Гарадзенскi маёнтак КАРОБЧЫЦЫ чароўнае спатканне з прыродай
Гарадзенскi маёнтак КАРОБЧЫЦЫ чароўнае спатканне з прыродай
Дзякуючы Гродзенскаму мясакамбiнату непадалёк ад абласнога цэнтра створаны ўнiкальны прыродна-архiтэктурны ансамбль пад адкрытым небам. Гарадзенскi маёнтак "Каробчыцы", якi размешчаны за дванаццаць кiламетраў ад горада над Нёманам, журналiсты "Звязды" ўпершыню наведалi два гады таму. І, нядаўна зноў пабываўшы ў гэтым агратурыстычным комплексе, былi проста здзiўлены той дынамiцы, з якой ён развiваецца. Сёння гэта ўжо гордасць не толькi ААТ "Гродзенскi мясакамбiнат", але i "вiзiтоўка" ўсяго Прынёманскага рэгiёну, аб'ект адпачынку, якi стаў адным з самых папулярных у вобласцi i рэспублiцы. У выхадныя колькасць гасцей "Гарадзенскага маёнтка "Каробчыцы", здараецца, перавышае дзве тысячы (!) чалавек. Нават конi ў дылiжансах працуюць па чарзе, каб можна было адпачыць. Вось вам i дастойны адказ скептыкам (былi яны i ў гэтага праекта), якiя не вераць, што ў Беларусi рэальна арганiзаваць шырока запатрабаваны адпачынак. Зразумела, у нашых умовах не можа быць падабенства на крымскiя альбо турэцкiя пляжы. Але, аказваецца, пры жаданнi можна арганiзаваць i па-сучаснаму прапанаваць тое, што не ўбачыш больш нiдзе. Як на свята! — Сваю галоўную задачу мы бачым у тым, каб людзi прыязджалi ў наш агратурыстычны комплекс як на свята, — зазначае iнiцыятар гэтага праекта, дырэктар ААТ "Гродзенскi мясакамбiнат" Анатоль Грышук. — I, мяркуючы па колькасцi наведвальнiкаў (у мiнулую нядзелю была запоўнена ўся аўтастаянка) i iх настрою, госцi не расчароўваюцца, iм ужо сёння камфортна. Хаця гэта толькi пачатак. Справа для нас новая, самi вучымся i пастаянна думаем, як зрабiць наш маёнтак яшчэ больш прывабным. Не сумняваюся, што наперадзе рэалiзацыя новых, не менш цiкавых задумак. Але ўжо цяпер у гэтым комплексе, стылiзаваным пад сядзiбу XIX стагоддзя, дзе ўсё робiцца з беларускiм нацыянальным каларытам, пад даўнiну, быццам трапляеш у чароўную казку. I яна не пакiдае цябе на ўсёй тэрыторыi ў 16 гектараў з цудоўным прыродным ландшафтам. Фантазiя гаспадароў адчуваецца лiтаральна на кожным кроку, у чым можа пераканаць хаця б альтанка для адпачынку ў форме... цыганскай кiбiткi. Альбо выраблены з дубовай драўнiны "Дзядуля". Дуб — гэта сiмвал мудрасцi, здароўя i ў маёнтку ўжо склалася адпаведная традыцыя, што "Дзядуля" зараджае станоўчай энергiяй i, акрамя таго, калi загадаць жаданне, то яно абавязкова спраўдзiцца. Дарэчы, на прагулку па маёнтку можна спачатку накiравацца пехатой, а затым здзейснiць падарожжа на дылiжансе альбо ў карэце, запрэжанымi коньмi знакамiтай фрыскай пароды. Дзе вы такое ў Беларусi бачылi, каб экскурсiя праводзiлася па натуральных лясных угоддзях з дзiкiмi жывёламi?! Можна паназiраць за дзiкамi i iх парасятамi (цяпер iх там каля дзясятка), аленямi, казулямi, мараламi, экзатычнымi птушкамi ў вальерах, пакуль адзiнокiм страусам, пасвяцца конi i понi... А ў адным з вадаёмаў на тэрыторыi маёнтка неабыякавае вока можа ўбачыць нават белы гарлачык, якi абы дзе не расце, што сведчыць аб добрай аўры ў гэтых мясцiнах.У зоне пешых прагулак, акрамя еўрапейскiх казуляў i аленяў, як дома сябе адчуваюць камерунскiя козы i авечкi, в'етнамскiя свiннi, рэдкiя пароды трусоў... Некаторыя з тутэйшых насельнiкаў у навiну не толькi для дзяцей, але i для студэнтаў ветэрынарнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўнiверсiтэта, якiя праходзяць тут практыку, ды i нават многiх значна старэйшых па ўзросце людзей. Цiкавiмся ў экскурсавода Таццяны Фiлiмонцавай, цi не канфлiктуюць жывёлы i птушкi, якiя размешчаны ў адным вальеры. Не, кажа, нiхто не б'ецца, жывуць дружна, казляняты, напрыклад, гуляюць з аленянятамi. А за парадкам, жартуе Таццяна, сочыць вялiзны дэкаратыўны певень. Ды i размнажаюцца жывёлы вельмi добра. Напрыклад, сёлета два вывадкi ў камерунскiх козаў, прыплод — у камерунскiх авечак, не кажучы аб трусах i нутрыях. I, безумоўна, маёнтак "Каробчыцы" нельга ўжо ўявiць без вельмi камфартабельнай для яе насельнiкаў канюшнi. Там цяпер пражываюць ужо больш за сорак коней i понi розных пародаў, у прыватнасцi, галштынцы, арлоўскiя рысакi, а таксама два прыгажуны фрыскай пароды, якiя выконваюць найбольш адказныя абавязкi па абслугоўваннi гасцей — возяць шыкоўную карэту з маладажонамi (яна выраблена ў Польшчы i з'яўляецца калi не аналагам карэты каралевы Вялiкабрытанii, дык вельмi на яе падобная) i дылiжанс. Дарэчы, у адну з нядаўнiх субот у маёнтку пабывала (цяжка паверыць, але факт!) 28 параў, што бралi шлюб. Фатаграфавалiся, любавалiся гэтымi мясцiнамi з карэты альбо дылiжанса. Мо, трэба яшчэ арганiзаваць тут выязное аддзяленне ЗАГСа? Дарэчы, некаторых коней i понi ў маёнтку лiтаральна вярнулi да жыцця, забраўшы адтуль, дзе на iх лiтаральна паставiлi крыж — недагледжаных, хворых. Цяпер яны па манежы дзяцей вярхом катаюць (зразумела, пад наглядам трэнера), а некаторыя нават занялi прызавыя месцы на рэспублiканскiх спаборнiцтвах у канкуры. — А вось гэта навiчок, другi тыдзень у нас, — дырэктар агратурыстычнага комплексу Алег Бярдула знаёмiць з прыгажуном Буцэфалам. — Паходжанне, мажлiва, i не арыстакратычнае (ад рускага цяжкавоза i беларускай запражной), але бег — проста на заглядзенне. Будзе працаваць у дылiжансе.У найблiжэйшых планах — будаўнiцтва крытага манежу для школы верхавой язды, конных аўкцыёнаў i спартыўных спаборнiцтваў самага высокага ўзроўню. Пакоi для спартсменаў, дарэчы, прадугледжаны на другiм паверсе... канюшнi, з драўлянымi ложкамi i сеннiкамi. Кажуць, што калi правядзеш ноч перад спаборнiцтвамi ў адным памяшканнi з коньмi, то i шанцаў на перамогу будзе больш. Мы пацiкавiлiся ў маёнтку, адкуль паходзiць назва тутэйшага конна-спартыўнага клуба "Амадэус". Аказваецца, такая мянушка была ў любiмага каня Зеваны. А Зевана — гэта ў славянскай мiфалогii багiня палявання. Людзi ўяўлялi яе ў аблiччы прыгажунi, апранутай у багатае футра з меху кунiцы i лукам у руках, а каля ног багiнi ляжала рагацiна, з якой хадзiлi на мядзведзя, i нож. Сёння ў маёнтку "Каробчыцы" арганiзаваны музей фаўны з чучаламi жывёл, ёсць майстэрня, дзе можна паназiраць за працай рэзчыка па дрэве Валянцiна Багдзевiча, а таксама будуецца кузня, каб пазнаёмiць з гэтым рамяством гасцей, а для ахвотных — вырабiць на шчасце падкоўку. Ды i коней трэба падковамi забяспечыць... У перспектыве — будаўнiцтва гасцявых дамкоў у старажытным стылi, дзiцячай гульнявой пляцоўкi, абсталяванне музея сельскага побыту i рамёстваў... Дарэчы, у маёнтку з радасцю i на бязвыплатнай аснове прапануюць сцэну (i 150 месцаў для гледачоў) ахвотным праявiць свае таленты тэатральным, эстрадным, джазавым калектывам, народным ансамблям, салiстам. А для прыцягнення наведвальнiкаў у зiмовы перыяд мяркуюць абсталяваць лыжную трасу, а таксама абучыць тройку коней спецыяльна для катання на санях. Быў бы толькi снег... Не забылi, зразумела, у маёнтку i пра апякунку паляўнiчых i звераловаў, у гонар якой названы тутэйшы рэстаран "Замак Зеваны". У рэстаране наведвальнiкаў сустракае цудоўны дзевяцiметровы вiтраж з выявай багiнi, ёсць таксама драўляныя статуi Зеваны i, згодна з паданнем, яе мужа, бога лясных угоддзяў Святабора. Галоўная зала разлiчана на 70 месцаў. Да паслуг гасцей таксама дзве банкетныя залы на 20 месцаў кожная i невялiкая канферэнц-зала. Iнтэр'ер проста выдатны! А што датычыцца харчавання, то выбар вельмi разнастайны: прапаноўваюцца стравы i беларускай, i рускай, i лiтоўскай, i польскай кухнi. Калi ж ацанiць суадносiны "цана i якасць", то ў "Замка Зеваны", паводле водгукаў некаторых наведвальнiкаў, на сёння наўрад цi будзе шмат канкурэнтаў. Дарэчы, нядаўна Гродзенскi мясакамбiнат першым у Беларусi атрымаў лiцэнзiю на вытворчасць старажытнага славянскага напою "Медавуха", якi цяпер спецыяльна вырабляецца для рэстарана "Замак Зеваны" метадам халоднага зброджвання мёду, вады i шэрагу iнгрэдыентаў. Што можа быць даражэй за дзiцячыя ўсмешкi? Гарадзенскi маёнтак "Каробчыцы" стартаваў як iмiдж-праект мясакамбiната. А сёння, калi ён пачынае даваць прыбытак, яго можна ўжо назваць i бiзнэс-праектам. Але пры гэтым агратурыстычны комплекс не страчвае, а нават пашырае свае сацыяльныя, дабрачынныя функцыi. Гэта ўжо ў традыцыях прадпрыемства i нават адзначана на высокiм мiжнародным узроўнi: прадстаўнiкi ААН нядаўна ўручылi дырэктару ААТ "Гродзенскi мясакамбiнат" Анатолю Грышуку ордэн "Усмешка" — за пастаянную дапамогу, якую прадпрыемства аказвае розным дзiцячым i школьным установам. — Вельмi ганаруся гэтай узнагародай, — кажа Анатоль Грышук. — А тэрмiн "сацыяльная нагрузка" лiчу ўвогуле непрымальным. Бо, акрамя вытворчых, ёсць справы, за якiя трэба брацца па абавязку душы, не шукаючы нiякiх эканамiчных выгодаў. На сёння ўваходны бiлет у агратурыстычны комплекс для дарослых каштуе 5 тысяч рублёў, дзiцячы (6-14 гадоў) — 2500 рублёў, а дзецям да шасцiгадовага ўзросту ўваход бясплатны. А бывае бясплатна i для ўсёй дзятвы, як, напрыклад, нядаўна ў Мiжнародны дзень абароны дзяцей. На свяце, якое арганiзавалi ў маёнтку, пабывала больш за 500 дзяўчатак i хлопчыкаў з малазабяспечаных сем'яў, сiрот, навучэнцаў падшэфнай школы. Выступiлi музычныя, танцавальныя i цыркавыя калектывы, дзецi каталiся на понi i ў дылiжансе, удзельнiчалi ў розных гульнях i конкурсах, а калi прагаладалiся, то вельмi да месца была прадукцыя Гродзенскага мясакамбiната. — Iдэя правесцi такое свята была горача падтрымана калектывам, i нашы работнiкi з такiм жаданнем узялiся за справу... I нiхто не казаў пра эканомiю, — зазначае Анатоль Грышук. I сапраўды, якiмi матэрыяльнымi сродкамi можна змераць "кошт" дзiцячых усмешак? Вiктар ПАЗНЯКОЎ, Барыс ПРАКОПЧЫК, Яраслаў ВАНЮКЕВIЧ (фота). УНП 500043292.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзякуючы Гродзенскаму мясакамбiнату непадалёк ад абласнога цэнтра створаны ўнiкальны прыродна-архiтэктурны ансамбль пад адкрытым небам. Гарадзенскi м
|
|