Жыццё напракат
Жыццё напракат
Свая кішэня
Кошты пунктаў пракату манiторыла Настасся Занько Лямпавыя тэлевiзары i пiшучыя машынкi Заходзiш у дом пракату па вулiцы Куйбышава i нiбыта вяртаешся на дваццаць гадоў таму. Старыя лямпавыя тэлевiзары, вiдэамагнiтафоны, пральныя машыны-малюткi. Разам з лямпавымi тэлевiзарамi стаяць i больш "маладыя" мадэлi. І гэта ўсё таксама можна ўзяць напракат. Асартымент досыць вялiкi, такiя ж вялiкiя i разбежкi па кошце. У прэйскуранце Дома пракату значацца чорна-белыя тэлевiзары тыпу "Верас" i "Юность", якiя каштуюць ад 3600 да 16 500 рублёў у месяц. Кошт каляровых тэлевiзараў вар’iруецца да 24 600 рублёў у месяц, у асноўным гэта тэлевiзары айчыннай вытворчасцi. Можна ўзяць напракат халадзiльнiк (ад 15 000 да 33 000 рублёў) i маразiльнiк (ад 27 000 да 34 800 рублёў), пральную машыну (7200 рублёў), мiкрахвалевую печ (19 500 рублёў), абагравальнiк (17 700 рублёў), а таксама iншыя бытавыя прыборы. Калi захочацца панастальгаваць, кошт на месяц касетнага магнiтафона — 5100 i вiдэамагнiтафона — 25 800 рублёў, а фотаапарата — 20 700 рублёў. Сучасная тэхнiка каштуе не нашмат даражэй: пракат DVD-плэера будзе 27 000 рублёў у месяц. Калi вы актыўны спартыўны чалавек, то на экiпiроўку турыста на суткi вы патрацiце мiнiмальна 7060: заплечнiк (ад 1150 да 1760 рублёў), палатка (ад 2600 да 4290 рублёў), спальнiк (3310). Калi ў вас веласiпедная прагулка, то кошт дарослага веласiпеда "Аист" складзе ад 8530 рублёў, дзiцячага трохколавага — 1130. Надзiманыя матрацы каштуюць 970 рублёў за суткi, гумавыя лодкi — ад 7230 да 12 720 рублёў, таксама за суткi. На ролiках можна пакатацца за 6 220 рублёў за суткi. Узяць з сабой бадмiнтон абыдзецца 530 рублёў за суткi. Кошт музычных iнструментаў вар’iруецца ад 9000 у месяц за акардэон, баян, да 17 400 рублёў за пiянiна "Беларусь". Згодна з прэйскурантам можна ўзяць напракат нават пiшучую машынку (ад 12 900 да 14 700 рублёў за месяц) i ложак-тумбу (21 600 рублёў). Для дзяцей ёсць ложкi, хадункi, вагi, каляскi i г.д, для нямоглых дарослых — спецыяльныя хадункi, кастылi. — Лямпавыя тэлевiзары ў нас зараз не бяруць, таму што мадэлi састарэлi, а так яны працуюць i ўсё нармальна, а пiшучых машынак у нас у наяўнасцi няма, — кажуць у пракаце прадаўцы. Другi дом пракату, якi я наведала, размяшчаецца на вулiцы Казiнца. Асартымент тут нашмат меншы, чым на Куйбышава. Палову памяшкання займаюць пiянiна: калiсьцi тут быў пракат музычных iнструментаў. — Нашы клiенты — гэта ў асноўным студэнты, пенсіянеры, навасёлы, маладыя, а таксама малазабяспечаныя сем’i, — кажа Ганна Бабкова, прыёмшчык Дома пракату па вулiцы Казiнца. — Напрыклад, у чалавека тэлевiзар зламаўся, а пакуль ён купіць iншы, можа ўзяць напракат. Зараз стала больш складана. Магчыма, з-за крызiснай сiтуацыi. Людзi тлумачаць гэта тым, што iм радзей плацяць зарплату. Раней быў аванс — зарплата, а зараз ледзь у зарплату ўкладваюцца, i многiм яе затрымлiваюць. Таму ў нас неяк пакуль дрэнна з выручкай. А раней яна была большая. Кожны дзень мы здавалi амаль мiльён. Што для нашага пракату дастаткова шмат. У нас ёсць людзi, якiя вельмi доўга карыстаюцца нашымi паслугамi. Такiм людзям дазволена выкупляць па дамоўленым кошце рэчы, якiмi яны карысталiся. Вясельная сукенка i аўтамабiль з шафёрам У адрозненне ад дзяржаўных дамоў пракату, якiя займаюць прапануюць самы разнастайны асартымент рэчаў — ад халадзільніка да пiянiна, прыватныя называюцца "салонамi" i маюць вузкую спецыялiзацыю. Яны ў асноўным займаюцца пракатам аднаго-двух вiдаў рэчаў. I