Новае амплуа Святланы Сухавей
Новае амплуа Святланы Сухавей
Чалавек ад культуры ў парламенце лабiруе iнтарэсы творцаў
Калi вы чытаеце iнтэрв'ю са Святланай Сухавей, значыць, парламенцкаму карэспандэнту "Звязды" пашанцавала. Заслужаная артыстка Беларусi, абраная дэпутатам на мiнулых парламенцкiх выбарах, не тое каб не любiць даваць iнтэрв'ю — яна стараецца iх пазбягаць. З-за шчыльнага графiка ды з-за таго, што пiяру ёй i без таго хапае — дэпутата i цяпер можна пабачыць, толькi ў iншым амплуа — актрысы — на экранах i на сцэне Тэатра-студыi кiнаакцёра (яна iграе ў спектаклях "Мы iдзём глядзець Чапаева", "Пiгмалiён", "Галубчык", "Выкраданне Алены", "Навек у памяцi", "Заноза", "Шчаўкунчык" — многiя з iх вы зможаце паглядзець у новым тэатральным сезоне). Аднак тут сышлiся зоркi, ва ўсiх сэнсах: абедзве мы па гараскопе — скарпiёны, i дэпутатам Святлана Iванаўна абраная ад "маёй" акругi — мiнскай Масюкоўшчынскай. Клопат пра аўтараў — на авансцэнеЛагодная i далiкатная манера гаварыць, гэтыя пастаянныя памяншальна-ласкальныя суфiксы ў гутарцы, прыемны меладычны голас прафесiйнай актрысы аказваюць на мяне рэлаксуючы эфект, i пад "гiпнозам" яе мяккiх жэстаў я ледзь не забываюся, чаго прыйшла... Намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчным прагрэсе цяпер працуе над папраўкамi ў закон аб аўтарскiм праве i сумежных правах. Прычым не толькi як дэпутат профiльнай камiсii, але i як распрацоўшчык — Святлану Сухавей запрасiлi ў рабочую групу па падрыхтоўцы законапраекта. Чакаецца, што ён паступiць на разгляд парламентарыяў ужо на пачатку наступнага года. А пакуль дыскусii ў самым разгары. Чыноўнiкi i творцы мадэлююць сiтуацыi, якiя могуць узнiкнуць з прыняццем той цi iншай нормы, i спрабуюць прыйсцi да кансэнсусу. — Аўтары часта скардзяцца, што не заўсёды яны атрымлiваюць узнагароджанне, прадугледжанае дзейным законам. Механiзм часам не спрацоўвае, — зазначае "мой" дэпутат. Вось беларускiя заканадаўцы i ўзялiся расставiць усе кропкi над "i". Новы нарматыўны акт цiкавiць фактычна ўсiх творцаў — столькi сфераў ён ахоплiвае. — З'явiлася магчымасць палепшыць становiшча вельмi шырокага спектра аўтараў — пiсьменнiкаў, мастакоў, тэатральных дзеячаў, музыкантаў, кампазiтараў, кiнематаграфiстаў, сцэнарыстаў i шмат якiх iншых, у тым лiку i тых, хто валодае сумежнымi правамi, напрыклад, выканаўцаў i вытворцаў фанаграм, — кажа Святлана Сухавей. Ва ўмовах, калi сусветнае павуцiнне зацягвае ўсё больш карыстальнiкаў i дае iм мноства магчымасцяў, складанасцi з капiрайтам узнiкаюць усё часцей.— Таму так важна ў новай рэдакцыi закона адлюстраваць нормы, звязаныя з выкананнем аўтарскiх правоў пры выкарыстаннi кнiг, электронных выданняў i iншых твораў навукi, лiтаратуры i мастацтва ў бiблiятэчнай дзейнасцi, развiць нормы аб прававой ахове баз звестак, камп'ютарных праграм, узмацнiць ахову правоў выканаўцаў, вытворцаў фанаграм i арганiзацый эфiрнага i кабельнага вяшчання, — падкрэслiвае суразмоўнiца. — Важнае месца ў законапраекце адводзiцца пытанням рэгулявання адносiнаў у галiне калектыўнага кiравання маёмаснымi правамi. Выразна прапiсваецца таксама стварэнне i выкарыстанне службовых твораў, спосабы аховы парушаных правоў. Шмат адпаведна i зацiкаўленых ведамстваў — гэта многiя мiнiстэрствы i ўсе творчыя згуртаваннi. Адно з такiх — Беларускую гiльдыю акцёраў кiно — больш за 20 гадоў узначальвае Святлана Сухавей. Гэта практыка спатрэбiлася ў дэпутацкай рабоце. — Мая прынцыповая пазiцыя — калi мы аб нечым спрачаемся, разглядаем новую норму, то яна павiнна быць у паляпшэнне становiшча творцаў i ў адпаведнасцi з нашымi мiжнароднымi пагадненнямi i заканадаўствамi iншых краiн, — кажа яна. Амерыканская сiстэма ў беларускiм жанрыЯк чалавек ад кiно Святлана Сухавей найбольш дасканала валодае праблемамi, звязанымi з кiнамастацтвам i вакол яго. — Законы аб аўтарскiм праве i сумежных правах амаль адначасова былi прыняты ў краiнах постсавецкай прасторы больш як 10 гадоў таму. I складанасцi iх прымянення ва ўсiх нас аднолькавыя, асаблiва ў аўдыёвiзуальнай сферы. Так атрымлiваецца, што iх дзеянне не распаўсюджваецца на карцiны, створаныя да ўваходжання ў сiлу гэтых законаў. Многiя з тых фiльмаў палюбiлiся гледачам, часта з'яўляюцца ў пракаце, на тэлебачаннi, i, вядома ж, несправядлiва, што артысты i рэжысёры не маюць фiнансавай кампенсацыi за той унёсак, якi зрабiлi". Цяжкасцi ёсць i з тым, каб адсачыць сам факт выкарыстання фiльма. I калi айчынны кiнапракат больш празрысты, то расiйскi... праверкi на транспарэнтнасць не вытрымлiвае, i ацанiць, якiя грошы ў iдэале павiнны мець аўтары i студыi, што стварылi кiнастужку, — вельмi цяжка. Спрэчкi выклiкае i сама сiстэма аплаты творчай работы. — У нас схiльныя лiчыць, што калi заплацiў акцёру ганарар, то i ўсе правы адразу набыў, — расказвае пра беларускую кiнарэчаiснасць Святлана Сухавей. — Акцёры цяпер працуюць з уступкай сваiх правоў, аднак гэта сiстэма амерыканская — там i ўзроўнi ганарараў абсалютна iншыя. Таму, мне падаецца, мы павiнны арыентавацца на еўрапейскую сiстэму. Я была ў таварыстве па ахове сумежных правоў артыстаў кiно ў Данii, там ёсць агенцтва па калектыўным кiраваннi правамi акцёраў кiно, якое збiрае ўзнагароджаннi. Супрацоўнiкi атрымлiваюць з усёй краiны iнфармацыю, дзе прайшла карцiна (маецца на ўвазе прагляд на камерцыйнай аснове) — цi то ў гасцiнiцы, у малой кiназале альбо на тэлебачаннi. У любым выпадку тыя, хто фiльм выкарыстаў, павiнны адразу паведамiць пра гэта. Нi ў кога i сумненняў няма, што можа быць iначай. Агенцтву застаецца толькi ацанiць, на якi працэнт адлiчэнняў мае права кожны артыст у адпаведнасцi са сваiм ганарарам". На думку дэпутата, самае галоўнае, каб у нашым заканадаўстве было прапiсана, што выканаўца мае на гэта права, як i на тое, каб такое агенцтва было створана ў нашай краiне. — У новай рэдакцыi закона вельмi важная асветнiцкая частка — для самiх творчых супрацоўнiкаў, — адзначае мая суразмоўнiца. — Бо часам мы проста не ведаем сваiх правоў, i не ўсе з нас (аўтары i выканаўцы) могуць настаяць на сваiм. Калi сёння ты будзеш з шумам адстойваць свае правы, назаўтра цябе могуць не запрасiць у карцiну, на канцэрт, спектакль i гэтак далей. Пiрацтва таксама не абыходзiць бокам беларускае кiно. "Не паспяваем яшчэ завяршыць работу над карцiнай, як ужо з'яўляецца недзе яе копiя. Мы страчваем на гэтым вельмi шмат", — кажа Святлана Сухавей. Спрэчных пытанняў у новым законапраекце мноства, як i самiх спрачальнiкаў, у кожнага боку — шэраг прапаноў i заўваг. — Я пажартавала ўжо на гэты конт, — згадвае Святлана Iванаўна, — маё дэпутацтва ўсяго на чатыры гады, давайце пастараемся паспець з разглядам гэтага законапраекта". Не выключана, што цяпер з прыняццем Канцэпцыi развiцця кiнематаграфii на 2009 — 2014 гады спатрэбяцца i змяненнi ў закон аб кiнематаграфii. — Прыемна, што новы мiнiстр культуры Павел Латушка сустрэўся з кiнематаграфiстамi, яго цiкавiць гэтая галiна, тое, як яе можна развiць, якiя ёсць пажаданнi ў творцаў. Я думаю, што мы яшчэ вернемся да пытання кiнематографа — гэта вельмi няпростая сфера, якая залежыць i ад падтрымкi дзяржавы, i ад творчага патэнцыялу, i ад таго, як мы рыхтуем кадры, — адзначае дэпутат. Сярод выбаршчыкаў няма другарадных персанажаўДоўгi вопыт грамадскай работы, на думку Святланы Сухавей, многаму яе навучыў. — Прынамсi, разважлiвасцi i дыпламатычнасцi. Бо ў юнацтве была непрымiрымай, бескампрамiснай максiмалiсткай, гатова была адмовiцца ад ролi дзеля прынцыповасцi. Цяпер стала больш цярпiмай. Навучылася выслухоўваць, вышукваць рацыянальнае зерне. Вось калi ў акрузе з людзьмi размаўляю, спрабую зразумець — у гэты момант чалавек проста хоча выгаварыцца, цi яго турбуе праблема, якая сапраўды не вырашаецца па чыёйсьцi вiне. Фрунзенскi раён сталiцы — самы буйны, i развiваецца ён дынамiчна. — Тут будуецца фактычна ўвесь горад, — кажа Святлана Iванаўна. I сёння мне тэлефануюць жыхары новых дамоў, якiх яшчэ i не было на карце падчас маёй перадвыбарнай кампанii. Жыллёвае будаўнiцтва iдзе вельмi шпаркiмi тэмпамi, а iнфраструктура пакуль яшчэ не паспявае за iм. Аднак у перспектыве ўсё будзе, вось i дзiцячы садок нядаўна на вулiцы Калеснiкава адкрылi — прыгожы, уладкаваны, душа радуецца, а хутка i школа адкрыецца. Усё ж адтуль пачынаецца — са школы i дзiцячага садка... Мару, каб у кожным дзiцячым садку была належная апаратура i дыскi з айчыннымi кiна- i мультыплiкацыйнымi дзiцячымi фiльмамi. Каб з малых гадоў прызвычайвалiся да найлепшых айчынных фiльмаў, на якiх выраслi iх бацькi, да сваёй, беларускай культуры. Разумею, што гэта не надта лёгка, аднак у мяне гэта iдэя спее, будзем старацца. Выбаршчыкi iдуць да свайго дэпутата з усiмi бытавымi праблемамi: добраўпарадкаванне i камунальныя спрэчкi, будаўнiцтва i льготныя крэдыты. — Многiя лiчаць, што дэпутат павiнен валодаць здаровым цынiзмам, адсякаць праблемы, якiя не адносяцца да яго абавязкаў. У мяне такога няма, i дзякуй Богу. Спадзяюся, так будзе i надалей, — дзелiцца з намi сваiмi развагамi Святлана Сухавей. — Часам дастаткова проста патлумачыць сiтуацыю: людзi баяцца, што iх падманваюць, а слову дэпутата яны больш давяраюць. Гэтым трэба даражыць! З адмiнiстрацыяй Фрунзенскага раёна ў мяне ёсць узаемаразуменне, мне вельмi прыемна — яны ўважлiва ставяцца да маiх зваротаў. Жыхары раёна часам звяртаюць увагу на сiтуацыi, якiя выцякаюць з канкрэтнага закона i прапаноўваюць карысныя iдэi для заканадаўчай дзейнасцi, так што падказваюць мне мае выбаршчыкi. Прыёмы грамадзян заўжды насычаныя, без антрактаў, што называецца. — Бывае, i да дзевяцi вечара сядзiш, — кажа Святлана Сухавей. — Пакуль я сустракаюся з выбаршчыкамi ў розных месцах — знаёмлюся з рознымi куткамi акругi i да жыхароў стараюся быць блiжэй. Наступным разам са сваёй праблемай да прадстаўнiка вашых iнтарэсаў у парламенце можна будзе звярнуцца 10 жнiўня ў Цэнтры дзiцячай творчасцi "Эўрыка" з 17 гадзiн. З новым рэквiзiтам— Парламенцкая камiсiя, у якой я працую, мне вельмi падабаецца. Людзi ў нас кампетэнтныя, карэктныя, тактоўныя, я адчуваю сябе камфортна, — прызнаецца Святлана Сухавей. — Хоць самi разумееце, першы час было вельмi цяжка ў новай ролi. Аднак у мяне ёсць даўняя звычка (усё ж часта даводзiлася ездзiць на здымкi) ствараць сабе маленькi "дом" на новым месцы, каб адчуваць сябе ўтульна. I тут, спадзяюся, атрымаецца. Не расстаецца Святлана Сухавей i з ужо звыклым за столькi гадоў "домам" — кiнастудыяй "Беларусьфiльм" i яе тэатрам. — Мой столiк па-ранейшаму стаiць у грымёрцы, i я iграю спектаклi, у якiх занятая. Было б няправiльна расстацца з прафесiяй, якой прысвяцiла сваё жыццё. Тым больш, што гэта прафесiя, у якой можна працаваць да глыбокай старасцi... калi ты запатрабаваны, вядома ж. У тэатры нiхто, вiдаць, i не заўважае, што нешта перамянiлася ўва мне, што я працую ў iншым месцы. Адно, што засмучае Святлану Сухавей, дык гэта тое, што няшмат людзей ад культуры працуе сёння ў парламенце. — Мне жыццёва не хапае людзей, якiя прафесiйна займалiся б гэтай сферай. Культура — вельмi важная галiна для дзяржавы, яна цягне за сабой узровень культуры побыту. Культура — гэта не нешта эфемернае, яна — у кожным доме, у паводзiнах кожнага чалавека. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi вы чытаеце iнтэрв'ю са Святланай Сухавей, значыць, парламенцкаму карэспандэнту "Звязды" пашанцавала. Заслужаная артыстка Беларусi, |
|