Без мільёна i свабоды...
Без мільёна i свабоды...
Гучная справа
...засталiся браты-прадпрымальнiкi, якiя "развялi" дзяржаву больш як на мiльён долараў, але так i не прызналi злачыннасцi сваiх дзеянняў, за што панеслi досыць сур’ёзнае пакаранне. У сярэдзiне 90-х браты Данейка — Артур i Дзмiтрый — стварылi ТАА "Дэсперада". Слова "дэсперада", якое ў перакладзе азначае "адчайны", прыйшло iм у галаву з аднайменнай галiвудскай кiнастужкi, дзе вобраз менавiта такога хлопца стварыў Антонiа Бандэрас i якая выйшла на экраны акурат ў гэты час. Выпускнiкi фiзфака Белдзяржунiверсiтэта браты Данейкi — з добрай адукаванай сям’i. Пры пяцiгадовай рознiцы ва ўзросце яны — вельмi розныя як па характары, так i знешне. Можна сказаць, дзве супрацьлегласцi. Што да характараў, то старэйшы Артур — скрупулёзны, удумлiвы i сур’ёзны. Мiж iншым, калiсьцi меў нават сур’ёзныя намеры заняцца навуковай дзейнасцю. Малодшы ж Дзмiтрый — адкрыты, легкадумны, залiшне самаўпэўнены. Уся гэта "сумесь" вартасцяў аказалася той сiлай, якая дапамагла наладзiць незаконны бiзнэс з непрыстойна вялiкiм даходам. Супрацоўнiкаў для сваёй фiрмы браты набiралi пераважна з лiку знаёмых — аднакурснiкаў, iх сваякоў i блiзкiх. Больш за тое, у работнiкаў павiнна была быць бездакорная рэпутацыя. Калi высвятлялася, што ў некага была судзiмасць або судзiмасць мела месца ў яго сваякоў, такi чалавек як мага хутчэй звальняўся на любой падставе.Спачатку "Дэсперада" займалася рознiчным гандлем прадуктамi, але ў хуткiм часе перайшла да продажу запчастак для трактароў. Запчасткi гэтыя танныя i, вядома, вельмi запатрабаваныя. Паступова фiрма пачала прафiлявацца на забеспячэннi самым шырокiм асартыментам, неабходным для карыстальнiкаў трактароў. Нарадзiлася эфектыўная сiстэма пастаўкi запасных частак. Тры створаныя братамi пад адным дахам фiрмы займалiся больш як 3 тысячамi розных дэталяў да сельскагаспадарчай тэхнiкi. Як i належыць, некалькi гадоў запар падатковыя органы правяралi фiрму, аднак нiякiх парушэнняў не выяўлялi. Іншая рэч, нiхто не думаў аб неабходнасцi правядзення сустрэчных праверак — усяго ланцуга фiрмаў, якiя пастаўляюць тавар на "Дэсперада". Высветлiлася сiтуацыя толькi ў 2006 годзе. Праз некалькi месяцаў спецыяльных праверак падатковай iнспекцыi ўдалося пацвердзiць першасную iнфармацыю аб тым, што рух тавару на склад фiрмы i рух апошняга паводле афiцыйных дакументаў... нiдзе не перасякаюцца. Так, "Дэсперада" адгружала ў Расiю запчасткi, але кантрактаў з заводамi, якiя iх вырабляюць, не мела. Тое, што менавiта i ў якiх аб’ёмах рэальна перавозiлася, не супадала са звесткамi дакументацыi. — Калi група падатковых iнспектараў зверыла бухгалтарскi ўлiк з тым, што ляжыць на складзе, выявiлася багатая колькасць няўлiчанага тавару, — расказвае намеснiк начальнiка следчага аддзела ўпраўлення Камiтэта дзяржаўнай бяспекi па г. Мiнску i Мiнскай вобласцi Ганна РАКЕВIЧ. — Гэта дакладная прыкмета таго, што тавар "шэры". Тавар у многiм быў кантрафактны i нават адноўлены, iнакш кажучы, быў ва ўжытку, пасля чаго аднаўляўся ў гаражах i выдаваўся за новы... На склад фiрмы траплялi як запчасткi прыватных вытворцаў, якiя не плацiлi нiякiх падаткаў, так i крадзеныя дэталi або завезеныя з Расii нелегальным чынам. Пры ўвозе з краiны-суседкi ў машыну грузiлi тавару, скажам, на 50 тысяч долараў, а дэкларавалi — на 10 тысяч. У накладной пазначалася вага 20 тон — максiмальная загрузка машыны, у той час як дэталi, пералiчаныя ў дакуменце, могуць важыць не больш за 8 тон. Зразумела, што астатняя частка грузу была кантрафактнай. Пры вывучэннi дакументаў было вызначана, што палову запчастак фiрме пастаўлялi буйныя заводы, напрыклад, Мiнскi трактарны i яго фiлiялы. Астатнюю ж колькасць адгружалi ўсяго чатыры фiрмы, якiя не мелi нават сваiх складоў. Дзеля высвятлення падрабязнасцяў Камiтэт дзяржбяспекi iнiцыяваў буйную праверку. Былi апытаны як кiраўнiкi-пастаўшчыкi, так i кладаўшчыкi з вадзiцелямi. Апошнiя, дарэчы, i патлумачылi, што накладныя афармлялiся, але тавару яны не бачылi i нiчога на згаданыя чатыры фiрмы не вазiлi. Праверка паказала, што i тыя фiрмы, якiя быццам бы пастаўляюць тавар на "Дэсперада", таксама прадмета здзелак не бачылi. Аб стане склада i пералiку пастаўшчыкоў удалося даведацца са звестак з дыскеты, якая была канфiскавана ў менеджара "Дэсперада" падчас вобыску. У файлах былi пазначаны не толькi афiцыйныя пастаўшчыкi, але фiзiчныя асобы з iмёнамi, мянушкамi i нумарамi тэлефонаў. Дарэчы, калi падатковыя iнспектары распачалi сваю работу, не толькi кiраўнiцтва, але i ўсе супрацоўнiкi фiрмы знiклi разам з дакументамi, якiя маглi б пралiць святло на iх дзейнасць. Так, той жа менеджар павiнен быў не проста прыхапiць з сабой пакет з дакументамi, але i знiшчыць яго. Аднак супрацоўнiк, вiдаць, недаацанiў сiтуацыю, i закiнуў каштоўны "груз" на хатнюю антрэсоль, дзе яго i знайшлi падчас далейшага вобыску. Пасля грунтоўнай работы падатковай iнспекцыi "Дэсперада" спрабавала абскардзiць яе акт у гаспадарчым судзе — даказаць, што частка тавару была ўсё такi легальнай. Цiкава, што самi кiраўнiкi — Артур i Дзмiтрый — на судовыя разборы не з’яўлялiся. Данейкi, што называецца, заляглi на дно, адседжвалiся тым часам на дачах сяброў. Чэкiсты ведалi пра гэта, але былi не гатовыя прад’явiць братам абвiнавачанне. З аднаго боку, Артур i Дзмiтрый баялiся, што за iмi вось-вось прыйдуць, а з другога, спадзявалiся, што з дапамогай сваiх уплывовых знаёмых вырашаць i гэта пытанне. Падключылi нават аднаго дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу (цяпер — былога дэпутата), якi закiдваў праваахоўныя органы дэпутацкiмi запытамi. У рэшце рэшт браты разумеюць, што нiхто не спяшаецца па iх iсцi i выбiраюць найлепшую тактыку абароны — нападзенне. Выходзяць на прадстаўнiцтва дзяржаўнай бяспекi, сталiчнае ўпраўленне КДБ i заяўляюць, што ў iх ёсць кампрамат на аператыўнага работнiка, якi вядзе гэту справу. Калi iх просяць паказаць доказы, тыя пачынаюць "дамаўляцца". У сэнсе, давайце так: вы паставiце над намi куратара, а мы будзем яму выплачваць канкрэтныя грашовыя сумы i... спакойна працаваць. Пры гэтым браты працягваюць актыўна абвiнавачваць ва ўсiх грахах "опера", скаргi на якога дасылаюць не толькi на iмя кiраўнiцтва КДБ. У нейкi момант аператыўны работнiк нават пачаў адчуваць пэўны недавер з боку свайго кiраўнiцтва. Як гаварылася вышэй, у адным офiсе, з адным складам, бухгалтэрыяй i супрацоўнiкамi браты зарэгiстравалi тры фiрмы. Гэта давала яшчэ большыя магчымасцi для вяртання падатку на дабаўленую вартасць. Варта нагадаць, што у 1999 годзе ў краiне быў прыняты новы парадак вяртання падатку на дабаўленую вартасць. Дакладней кажучы, ад згаданага падатку вызвалялiся ўсе экспартуемыя тавары — як уласныя, так i набытыя. Такiм чынам дзяржава стымулявала экспарт тавараў. Некаторыя прадпрымальнiкi, да лiку якiх адносяцца i нашы "героi", для вяртання гэтага самага падатку арганiзоўваюць доўгiя ланцугi падстаўных пасрэднiцкiх фiрмаў-аднадзёнак, якiя ствараюцца для правядзення лiтаральна некалькiх аперацый па перапродажы тавару на ўнутраным рынку. Праз 3-6 месяцаў эфектыўнай працы такiя аднадзёнкi "знiкаюць", паколькi з гэтым знiкае i неабходнасць падрыхтоўкi квартальнай справаздачы. Продажаў ад iмя трох фiрмаў "Дэсперада" не было. Для гэтага iснавалi падстаўныя фiрмы "першага звяна", якiя быццам бы арандавалi частку склада ў "Дэсперада". Задача гэтых фiрмаў — стварэнне "атмасферы" легальнай работы, выплаты падаткаў з самага мiнiмальнага прыбытку. За досыць празрыстым "першым звяном" iшло "другое", больш шэрае, якое непасрэдным чынам працавала з аднадзёнкамi. — У наш час проста прыбытку некаторым асобам недастаткова, — кажа Ганна Ракевiч. — Многiя iмкнуцца зарабiць як мага больш, у тым лiку з дапамогай дзвюх самых распаўсюджаных схемаў — падманнага экспарту i экспарту шэрага тавару. Падманны экспарт — гэта калi тавар, якi не збiраецца пакiдаць межаў краiны, афармляецца як тавар, якi iдзе на экспарт. Пасля чаго прадпрымальнiкi падаюць у падатковыя органы заяву аб вяртаннi падатку на дабаўленую вартасць... Другая схема — гэта экспарт тавару, за якi ПДВ не выплачваецца ў прынцыпе, паколькi ён увезены кантрабандай або выраблены саматужным спосабам, у гаражах. У выпадку з Данейкамi мы мелi справу з атрыманнем бюджэтных сродкаў махлярскiм шляхам... Браты, зразумела, не хацелi "здавацца". Дзмiтрый прызначаў "оперу" КДБ сустрэчу ў загараднай кавярнi, дзе пасярэднiк раскрыў "тэму сустрэчы". Напачатку апошнi паспрабаваў астудзiць пыл чэкiста. Маўляў, у нас на вас ёсць кампрамат. Сабралi яго праваахоўныя органы i адзiн дэпутат. Мы можам гэта абнародаваць, але... Паспрабуем дамовiцца па-добраму. "Мы маўчым, а вы спыняеце сваю дзейнасць... 30 тысяч долараў вас задаволяць?", — пацiкавiўся пасярэднiк Дзмiтрыя. Чэкiст сказаў, што яму трэба падумаць. I залёг на дно, што было... складальнiкам аператыўнай гульнi. Неабходна было пераканацца ў сур’ёзнасцi намераў прадпрымальных братоў даць хабар. Настойлiвыя спробы знайсцi "опера" па мабiльнiку пацвердзiлi сур’ёзнасць намераў. На сустрэчу прыязджаюць абодва браты i пасярэднiк. Старэйшы, Артур, быў, дарэчы, супраць такога раскладу, аднак малодшы, вiдаць, здолеў пераканаць... Як толькi "опер" узяў у рукi перададзеныя яму для пачатку 10 тысяч долараў, тройка была затрымана з доказамi злачынства. Крымiнальную справу перадалi ў ваенную пракуратуру. Дзмiтрыю далi 4 гады пазбаўлення волi па факце дачы хабару. А лiтаральна на наступны дзень пасля ўзбуджэння першай крымiнальнай справы ўзбуджаецца яшчэ адна — "Крадзёж шляхам злоўжывання службовым становiшчам у асаблiва буйным памеры". У далейшым артыкул пераквалiфiкуецца ў "Махлярства". На допытах Артур i Дзмiтрый кажуць, што абвiнавачаннi ў iх адрас — справа рук канкурэнтаў. Iх вiны няма, нiчога дрэннага яны не рабiлi... На працягу 9 месяцаў, пакуль iшло следства, Дзмiтрый катэгарычна адмаўляўся прызнаваць вiну. Братам прапаноўвалася i магчымасць вярнуць грошы дзяржаве, што змякчыла б прысуд. Аднак Данейкi адкрыта выказалi свае падазрэннi следчаму, маўляў, вы нас i грошай хочаце пазбавiць, i свабоды. Артур адчайна патрабаваў гарантый, гаварыў, што iх спрабуюць загнаць у пастку. Падчас расследавання наяўнасцi звышпрыбыткаў былi знойдзены i прамыя доказы наяўнасцi апошняй. На тых пасадах, якiя займалi браты, заробак вагаецца ў межах 1,5-2 мiльёнаў рублёў. Цi можна было за такiя грошы купiць дзве кватэры i адбудаваць загарадны катэджавы комплекс з сямi будынкаў на плошчы звыш 20 сотак? Уся гэта маёмасць была зарэгiстравана, праўда, на сваякоў — цешчу, бацьку i мацi, пенсiянераў, якiя не здолелi падаць дэкларацыю аб даходах. Гэта i дало падставы суду расцанiць маёмасць як здабытую злачынным шляхам. Паводле слоў iнспектара iнспекцыi па падатках i зборах Першамайскага раёна г. Мiнска Паўла АНДРЫЕЎСКАГА, "з такiмi буйнымi злачынствамi мы яшчэ не сутыкалiся, i iх досыць цяжка даказаць". ...Кожны з братоў атрымаў 8 гадоў калонii з канфiскацыяй маёмасцi, у тым лiку таго самага жылога комплексу з сямi будынiн. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...засталiся браты-прадпрымальнiкi, якiя "развялi" дзяржаву больш як на мiльён долараў, але так i не прызналi злачыннасцi сваiх дзеянняў, за |
|