21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Таленты i прыхiльнiкi

19.09.2009 14:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таленты i прыхiльнiкi

Дзённiк фестывалю

 

Нягледзячы на ўсеагульныя перажываннi наконт крызiсу, на ўзнагароды для маладых выканаўцаў "Славянскi базар" сёлета шчодры. Акрамя асноўных узнагарод — статуэтак "Лiра" i грашовых прэмiй, аб якiх мы ўжо расказалi — арганiзатары, партнёры i спонсары прысудзiлi мноства дадатковых. Па традыцыi Спецыяльныя прызы парламенцкага сходу Беларусi i Расii атрымалi лепшыя выканаўцы з нашых краiн — на гэты раз без анiякай iнтрыгi сучасныя ноўтбукi перайшлi ў рукi Дзiмы Данiленкi i Андрэя Коласава. Андрэю таксама была прысуджана паездка на дваiх у Санкт-Пецярбург i спецыяльная прэмiя iмя Уладзiмiра Мулявiна — "За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы i высокае выканальнiцкае майстэрства", а Дзiму, як i прадстаўнiку Малдавii Пашы Парфенiю — прызы Мiждзяржаўнага фонду гуманiтарнага супрацоўнiцтва дзяржаў—удзельнiц СНД: сертыфiкат на права запiсу сольнага альбома з "запасам" у 150 тысяч расiйскiх рублёў.

Лiтоўца Iеронiмаса Мiлюса варта было б ухвалiць ужо толькi за тое, што хлопец разбавiў эстрадную цiш ды гладзь рок-опернымi партыямi i паказаў, дзе i як менавiта жыве рок. Дабаўце да гэтага "толькi" яшчэ безумоўны талент, асаблiвую харызму i бездакорны вакал — i стане зразумела, чаму менавiта прадстаўнiка Лiтвы асацыяцыя расiйскай прэсы выбрала альтэрнатыўным пераможцам конкурсу i ўручыла свой прыз. (Цi пачне калi-небудзь адкрыта выказваць сваё меркаванне i беларуская прэса — пытанне рытарычнае.) Канкурсанту з Бразiлii Роджэру Рыка спонсары падарылi плеценую з саломы... модную кепку, а таксама нацыянальны беларускi ўбор, якому хлопец узрадаваўся, як дзiця. А вось Гульсум Макiтавай з Казахстана за захаванне нацыянальных традыцый дастаўся не столькi памятны, колькi карысны прыз — грашовая прэмiя ў 2 тысячы долараў ад Мiждзяржаўнай тэлерадыёкампанii.

Андрэй Коласаў:

"Для кухара, я лiчу, нядрэнна!"

Усё ж меў рацыю кiраўнiк БДА "Песняры" Вячаслаў Шарапаў — у сёлетняга прадстаўнiка Беларусi байцоўскi характар. Бо ўмець дастойна — не, нават не прайграваць, але саступiць трыумф i пры гэтым шчыра парадавацца за сяброў-супернiкаў — справа часам больш цяжкая, чым не падхапiць галавакружэнне ад поспехаў. Андрэю гэта ўдалося: сваiм 2-м месцам ён задаволены i з гумарам адзначае, што для прафесiйнага кухара такое прызнанне сярод прафесiйных выканаўцаў — гэта вельмi нават няблага.

— Адпачываць? Не, я хоць i добра перанерваваўся, але не стамiўся. Трэба працаваць далей. Неўзабаве планую паўдзельнiчаць у конкурсе ў Македонii, ужо ведаю, што адна з песень, якую выканаю, гэта будзе "Аlwауs" Бон Джовi. А адпачну крыху падчас паездкi ў Санкт-Пецярбург, якую мне прысудзiлi ў якасцi прыза — заадно пагаворым крыху з Дзiмам наконт Гран-пры... (Смяецца.)

— Усе канкурсанты адзначалi прыязную, цёплую атмасферу; а сапраўднае сяброўства з кiмсьцi ў цябе завязалася?