менавiта тых, якiя нельга знайсцi ў дзяржаўных дамах пракату. Напрыклад, сетка салонаў пракату аднаго з мiнскiх прадпрымальнiкаў прапануе дзiцячыя рэчы, а таксама будаўнiчыя iнструменты. Кошт дзiцячых вагаў вар’iруецца ад 35 000 да 40 000 рублёў у месяц. Прыватныя пункты пракату прапануюць стацыянарныя камп’ютары i ноўтбукi. Гэта пераважна мадэлi Pentium 3. Кошт звычайнага камп’ютара складае 80 000 рублёў у месяц i 20 000 у суткi, ноўтбука — 135 000 i 35 000 рублёў адпаведна. Для параўнання: месячная выплата па крэдыце на сярэднi ноўтбук складае каля 180 000 рублёў у месяц. Праз год рэч будзе ваша! Пракат выпускных, вясельных i вячэрнiх сукенак вясной становiцца досыць актуальным. Кошты тут вар’iруюцца ад 20 да 120 у.а. за суткi. Калi ж салон будзе шыць сукенку па вашых параметрах i вы першая будзеце браць яе напракат, то мiнiмальны кошт павялiчыцца да 50 у.а. за суткi. Па прызнаннi прадаўца аднаго з салонаў, у iх суткi — паняцце ўмоўнае. — Можаце ўзяць сукенку ў чацвер вечарам, а ў панядзелак вярнуць. I заплацiце за адны суткi. Пракат аўтамабiля залежыць ад класа i маркi. Кошт, напрыклад, "Пежо" будзе вар’iравацца ад 46 да 90 у.а. за суткi. Пры ўмове, што вы самi сядзеце за руль "жалезнага каня". З шафёрам аўтамабiль будзе каштаваць плюс ад 14 да 26 у.а. за гадзiну. Можна таксама ўзяць напракат мiнiвэн або мiкрааўтобус. Захавалiся i салоны пракату дыскаў i вiдэакасет. Кошт адных сутак складае 2500, серыялы даюцца на двое сутак па такой жа цане. У сталiцы можна знайсцi прыватны пракат прычэпаў да аўтамабiляў, горных веласiпедаў i да т.п. Аляксей Пятровiч, дырэктар ПСУП "Беленус", якое займаецца пракатным бiзнэсам: — Звычайна ў пункт пракату звяртаюцца два клiенты ў дзень. Папулярнасцю карыстаюцца рэчы для дзяцей i iнструменты. Колькасць клiентаў з пачатку крызiсу знiзiлася прыкладна на 30 працэнтаў. Я гэта звязваю са спыненнем пакупак новых кватэр i, як вынiк, адсутнасцю рамонтных прац. З дзiцячым асартыментам прыкладна такая ж сiтуацыя. Тыя, хто раней мог дазволiць сабе шалi напракат для таго, каб сачыць за вагой дзiцяцi дзеля асабiстай цiкавасцi, зараз бяруць iх толькi па парадзе ўрача. Пасля дэвальвацыi ў нас паднялiся кошты ў сувязi з тым, што салоны пракату размешчаны на кiрмашах з высокай арэнднай платай, якая разлiчваецца, зыходзячы з еўра. Акрамя таго, у пракаце мы выкарыстоўваем рэчы iмпартнай вытворчасцi, кошты на якiя таксама паднялiся пасля дэвальвацыi. Узнаўляць жа фонд давядзецца ўжо па новых коштах. Да крызiсу можна было весцi прыбытковы бiзнэс, сёння ж рэнтабельнасць наблiзiлася да нуля. У нашай сферы прыбытак залежыць ад пакупной здольнасцi грамадзян, а зараз яна вельмi нiзкая. Прасцей купiць — Насамрэч, узяць рэч напракат лягчэй, чым набыць яе адразу, асаблiва для студэнта, якому складана адразу выкласцi вялiкую суму, — кажа Дар’я Гуштын, студэнтка БДУ. — Мы ўдзвюх з суседкай узялi напракат халадзiльнiк. Зараз у месяц плацiм 23 000 рублёў, а бралi на пачатку года за 21 тысячу. Гэта нямала, асаблiва для студэнта. Я думала, што яны значна таннейшыя. Але ад халадзiльнiка як адмовiшся? Канешне, больш выгадна назбiраць грошай i набыць такi ж халадзiльнiк. Яму ж гадоў дваццаць ужо. Увогуле, прасунутыя студэнты не бяруць рэчы напракат, яны праглядаюць розныя аб’явы кшталту "Аддам задарма" ў iнтэрнэце i газетах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заходзiш у дом пракату па вулiцы Куйбышава i нiбыта вяртаешся на дваццаць гадоў таму. Старыя лямпавыя тэлевiзары, вiдэамагнiтафоны, пральныя машыны-ма |
|