Падаючы ў Спiс ЮНЕСКА адны аб'екты, мы назiраем за разбурэннем iншых?Падаючы ў Спiс ЮНЕСКА адны аб'екты, мы назiраем за разбурэннем iншых? Беларусi чатыры аб'екты ўключаныя ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Многа гэта цi мала? Нармалёва, бо ва Украiне, якая нашмат большая па плошчы, такiх аб'ектаў усяго тры. А ў некаторых краiнах — адзiн цi нiводнага. Па якiм прынцыпе мы прапануем аб'екты ў гэты Спiс? Чаму нам адмаўляюць? Што дае Спiс ЮНЕСКА Беларусi? Чаму адначасова iншыя помнiкi архiтэктуры знiкаюць, разбураюцца, няграматна рэстаўруюцца?.. Гэтыя пытаннi я паспрабаваў высветлiць у дзвюх гутарках — з чыноўнiцай Мiнiстэрства культуры i экспертам-культуролагам. Аксана СМАТРЭНКА, намеснiца начальнiка Упраўлення
па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры: "Калi аб'ект у Спiсе ЮНЕСКА —
— Спадарыня Аксана, цягам апошняга года ў прэсе рэгулярна з'яўляюцца паведамленнi адносна нашых амбiцый што да Спiсу сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. То мы Камянецкую вежу падаём, то Мураванку, то Сафiйскi сабор, пару дзён таму я прачытаў пра Гомельскi палац... Асабiста ў мяне ўзнiкла адчуванне, што мы ўсё падаем — а аддачы нiякай... — Не зусiм так, што вось — падаём. Рыхтуюцца матэрыялы. Ёсць такi дакумент, дзе вызначаная падрыхтоўка дасье на пяць аб'ектаў для прапановы ў згаданы вамi Спiс. Гэта — Аўгустоўскi канал, полацкiя каштоўнасцi ("Увасабленне духоўнай спадчыны Еўфрасiннi Полацкай"), абарончыя храмы (Мураванка, Сынкавiчы, Камаi, магчыма, Быхаўская сiнагога), драўлянае дойлiдства Палесся, Брэсцкая крэпасць. Аднак у адпаведнасцi з мiжнароднымi правiламi за год можна падаваць толькi адно нацыянальнае дасье i адно транспамежнае — разам з суседнiмi краiнамi (так была ўключана ў Спiс, скажам, Белавежская пушча). — Дык гэта ў нас на пяць гадоў наперад планы? — Так! Бо казаць, што мы ўсё падаём — няпраўда. Нiхто за раз столькi глядзець не будзе!.. У гэтым годзе мы прапанавалi дасье па Полацку i транспамежнае дасье па Аўгустоўскiм канале. Чакаем, пакуль прыедзе эксперт паглядзець канал на свае вочы. — А з Полацкам, я чуў, нас пракiнулi?.. — Не зусiм так. Дасье па Полацку было разгледжана на сесii ЮНЕСКА. Аднак, калi выехаў эксперт знаёмiцца з аб'ектам, было рэкамендавана ўзяць дасье на дапрацоўку... Гэта не адмова, бо iнакш мы не маглi б падаваць паўторна. — А ў чым там сталася праблема з Полацкам? — Наколькi я ведаю, было заўважана, што працы, якiя сёння праводзяцца ў гiстарычным цэнтры Полацка, не адпавядаюць стандартам... — Напрыклад, залатая цыбулiна на Спаса-Еўфрасiннеўскай царкве, якая заўжды была зялёная — нават на каляровых здымках Пракудзiна-Горскага пачатку ХХ стагоддзя?.. — Не толькi... Бо там жа падаецца не толькi Еўфрасiннеўскi манастыр. — Чаму так адбываецца, што мы падаём — а нам вяртаюць? — Гэта знак Мiнiстэрству культуры, што трэба больш пiльна сачыць, каб дасье не iшлi ў ЮНЕСКА недапрацаваныя, сырыя. Да таго ж, аб'екты, якiя мы толькi плануем у будучым прапаноўваць для ўнясення ў Спiс — ужо сёння мы павiнны апекавацца iмi з падвышанай увагай, узмоцнена кантраляваць iх аднаўленне i абслугоўванне. Каб не атрымалiся сайдынгавыя сцены i пластыкавыя вокны. — Таму зараз у Сынкавiчах знiшчаюць старую дранку на пяцiсотгадовай царкве?.. — Там робяць аналагiчную! Якраз тут усё робяць добра. — Значыцца, паведамленне адносна розных помнiкаў — гэта далёкiя планы? — Гэта — мэта для аблвыканкамаў, што трэба праводзiць працы, канцэнтраваць сродкi, складаць дасье... Няхуткi працэс. Напрыклад, што да абарончых храмаў, магчыма, аб'яднаемся з палякамi — каб далучыць да нашых храмаў яшчэ Супрасль. Магчыма, Лiтву далучым... — Адкрыйце для чытачоў "Звязды" таямнiцу — што будзем прапаноўваць ЮНЕСКА далей, пасля згаданых пяцi аб'ектаў. — Спiс папярэднiх кандыдатур быў складзены ў 2009 годзе ў супрацы з адмыслоўцамi ЮНЕСКА. Там ёсць Камянецкая вежа, Каложская царква ў Гродна, Мiкалаеўская царква ў Магiлёве, Гомельскi палац, архiтэктурны ансамбль праспекта Скарыны ў Мiнску, Крычаўскi палац, сядзiба ў Красным Беразе Жлобiнскага раёна, палац у Жылiчах, касцёл святога Юзэфа ў Валожыне... — А ён чым адметны? 