СПРАВЫ ГАСПАДАРЧЫЯ, СПРАВЫ СУДОВЫЯ...
СПРАВЫ ГАСПАДАРЧЫЯ, СПРАВЫ СУДОВЫЯ...
Дэбюракратызацыя
У Баранавiчах павiнен быў правесцi прыём грамадзян i прадстаўнiкоў суб'ектаў гаспадарання старшыня Вышэйшага Гаспадарчага суда Рэспублiкi Беларусь Вiктар Камянкоў. Але па ўважлiвай прычыне зрабiць гэтага ён не здолеў, i наведвальнiкаў прымаў старшыня гаспадарчага суда Брэсцкай вобласцi Сяргей Кулак. Колькасць заяўнiкаў i характар iх зваротаў ад гэтага не змянiлася. Многiя з наведвальнiкаў не могуць вырашыць сваiх праблем гадамi, таму скардзiлiся, што ў судах не знайсцi праўды. Іншым разам чалавек упэўнены настолькi моцна ў сваёй праўдзе, што вывесцi яго з працэсу барацьбы ўжо немагчыма. Вось пенсiянер з 1986 года змагаецца за аўтамашыну, якая была канфiскавана ў яго сына судом. Бацька даказвае, што машыну купiў ён, але аформiў на сына, а калi таго асудзiлi, то забралi i машыну. — Ён капейкi не ўклаў у той аўтамабiль, а я будаваў дамы, гасцiнiцу, Дом культуры... i гэта мы купiлi машыну, — даказвае пенсiянер. Справа безнадзейная, бо па дакументах аўтамашына належала сыну i была яго маёмасцю, але 23 гады чалавек вядзе барацьбу... Калi ў Баранавiчах некалькi гадоў таму прыязджаў Прэзiдэнт Беларусi, пенсiянер перадаў яму сваю скаргу. Справа разглядалася паўторна ў Брэсце, i вынiк той жа, бо няма нiякай падставы для вынясення iншага рашэння. Тым не меней ад суда чалавек патрабуе, каб было вынесена рашэнне на яго карысць i дзяржава выплацiла кошт таго "Масквiча". У пакой прыёму ўвайшоў чарговы наведвальнiк, i зноў такая ж сiтуацыя. Анатоль Б. служыў у мiлiцыi i, калi ён быў дзяжурным, два лейтэнанты пабiлi пасяленца, бацьку 4 дзяцей, якi ад тых пабояў i памёр. У час следства лейтэнанты паказалi, што i дзяжурны прымаў удзел у тым эпiзодзе. За гэта Б. з мiлiцыi i партыi "папрасiлi". Але праз нейкi час яму ўдалося ўладкавацца на службу ў калонiю на поўначы СССР. Была гэта гiсторыя 25 гадоў таму — цэлая вечнасць. I вось чалавек ужо немаладога веку ўспомнiў, што пенсiя ў яго была б значна большая, калi б улiчылi два гады службы ў калонii. — Закончылiся даўно ўсе тэрмiны, калi можна было б апратэставаць рашэнне. Той загад, па якiм чалавека звольнiлi з мiлiцыi, нiхто не адмяняў, яго ўзялi ў калонiю на службу наноў...i няма нiякiх падстаў, каб суд прыняў пастанову на карысць скаржнiка. Розныя бываюць людзi. У гэтым пакоi я зноў убачыў аднаго чалавека, якi дзесяць гадоў таму быў у мяне на прыёме. Тады я яму ўсё растлумачыў, напэўна, мяне ён не запомнiў, але я бачу, што ўсе гэтыя гады чалавек працягвае хадзiць па розных iнстанцыях, — сказаў Сяргей Кулак. Гэтыя прыклады прыведзеныя таму, што яны даволi тыповыя. I справа тут не толькi ў тым, што чалавек змагаецца дзесяцiгоддзямi, а насцярожвае тое, што ён шукае ўплывовую асобу ў структурах улады, якая росчыркам пяра ўсё змянiла б на яго карысць. Вярхоўны Суд пакiнуў рашэнне больш нiзкай iнстанцыi ў сiле, справа