Забудоўшчык супраць дольшчыкаў
Забудоўшчык супраць дольшчыкаў
Гэты судовы працэс цягнуўся больш за год. А гiсторыя, якая яго нарадзiла, — 11 гадоў. Не ўсе яе ўдзельнiкi дажылi да фiналу. Ды i фiнал пакуль не канчатковы, хоць у адной з бакоў ужо ёсць нагода святкаваць перамогу...
Перадгiсторыя Сутнасць гiсторыi наступная. Забудоўшчык гаражнага масiву звярнуўся ў суд, каб спагнаць запазычанасць з дольшчыкаў у памеры паўмiльёна долараў. Дольшчыкi не згодныя з выстаўленым рахункам. Яны лiчаць, што цалкам разлiчылiся за будаўнiцтва гаражоў яшчэ дзесяць гадоў таму. Але каб зразумець усю складанасць i павучальнасць гэтай гiсторыi, трэба вярнуцца ў год 1997-ы. Менавiта тады пры закрытым акцыянерным таварыстве "Інвабуд" быў створаны гаражны будаўнiчы кааператыў "Iнвабуд-1" для будаўнiцтва гаражоў работнiкаў таварыства i жыхароў сталiчнага мiкрараёна "Малiнаўка — 4". Трэба сказаць, што раён тады яшчэ быў зусiм малады, аддалены, i будаўнiцтва гаражоў для яго жыхароў было пытаннем вельмi актуальным. Горад для гэтай мэты вылучыў участак зямлi ўздоўж кальцавой дарогi па вулiцы Слабадская даўжынёй 1060 метраў. Праект уключаў 726 гаражоў, аўтазаправачную станцыю i станцыю тэхнiчнага абслугоўвання. Будаўнiцтва планавалася праводзiць у два этапы. Першы меў на ўвазе здачу ў эксплуатацыю 363 гаражоў да канца верасня 1999 года. Пачатак будаўнiцтва У маi 1998 года памiж закрытым акцыянерным таварыствам i гаражным кааператывам быў падпiсаны дагавор аб будаўнiцтве. Кааператыў стаў запрашаць жыхароў мiкрараёна для ўдзелу ў праекце. Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, кошт кожнага гаража павiнен быў скласцi суму, якая адпавядала 4200—4500 долараў ЗША. Гэта было па тым часе даволi дорага. Сярэдняя цана гаражу ў Мiнску складала 2800 умоўных адзiнак. У 1998 годзе пакой у камунальнай кватэры ў сталiцы можна было купiць за 3 тысячы долараў. Павышаную цану гаражоў у Малiнаўцы забудоўшчык тлумачыў неабходнасцю вынасу iнжынерна-камунiкацыйных сетак з-пад плямы забудовы. Таму, нягледзячы на адсутнасць паблiзу гаражных масiваў i на яшчэ вельмi распаўсюджанае тады ўяўленне нашых людзей, што дах патрэбны аўтамабiлю амаль гэтак жа, як i жывой iстоце, патрэбную колькасць ахвотных (i тых, хто мае магчымасць) будаваць гаражы за такiя сродкi знайсцi было складана. А тут яшчэ ў жнiўнi 1998 года ў Расii быў аб’яўлены дэфолт, наступствы якога адбiлiся i на ўзроўнi дабрабыту беларусаў. Тым не менш больш за дзве сотнi людзей у кааператыў уступiлi i акуратна пераводзiлi на яго рахунак грошы. Некаторыя плацiлi адразу ўсю суму. Гаражны кааператыў усе грошы адразу пераводзiў на рахунак забудоўшчыка. Будаўнiцтва спачатку iшло нармальнымi тэмпамi, але ў 1999 годзе запаволiлася, а ў 2001-м цалкам было звернута. Мытарствы дольшчыкаў На пляцоўцы на той момант стаялi 227 недабудаваных боксаў i знаходзiлася 9 падвалаў, што складала 32 працэнты выкананых работ ад праектна-каштарыснай дакументацыi. Людзi, якiя ўкладалi ў гэтыя гаражы свае грошы, захвалявалiся i пачалi звяртацца ў розныя iнстанцыi. Тады ж яны са здзiўленнем высветлiлi, што прыцягнуць забудоўшчыка да судовай адказнасцi не могуць, бо дагавор кожны з членаў кааператыва заключаў не з забудоўшчыкам, а з кааператывам. Гэта значыла, што ў суд яны мусiлi падаваць iск на... самiх сябе. — Такая сiтуацыя склалася з-за таго, што з пачатку ўтварэння i да 2004 года праўленне гаражнага кааператыва цалкам складалася з кiраўнiцтва закрытага акцыянернага таварыства, — тлумачыць цяперашнi старшыня гаражнага кааператыва Аляксандр РУДЭНКА. — Адны i тыя ж людзi ўзначальвалi дзве арганiзацыi, адна з якiх павiнна была кантраляваць другую. Такiм чынам, грашовыя патокi не кантралявалiся. Па сутнасцi кааператыў на той час быў, у парушэнне закона, пасрэднiкам памiж дольшчыкамi i забудоўшчыкам. I калi кiраўнiцтва кааператыва змянiлася, яго члены даведалiся, што за тое, куды пайшлi iх грошы, чаму не скончана будаўнiцтва, i хто вiнаваты, iм няма з каго патрэбаваць. Амаль чатыры гады iх звароты да практычна ўсiх узроўняў улады горада i краiны, а таксама да кантралюючых органаў былi безвынiковымi. Аднак гэтыя лiсты-просьбы аб садзейнiчаннi ў завяршэннi будаўнiцтва сталi важкiм аргументам у судовым працэсе супраць iх жа, дольшчыкаў, у 2007—2009 гадах. Гэта сведчыць пра тое, што дольшчыкi ўвесь гэты час iмкнулiся разабрацца з фiнансавай часткай праблемы. Забудоўшчык жа ў сваю чаргу ўвесь гэты час ухiляўся даваць неабходныя тлумачэннi. Усё ж такi смятана была збiтая ў масла. У 2005 годзе закрытае акцыянернае таварыства "Iнвабуд" вярнулася на будаўнiчую пляцоўку ўздоўж кальцавой дарогi ля вулiцы Слабадская. — Гэта адбылося пасля таго, як мы неаднаразова звярталiся ў Мiнгарвыканкам дазволiць нам правесцi мiтынг, — узгадваюць члены кааператыва. — Мы нават гатовы былi перакрыць Мiнскую кальцавую дарогу... Дазвол на мiтынг гаражны кааператыў не атрымаў, але дабiўся працягу будаўнiцтва. Яно яшчэ адзiн раз спынялася i прыпынялася практычна ў кожны летнi сезон. Таму доўжылася яшчэ тры гады. Безумоўна, тэрмiны будаўнiцтва не маглi не паўплываць на яго кошт. Рахунак для пiянераў Дарэчы, у 2005 годзе аб будаўнiцтве гаражоў заключылi прамыя дагаворы з "Iнвабудам" яшчэ 74 чалавекi. Цяпер кошт для iх павiнен быў скласцi 7 тысяч долараў, але да канца будаўнiцтва ён вырас да 11 тысяч. Члены кааператыва, якiя плацiлi ў канцы 90-х, лiчаць, што гэта i падштурхнула забудоўшчыка спаганяць дадатковыя грошы з iх. Пасля здачы аб’екта ў эксплуатацыю "Iнвабуд" выставiў рахунак гаражна-будаўнiчаму кааператыву "Iнвабуд-1" у суме 1 млрд 89 млн рублёў. Гэта значыць, што кожны член кааператыва павiнен быў заплацiць яшчэ 2,5 тысячы долараў. Гэтыя грошы i сталi прадметам судовай спрэчкi. — Па-першае, мы папрасiлi "Iнвабуд" патлумачыць, адкуль узялася гэтая запазычанасць, — распавядае Аляксандр Рудэнка. — 227 чалавек разлiчылiся за свае гаражы, згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй цалкам яшчэ 8-10 гадоў таму. Так, гаражы тады не былi дабудаваныя. Але не па нашай вiне. Як пазней нам удалося высветлiць, не недахоп фiнансавання стаў прычынай спынення будаўнiцтва, а заканчэнне тэрмiну дазволу на будаўнiцтва, якое забудоўшчык не працягнуў своечасова. Гэта першае. Другое — за нашы грошы былi выведзены iнжынерныя сеткi з усёй плямы забудовы — гэта больш, чым кiламетр. Пра гэта ёсць адказ "Iнвабуда" кантрольна-рэвiзiйнаму ўпраўленню (КРУ) Мiнiстэрства фiнансаў, якое праводзiла расследаванне па нашай iнiцыятыве яшчэ ў 2005 годзе. Аднак гаражы кааператыва займаюць толькi 240 метраў — прыкладна пятая частка гэтай тэрыторыi. "Iнвабуд" пазней атрымаў кампенсацыю за вывад iнжынерных сетак ад будучых гаспадароў 74 гаражоў, будаўнiцтва якiх было пачата пазней, а таксама ад унiтарнага прадпрыемства "Гаражы, аўтастаянкi i паркоўкi". Сума кампенсацыi склала 1 млрд 9 млн рублёў. Яшчэ трэць тэрыторыi, з якой таксама за наш кошт былi выведзены ў 1998 годзе iнжынерныя сеткi, застаецца ў распараджэннi "Iнвабуда". Там плануецца пабудаваць АЗС i СТА. Гэта значыць, дадатковую кампенсацыю за вывад iнжынерных сетак з гэтай тэрыторыi яны яшчэ атрымаюць. Прычым у цяперашнiх цэнах. Па сутнасцi, грошы, якiя "Iнвабуд" атрымаў ад гаражнага кааператыва ў 1998—2000 гадах, былi ўкладзены вельмi ўдала для забудоўшчыка. Цяпер яны вяртаюцца "Iнвабуду" ў памножаным памеры. Пры гэтым "Iнвабуд" патрабуе ад кааператыва даплаты! I па-трэцяе, сума, якую нам выстаўляе забудоўшчык, не пацвярджаецца дакументальна. Напрыклад, акт уводу ў эксплуатацыю таварыства аформiла на сябе, аднак гаражы так i не даведзены да ладу, а грошы яны патрабуюць спасылаючыся на тое, што аб’ект завершаны. I гэта не ўсё... Судовы разбор Галоўным аргументам iстца (ЗАТ "Iнвабуд") пры судовым разборы было несумленнае выкананне адказчыкам (ГБК "Iнвабуд-1") дагавора па будаўнiцтве гаражоў. Згодна з гэтым дагаворам, калi фiнансаванне будзе недастатковым, заказчык (ГБК "Iнвабуд-1") абавязваўся ўнесцi дадатковыя сродкi. — Уся складанасць пытання ў тым, што будаўнiцтва доўжылася 10 гадоў, — тлумачыў суду Дзмiтрый БОХАН, прадстаўнiк ЗАТ "Iнвабуд". — З 1997 па 2001 год, калi заказчык уносiў грошы, у краiне адбывалася вельмi сур’ёзная iнфляцыя. На працягу трох месяцаў 1998 года пакупная здольнасць грошай мянялася ў разы. Грошай для будаўнiцтва гаражоў было недастаткова дзесяць гадоў таму, па гэтай прычыне будаўнiцтва i было спынена. Заказчык тады не знайшоў патрэбную колькасць iнвестараў. Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй першы этап будаўнiцтва меў на ўвазе 363 гаражы, а дольшчыкаў было толькi 227. У 2005 годзе бакi змянiлi колькасць гаражоў (паменшылi да 301, акрамя 227 членаў кааператыва да будаўнiцтва далучылiся ўзгаданыя вышэй 74 "iндывiдуалы". — В.М.), але ўсё роўна грошай на iх будаўнiцтва было недастаткова. Да таго ж, у 2005—2007 гадах забудоўшчык панёс дадатковыя расходы... Сума, якую таварыства патрабуе ад кааператыва, абапiраецца на высновы камiсii кантрольна-рэвiзiйнага ўпраўлення Мiнфiна па горадзе Мiнску. Менавiта камiсiя КРУ зрабiла высновы аб запазычанасцi заказчыка перад забудоўшчыкам. Гэтая запазычанасць выцякала з дадатковага пагаднення, згодна з якiм кааператыў павiнен быў аплацiць вынас iнжынерных сетак з усёй плямы забудовы. У ходзе судовага разбору высветлiлася, што гэта пагадненне не адпавядае рэальнасцi. Дзяржаўны экспертна-крымiналiстычны цэнтр пры МУС Беларусi высветлiў, што пячатка пад дакументам была пастаўлена на некалькi гадоў пазней, чым дата. Акрамя таго, суд заўважыў, што камiсiя КРУ лiчыла кошт незавершаных 227 гаражоў i 9 падвалаў. А кааператыў падваламi не валодае. Гэта было нязначнай па суме, але даволi iстотнай для суда неадпаведнасцю. — Калi вы ў судзе робiце справаздачу аб запазычанасцi перад вамi адказчыка, то павiнны патлумачыць кожны рубель, — заўважыла суддзя iстцу. Другой неадпаведнасцю стала адсутнасць у матэрыялах справы дакументаў, якiя б пацвярджалi расходы таварыства з 1997 па 1998 год. Трэба сказаць, што судовы працэс цягнуўся год з-за неабходнасцi экспертызы, якая павiнна была адказаць на шэраг пастаўленых судом пытанняў. Пытаннi гэтыя галоўным чынам тычылiся панесеных забудоўшчыкам затрат i адпаведна — унесенай заказчыкам платы. I хоць у iскавай заяве сума запазычанасцi складалася з затрат у перыяд 1997—2007 гадоў i пенi, дакументы, пададзеныя эксперту, дацiравалiся самае ранняе лiстападам 1998 года. I нарэшце, самым галоўным аргументам на карысць дольшчыкаў стала адсутнасць пiсьмовых патрабаванняў забудоўшчыка аб дадатковым фiнансаваннi аб’екта. Рахунак заказчыку быў выстаўлены ўжо пасля здачы гаражоў у эксплуатацыю. Ёсць у гэтай судовай справе яшчэ адзiн тонкi i цiкавы момант. Сапраўды, згодна з дагаворам, памiж заказчыкам i забудоўшчыкам канчатковы разлiк за будаўнiцтва павiнен адбыцца пасля завяршэння будаўнiцтва. Аднак дагавор гэты, па меркаваннi адказчыка, павiнен быць прызнаны несапраўдным, бо ён быў складзены ў парушэнне заканадаўства. — Прыцягненне дольшчыкаў па будаўнiцтве аб’ектаў у Мiнску павiнна адбывацца заказчыкам пасля прыняцця адпаведнага рашэння Мiнгарвыканкама, — звяртала ўвагу суда юрыст Людмiла МАЦВIЕНКА, якая абараняла iнтарэсы гаражнага кааператыва. — Такога рашэння не было, а значыць i абавязацельствы па дагаворы, на якiя спасылаецца iсцец, не маюць юрыдычнай сiлы. Гэта быў даволi смелы ход. Бо несапраўднасць здзелкi можа мець наступствам сыход яе ўдзельнiкаў на першапачатковыя пазiцыi. Гэта значыць: людзям — грошы, забудоўшчыку — гаражы. Аднак адказчык хоць i настойваў на прызнаннi дагавора не маючым юрыдычнай сiлы, спасылаўся на фактычныя адносiны памiж гаражным кааператывам i забудоўшчыкам. Згодна з апошнiмi, грошы за пабудаваныя гаражы, прычым у поўным памеры, заплачаны, а значыць гаражы павiнны належаць членам кааператыва. — Акрамя таго, — нагадала юрыст з боку адказчыка, — калi тэрмiны будаўнiцтва аб’екта сарваныя па вiне падрадчыка, то аплата па завяршэннi гэтых работ павiнна адбывацца ў цэнах, якiя дзейнiчалi на дату завяршэння будаўнiцтва, названую ў дагаворы падраду. У нашым выпадку гэта канец верасня 1999 года... Да таго ж, на працягу 10 гадоў забудоўшчыкам нi разу не ўзгаднялiся тэрмiны пераносу i змены кошту будаўнiцтва, што было грубым парушэннем правiлаў заключэння дагавароў. Застаецца дадаць, што Мінскі гаспадарчы суд, разгледзеўшы ўсе аргументы двух бакоў, распытаўшы эксперта i прыняўшы ва ўвагу пададзеныя матэрыялы, 27 сакавiка 2009 года вынес рашэнне адхiлiць iскавую заяву ЗАТ "Iнвабуд" аб патрабаваннi запазычанасцi перад iм грашовых сродкаў у памеры 1 млрд 89 млн рублёў з гаражнага кааператыва. Прадстаўнiкi адказчыка, якiя запоўнiлi практычна ўсю залу пасяджэнняў, сустрэлi вынiковае паведамленне суддзi бурнымi апладысментамi. Калi рашэнне суда не будзе абскарджана, яно ўступiць у сiлу праз 15 дзён. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты судовы працэс цягнуўся больш за год. А гiсторыя, якая яго нарадзiла, — 11 гадоў. Не ўсе яе ўдзельнiкi дажылi да фiналу. Ды i фiнал пакуль не канч
|
|