Сiтуацыя з распаўсюджваннем баршчэўнiку ў краiне нашмат больш сур'ёзная, чым меркавалася дагэтул
Сiтуацыя з распаўсюджваннем баршчэўнiку ў краiне нашмат больш сур'ёзная, чым меркавалася дагэтуль
Мiнчанка Алена Аляксееўна Кандрашэвiч выказала сваю незадаволенасць па наступнай праблеме. "Летась ў газеце быў надрукаваны вялiкi артыкул, прысвечаны праблеме распаўсюджвання ў краiне такой навалы як баршчэўнiк Сасноўскага. Шмат i падрабязна гаварылася, якой небяспечнай з'яўляецца гэтая раслiна не толькi для народнай гаспадаркi, але i для здароўя людзей. Напрыканцы артыкула быў змешчаны тэлефон, па якiм грамадзяне маглi паведамляць пра вядомыя iм ачагi распаўсюджвання баршчэўнiку Сасноўскага. Гаварылася, што такiя звесткi будуць карыснымi для спецыялiстаў пры складаннi адпаведных картаў — дзе, колькi плошчаў ужо паспеў захапiць "агрэсар". Дарэчы, было заўважана ў тым iнтэрв'ю, што менавiта дзякуючы вось такiм паведамленням з месцаў ад грамадзян сталi вядомымi велiзарныя, не ўлiчаныя раней, ачагi распаўсюджвання баршчэўнiку. Вось я i паведамiла пра некалькi такiх вядомых мне месцаў у сталiцы, у прыватнасцi, пра ваколiцы бальнiцы хуткай дапамогi. Тады мне падзякавалi, сказалi, што iнфармацыю пазначылi. Але што я бачу сёлета? Тыя ачагi як квiтнелi, так i працягваюць квiтнець. Дык а як жа барацьба з навалай, навошта тады заклiкалi адгукнуцца людзей?" У пошуках адказаў на гэтыя пытаннi мы зноў звязалiся з нашым мiнулагоднiм суразмоўцам, што падрабязна распавядаў пра планы барацьбы з баршчэўнiкам Сасноўскага — загадчыкам сектара кадастру раслiннага свету Інстытута эксперыментальнай батанiкi АН Беларусi кандыдатам бiялагiчных навук Алегам Маслоўскiм. Перш-наперш Алег Мечыслававiч падзякаваў у тым лiку i нашым чытачам за паведамленнi пра ачагi распаўсюджвання раслiны ("пасля публiкацыi былi днi, калi тэлефанавалi па некалькi разоў з розных мясцiн") i заклiкаў рабiць тое ж надалей. Суразмоўца таксама прызнаў, што апошнiм часам было i некалькi незадаволеных зваротаў, аналагiчных вышэйагучанаму, маўляў, чаму не бачна вынiкаў? Дык, сапраўды, у чым праблема? — Калi гаварыць адносна праблемы ўвогуле, дык сiтуацыя з распаўсюджваннем баршчэўнiку ў краiне нашмат больш сур'ёзная, чым меркавалася дагэтуль. Прынамсi, гэта засведчылi сёлетнiя даследаваннi, праведзеныя на тэрыторыi Гродзенскай, Вiцебскай i Мiнскай абласцей. Былi выяўлены новыя вялiкiя ачагi паражэння тэрыторый баршчэўнiкам. Так, гэта датычыцца, напрыклад, Ушацкага i Вiцебскага раёнаў, дзе былi знойдзены вялiкiя цэнтры папуляцыi раслiны. Я ўжо не кажу пра мясцiны, дзе малюнак з распаўсюджваннем баршчэўнiку быў вядомы раней — Браслаўскi, Дзяржынскi раёны i iншыя. На сёння ў цэлым па Беларусi дакладна вядомыя больш за 2 тысячы месцаў папуляцый раслiны. У некаторых рэгiёнах баршчэўнiк Сасноўскага пачаў рабiць сур'ёзны ўплыў на навакольнае асяроддзе — наносiць урон лясам i сельскагаспадарчым культурам. Страты сельгаспрадукцыi ў працэнтных суадносiнах толькi падлiчваюцца, аднак можна смела гаварыць, што, калi не дзейнiчаць рашуча, у найблiжэйшыя гады страты могуць дасягнуць дзясяткаў працэнтаў. У шэрагу месцаў баршчэўнiк ужо "пайшоў" у лес, выцясняе адтуль грыбы, ягады. Што шмат гаварыць? Ёсць раёны, дзе дзецям элементарна няма дзе гуляць: пайсцi за ваколiцу вёскi, на бераг ракi. Там не тое што сустракаецца шмат раслiн, у гэтых мясцiнах суцэльнае — на 90 працэнтаў плошчаў — панаванне баршчэўнiку. Вы ж ведаеце, што акрамя магчымых апёкаў у вынiку фiзiчнага кантакту з раслiнай, яна ўтрымлiвае вялiкую групу эфiрных рэчываў. Нават у нашых экспедыцыях былi выпадкi, калi работнiкам рабiлася дрэнна — у месцах вялiкай канцэнтрацыi раслiн iм даводзiлася аказваць медыцынскую дапамогу, — распавёў Алег Мечыслававiч. Паводле далейшых слоў суразмоўцы, барацьба з распаўсюджваннем баршчэўнiку, згодна з зацверджаным Саветам Мiнiстраў планам, распачалася i вядзецца. У прыватнасцi, па прыкладна ў 40 раёнах Беларусi ўжо падрыхтаваны картаграфiчны матэрыял з нанесенымi ачагамi раслiны, метадычныя рэкамендацыi адносна шляхоў i спосабаў самой барацьбы. У найблiжэйшы час такiя карты будуць перададзены ва ўсе без выключэння раёны краiны. Аднак барацьбу ўскладняе шэраг момантаў. — Адзiн з iх датычыцца фiнансавання картаграфiчных работ. Нiхто спецыяльна сродкi пад гэтыя мэты, на жаль, не выдзяляў. Таму патрэбную працу пры стварэннi дзяржаўнага кадастру раслiннага свету мы фактычна выконваем бясплатна. А аб'ёмы яе надзвычай велiзарныя, — патлумачыў Алег Маслоўскi. — Яшчэ праблема: вызначыць уласнiка зямлi, дзе выяўлены ачагi распаўсюджвання баршчэўнiку Сасноўскага, каб можна было выпiсаць яму прадпiсанне па барацьбе з раслiнай. У многiх жа выпадках, каб нармалiзаваць сiтуацыю, дадатковых сродкаў не трэба, дастаткова толькi выконваць нарматывы: скошваць траву уздоўж дарог, апрацоўваць сельскагаспадарчыя палеткi. Гэта прамы абавязак уласнiка зямлi i грошы пад гэтыя мэты закладваюцца. Таму тут можна гаварыць пра так званы чалавечы фактар — дзе стаўленне да праблемы належнае, там i сiтуацыя значна лепшая. У сталiцы, вяртаючыя да пытання Алены Аляксееўны, падыход да праблемы якраз сур'ёзны, зазначыў Алег Мечыслававiч. На мiнулым тыднi ўсе патрэбныя матэрыялы, уключаючы картаграфiчныя, былi перададзены Мiнскаму гарадскому камiтэту прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Аднак трэба ўлiчыць, што на тэрыторыi Мiнскага раёна i Мiнска выяўлена i зарэгiстравана каля 470 месцаў папуляцыi баршчэўнiку Сасноўскага, з iх толькi ў сталiцы — больш за 200. "Працэс барацьбы працяглы, ён патрабуе шмат намаганняў. Аднак, нагадаю яшчэ раз, яна ўжо вядзецца. Тым больш што гэты год — Год роднай зямлi. I парадак на ёй будзе наводзiцца ў тым лiку i шляхам барацьбы з баршчэўнiкам", сказаў Алег Маслоўскi. — А калi вярнуцца да тэрыторыi вакол бальнiцы хуткай дапамогi, дык азначаная праблема сапраўды iснуе. I не iначай як нонсенсам я яе назваць не магу, — дадаў напрыканцы Алег Мечыслававiч. — Каму як не медыкам павiнна быць добра вядомым, што знаходжанне хворых людзей побач з вялiкай папуляцыяй баршчэўнiку не можа спрыяць iх добраму самаадчуванню?.. Р.S. Нагадваем нумар тэлефона ў Мiнску, па якiм у рабочыя днi можна паведамляць пра вядомыя ачагi распаўсюджвання баршчэўнiку Сасноўскага: 284 20 25. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiнчанка Алена Аляксееўна Кандрашэвiч выказала сваю незадаволенасць па наступнай праблеме. "Летась ў газеце быў надрукаваны вялiкi артыкул, прысв
|
|