была ў адмiнiстрацыi Прэзiдэнта.... застаецца сваю праўду шукаць толькi ва Усявышняга. Дарэчы, многiя гаварылi, што ўжо звярталiся ў мiжнародныя структуры, але хуценька адыходзiлi ад гэтай тэмы. — Практыка паказвае, што з 10 наведвальнiкаў, якiя прыходзяць на такiя прыёмы, прыкладна 3-4 чалавекi ўжо сталi прафесiйнымi скаржнiкамi. Iх ведае не толькi мясцовая ўлада, але i судовыя структуры, — кажа старшыня гаспадарчага суда Брэсцкай вобласцi. Сапраўды, такiя людзi былi i на гэтым прыёме, i не толькi згаданыя вышэй. Мiж тым многiя не могуць вырашыць праблемы сапраўдныя, не надуманыя. Дзелавы чалавек заключыў дагавор на будаўнiцтва салона i заплацiў агавораную суму (больш за 1 млрд 200 млн рублёў). Аб'ект павiнны былi здаць два гады таму, але забудоўшчык запатрабаваў дадаткова яшчэ 473 мiльёны. Пачалiся судовыя разборкi, у вынiку якiх ад тых мiльёнаў забудоўшчык адмовiўся. Затым высветлiлася, што 250 млн рублёў з агаворанай дагаворам сумы не выкарыстана. I ў вынiку было заключана мiравое пагадненне. Атрымалася парадаксальная сiтуацыя. Дабудаваць аб'ект не могуць, бо няма грошай, i перадаць гаспадару таксама нельга, бо трэба будзе вярнуць нявыкарыстаную суму, якой таксама няма. А каб судзiцца, неабходна плацiць пошлiну, якая залежыць ад сумы дагавора. Заплацiў чалавек 7 мiльёнаў — справу прайграў, трэба далей плацiць. У адным жыллёвым кааператыве свае праблемы, пра якiя паведамiлi старшыня з бухгалтарам. Iх дом здалi ў эксплуатацыю ў 2006 годзе, а праз год выявiлiся дэфекты, дапушчаныя будаўнiкамi. Упраўленне камунальнага будаўнiцтва (УКБ) было заказчыкам дома i цяпер прыйсцi з iм да паразумення, дабiцца станоўчага вынiку даволi цяжка. Неабходна прад'явiць iск, зрабiць экспертызу, а тэрмiн падачы прэтэнзii канчаецца ў снежнi... А вось iндывiдуальны прадпрымальнiк пакрыўджаны на другога прадпрымальнiка i хоча адсудзiць у яго грошы. Нехта няправiльна аформiў дакументы i стараецца назад вярнуць пэўную суму. Адным словам, дзе грошы — там праблемы . Юрыст аднаго з банкаў у прыёмны пакой зайшла апошняй i перадала лiст на iмя старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда. Пытанне датычыцца даўгоў, якiя маюць суб'екты гаспадарання. — Набралi крэдытаў, а вяртаць не збiраюцца. Поўнае зацiшша. Можа, чакаюць, што спiшуць, — пацiснула плячыма жанчына. Не, на гэты раз, хутчэй за ўсё, не спiшуць. А калi падвесцi рысу пад пачутымi ў гэты дзень скаргамi, то можна сказаць, што ў адных фiнансавыя праблемы надуманыя, у iншых яны ўзнiклi з-за дапушчаных памылак цi няведання законаў. Ёсць i такiя, дзе не спрацавала аператыўна судовая сiстэма. Але ва ўсiх выпадках за гэтымi праблемамi стаяць людзi. Значыць, усе сiтуацыi будуць уважлiва прааналiазаваныя. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Баранавiчах павiнен быў правесцi прыём грамадзян i прадстаўнiкоў суб'ектаў гаспадарання старшыня Вышэйшага Гаспадарчага суда Рэспублiкi Беларусь |
|