 

— З Роджэрам Рыко з Бразiлii — ён назваў мяне сваiм лепшым сябрам i паабяцаў зноў прыехаць у Беларусь. А дуэтам хацеў бы праспяваць з сербам Ненадам Чэранiчам.

...I ўсё ж — колькi б нi сцвярджала старшыня журы Лайма Вайкуле, што конкурс — гэта ўсяго толькi суб'ектыўнае меркаванне некалькiх чалавек, няхай сабе i музычных прафесiяналаў, колькi б нi нагадвала, што мноства "зорак" запалiлася i без перамог у творчых спаборнiцтвах — на п'едэстале заўжды хапае месца толькi на аднаго. Iм стаў сёлета Дзмiтрый Данiленка — ураджэнец Гомеля, цяпер жыхар Санкт-Пецярбурга (а ў недалёкай будучынi — Масквы). Артыст, пасля перамогi якога журналiсты з Беларусi i Расii з гонарам зазначылi: "Наш!" — i ледзь не пасварылiся на гэтай глебе. Пры тым сам спявак пераконвае, што не падзяляе краiны на "сваю" i "не сваю", — хоць i мае цяпер расiйскае грамадзянства, але каранi яго назаўжды застануцца ў Беларусi. Як i бацькi, якiя, адклаўшы ўсе справы, прыехалi з Гомеля падтрымаць таленавiтага сына (нават сястра артыста з Харватыi з дзвюма дачушкамi прыехала!). Магчыма, якраз гэта падтрымка i ўмоўна родныя сцены дазволiлi спеваку разгарнуцца на ўсю моц голасу. "Вы паверыце, што яшчэ ўчора ён вельмi моцна прастудзiўся, i мы з дапамогай урача спрабавалi прывесцi ў парадак звязкi?!" — не стрымлiвала радасных эмоцый дырэктар маладога артыста. Мы — паверылi на слова i ў думках яшчэ раз паапладзiравалi Дзiму, на гэты раз за сiлу волi.

Пра тое, чаго яшчэ мы не ведалi пра Дзмiтрыя Данiленку, мы i пагаварылi з самiм героем адразу пасля перамогi.

Пераможца конкурсу маладых выканаўцаў у Вiцебску Дзмiтрый Данiленка:

"Я не збiраюся быць другiм Баскавым!"

— Лайма Вайкуле яшчэ да пачатку конкурсу выказвала сваю прыхiльнасць да вас, што спарадзiла мноства чутак пра "загадзя вырашаную" перамогу...

— Праўда? Упершыню пра гэта чую ад вас. Сам я надзвычайна хваляваўся, i хоць марыў перамагчы, але ўпэўненасцi ў гэтым не было нiякай. Мяне яшчэ i цяпер чамусьцi не адпускае хваляванне.

— Падчас выступлення заўважыла ў вас на руцэ чырвоную нiтку — гэта, калi не памыляюся, абярэг ад сурокаў?

— Не, гэта ўвогуле на ўдачу, — Дзiма дэманструе правае запясце. — Я быў у Iерусалiме ля Сцяны плачу, там павязалi гэтую нiтку i сказалi, што пакуль не спадзе сама, трэба насiць, не здымаючы.

— Кажуць, што Фiлiп Кiркораў, якi напiсаў музыку да вашай конкурснай песнi "Фантастыка", застаўся задаволены выкананнем?

— Шчыра кажучы, не ведаю — я так накруцiў сябе перад выступленнем, што быў крыху ў эмацыянальным тумане. Здавалася б, усяго адна песня, але напрыканцы так стамiўся, выклаўся на 100 працэнтаў i не меў сiлаў заставацца на сольны канцэрт Фiлiпа, але, думаю, яшчэ будзе магчымасць пагутарыць асабiста i абмяняцца ўражаннямi.

— Маленькая цi вялiкая, але мара — перамагчы — спраўдзiлася. Якая наступная — выспацца, а мо, банальна ачуняць?

— Ачуняць... i адпачыць. Паеду куды-небудзь, дзе цёпла i добра.

— Яўна не ў халаднаваты Пецярбург?

— Ну, у Пецярбургу цяпер таксама цёпла, але хочацца ўсё ж блiжэй да мора — паўднёвага, маю на ўвазе.

— Па няпiсанай славянскай традыцыi, пасля "Славянскага базару" пераможцы спрабуюць свае сiлы на "Еўрабачаннi". Мо i вы думаеце над гэтым?

— Сапраўды, думаю — цiкавы конкурс, варта было б паспрабаваць. Але пакуль нават не ведаю, цi ад Беларусi, цi ад Расii, цi яшчэ ад нейкай краiны — увогуле не заглядваю так далёка, як там складзецца. Магчыма, увогуле не атрымаецца, бо конкурсы гэтыя зусiм розныя: тут пераважае вакальнае майстэрства, на "Еўрабачаннi" задача ўдзельнiка — здзiвiць, "скочыць лепш, вышэй, мацней" за iншых, паказаць штосьцi незвычайнае, i не абавязкова пры гэтым мець выдатныя вакальныя даныя...

— Магчыма, нейкiя парады наконт "Еўрабачання" даваў лiтоўскi канкурсант Iеронiмас Мiлюс — у яго летась ужо быў вопыт выступлення там?

— На гэту тэму мы яшчэ не гутарылi, але я абавязкова спытаюся ў яго пра некаторыя закулiсныя падрабязнасцi.

— Калi не сакрэт, на што думаеце патрацiць прыз Гран-пры — усё ж 10 тысяч долараў сума не маленькая?

— На падарункi маiм родным, часткова на адпачынак... А калi яшчэ нешта застанецца — на замежныя сувенiры. Цяпер жа крызiс, усё даражэе, — аджартоўваецца Дзiма.

— Мы чулi, як вы цудоўна спяваеце па-беларуску i па-руску. Песнi на якiх яшчэ мовах ёсць у вашым рэпертуары?

— Паколькi я вучуся ў кансерваторыi, а ўся оперная музыка — гэта Iталiя i Германiя, то спяваю адпаведна на iтальянскай i нямецкай. Пару песень ёсць на англiйскай i французскай, хоць гэтымi мовамi я валодаю дрэнна, шчыра прызнацца. Думаю, калi вярнуся з адпачынку — свежанькi, бадзёры — займуся гэтай праблемай.

Акрамя музыкi, прызнаецца Дзiма, цяпер часу практычна нi на што не хапае — нават на асабiстае жыццё. Таму, калi журналiсты пачалi актыўна распытваць, цi ёсць на што спадзявацца прыхiльнiцам, якiх у спевака ўжо цяпер вельмi многа, ён сарамлiва пагадзiўся: "Напэўна, ёсць..."

Што мне Баскаў, што я Баскаву

Не заўважыць падабенства гэтых двух артыстаў проста немагчыма: голас, рэпертуар, касцюмы, нават прычоска — адзiн у адзiн. Аднак, паколькi салодкагалосы салавей расiйскай эстрады, спаслаўшыся на нездароўе, у Вiцебск не прыехаў i тым шчаслiва пазбегнуў непрыемных роспытаў, аддувацца за абодвух давялося канкурсанту i яго камандзе. Тым больш, калi высветлiлася, што генеральны прадзюсар Дзмiтрыя Данiленкi — Барыс Шпiгель, былы цесць Баскава; што песня "Фантастыка", якая прагучала на конкурсе, таксама першапачаткова была напiсаная для Баскава, i, нарэшце, што менавiта залаты голас Расii кiраваў сёлета адборам канкурсантаў.

— Параўноўваюць з Баскавым? Не самае дрэннае параўнанне, хачу вам сказаць, — пераканана Аксана Раманенка, выканаўчы прадзюсар Дзмiтрыя Данiленкi. — Тады можна лiчыць падобнымi ўсiх артыстаў з акадэмiчнай манерай выканання i з оперным рэпертуарам. А чаму Баскаў не прыехаў на конкурс, трэба спытацца ў яго, я раней працавала з Мiкалаем, але мы ўжо даўно не кантактуем.

— У маёй сям'i няма прафесiйных музыкантаў, але ў мамы вельмi добры слых, у таты — голас, дзед быў скрыпачом-самавучкам, а з мяне атрымаўся гэткi ўдалы мiкс, мне здаецца. Вучыўся ж я вакалу сапраўды збольшага па песнях Баскава, — расказвае сам Дзмiтрый Данiленка. — Але я не хачу "замянiць" цi "змянiць" яго — расiйская эстрада вялiкая, месца ўсiм хопiць. I быць другiм Мiкалаем Баскавым я дакладна не збiраюся, пастараюся стаць першым Дзмiтрыем Данiленкам.

Беларусi не здрадзiў

Дзiўны феномен: мы ганарымся былымi землякамi, якiя ўжо за мяжой дасягаюць вяршыняў у якой-небудзь справе — i не стамляемся нагадваць, што гэта "нашы людзi", але разам з тым не даруем, калi гэтыя землякi выказваюць прыхiльнасць да iншых краiнаў — абвiнавачваем у кароткай памяцi, няўдзячнасцi i г.д. Вось i на навiну пра тое, што ў пераможцы "Славянскага базару" цяпер расiйскае грамадзянства, многiя ўспрынялi ў штыкi — збег, здрадзiў... З дапамогай Дзiмавай мамы Людмiлы Мiхайлаўны Данiленкi мы паспрабавалi расставiць кропкi над "i" ў гэтым няпростым пытаннi.

— Яшчэ да паступлення ва ўнiверсiтэт транспарту ён паступiў у музычны каледж, — узгадвае мама, — i нас угаворвалi, што ў Дзiмы вялiкiя здольнасцi да музыкi, што трэба прадоўжыць музычную адукацыю. Але мы сумнявалiся ў яе перспектыўнасцi, параiлi яму выбраць "нармальную мужчынскую прафесiю", тым больш што Дзiма добра вучыўся ў матэматычным класе. Аднак толькi ён паступiў у БелДУТ, i 1 верасня я прыходжу дадому i бачу карцiну: на ўсю кватэру гучыць песня Баскава, а Дзiма сядзiць на канапе са слязамi на вачах. "Што такое, — пытаюся, — ты не рады, што паступiў у iнстытут?" — "Не. Мама, я сумняваюся, цi правiльна я зрабiў". I тады я вырашыла: прыкладу ўсе намаганнi, каб сын не здраджваў свайму прызванню.

Дзiма адразу пачаў займацца вакалам у дасведчанага прыватнага педагога, усе пяць гадоў у ВНУ удзельнiчаў у розных конкурсах. Да перамогi ў "Славянскiм базары" меў ужо тры Гран-пры мiжнародных конкурсаў (у Чарнiгаве, Смаленску i Маскве). I паўсюль з iм ездзiла мама, добраахвотна выконваючы ролю прадзюсара, дапамагаючы падбiраць рэпертуар i забяспечваючы самую гарачую падтрымку.

— Многiя неадназначна ўспрынялi навiну пра тое, што Дзiма перабiраецца ў Маскву i працуе з расiйскiмi прадзюсарамi...

— Калi ён удзельнiчаў у тэлевiзiйным конкурсе "Фэст маладых", абяцалi далейшы ўдзел у мiжнародных конкурсах. Па-мойму, двойчы Дзiма падаваў заяўку на "Славянскi базар" у Беларусi — i яго не прапускалi, спасылаючыся на "акадэмiчную манеру выканання". Усе знаёмыя казалi: вось бы здарыўся цуд i ён прабiўся ад Расii — але мы ў гэта не верылi... Як бачыце, цуды ўсё ж бываюць — Дзiма не толькi прабiўся, але i рэабiлiтаваў i сябе, i сваю манеру выканання, узяўшы Гран-пры. Значыць, так было Богу патрэбна.

— Цi часта сын цяпер бывае дома?

— Вельмi рэдка i ненадоўга — крыху адпачыць, убачыцца з намi i з сябрамi. Але Беларусi Дзiма не здрадзiў, паверце...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

 

 

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на ўсеагульныя перажываннi наконт крызiсу, на ўзнагароды для маладых выканаўцаў "Славянскi базар" сёлета шчодры. Акрамя асноўных
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика