21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Я да гэтага часу сябе вiнавачу,што мала маме пiсаў...

19.09.2009 14:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я да гэтага часу сябе вiнавачу,што мала маме пiсаў...

Пару дзён таму выйшла з друку ўнiкальная кнiга — перапiска Рыгора Барадулiна з мамай. Першыя лiсты датуюцца 1954 годам, калi будучы Народны паэт Беларусi паехаў з родных Ушачаў у Мiнск на фiлфак БДУ, апошнiя — 1971 годам, калi мама Акулiна Андрэеўна памерла... Уклалi кнiгу, якая называецца "Паслаў бы табе душу...", Наталля Давыдзенка i Сяргей Шапран. Атрымалася 270 старонак вялiкага фармату, шмат рэдкiх фотаздымкаў.

Калi я прачытаў гэтую кнiгу, мне перадалося адчуванне сораму, якое i зараз жыве ў Дзядзькi Рыгора за недастатковую ўвагi да мамы. Перадалося i адчуванне трывогi ў вялiкiм мамiным сэрцы за адзiнага сына-гарэзу.

Кнiгу ўжо паспелi назваць дапаможнiкам — як трэба любiць бацькоў. І напамiнам — што трэба рабiць гэта своечасова. Сам Рыгор Барадулiн ужо праз 10 гадоў пасля смерцi мамы напiша такiя радкi:

Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,

Пакуль дымяцца комiны — нагрэйцеся ў бацькоў.

Калi адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,

Не трэба анiкому ён, сум ля сляпых слупкоў.

Гэтая кнiга ў многiм напоўненая драматызмам — у лiстах можна прасачыць, як сын пачынае аддаляцца ад мамы, пачынае злоўжываць алкаголем, рэдка прыязджае дамоў... Тое, што гэтае лiставанне надрукавана — яшчэ адно сведчанне маштабу асобы Барадулiна, ягонай гранiчнай шчырасцi i прыстойнасцi. Далёка не кожны наважыўся б надрукаваць такiя лiсты.

Пра кнiгу "Паслаў бы табе душу..." мы гутарым з Рыгорам Барадулiным.

— Дзядзька Рыгор, калi я пабачыў кнiгу яшчэ ў рукапiсе, у мяне ўзнiкла, так бы мовiць, пытанне далiкатнасцi. У многiх мамiных лiстах адчуваецца трывога за вашае празмернае ўжыванне алкаголю, яе крыўда за сыновую няўвагу... Цi не вагалiся вы: даваць — не даваць?..

— Разумееце, мне дарагi кожны мамiн радок — як голас мамы. Таму мы нiчога не правiлi. Вялiкi дзякуй укладальнiкам кнiгi — Наталлi Давыдзенцы i Сяргею Шапрану. Бо iдэя ўзнiкла яшчэ калi я працаваў у выдавецтве "Мастацкая лiтаратура". Я паказаў Наталлi адзiн лiст — i яна сказала: "Давай будзем рабiць кнiжку". Мiнула колькi гадоў, я сабраў усе пiсьмы, Сяргей i Наталля ўпарадкавалi iх храналагiчна, апрацавалi — i кнiга выйшла.

— Як вам удалося захаваць гэтыя лiсты цягам 50 гадоў? Вы ж столькi пераязджалi з кватэры на кватэру...

— Я захоўваў як мог. Можа, толькi некалькi лiстоў згубiлася...

— Атрымлiваецца, што i мама вашая гэтак жа ашчадна захоўвала лiсты?

— Безумоўна! Яны ўсе былi складзеныя асобна, не заўжды з канвертам, не заўжды па парадку... Калi я перабудоўваў хату, я iх ашчадна сабраў — i затым перанёс ужо ў новы дом.

 

— Дзядзька Рыгор, сёння эпiстлярны жанр не дужа ў модзе, з'явiлiся лягчэйшыя i хутчэйшыя сродкi сувязi. А тады лiставанне было папулярным? Тэлефон жа ж iснаваў ужо...

— Тэлефон быў, але ўсё-ткi была традыцыя пiсаць ад рукi. Таму што напiсанае ад рукi — яно цяплейшае, яно прайшло праз сэрца. Надрукаванае на машынцы, цi сказанае па тэлефоне, цi праз iнтэрнэт — гэта ўсё-ткi халодны, так бы мовiць, афiцыйны жанр. I верш, напiсаны ад рукi, — ён цяплейшы. Я, напрыклад, не ўяўляю, каб Бiблiя першапачаткова набiралася на камп'ютары!..

— У 1954 годзе вы прыехалi ў горад вучыцца — i пачалося маладое, вiрлiвае, студэнцкае жыццё. Цi лёгка было сярод яго знаходзiць час, каб пiсаць маме?

— Стараўся пiсаць... Але я да гэтага часу сябе вiнавачу, што адносна мала пiсаў... Таму што яна была адна, ёй было цяжка. Балюча мне самому перачытваць, як мама папракае мяне за няўвагу... I цяпер, калi на ноч малюся, я заўсёды прашу прабачэння i дзякую маме...

— Нават па памеры адчуваецца, што мамiны лiсты ў тры разы большыя за вашыя. Мама ўсё апiсвае падрабязненька, а сын ёй стэнаграфiчна — "накормлены, апрануты, усё добра"...

— Мае лiсты напраўду халодныя ў параўнаннi з мамiнымi. Па iх вельмi добра адчуваецца, як пачынае аддаляцца сын, што паехаў ад мамы ў горад... Але ў мяне праз усё жыццё прайшло адчуванне, што я ў Мiнску пражыў, як на кватэры. Таму што там, у Вушачах, мая душа...

— Дзядзька Рыгор, а 50 гадоў таму не было такога, як сёння, калi прыязджае юнак з Барысава альбо з Ляхавiчаў — i адразу дужа стараецца стаць "мiнскiм", "гарадскiм"?..

— Не! У мяне гэтага нiколi не было! Былi асобныя людзi, але ж гэта адвечнае — што "я ўжо ў горад прыехаў, я ўжо не такi". Старалiся такiя забыць i мову, i саромелiся бацькоў... Неяк, помню, як быў малы, аднойчы iшоў з мамай. I цi адбег ад яе, цi што. Яна гаворыць: "Дурненькi ты, усё адно ўсе знаюць, што я твая мама". Ёй здалося, што я, быццам, яе пасаромеўся. Гэтак i з мовай — як беларусы нi стараюцца правiльна размаўляць па-руску, усё адно яны беларусы.

— Мяне здзiвiла шырыня тэмаў, якiя закраналiся ў лiстах мамы да сына — мама нават раiла вам, каб на дзяўчат зашмат не глядзеў, каб думаў пра навучанне...

— Так, мама дужа баялася, каб я рана не жанiўся, каб давучыўся. Было так, што прыехала з Рыгi адная дзяўчына ў Вушачы, дык вучыла мяне цалавацца. Мама нас венiкам разганяла... Гэта яшчэ нiчога. А пасля прыехала культмасавiчка такая, трошку старэйшая за мяне. I я як ударыў за ёй, тут мама ўжо добра прыкурыць дала... А калi я жанiўся, яна сказала, каб i жыў ужо, каб нiколi не думаў разводзiцца: "Вочы бачылi, што куплялi".

— У вашых лiстах, асаблiва першых з Мiнска, адчуваецца пэўная iдэалiзацыя становiшча — i жыву добра, i харчуюся добра, i вучуся добра, i боты купiў... Цi сапраўды ўсё было так бясхмарна?

— Безумоўна, не! Але я стараў- ся яе суцешыць, таму што ў яе ўсё жыццё было цяжкое. Яна засталася ўдавой пасля вайны, працавала прыбiральшчыцай у райспажыўсаюзе, агарод быў, карову трымала, парася... Яна дужа добра шыла, але не пайшла ў арцель, бо неставала б часу на гаспадарку... У яе не было паняцця "выхадны" цi "свабодны дзень". Яна ўсё жыццё працавала, працавала, працавала. Я гляджу цяпер на наш зарослы агарод — i адчуваю, што кожны сантыметр ейнымi рукамi тут прапалоны i апрацаваны...

— З яе лiстоў вынiкае, што яна вельмi шмат прадуктаў вам прысылала — i сала, i каўбасы... Вiдаць, да вашага студэнцкага жыцця ўсе гэтыя харчы былi падмацаваннем добрым?

— Выдатным!..

— Падмацаваннем цi закуссю?

— У асноўным падмацаваннем, хаця часам бывала, што i закуссю. Пiлi мы нямнога, студэнты. Не было за што. Выпiвалi, але павальнай п'янкi не было.

— Мама да вас, студэнта, часта прыязджала?

— Прыязджала мама. Я ж i на кватэрах жыў, дык ёй заўжды былi рады ўсе гаспадынi. I ў мамiнай хаце пад канец быў ужо як ПЭН-клуб! Хто там толькi ў нас нi быў з паэтаў, празаiкаў, мастакоў!.. Але самым любiмым у яе госцем быў Уладзiмiр Караткевiч...

— А сын да мамы часта наведваўся? Далекавата ж ад Мiнска да Вушачаў...

— 200 кiламетраў. Тады хадзiў аўтобус, але спыняўся ён ледзьве не ў кожнай вёсцы, таму ехаў паўсутак амаль. I ўбiцца ў яго часам было цяжка. Пасля быў некаторы час самалёт, хадзiў такi "кукурузнiк", туды чалавек дзесяць змяшчалася. У Вушачах быў нават невялiкi аэрадром, мы былi такiя незалежныя. I я лятаў ад мамы i да мамы на самалёце!

— Вiдаць, ён хвiлiн за дваццаць далятаў?

— Не, вы ведаеце, самалёт таксама доўга ляцеў, бо як i аўтобус, рабiў прыпынкi, цi пасадкi. Яму не трэба было аэрапорта — ён i на роўнае поле сесцi мог. Квiткi былi не дужа дарагiя, але затое — з вецярком!..

— У мамiных лiстах у кнiзе захаваны арыгiнальны правапiс — i ўсе памылкi, i змяшаныя беларускiя i рускiя словы...

— Я ўдзячны Наталлi Давыдзенцы за тое, што яна настаяла, каб нiчога не мяняць. Бо адзiн час я думаў давесцi гэта да лiтаратурнай мовы. Але ўсё захавалася — i гэта ёсць своеасаблiвы узор жывой, нашай мовы, выдатны твор для фiлолагаў.

— Невялiкая частка вашых лiстоў да мамы напiсаны па-руску. Адкуль такiя пераходы?

— Гэта мама мне некалi напiсала, каб пiсаў па-руску, бо яна не ўсё разумее. Я ж, як студэнт-фiлолаг, стараўся пiсаць лiтаратурнай беларускай мовай... А мама ведала вушацкую, крывiцкую мову... Мне таксама, калi прыйшоў на фiлфак, цэнтральна-лiтаратурная мова была чужая. У Вушачах быў нават жарт такi. Каманда пiянерам: "Пiянеры, крок раўняй!" А па-вушацку "крок" — гэта шырынка. Вось i рагаталi мясцовыя, калi чулi...

— Дзядзька Рыгор, а цяпер, калi ваша з мамай перапiска выйшла ў выглядзе кнiгi, у вас няма адчування, што нешта iнтымнае, асабiстае вынесена на паказ да публiкi?..

— Было, вядома ж... Але я проста захацеў, каб захавалася ўсё, што з мамай звязана. Да таго ж, у гэтых лiстах вiдаць, з якой бядоты я выйшаў, i як мама клапацiлася, трэслася нада мной, дыхала на мяне... Нiхто, апроч мяне, не расчытаў бы гэта...

— Што галоўнае вы ўзялi ад мамы?

— Самае галоўнае — мова. Я яшчэ калi на печы сядзеў, мама гаварыла, што ёсць руская мова, а ёсць беларуская, наша — беларуская. Мама навучыла мяне жыць з Богам. Засталося мамiна ўспрыняцце свету — усё блiзка да душы бяру. Я ўсё жыццё стараўся iсцi па мамiным шляху. I кажу, што ўсё добрае мне засталося ад мамы, а ўсё дрэннае — сам набыў.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара. "Во як я табе не нада стала" (урыўкі з кнігі)

(урыўкі з кнігі)

 

(Май 1969 г.)

Добрый день, мой сыночак!

Во як я табе не нада стала, ни слова не написав за павтара месяца, не пазванив, а кали дабрався пазванить, дак спать лёг. Дякуй невестачке, што атветила, а то схадила б на пошту як дурак пасидела и дамов пашла б. Красуйся, мой сынок, табе светлый день прышов, а мене тёмная ноч агарнула — аслабела, пастарела, никому не нада стала. Каб у тибе хоть крошку жали ка мне было, мог бы прыехать хоть на два дни, паглядеть, як я тут здаров'ем, хоть ба градку на цыбулю закапав, так я захварэла, дякуй за саседев, што не кинули, хто чым мог, тым памагали.

Видать, твайму дастоинству я стала низка, мне писать, ка мне ездить не нада. Так я табе многа нажала, можа, што грошы шлеш. Не шли, мой сынок, тольки маей смерти не жди, ена сама ка мне прыдеть. Дают мне шаснацать рублей, мне их хватить. Прашу: боли николи не шли.

Мой сынок, можа, я табе груба написала, но даруй, ты мене да гетага давёв, бо я ужо то даждала, што мне казали люди: "Пагади-пагади, увидиш, што табе будеть, ужо наругаюца".

Як можна у нас отпуск правесьти, скольки едуть з Масквы, Ленинграду к нам, а табе не хочаца са мной быть. Илонку тожа не хуже было, хоть аддахнула ат гораду. Типер у нас автобусы ходят на льнозавод разов 7 на дни, к возеру и у Арехавна, екая там красата. У "Лесные азёры" типер бы Илонку прывезли, а после б через месяц сами прыехали, усё нарастеть дома, и ягады, и вишни, чарешни. Сёлета так усё твитить ва всих, што сказать неек. Но гета табе усё дрень, што я табе пишу ти кажу, для тибе усё стала низка. Дай бог табе усего найлучшага, што на сьвете ёсть, будь шчаслив. Так ты мене растроив, прышла с пошты, каб часок заснула, што пазвать к телефону и не падайти. Усё хатев мой голас чуть, а вжо не нада став.

(22 верасня 1969 г.)

Дарагая i любая мамачка!

Не думай, што я забыўся на цябе, што не помню цябе, мая залаценькая, мая даражэнькая, мая зязюлька баравая, мой самы святы чалавек на зямлi!

Новая кватэра, новая работа1. Пакуль бальшыну звалю са сваёй галавы — усё няма як выехаць ва Ушачы. Па рабоце як навiчка убадзюлiлi дзяжурным па ўсiм нумары — а гэта дужа многа чытаць, i што непрыемнае, быць у Мiнску. Ды яшчэ напiсаць старонак 15 культурнай хронiкi. Так-сяк управiўся. А цяпер новыя клапоты — стэлажы для кнiг зашклёныя. Кнiгi будуць стаяць у маiм кабiнеце. Досыць у тых адкрытых надыхалiся пылам! Хачу, каб усё больш-менш было ў парадку да твайго прыезду. Казы сёлета няма — няма табе сёлета i абэлкi.

Ёсць гарачая вада. Газ таксама. Пакуль што ладзяць лiфт. Да твайго прыезду ён будзе вазiць цябе хутка i добра.

Пасля 25 чысла прышлю табе трошку грошай. А то заробленых у мяне ёсць, а атрымаць усё не мог нiяк.

Iлонка вучыцца добра — на "4" i "5". Тройкi таксама ў гаспадарцы згадзяцца. Карацей кажучы, усё, як у людзей. Дужа часта цябе ўспамiнае. Дужа любiць цябе.

Любая мамачка, неўзабаве прыеду хоць на трошку. А потым дайдо ў Мiнск. Табе трэба палечыцца. Не трэба запускаць хваробу!

Мамачка, ты ў мяне адна-адзiная на белым свеце. Шануй сябе. Купi сабе што-небудзь цёпленькае на ножкi.

Яшчэ раз цалую ручкi твае, кланяюся табе зямным паклонам.

Твой дуронiк Iнька.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пару дзён таму выйшла з друку ўнiкальная кнiга — перапiска Рыгора Барадулiна з мамай. Першыя лiсты датуюцца 1954 годам, калi будучы Народны паэт Белар
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика