiдор з нiзкай столлю здаецца бясконцым...

Больш за гадзiну сяджу ў "апендыксе" — невялiкiм калiдорным "адсеку", чакаю, калi якую-небудзь з жанчын возьмуць на аперацыю. З аперацыйнага стала яе перавядуць у спецыяльную палату. А значыць, для мяне вызвалiцца месца. Зноў адчуваю, што "завiсаю" ў прасторы, час спынiўся. Мiнулае засталося за парогам майго часовага прыстанiшча, будучыня — туманная i неакрэсленая. Адзiная рэальная рэч — невыносны холад. Трасе па поўнай праграме. Не дапамагаюць нi свiтар, нi цёплая кофтачка, нi накiнуты зверху махеравы шалiк. Не магу сагрэцца. Не магу ўсвядомiць, дзе я i што тут раблю. Хто ўсе гэтыя жанчыны ў хатнiх халацiках? I чаму iх так многа?

У аддзяленнi лечаць рак малочнай залозы розных ступеняў цяжкасцi. Або захворваннi, якiя рана цi позна могуць выклiкаць рак... Насупраць мяне садзяцца дзве маладыя жанчыны. Першыя пяць хвiлiн я не магу "ўехаць" у iх размову: такое ўражанне, што яны абменьваюцца кулiнарнымi рэцэптамi — спакойна, з веданнем справы.

— Спецыяльны бюстгальтар з сiлiконавым пратэзам каштуе вельмi дорага, — гаворыць адна другой. — Дык я прыдумала выйсце — напiхаю ў станiк ваты або пакладу туды насоўку з насеннем i буду насiць замест пратэза.

Цяжка зразумець, жартуюць яны або гавораць праўду. Доктар, якi накiроўваў мяне на аперацыю, папярэджваў: гэта вельмi спецыфiчнае аддзяленне. Тут ляжаць людзi, якiя "пераступiлi мяжу" — яны iнакш думаюць, iнакш адчуваюць. Дакрануўшыся да iх свету, сам пачынаеш iнакш успрымаць жыццё.

Па мяне прыходзiць медсястра.

— Вам у 9 палату.

Ну, нарэшце. Хоць нейкая акрэсленасць.

У палаце, акрамя мяне, яшчэ двое. Iрына, 53 гады, ляжыць тут пасля мастэктамii (паводле медыцынскай тэрмiналогii, мастэктамiя — поўнае выдаленне малочнай залозы). I 40-гадовая Таня, якой яшчэ толькi прызначылi мастэктамiю. (Тут i далей iмёны зменены. — Н.К.) Аперацыя — праз два днi.

— Мiнчанка? — пытаецца ў мяне Таня.

— Угу, — адказваю як мага больш абыякава.

— Значыць, "сталiчная штучка", — усмiхаецца яна. — А ты выпадкова не збiраешся скардзiцца дзяжурнай медсястры, што табе не падабаецца пах у палаце, або ўключанае пасля "адбою" святло, або гучны храп?

 

— Не збiраюся...

— I гэта правiльна. У нашым аддзяленнi ўсе роўныя — i мiнiстр, i прыбiральшчыца.

Патлумачана даходлiва. Але лягчэй ад гэтага не становiцца. Наадварот — такая нуда... За акном ад парываў ветру матляюцца з боку ў бок сосны, мокры снег залеплiвае шкло. Па пратаптаных дарожках рухаюцца людзi. Iм добра. Яны на волi, а ты быццам за кратамi, хоць нiхто не трымае гвалтам. "Я не буду плакаць. Я не буду распускаць нюнi. Я буду моцнай. Я павiнна быць моцнай!" — паўтараю сама сабе ў сто першы раз. I адчуваю, як бягуць па шчоках слёзы, змываючы рэшткi касметыкi.

Аднекуль здалёк даносiцца Танiн голас:

— Калi будзе холадна, вазьмi маю коўдру — у мяне iх дзве. У першы дзень заўсёды холадна — гэта ад нерваў.

Пасля абеду яна выводзiць мяне на "экскурсiю". "Гэта ванны пакой, тут прыбiральня, тут бiдэ..."

Дзверы ў ванных пакоях i прыбiральнях не зачыняюцца знутры — такi парадак. Гэта выключае розныя непажаданыя эксцэсы — усё ж з цяжка хворым чалавекам можа здарыцца што заўгодна. Пераадолець псiхалагiчны бар’ер i прыстасавацца да "адчыненых" дзвярэй з непрывычкi цяжка, аднак дзесьцi блiжэй да вечара напружанне спадае. Жыццё спрашчаецца. Усё спрашчаецца. Ты прымаеш рэальнасць такой, якая яна ёсць. I пакорлiва прымiраешся з непазбежным. "Абы не было горш". Гэты лозунг Таня прапанавала напiсаць на сцяне кожнага пакоя. Для песiмiстаў. Каб цанiлi кожны пражыты дзень i кожную падораную хвiлiну.

— Я раней нiколi не хадзiла ў царкву. Напэўна, трэба было? — пытаецца яна, лежачы на суседнiм ложку.

Што я магу адказаць? Пытанне веры вельмi iнтымнае. А дарога да Бога ў кожнага свая. У аднаго — кароткая, у iншага — доўгая... Таня жыве ў раённым цэнтры, працуе кухарам у сталоўцы. Замуж выйшла рана, i, як сама прызнаецца, без асаблiвых пачуццяў. ("Мама сказала: калi добры хлопец цябе бярэ, трэба iсцi"). Жылi цяжка, усё нажывалi сваёй працай.

— Я ўвесь час нервавалася... Канапы няма, прыстойнай шафы няма, тэлевiзара няма, пральнай машыны... А муж супакойваў: не хвалюйся, Танечка, усё купiм, абы жывыя-здаровыя былi.

Купiлi, абставiлiся. Праўда, з лета i да восенi Таня з дзецьмi не вылазiлi з лесу — збiралi i здавалi вёдрамi грыбы i ягады... Сваю "пухлiнку" на правай залозе яна заўважыла яшчэ вясной. Падумала — дробязь, пройдзе. Потым не да гэтага было — пачаўся "сезон" закатак... У канцы восенi ўсё ж вырашыла паказацца ўрачам. У першы раз яе пратрымалi ў бальнiцы нядоўга, з тыдзень.

— Я дадому з песнямi ехала. Спявала ад шчасця, думала, дарогу сюды забудуся. Праз дзесяць дзён патэлефанавала, каб даведацца пра вынiкi аналiзаў. А ўрач мне кажа: вяртайся, мiлая, назад, "клетачкi" ў цябе знайшлi.

Слова "рак" у аддзяленнi ўголас не вымаўляюць, быццам на яго накладзена табу. Хоць большасць дыягназаў вiдавочныя, iнакш кажучы, бачныя няўзброеным вокам: ледзь цi не кожная другая ходзiць з пластыкавым "гармонiкам" — спецыяльным рэзервуарам, куды сцякае пасляаперацыйная лiмфатычная вадкасць. "Дрэнаж" не проста збiраюць i злiваюць — неабходна кожны раз вымяраць яго аб’ём. Чым ён меншы, тым лепш.

— Сёння ўсяго 100 грамаў "здала", — радуецца суседка па палаце Iрына. — Можа, праз тыдзень дадому выпiшуць.

Паняцце "выпiшуць" для яе, як i для многiх, дастаткова ўмоўнае. Пасля выпiскi Iрыну чакае курс хiмiятэрапii, пра якую яна стараецца пакуль не думаць... На гэтым этапе яе больш турбуе дванаццацiгадовая ўнучка, якая засталася дома з дзядулем. У дзяўчынкi — складаны пераходны ўзрост з усiмi наступствамi: прапушчанымi ўрокамi, дрэннымi адзнакамi i далёка не ўзорнымi паводзiнамi.

— А чаму яна не жыве са сваёй мамай? — асцярожна пытаюся ў Iрыны.

— У яе мамы — маёй дачкi — два гады назад таксама знайшлi пухлiну. Давялося выдаляць малочную залозу. Я тады ледзь не звар’яцела. Мужа ў дачкi нiколi не было, зацяжарала па маладосцi. А тут яшчэ такая бяда... Падумала — на яе асабiстым жыццi можна ставiць крыж. Хоць бы ачуняла ў свае 30 гадкоў, дзяўчынку на ногi паставiла... А год таму яна з мужчынам пазнаёмiлася — маладым, нежанатым. Спачатку ўсё баялася яму праўду пра грудзi сказаць. Ды гэта не ўтоiш... Але ён, калi даведаўся, яшчэ больш пачаў яе шкадаваць, прапанаваў жыць разам... Ну, а ўнучку мы да сабе забралi — пакуль у iх жыццё наладзiцца.

Узаемаадносiны з мужчынамi — увогуле асобная тэма. Калi табе выдалiлi толькi "сектар", частачку залозы — гэта адно. "Таварны выгляд" пры такiм варыянце практычна не страчваецца. Калi аднялi залозу поўнасцю — зусiм iншае. Па гэтай прычыне перажываюць многiя. Ды практычна ўсе. Таму "гламурныя" часопiсы з напаўаголенымi прыгажунямi тут не ў пашане — як мiнiмум, раздражняюць.

— Палюбуйцеся толькi на Семяновiч! — Таня ўважлiва вывучае старонку часопiса з фотаздымкам эстраднай "зоркi". — Ну як такое можа некаму падабацца?

Зразумела, маецца на ўвазе не творчасць спявачкi...

Некалькi разоў на дзень Танi на мабiльны тэлефануе муж. Расказвае, дзе быў, што рабiў. Гаворыць, што сумуе без яе, чакае, перажывае за будучую аперацыю.

— Ты што, забыўся, якая я вярнуся? — раздражнёна пытаецца Таня, маючы на ўвазе, што пасля мастэктамii застанецца без залозы. — Так што шукай сабе паўнацэнную жонку, з двума "шарыкамi".

Звычайная жаночая правакацыя. У чарговы раз яна хоча пачуць, што патрэбна яму якая заўгодна — абы толькi жывая. Ён паўтарае ёй гэта пастаянна — ранiцай, перад адыходам на працу, у абед, калi прыязджае пакармiць дзяцей, i ўвечары, калi тэлефануе, каб пажадаць добрай ночы... Гэта нешта большае, чым проста каханне. А што тады? Найвышэйшая ступень адданасцi? Жалю? Спачування?.. Каб зразумець, трэба апынуцца з таго боку "мяжы". I знайсцi ў сабе сiлы жыць далей. Як тысячы iншых жанчын, якiя праходзяць праз гэты "канвеер".

— Што ён адказаў табе?

— Сказаў, што я дурная... I што ён без мяне не зможа...

Урачы прапаноўваюць Танi пагадзiцца на "пластыку" — пластычнае аднаўленне залозы, якое выконваецца адначасова з аперацыяй па выдаленнi злаякаснай пухлiны. Фактычна новая залоза "выкройваецца" з уласных тканак (спiны цi брушной сценкi).

Узважыўшы ўсе "за" i "супраць" ("кансiлiум" адбываецца познiм вечарам у нашай палаце), Таня вырашае не пагаджацца на пластыку.

— Замуж мне выходзiць не трэба, дзецi таксама ўжо ёсць. Пражыву i з пратэзам.

Аперацыi ў нас з ёю прызначаны на адзiн дзень. Вечарам напярэдаднi нам робяць уколы — уво-дзяць заспакаяльны прэпарат. Але сну — нi ў адным воку.

— А можа, — пытаецца Таня шэптам, — урачы пераблыталi аналiзы? Мне расказвалi, што адной жанчыне выпадкова аддалi чужое заключэнне, па якiм выходзiла, што "клеткi" ёсць. А насамрэч iх там не было. Магчыма, i мне пашанцуе?

Асабiста я ў бальнiчныя "мiфы" — тым больш такога кшталту, з пераблытваннем марфалагiчных заключэнняў — веру слаба. Але не падтрымаць Таню не магу:

— Магчыма...

Пра самае горшае не думае нiхто — жанчынам, якiя трапляюць у аддзяленне, не так многа гадоў. Кожная спадзяецца на цуд. I молiцца на свайго ўрача, як на Бога.

...Зноў за акном снег. Сапраўдная перадвясновая завiруха. Гнуцца i рыпяць сосны. I ад гэтага робiцца трывожна. Што там заўтра? Гучаць апошнiя распараджэннi медсястры: "Вечарам не есцi i не пiць!". У галаву пачынае лезцi ўсялякая лухта. А раптам наркоз не падзейнiчае?.. Цi доктару падсунуць тупы скальпель?.. А калi падчас аперацыi засвярбiць кончык носа?.. I навошта толькi я пагаджалася на мясцовую анестэзiю! Ляжала б сабе ў поўнай адключцы i нiчога не адчувала б...

...Самае страшнае — пачуць ранiцай па "гучнай сувязi" сваё прозвiшча. Нас з Таняй выклiкаюць першымi... Да аперацыйнага блока — адзiн лесвiчны пралёт. Дваццаць прыступак, пераадолеўшы якiя, я ператваруся ў паслухмяную "бiямасу" i маё цела перастане мне належаць. I дваццаць секунд часу, за якi паспею звярнуцца да Бога з самай кароткай малiтвай i папрасiць аб адным: жыць... Без мiтуснi, без зайздрасцi, без ганарлiвасцi. Жыць дзеля самога жыцця, таму што гэта так цудоўна...

На апошняй прыступцы азiраюся на Таню. У яе вельмi бледны i вельмi сур’ёзны твар. Мне так шкада яе, што сцiскаецца сэрца. Пасля аперацыi — надзвычай складанай — ёй спатрэбяцца садавiна, арэхi, морапрадукты... А зарплата ў Танi — 300 тысяч.

— Перахрысцi мяне! — просiць яна аднымi вуснамi. I знiкае ў "сваёй" аперацыйнай.

...Праз тры днi мяне выпiсваюць. Далейшае лячэнне — у палiклiнiцы па месцы жыхарства. Iду па бальнiчным калiдоры i лаўлю на сабе цiкаўныя позiркi iншых жанчын: выйсцi адсюль практычна здаровай — вялiкая ўдача.

Таня ляжыць у пасляаперацыйнай палаце. Забягаю да яе на хвiлiнку, каб развiтацца.

— Да пабачэння...

— Ты што, нельга так гаварыць! — папраўляе яна. — Лепш пажадай, каб мы з табой больш нiколi тут не сустрэлiся.

Я пажадала гэтага шчыра i ад усёй душы...

Наталля КАРПЕНКА.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Вам неабходна аперацыя, — гаворыць доктар. Гаворыць мякка, амаль ласкава. Але мяккасць — з металам. Ён не пытаецца, ён канстатуе. Гэта яшчэ не прыга
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика