21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Андрэй Хадановіч: Чуткі пра смерць беларускай паэзіі моцна перабольшаныя

26.08.2009 16:09 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

3 июня 2009 Культура
Радио TUT.BY Беларускі паэт Андрэй Хадановіч у эфіры Радыё TUT.BY разважаў пра сучасную беларускую паэзію, яе месца ў сусветнай паэзіі і пра жыццё беларусаў.

Поўны варыянт гутаркі слухайце тут

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя. (function (eid) { if(!(typeof(swfobject)=="object" && swfobject!=null)) return; var flashvars={ file: "http://img.tut.by/n/10/0/2009_06_01_11.mp3" }; var params={ play: "true", loop: "false", quality: "high", wmode: "transparent", allowfullscreen: "true", allowscriptaccess: "always" }; var attributes={}; swfobject.embedSWF("http://www.tut.by/jw/player.swf",eid,"250","60","9.0.0","http://www.tut.by/jw/expressInstall.swf",flashvars,params,attributes); })("swf1244028413562");

Ці жывая беларуская паэзія?

Чуткі пра смерць беларускай паэзіі яўна перабольшаныя. Для нябожчыцы яна выглядае падазрона маладой, рухавай, бадзёрай і досыць хуліганскай. Гэта калі ў некалькіх словах. А ўвогуле ўсё ў беларускай паэзіі досыць неадназначна. Сітуацыя, калі дзяржава не асабліва падтрымлівае харошых беларускіх паэтаў, мае свае плюсы і мінусы. Беларускі паэт сёння як бы на халяву мае ўвагу аўдыторыі, мае досыць энтузіязму навокал паэтычных чытанняў. Часам паслухаць гэтыя чытанні прыходзяць не пяць-восем чалавек, як у Германіі ці, скажам, Польшчы, а сто, і дзвесце, а зрэдчас і пяцьсот чалавек…

Так, а дзе гэта ў нас збіраюцца пяцьсот чалавек, каб паэзію паслухаць?

Не буду хадзіць далека за прыкладамі. Год таму я меў прэзентацыю сваёй апошняй кніжкі “Бэрлібры”. У вялікую тэатральную залю Акадэміі мастацтваў зайшлі ўсе, што маглі сесці, зайшлі ўсе, што маглі стаяць ў праходах, і яшчэ пэўная колькасць людзей не змагла трапіць у сярэдзіну і, абураная, гучна мацюкаючы аўтара, то бок мяне, сышла. Так што здараецца і такое, але гэта патрабуе крыху працы па інфармаванні людзей, працы з медыямі, каб давесці гэтую інфармацыю да ўсіх зацікаўленых. У нас, у прынцыпе, ёсць аўтары і ёсць удзячная, інтэлігентная публіка. Але паміж першымі і другімі нічога і нікога няма. У нас няма літаратурных агентаў, прамоўтэраў, людзей, якія раскручваюць калег па пяры, таму ты апынаешся ў сітуацыі – сам сабе агент і прамоўтэр. Таму прыходзіцца красці час у сваей пісаніны – ты не проста сядзіш за пісьмовым сталом, а ходзіш туды, груба кажучы, куды цябе на сёння не баяцца запрасіць. Запрашаюць у бібліятэку ў Баранавічах ці у школу ў Старых Дарогах – трэба ехаць туды. А лепш за ўсе, канешне, - мець аўто з багажнікам, напакаваным кніжкамі. Так звычайна робяць выдаўцы незалежных часопісаў, такіх як часопіс “Дзеяслоў”. Прыхоздіцца не ленавацца, адгукацца на прапановы, часцей адрываць ад крэсла адно з працоўных месцаў паэта. (Я чуў, як адзін цікавы малады літаратар падзяляў усіх паэтаў на дзве катэгорыі: ніхто з іх не піша галавой, але адны пішуць нагамі, другія – задніцай. Задніцай пішуць тыя, хто сядзяць і нешта выдумляюць седзячы, а нагамі – тыя, хто ходзяць і выкрочваюць свае вершы.) Вось жа, трэба памятаць, што сёння, акрамя цябе і тваіх чытачоў, ніхто не зацікаўлены ў тваей сустрэчы з тваімі чытачамі.

