Куды вядзе чыгунка?
Куды вядзе чыгунка?
Колькасць крымiнальных злачынстваў, учыненых падлеткамi на транспартных аб'ектах, за шэсць месяцаў гэтага года павялiчылася больш як на 50 %. Пераважаюць злачынствы карыслiвай накiраванасцi, такiя, як крадзяжы, грабяжы, разбоi, махлярствы. Большасць з iх учынена на чыгунках. Яшчэ паўгода таму 16-гадовая Алiна наведвала звычайную вясковую школу. Цяпер яна вучыцца ў спецыяльнай навучальна-выхаваўчай установе. Суд прызнаў дзяўчынку вiнаватай у двух крадзяжах i прыгаварыў да пазбаўлення волi на тэрмiн 1 год 8 месяцаў. Пакуль дачка адбывае пакаранне, мацi выплачвае грошы пацярпелым жанчынам. А сума для вёскi iстотная — амаль 400 тысяч рублёў. Месцам для нажывы Алiна абрала чыгунку. З першай ахвярай яна пазнаёмiлася ў будынку чыгуначнага вакзала ў Маладзечне. Калi стомленая жанчына заснула, украла ў яе сумку. Чаго там толькi нi было: ключы, касметыка, два мабiльныя тэлефоны, залатыя ўпрыгажэннi... Праз месяц дзяўчынка паехала ў Мiнск. Выйшаўшы з цягнiка, накiравалася ў падземны пераход станцыi метро "Плошча Ленiна". Там прыкмецiла жанчыну з сумкамi, якой стала дрэнна. Прапанавала дапамогу. І як толькi тая адвярнулася, Алiну як ветрам здзьмула разам з чужой сумкай. I гэта толькi адзiн з мноства прыкладаў пакалечанага ўласнымi рукамi лёсу. Самае страшнае, паводле слоў пракурора аддзела па наглядзе за следствам у органах пракуратуры i ў органах ўнутраных спраў Беларускай транспартнай пракуратуры Васiля ПАШКОВIЧА, большую частку злачынстваў на чыгунцы ўчыняюць п'яныя падлеткi. Нярэдка п'янству малых спрыяюць i дарослыя: сёлета выяўлена 70 дарослых, якiя прыцягвалi няпоўнагадовых да ўжывання спiртных напояў, 49 работнiкаў гандлю, якiя прадавалi iм спiртное. I гэта толькi за паўгода. Так i хочацца спытаць: дзе ў гэты час знаходзiлiся iх бацькi?.. Выклiкае трывогу i рост няшчасных выпадкаў на аб'ектах транспарту. На працягу 6 месяцаў сёлета загiнула 7 падлеткаў, 3 траўмаваныя. — Мы штогод праводзiм прафiлактычныя мерапрыемствы, расказваем у школах i летнiках, як трэба паводзiць сябе на чыгунцы, у цягнiках. Арганiзоўваем экскурсii па чыгуначных аб'ектах для няпоўнагадовых, схiльных да правапарушэнняў. Але намаганняў транспартных пракурораў, паверце, недастаткова. Трэба, каб бацькi тлумачылi дзецям з самых пялюшак, што такое "добра", а што такое "дрэнна", i кантралявалi iх месцазнаходжанне. А пасажырам трэба быць пiльнымi, не пакiдаць рэчы без нагляду. Надзея ДРЫЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькасць крымiнальных злачынстваў, учыненых падлеткамi на транспартных аб'ектах, за шэсць месяцаў гэтага года павялiчылася больш як на 50 %. Пера
|
|