Радасці i расчараваннi ТЭЛЕВЯРШЫНІ-2009
Радасці i расчараваннi ТЭЛЕВЯРШЫНІ-2009
Водгалас Мiнулая нядзеля ў свядомасцi як быццам падзялiлася на дзве часткi: "да" i "пасля". "Да" — звычайны сакавiцкi дзень, не зiма i не вясна, шэрань, дождж. "Пасля" — урачыстая стрыманасць фiлармонii, люстэркавы бляск i бляск вячэрнiх убораў гасцей, класiчная музыка — ад Баха да Аляб’ева... І безлiч разоў паўторанае слова "дзякуй", якiм сустракалi свае ўзнагароды лаўрэаты Пятага нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу "Тэлевяршыня". Мiнулая нядзеля ў свядомасцi як быццам падзялiлася на дзве часткi: "да" i "пасля". "Да" — звычайны сакавiцкi дзень, не зiма i не вясна, шэрань, дождж. "Пасля" — урачыстая стрыманасць фiлармонii, люстэркавы бляск i бляск вячэрнiх убораў гасцей, класiчная музыка — ад Баха да Аляб’ева... І безлiч разоў паўторанае слова "дзякуй", якiм сустракалi свае ўзнагароды лаўрэаты Пятага нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу "Тэлевяршыня".Хоць найперш падзякамi, на мой погляд, варта было абмяняцца арганiзатарам конкурсу i адмiнiстрацыi Белдзяржфiлармонii — як "Тэлевяршыня" iстотна выйграла ад пераходу ў камерную, больш утульную, можна нават сказаць, высакародную атмасферу, так i фiлармонiя паказала шырокай публiцы свае магчымасцi i таленты ў поўнай красе. Калi нават выбар менавiта гэтай пляцоўкi тлумачыцца крызiсам, у гэтым выпадку такая сцiпласць i адсутнасць усякiх спецэфектаў пайшла толькi на карысць. Зрэшты, пераказваць ход цырымонii не мае сэнсу — усе ахвотныя маглi бачыць яе на тэлеэкранах, таму адзначым толькi некаторыя моманты — асаблiвасцi "Тэлевяршынi-2009". Найперш здзiвiлi самi намiнанты — выконваючы абвешчаны дрэс-код, чамусьцi тэлеперсоны ў абсалютнай большасцi выбралi вячэрнiя ўборы ў чорных i шэрых колерах. Па рэдкiх светлых або яркiх сукенках можна было практычна беспамылкова ўгадаць рэгiянальных тэлевiзiйнiкаў. Вяршыня для раёна Яны, да слова, i ўзнагародам радавалiся больш бурна i шчыра, чым сталiчныя калегi. Мабыць, таму, што атрымлiвалi запаветныя статуэткi значна радзей? Памятаючы запэўнiваннi членаў прафесiйнага журы, што сёлета актыўнасць рэгiёнаў як нiколi высокая — 140 дасланых заявак супраць, скажам, 84 у 2005-м годзе — уяўлялася, што сярод намiнантаў "рэгiяналаў" будзе як мiнiмум палова. Атрымалася зусiм наадварот — выйсцi з рэзервацыi адмысловых "рэгiянальных" намiнацый удалося толькi Лiдскаму ТРА — i то праграма "Дзiцячая пляцоўка" ў намiнацыi "Лепшая праграма для дзяцей i юнацтва" прыз не атрымала — i тэлерадыёкампанii "Брэст", якая ўзяла статуэтку за "Лепшую культурна-асветнiцкую праграму" (але магу паспрачацца — калi б тэлекампанiя не была структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампанii i гiстарычны цыкл "Страсць i ўлада" не выйшаў на рэспублiканскi ўзровень праз эфiр канала "ЛАД", ён меў усе шанцы застацца незаўважаным — i гледачамi, i журы). Затое, акрамя традыцыйна актыўных прадстаўнiкоў Лiды, Оршы, Брэста, сёлетнi конкурс выявiў некалькi новых яркiх удзельнiкаў з лiку рэгiянальных тэлеканалаў, кампанiй i аб’яднанняў — тэлевiзiйнiкi з Маладзечна i Паставаў цалкам маглi б скласцi канкурэнцыю калегам з цэнтральных каналаў. А мо, дзякуючы конкурсу, таленавiтыя вядучыя i рэжысёры самi трапяць у сталiцу, як гэта адбылося, напрыклад, са спартыўным каментатарам Арташэсам Антанянам — яшчэ пару гадоў таму ён працаваў у Брэсце, а цяпер атрымаў "Тэлевяршыню" як лепшы вядучы спартыўнай праграмы ўжо на тэлеканале АНТ. Вялiкiя рэспублiканскiя каналы ад прытоку свежых кадраў толькi выйграюць, а мясцовыя?.. Бочка мёду... Адно з прыемных уражанняў ад цяперашняй цырымонii — не толькi надзiва цёплая атмасфера, але яшчэ iмкненне ўсiх удзельнiкаў пазбавiцца пафасу i афiцыёзу, пасмяяцца, у тым лiку з сябе самiх. Хто мог уявiць напачатку конкурсу, што сур’ёзныя людзi будуць вiншаваць лаўрэатаў не толькi з прафесiйнай узнагародай, але i з цалкам асабiстымi падзеямi — напрыклад, вяселлем; што самi лаўрэаты будуць не гаварыць, а спяваць на сцэне, — а калi ўсё ж гаварыць, то не падрыхтаваную прамову з паперкi, а кароткае i ёмiстае "Ваў!". Цi што ў ацэнцы сацыяльнай рэкламы вельмi важным стане пачуццё гумару. Або што, напрыклад, у намiнацыi "Лепшая музычна-забаўляльная праграма" пераможа не чарговы набор песень i "зорак", а галоўны тэлевiзiйны жарт мiнулага года — анты-прэмiя "Сярэбраны грамафон". Пра апошнюю, дарэчы, яе стваральнiкi абсалютна справядлiва заўважылi: "Вельмi прыемна, што праграма аб сумнiўных дасягненнях беларускага шоу-бiзнэсу сама не ператварылася ў сумнiўнае дасягненне беларускага шоу-бiзнэсу". Яшчэ парадавала: прымаючы з рук у рукi блiскучую статуэтку, практычна ўсе лаўрэаты разумелi, што "Тэлевяршыня" — не толькi прыемная, але i адказная ўзнагарода, i абяцалi працаваць больш, лепш, цiкавей. "Я толькi цяпер зразумела, што ў фiлармонii яшчэ не здымала, — прызналася "Лепшы рэпарцёр" Кацярына Забянько, аўтар i вядучая праекта СТБ "Ля параднага пад’езда". — Так што вельмi хутка сюды вярнуся рабiць рэпартаж — пабываць пад сцэнай i, спадзяюся, на даху". Зрэшты, падобных абяцанняў падчас цырымонii было раздадзена два вазы i цэбар, — калi ўсе яны спраўдзяцца, "Тэлевяршыня-2010" абяцае стаць надзвычай цiкавай. ...i лыжка дзёгцю Пакуль жа ўражаннi ад чарговай прэмii няпэўныя. З аднаго боку — прафесiйна, яскрава i прыгожа, як "у грэчаскай зале" музея. З другога... Па-першае — доўга. Тры гадзiны суцэльных "дзякуй" i ўзаемных дыфiрамбаў не ўсякi пабочны назiральнiк вытрымае, хiба толькi вельмi зацiкаўлены непасрэдны ўдзельнiк. Па-другое — у большасцi выпадкаў прадказальна. Беларуская "Тэлевяршыня" ў гэтым сэнсе нагадвала сёлетнi "Оскар" — хто больш-менш уважлiва сачыў за падзеямi, мог прадказаць пераможцаў цi не ў палове намiнацый, як, напрыклад, два першыя месцы за "Лепшы дакументальны фiльм". I нарэшце — у нацыянальнай тэлевiзiйнай прэмii iстотна не хапала цi не галоўнай нацыянальнай часткi — мовы. З лаўрэатаў па-беларуску сваю падзяку не вымавiў нiводны. З тых, хто абвяшчаў пераможцаў, вызначылiся толькi пiсьменнiк Уладзiмiр Лiпскi i рэжысёр тэатра беларускай драматургii Валерый Анiсенка (яны ж, дарэчы, былi адзiнымi, хто не задаволiўся роляй вясельных генералаў на сцэне, i падрыхтаваў для пераможцаў не толькi вiншаваннi, але адмысловыя падарункi — аўтарскую кнiгу i бiлеты на спектакль). Што да самiх пераможцаў — толькi адзiн беларускамоўны праект у вынiку ўзяў "Тэлевяршыню". Затое галоўную — Гран-пры. "Лепшым тэлевiзiйным праектам года" журы назвала праект "Зямля беларуская". Дарэчы, паколькi гэты дакументальны цыкл Агенцтва тэленавiнаў яшчэ не завершаны (здымкi фiльмаў пра ўсе раёны Беларусi доўжацца i цяпер), то праект можа трапiць у лiк намiнантаў на наступную прэмiю. Але гэта будзе ўжо зусiм iншая, хочацца спадзявацца, значна больш вясёлая, гiсторыя. Толькi лiчбы Усяго на конкурс прыйшло 253 заяўкi; 96 праграм пасля папярэдняга адбору былi паказаныя журы. 11 членаў журы ацэньвалi дасланыя работы па 10-бальнай сiстэме. У неафiцыйным "медальным залiку" па колькасцi ўзнагарод сёлета лiдзiруе Белтэлерадыёкампанiя — 7 статуэтак "Тэлевяршынi", у тым лiку Гран-пры. На другiм месцы тэлеканал АНТ — таксама 7 узнагарод; канал СТБ атрымаў 4 прызавыя статуэткi. Яшчэ па 1 узнагародзе ў рэгiянальных тэлеканалаў з Оршы, Лiды i Гомеля. 62,9% галасоў набраў пераможца намiнацыi "Прыз глядацкiх сiмпатый" Дзянiс Кур’ян, якога гледачы назвалi лепшым тэлевядучым. Сёлета былi ўручаныя 2 спецыяльныя ўзнагароды: прыз журы "За ўклад у развiццё айчыннага тэлебачання" атрымаў загадчык кафедры рэжысуры, кiно i тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Уладзiмiр Забела, а ганаровай граматай арганiзатар цырымонii — Белтэлерадыёкампанiя — адзначыла загадчыка кафедры кiнатэлеаператарства Акадэмii мастацтваў Анастасiю Суханаву. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiнулая нядзеля ў свядомасцi як быццам падзялiлася на дзве часткi: "да" i "пасля". "Да" — звычайны сакавiцкi дзень, не з
|
|