Гэта, відаць, кажа пра тое, што зарабіць на паэзіі не ўдаецца ні самому пісьменніку, ні таму, хто яго прадае. Таму ніхто і не бярэцца яго прадаваць – які сэнс?

А галоўнае – чытачы не зарабляюць. Вось каб чытачам яшчэ даплачвалі за чытанне, скажам, каб дзяржава гэта фінансавала, як шмат што фінансавала за савецкімі часамі… Я, вядома ж, жартую, але ў жарце ёсць трохі праўды. У нашай тусоўцы напраўду шмат халяўшчыкаў, аматараў сцягнуць кнігу ці, напрыклад, выклянчыць у выдаўца, а купляць ня хочуць. Так што ты пагатоў мусіш штосьці рабіць, заахвочваць, не проста тупа і манатонна чытаць, а абуджаць спячых у залі, рабіць штосьці не зусім традыцыйнае, правакаваць, торгаць за нейкія нітачкі ўвагі, парушаць чаканне тых, хто прыходзіць…

То, можа, справа зусім не ў тым, што ў народа няма грошай на кніжку. Можа, не купляюць зборнікаў вершаў, таму што звычкі такой няма?

Я не маю адназначнага адказу. З аднаго боку, кніжкі купляюць, і актыўна купляюць. Напрыклад, першую кніжку я накладам 500 асобнікаў выдаваў часткова за свой рахунак, а пасля аказалася, што можна і тысячу, і паўтары тысячы выдаваць, і яны акупяцца. Пытанне ў тым, што для гэтага ты павінен яшчэ штосьці рабіць. Парадокс у тым, што большасць чытачоў не купляюць кніжак у кнігарнях. Вось ёсць кнігарня, там стаіць класіка, туды звычайна вучні ці іх бацькі ходзяць купляць праграмную школьную літаратуру, якую збольшага чытаюць з-пад палкі. Яшчэ там стаіць розная папса, стаіць рускамоўная камерцыйная літаратура, альбо стаяць таміны нейкіх дзяржаўных мужоў, па сумяшчальніцтве пісьменнікаў. А літаратараў актуальных, маладых, якія выдаюцца ў маленькіх незалежных выдавецтвах, або няма, або калі ёсць, то на самай незручнай, самай нізкай палічцы, прыкрытыя іншымі кніжкамі. Ты павінен, прыходзячы, ведаць, што канкрэтна ты хочаш знайсці, тады ты, можа, і знойдзеш тое, па што прыйшоў. Па маіх адчуваннях, 85-90 працэнтаў сучасных літаратурных кніжак прадаюцца на рознага кшталту прэзентацыях. Чытачы гадзінку ці дзве слухаюць, пасля шыхтуюцца ў чэргі, бяруць у аўтара – Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева, Уладзімера Арлова ці іншых – аўтографы. І гэта яшчэ ў найлепшым выпадку, калі аўтар напраўду добры і прэзентацыя адбылася напраўду цікавая, толькі так. Апошнім часам люблю паўтараць гэту думку: я не ведаю, за што сёння прадаўцы ў кнігарнях атрымліваюць грошы. Кніжкі звычайна цыркулююць міма іх. Гэта крыўдна і штосьці з гэтым трэба рабіць.

Можа, варта ладзіць прэзентацыі ў кнігарнях, як гэта робіцца ва ўсім свеце?

І некаторыя аўтары гэта робяць – там, куды іх пускаюць, груба кажучы. Трэба сёння карыстацца з любой ініцыятывы і запрашэння. Ёсць магчымасць сустрэчы, скажам, у “Цэнтральнай” кнігарні ці кнігарні “Светач” – памятаю, што такі мэтр як Уладзімер Арлоў, напрыклад, абсалютна не грэбаваў, прыходзіў у “Светач” і рабіў там прэзентацыю новай кніжкі, міні-спатканні з чытачамі. Хай не шмат людзей прыйдзе, але частка з іх купіць кніжку. І нібыта прадаўцам гэта павінна быць выгадна, бо больш пакупнікоў, але прадаўцы ў нас не жывуць ад продажу кніжак. Затое жывуць паміж чарговымі працягамі сваіх працоўных кантрактаў. Жывуць з адною думкаю – не страціць працу. Бо кожны беларус добра ведае, што можа быць яшчэ горш. Вось гэта таксама ўносіць свае карэктывы, на жаль, не літаратурныя.

А паэты ў нас жывуць за кошт таго, што прадаюць кнігі?

Толькі лічаныя людзі могуць у нас дазволіць сабе жыць з літаратуры. І не надта шыкоўна жыць. Да таго ж, хто плаціць, той і замаўляе музыку. Гэтыя людзі ў выніку пішуць не столькі тое, што яны хочуць, колькі тое, што ім дыктуе рынак, чытач і гэтак далей. Не буду называць імёнаў. Але вось, напрыклад, ты геніяльны пісьменнік, але тваё элітарнае пісанне могуць ацаніць чалавек 500. Але ты разам з тым пішаш нешта папулярнае, скажам, для дзяцей пра гісторыю, і гэта ацэніць і купіць у сто разоў больш чытачоў. Такім чынам, твае шэдэўры хутчэй за ўсё застануцца на перыферыі тваіх заняткаў, а ты будзеш пісаць нешта больш папулярнае і зарабляць гэтым. Ёсць, праўда, яшчэ парачка сучасных і модных сродкаў пражывання літаратара. Сёння розныя фонды (лявак сказаў бы – розныя глабалісты) адсцёгваюць паэтам ці мастакам, каб не асабліва вытыркаліся са сваімі абурэннямі, на розныя дамы творчасці, на стыпендыі, на чытанні пэўныя ганарары, пэўныя грошы. Вось, скажам, тваё прозвішча робіцца трохі вядомым у міжнародным калялітаратурным свеце, і цябе запрашаюць на творчую сустрэчу, дзе ты, 15 хвілін пачытаўшы вершыкі, з гонарам атрымаеш канверт, які дазволіць табе худа-бедна працягнуць да наступнай такой сустрэчы. У прынцыпе, гэта сродак зводзіць канцы з канцамі. Але 90 працэнтаў нашых літаратараў, а то і ўсе 99, зразумела, маюць іншыя, так бы мовіць, “свецкія” прафесіі. Хтосьці з іх працуе журналістам, хтосьці, як я, напрыклад, працуе выкладчыкам універсітэта і яшчэ пары месцаў, праводзіць, скажам, заняткі перакладчыцкай майстэрні, часткова існуе ганарарамі за пераклады. А ў прынцыпе я не ведаю, ці добрая гэта самамэта – зарабляць паэзіяй? Бо чалавек, зразумела, не можа ўвесь час толькі пісаць вершы. А калі можа – яму ж горай, такія, значыць, вершы.

Што ўвогуле робіцца ў сучаснай паэзіі?

Мае старэйшыя калегі вельмі любяць скардзіцца і казаць, што разбурыліся нейкія савецкія сувязі паміж літаратарамі, ніякія творчыя саюзы не дбаюць пра тое, каб казахі, напрыклад, перакладалі беларусаў, беларусы – казахаў, как ездзілі адны да другіх у госці і гэтак далей. У сённяшняй сітуацыі сам ініцыятыўны літаратар мусіць знаходзіць кантакты з перакладчыкамі і калегамі-аднадумцамі, і ён іх знаходзіць. У прынцыпе, той, хто худа-бедна гаворыць па-ангельску, карыстаецца інтэрнэтам і не мае ніякіх псіхалагічных бар’ераў у камунікацыі, фактычнам жыве ў нічым не абмежаваным свеце. Часам яму, праўда, нейкія амбасады з іх дарагім шэнгенам нагадваюць, што свет гэты абмежаваны і трэба яшчэ памучыцца, каб атрымаць гэтую візу. Але, у прынцыпе, можна праз інтэрнет увайсці ў гэты свет – быць запрошаным на міжнародныя паэтычныя фестывалі, а з часам і самому навучыцца іх арганізоўваць.

Дык вось, некалькі дзесяцігоддзяў таму паэты пабачылі, што іх выпіхнулі на маргінэз, што паэзію перасталі чытаць з тым захапленнем, як раней. Тады паэзія вырашыла сама пра сябе нагадваць – рабіць турніры і спаборніцтвы паэтаў. Вынайдзена ў Амерыцы, але хутка дайшла да Эўропы і да нашага славянскага свету такая форма, як слэм. Мілыя, чароўныя людзі, часам далёка не бяздарныя паэты, збіраюцца разам, і цягам трох хвілін кожны спрабуе ачараваць, абаяць самую дэмакратычную аўдыторыю, якая ставіць яму адзнакі – якія хоча. Уявім сабе дзівосную сітуацыю: тройчы лаўрэат нейкіх літаратурных прэмій чытае свае несмяротныя шэдэўры, а нейкі п’яны забулдыга прыходзіць і ставіць яму адзнакі. Па-мойму, цудоўна, ёсць у гэтым нейкае добрае зерне. Гэта лечыць нашых жыхароў неба ад снабізму і залішняй адарванасці ад публікі. Канешне, шмат у гэтым слэме ад анекдотаў, ад “кавээну”, ад тэатральнага размахвання рукамі ці (як любяць паклёпнічаць на слэм нашы традыцыяналісты) паказвання голых задніц. Але ўсё-ткі прынамсі палова ўдалых слэмераў аказваюцца ўдалымі паэтамі. І аўдыторыя слухачоў/чытачоў, а цяпер ужо і гледачоў паэзіі пашыраецца. Пару гадоў таму, па-за вузкім колам спецыялістаў, ніхто ў Беларусі не чуў пра тое, што такое слэм. А за няпоўны апошні год адбыліся аж чатыры такія забавы, дзве з якіх ваш пакорны слуга нават мусіў арганізоўваць і праводзіць. Ведаеце, адрэналін яшчэ той. Зразумела, калі гэта робіцца ў клубах і кавярнях. Але пару месяцаў таму мне звоніць дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы, каб мы, так бы мовіць, “юныя купалы”, правялі свой слэм у памяшканні музея, пад бронзавай статуяй класіка. Я быў прыемна здзіўлены такой прапановай – і першы Купалаўскі слэм адбыўся. Зласлівыя журналісты пасля напісалі, што класік варочаўся ў труне, але я думаю, што класіку нашы чытанні не пашкодзілі, бо адбываліся цікавыя і сімпатычныя рэчы.

А ці можна неяк папрысутнічаць на такіх слэмах? Ці там паэты чытаюць вершы толькі для іншых паэтаў?

Публікі збіраецца досыць шмат. Слэм – ён на гэта і разлічаны, на нейкае пашырэнне і папулярызацыю паэзіі. На шчасце, Беларусь, як мы з вамі ўжо адзначалі вышэй, гэта той выпадак, калі паэтаў збіраюцца паслухаць пакуль яшчэ не толькі паэты. Да нядаўняга часу мне нават здавалася, што Беларусь – найбольш спрыяльная для паэтаў тэрыторыя. Але з часам пачынаеш падарожнічаць далей за Еўропу - і разумееш, што сапраўднае царства паэзіі пачынаецца менавіта там. Афрыканскія паэты робяць неймаверныя рэчы на мяжы з хіп-хопам – страшна таленавіта і энергетычна! Азіяты рафінавана гуляюць з паэтычнай традыцыяй, але ж як па-сучаснаму гэта робяць! А ў Лацінскай Амерыцы на паэтаў проста моляцца. Летась у мяне атрымалася на дзесяць дзён паехаць у Калумбію на вялікі міжнародны фестываль паэзіі. Дык вось, калі я думаў, што 500 чалавек на паэтычнай вечарыне ў Мінску – гэта рэкорд, то там збіралася 5-8 тысяч, на адкрытым стадыёне, і слухалі, добра, дарэчы, заплаціўшы за ўваход, а сёй-той стоячы, 4-5 гадзін. А калі ўдарыў лівень, яны дасталі парасоны і дажджавікі, але ніхто не сышоў. Там паэт – гэта грамадская фігура нейкай вялікай значнасці.

Вы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра. Чым вы падтрымліваеце сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў?

ПЭН-Цэнтр робіць некалькі рэчаў. З аднаго боку, абараняе галоўнае права пісьменніка – права на свабоду слова, моцна абмежаванае ў нас дзяржаўнай цэнзурай і, на жаль, самацэнзурай большасці літаратараў і выдаўцоў. (Часам, як жартаваў мой шведскі калега, такая цэнзура называецца працай добрага рэдактара.) З іншага боку, мы падтрымліваем маладых літаратараў, арганізоўваем для іх штогадовы літаратурны конкурс, выдаем зборнікі пераможцаў і арганізоўваем туры з выступамі. Стараемся запрашаць замежных пісьменнікаў сюды, а беларускіх літаратараў – у замежныя краіны, з выступамі ці стыпендыямі. Завязваем кантакты паміж аўтарамі і перакладчыкамі, спрабуем выбраць цікавыя беларускія тэксты і “падсунуць” іх харошым рускім, польскім, немецкім, літоўскім і г.д. перакладчыкам. Лепш за ўсе складваюцца адносіны з палякамі. Ва Ўроцлаве ўжо з’явілася з дзясятак кніжак сучасных беларускіх аўтараў, выдадзеных па-польску: ад Быкава і Барадуліна – да Альгерда Бахарэвіча і анталогіі маладых беларускіх паэтаў.

Куды рухаецца беларуская літаратура? Ці ёсць нейкая мэта, да якой трэба прыйсці?

Мне згадваюцца знакамітыя піцерскія “міцькі”, якія казалі, што “міцькі” ніколі нікога не хацелі перамагчы. А яшчэ мудрыя людзі на Ўсходзе казалі і кажуць, што мэта – яна пазбаўленая сэнсу, і найцікавейшая – сама дарога, сам шлях яе дасягнення. Найчароўнейшае, што ў нас ёсць – гэта нашы ілюзіі і наша вера ў штосьці. Пакуль яна нас мацуе, пакуль мы, напрыклад, верым у нейкую Еўропу (уласна кажучы, у якую ўжо не вераць самі еўрапейцы – прагматычныя людзі, што ходзяць у супермаркеты і змагаюцца з эмігрантамі), пакуль мы ўжываем слова “эўрапейскі” як каштоўнасць і нам здаецца, што гэта знак якасці – што да творчасці, што да свабоды і нейкай асаблівай духоўнасці – хай сабе гэтыя ілюзіі дапамагаюць нам ствараць штосьці больш “еўрапейскае”. І так з усімі іншымі нашымі ілюзіямі.

Зразумела, мне б хацелася, каб наша празмерна традыцыйная літаратура стала больш авангардавай, больш эксперыментальнай, больш адкрытай не толькі на рускамоўны ўсход (бо на іншых замежных мовах у нас да нядаўняга часу амаль не чыталі), але і ў іншы бок, на Захад, каб чыталі прынамсі на пяці-шасці замежных мовах, хутка і якасна перакладалі замежныя як навінкі, так і класіку. А потым, навучыўшыся, рабілі сваё нічым не горай. Але зрэшты я перакананы, што ніякага “прагрэсу ў літаратуры” проста не існуе. І дынаміку культуры можна апісаць наступным чынам: спачатку чалавек нечым ачароўваецца і апантана захапляецца, потым чалавек у гэтым расчароўваецца, выходзіць у іншую плоскасць – і пачынае ачароўвацца чымсьці іншым. Так яно было і будзе, і нічога іншага не прыдумалі.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
3 июня 2009 Культура Радио TUT.BY Беларускі паэт Андрэй Хадановіч у эфіры Радыё TUT.BY разважаў пра сучасную беларускую паэзію, яе месца ў сусветнай паэзіі і пра жыццё беларусаў.Поўны варыянт гутаркі слухайце тутВнимание!
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика