Пасярэдзiне кантракты не спыняюць
Пасярэдзiне кантракты не спыняюць
Мець невысокую зарплату кепска, але застацца без працоўнага месца — яшчэ горш. Мiж тым, сёлета многiя прадпрыемствы сталi адчуваць дэфiцыт заказаў, i ў вынiку сутыкнулiся з праблемай "лiшняга персаналу". А адсюль i па-сапраўднаму папулярныя пытаннi да ўдзельнiкаў "выязной прыёмнай" Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы ў Астравецкiм i Ашмянскiм раёнах: хто мае дадатковыя перавагi па кантрактах, як праводзiцца перавод на iншую пасаду, што трэба памятаць пры скарачэннi штатаў, i ў рэшце рэшт — да якiх межаў могуць "пашырацца" службовыя абавязкi? Раней — з выхадной дапамогай Галоўная ўмова для працягу кантракта — гэта згода работнiка i наймальнiка. I калi адзiн з бакоў жадання не мае, то неяк паўплываць на яго рашэнне па сутнасцi ўжо немагчыма. Дадатковыя гарантыi па "захаваннi" працоўнага месца вызначаныя толькi для асобаў у перадпенсiйным узросце i жанчын з дзецьмi да 5 гадоў. Iншыя катэгорыi нiякiх пераваг не маюць. I ў тым лiку гаворка iдзе аб адзiнокiх мацi, што выхоўваюць дваiх i больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, — пакiнуць такiх жанчын на ранейшым месцы кiраўнiцтва абавязанае толькi ў выпадку, калi адпаведная "броня" прадугледжаная ў калектыўным дагаворы. Зрэшты, сiтуацыя з працягам кантрактаў — праблема не адзiная. Апошнiм часам на прадпрыемствах узнiкае i iншае пытанне: цi можа з улiкам пагаршэння эканамiчнай сiтуацыі кiраўнiцтва завода пайсцi на спыненне кантракта... у сярэдзiне яго тэрмiну? — Кантракт — гэта пагадненне двух бакоў, адпаведна, спынiць яго датэрмiнова магчыма толькi з прычыны якiх-небудзь "вiнаватых" дзеянняў або зноў-такi паводле ўзаемнай згоды, — падкрэслiвае намеснiк начальнiка прававога забеспячэння i нагляду Дэпартамента дзяржiнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Вадзiм Браташ. — I калi такой згоды работнiк не дае, то звольнiць яго можна толькi па скарачэннi. Але тут ужо iснуюць iншыя правiлы. Прыняць рашэнне аб скарачэннi колькасцi або штату работнiкаў наймальнiк мае поўнае права. Але ў той жа час ён мусiць пiсьмова папярэдзiць работнiка аб сваiм намеры не пазней чым за два месяцы. Прычым на працягу двух месяцаў гэтага папярэджання работнiк павiнен знаходзiцца на сваiм месцы i выконваць ранейшыя абавязкi, задача ж наймальнiка — плацiць зарплату. А непасрэдна пасля скарачэння работнiк атрымлiвае выхадную дапамогу — у памеры трох сярэднямесячных заробкаў. — Сапраўды, наймальнiк можа абысцiся без 2-месячнага папярэджання, але ў такiм выпадку работнiку з яго згоды робiцца дадатковая выплата ў памеры яго двух сярэднiх заробкаў, — працягвае Вадзiм Браташ. — Да таго ж, у адрозненне ад сiтуацыi са спыненнем кантракта, падчас скарачэння работнiк мае яшчэ адзiн "бонус" — яму павiнны прапанаваць для ўладкавання ўсе вакансii паводле квалiфiкацыi, што застаюцца ў арганiзацыi. I калi такiх прапаноў не было, ёсць падставы для звароту ў суд. Iншае месца толькi са згоды Перавод на новае месца — практыка даволi распаўсюджаная. Аднак вось сiтуацыя: работнiк даведваецца аб сваiм "прызначэннi" на iншую пасаду толькi постфактум. I знаёмiцца з адпаведным загадам са "спазненнем" на два месяцы. — Перавод на iншую пасаду ў аднаго i таго ж наймальнiка магчымы толькi са згоды работнiка, i больш за тое — у выпадку пераводу заключаецца новы працоўны дагавор, — распавядае Вадзiм Браташ. — Калi ж гэтыя патрабаваннi не выкананыя, то ёсць падстава звярнуцца на працягу трох месяцаў у суд. Як паказвае практыка, у такой сiтуацыi суд можа "замацаваць" за работнiкам "старое" месца. Да таго ж у выпадку, калi ў вынiку пераводу работнiку быў нанесены матэрыяльны ўрон (скажам, адбылося знiжэнне зарплаты), у дачыненнi да вiнаватай службовай асобы могуць быць выкарыстаны санкцыi. I гаворка iдзе аб штрафе ў памеры ад 4 да 20 базавых велiчынь. Iнструкцыi складаюць не з галавы Яшчэ адна сiтуацыя. Работнiка пераводзяць на iншую пасаду з меншай зарплатай. Але пры гэтым прапануюць падпiсаць службовую iнструкцыю... па сутнасцi з ранейшымi абавязкамi. Наколькi гэта законна? — Справа ў тым, што ў нас iснуюць класiфiкатары пасад службоўцаў для ўсiх галiн эканомiкi, — адзначае Вадзiм Браташ. — У тым лiку ў класiфiкатарах вызначаны патрабаваннi для ўсiх пасад, i службовыя iнструкцыi распрацоўваюцца менавiта на падставе гэтых патрабаванняў. Адпаведна, спроба адвольна пашырыць кола абавязкаў — гэта парушэнне. I тут ёсць падстава паспрачацца з кiраўнiцтвам. Камiсiя цi суд Наступствы канфлiкту памiж работнiкам i кiраўнiком вядомыя: звычайна тут пачынае актыўна выкарыстоўвацца практыка вымоў. У вынiку гэта можа прывесцi да звальнення "за сiстэматычнае невыкананне абавязкаў". Мiж тым, што рабiць, калi з вымовамi работнiк не згодны? — Выкарыстанне дысцыплiнарных спагнанняў — права таго ж наймальнiка, — зазначае Вадзiм Браташ. — Галоўнае, каб наймальнiк запатрабаваў пiсьмовае тлумачэнне, азнаёмiў работнiка з адпаведным загадам, вытрымаў пэўныя тэрмiны — накласцi спагнанне можна не пазней чым праз месяц з дня выяўлення i не пазней чым праз 6 месяцаў з дня здзяйснення правiннасцi. Разам з тым, калi з вымовай работнiк не згодны, то на працягу трох месяцаў ён можа звярнуцца ў камiсiю па працоўных спрэчках сваёй або вышэйшай арганiзацыi. Тут павiнны разгледзець пытанне максiмум за 10 дзён. Прычым калi рашэннем камiсii работнiк не задаволены, ёсць шанц адстойваць свой пункт гледжання надалей — для гэтага трэба зноў-такi на працягу 10 дзён падаць заяву ў суд. Работнiк, якi не з'яўляецца членам прафсаюза або заняты ў арганiзацыi без камiсii па працоўных спрэчках, можа аспрэчыць тую ж вымову адразу ў судзе. Плацiць нiякiх пошлiн тут не давядзецца. Важна толькi не прапусцiць тэрмiн: звярнуцца ў суд неабходна таксама на працягу трох месяцаў з часу вынясення дысцыплiнарнага спагнання. Хто аднаўляе працоўную кнiжку? Апошнi дзень працы — гэта канчатковы разлiк i працоўная кнiжка "на рукi". Правiла нiбыта простае. Але не заўсёды выканальнае. Бо калi-нiкалi падчас звальнення высвятляецца: працоўная кнiжка недзе... згубiлася. — Звычайна гэта пытанне вырашаецца выдачай дублiката — у дадзеным выпадку неабходна на працягу года звярнуцца да ранейшага наймальнiка, — адзначае Вадзiм Браташ. — Iншая рэч, калi ўзнiкае спрэчка: хто ўсё ж павiнен аднаўляць запiсы ў кнiжцы за ўвесь час папярэдняй працоўнай дзейнасцi? Тут давядзецца звяртацца ў суд. Пры гэтым калi суд вырашыць, што кнiжка страчана наймальнiкам — абавязак "пошуку" будзе ўскладзены на яго. Але калi будзе вызначана, што вiнаваты сам работнiк, то збiраць звесткi давядзецца ўжо самастойна. Што вiнен — аддаць павiнен Не сакрэт, што папулярнасць банкаўскiх крэдытаў на спажывецкiя мэты была вялiкай яшчэ летась. "Пазычалi" грошы многiя. Але зараз даўгi даводзiцца вяртаць, i часам гэта — праблема. I адсюль — рашэннi аб утрыманнях на падставе выканальнiцкiх лiстоў. Аднак цi магчыма праводзiць падобныя ўтрыманнi з пенсii па iнвалiднасцi, памер якой атрымлiваецца нiжэйшым за бюджэт пражытковага мiнiмуму? — Калi прынятае адпаведнае судовае рашэнне, утрыманнi будуць праводзiцца, — заўважае Вадзiм Браташ. — Пры гэтым у тым лiку даўгi могуць спаганяцца з пенсii, якая не перавышае БПМ. Водпуск з варыянтамi Муж i жонка з'яўляюцца прёмнымi бацькамi, i ў сувязi з гэтым маюць права на водпуск. Сёлета ён складае 65 каляндарных дзён, i сам па сабе гэты тэрмiн падаецца немалым. Але вось праблема: у сапраўднасцi адпачынак працягваецца ўсяго тры тыднi — менавiта столькi прыёмныя дзецi знаходзяцца ў аздараўленчым лагеры. Надалей бацькi фактычна вымушаны здзяйсняць той жа догляд, што i ў "працоўны" час. Словам, атрымлiваецца, што водпуск нiбыта ёсць. I ў той жа час — яго няма. Як тут быць? Варта адразу ж заўважыць: сiтуацыя выглядае заблытанай. Але не безвыходнай. I ў гэтым выпадку ёсць некалькi шляхоў. Так, па-першае, iснуе варыянт кампенсацыi за нявыкарыстаную частку адпачынку. А, па-другое, прыёмная мацi i бацька могуць узяць водпуск у розны час. I ў вынiку проста "замянiць" адно аднаго. Сяргей ГРЫБ. Астравецкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мець невысокую зарплату кепска, але застацца без працоўнага месца — яшчэ горш. Мiж тым, сёлета многiя прадпрыемствы сталi адчуваць дэфiцыт заказаў, i
|
|