1806 год. Ёсць i больш вартыя i старыя ў нас аб'екты. У пералiку няма, скажам, Iшкалдзi — найстарэйшага касцёла ў Беларусi!.. — Дык нiхто ж не кажа, што гэты спiс канчатковы! Чаму не? Час iдзе, будзем разглядаць прапановы. Усё адначасова ў Спiс сусветнай спадчыны не прапануеш... — Справа, якая была на слыху — гэта адмова Мiнiстэрства культуры разгледзець як варты аб'ект урочышча Курапаты — мемарыяльны комплекс ахвярам сталiнскiх рэпрэсiй. Чаму? Асвенцiм у Польшчы ўключаны ў Спiс... — Разумееце, Асвенцiм — гэта аб'ект, а ў нас Курапаты — гэта лес... — Гэта — магiлы дзясяткаў тысяч нявiнна забiтых людзей. — Так, гэта магiлы, якiя, аднак, сёння выглядаюць як лес... — А Дуга Струвэ, уключаная ў Спiс — гэта, умоўна кажучы, нейкiя жалязнякi... — Матэрыял па Дузе Струвэ быў падрыхтаваны вельмi цiкава — таму i прайшло. У сваёй адмове па Курапатах Мiнiстэрства культуры пiсала — падрыхтуйце матэрыялы!.. Каб прапанаваць, трэба, каб гэта было цiкава падрыхтавана!.. — А хiба не Мiнкульт павiнен займацца падрыхтоўкай дасье? — Не, не Мiнкульт, а спецыяльны творчы калектыў, працоўная група. Мiнкульт далучаецца на пазнейшым этапе. Напрыклад, па Брэсцкай крэпасцi нам прыйшло дасье з аблвыканкама — каб мы разгледзелi. Атрымаем гатовы матэрыял па Курапатах — разгледзiм, мы абавязаныя гэта зрабiць! — Чатыры аб'екты, уключаныя ў Спiс ад Беларусi — гэта многа цi мала? — Канешне, мала! Аднак, ёсць краiны, дзе яшчэ менш. — Увогуле, навошта мы iмкнёмся да прысутнасцi ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Што нам гэта дае? — Найперш — мiжнароднае прызнанне. Мы прадстаўляем сябе на мiжнароднай арэне. I калi раней нiхто пра нас не ведаў i не чуў, то зараз Беларусь — гэта ўжо не невядомая планета... — А грошы? Гэта прыносiць нейкiя фiнансавыя дывiдэнды? — Не. Анi на Мiр, анi на Нясвiж не было атрымана нi капейкi... — Вы сказалi пра намер прапанаваць ЮНЕСКА драўлянае дойлiдства Палесся... Пару дзён таму "Звязда" надрукавала артыкул пра ўнiкальную Петрыкаўскую царкву, якая з-за бяздзеяння за апошнiя некалькi гадоў практычна разбурылася... То бок, нешта мы падаём, а на нешта заплюшчваем вочы?.. — Я ведаю гэтую царкву, гэта наш боль. Па гэтым аб'екце распрацаваная праектная дакументацыя. Тое, што давялi да таго, што дах абрынуўся — гэта, канешне, бязладдзе! Аднак лiтаральна сёння Мiнкульт выдаў дазвол на правядзенне супрацьаварыйных прац на гэтай царкве. Там праблемы ў адсутнасцi фiнансавання... Сяргей ХАРЭЎСКI, гiсторык архiтэктуры,
магiстр мастацтвазнаўства: "За апошнiя 20 гадоў мы страцiлi трацiну нашых помнiкаў архiтэктуры" — Як вы лiчыце, з чым звязаная актывiзацыя ў справе падавання аб'ектаў-кандыдатаў у Спiс ЮНЕСКА? — Я думаю, гэта звязанае з жаданнем дзяржавы зрабiць новы iмiдж Беларусi, надаць Беларусi больш еўрапейскага люксусу. Натуральна, у гэты комплекс iдэй неад'емным складнiкам уваходзiць i дбанне пра культуру, гiсторыю, традыцыi. I Беларусь, якая прадстаўленая ў ЮНЕСКА вельмi сцiпла, выкарыстоўвае гэтую пляцоўку для самарэкламы. Хоць насамрэч Спiс сусветнай спадчыны, роўна як i Нобелеўская прэмiя, i Еўрабачанне — гэта не панацэя, i не iсцiна ў апошняй iнстанцыi. Помнiкi, пастаўленыя на улiк у Спiсе ЮНЕСКА, могуць мець пэўнае фiнансаванне, але толькi ў выпадку форс-мажорных абставiнаў — катастрофы, раптоўных пашкоджанняў. Але нiхто iх не будзе рэстаўраваць i зберагаць за нас у паўсядзённым побытавым жыццi. У той жа час я бачу ў гэтай працы з ЮНЕСКА адзiн важны чыннiк. Працуючы ў гэтым кiрунку, нашы чыноўнiкi пачынаюць разбiрацца, глядзець, лазiць у даведнiкi, цiкавяцца — па сутнасцi, яны самi для сябе адкрываюць нашу спадчыну. I гэтая самаадукацыя многага вартая. — А вам не падаецца, што прысутнiчае пэўнае мiтусенне — рэгулярна заяўляюцца ўсё новыя i новыя аб'екты-прэтэндэнты?.. Атрымлiваецца неяк бессiстэмна... — Логiка тут такая — узяць нейкiя брэндавыя для Беларусi аб'екты з якiмi, на думку чыноўнiкаў, не трэба шмат працаваць. Яны шчыра здзiўляюцца, чаму нам адмовiлi з Камянецкай вежай!.. I ўжо пасля аказваецца, што нельга было выкiдаць драўляныя лесвiцы i ўстаўляць арматурныя i шклопакеты... Падобная сiтуацыя з Аўгустоўскiм каналам. Укладзеныя немалыя грошы, чакалася, што турысты проста ламануцца сюды. I мы не разумеем, чаму турысты працягваюць ездзiць на каналы Венецыi цi Амстэрдама, а не едуць глядзець закатаны ў бетон канал пад Гродна... — Але шчырае жаданне патрапiць у Спiс ЮНЕСКА — гэта ж добра, мы так рэкламуем сваю спадчыну!.. — Спачатку нам трэба самiм разабрацца, што для нас мае каштоўнасць. Што ў прэсе згадваецца часцей — Лiнiя Сталiна цi Крэўскi замак?.. — Аднак крытэры ЮНЕСКА — каб гэта здзiўляла свет, а не толькi беларусаў... — Я думаю, што тут не будзе канфлiкту: тое, што крута для свету, будзе крута i для нас. Логiка арыентавацца выключна на ЮНЕСКА, на некага, сягае яшчэ ў ХIХ стагоддзе, гэта логiка "пацёмкiнскiх вёсак". Калi ехала Кацярына, каб ёй спадабалася, фарбавалi платы i фасады — а там, хоць трава не расцi. А ззаду тырчэў бруд. — Аднак цi ратуе Спiс ЮНЕСКА помнiкi? Ужо пасля ўнясення ў Спiс у Мiрскiм замку ХVI стагоддзя быў усталяваны сучасны лiфт, а ў Нясвiжы знiшчаныя старыя iнтэр'еры... — Як уключылi ў Спiс, так i выключаць. Нагадаю, скульптуры Буды, якiя пашкодзiлi талiбы, выключаныя са Спiсу. Гэта робiцца за адзiн дзень. — Дык што — скардзiцца на самiх сябе? Дабiвацца выключэння? — Выключэнне ўжо не верне нам знiшчаных рэчаў... Мне асабiста ўсё адно, цi ўключаны аб'ект у Спiс ЮНЕСКА. Мне не ўсё адно, што за апошнiя 20 гадоў мы страцiлi трацiну помнiкаў, унесеных у Збор помнiкаў гiсторыi i культуры. Мне не ўсё адно, што нашы дзецi не ўбачаць i палову таго, што яшчэ пабачылi мы. Вось гэта мяне сур'ёзна напружвае. Не так даўно была гучная гiсторыя, калi ў Мiнску на вулiцы Камсамольскай быў зруйнаваны дом, якi афiцыйна лiчыўся гiсторыка-культурнай каштоўнасцю. Яго прадалi, зруйнавалi i будуюць на гэтым месцы нейкую гаргару. Хто даваў дазвол, як гэта адбылося? Атрымлiваецца, што вы цi я можам набыць помнiк архiтэктуры ў выдатным стане, зруйнаваць яго — i нам за гэта нiчога не будзе?! I такiя рэчы адбываюцца ў цэнтры Мiнска. А мы кажам пра ЮНЕСКА... — Дык што, не насiцца з гэтым Спiсам ЮНЕСКА?.. — Я б прыклаў гэтыя высiлкi i грошы на тэрмiновую кансервацыю дзясяткаў помнiкаў, якiя мы можам страцiць. Звярнiце ўвагу: Францыя, Iталiя, Англiя прадстаўленыя далёка не ўсiм. Эйфелева вежа i Бiг Бэн не ўключаныя ў Спiс ЮНЕСКА!.. Аднак паглядзiце, як яны апякуюцца сваёй спадчынай! — Спадар Сяргей, вас паслухаць, дык хоць кладзiся i памiрай. Няўжо ўсё ў нас так безнадзейна?.. — Ведаеце, якраз зараз надзея з'явiлася. Я i многiя мае калегi спадзяёмся, што новы мiнiстр культуры спадар Павел Латушка зменiць сiтуацыю ў гэтай галiне. Бо раней, калi архiтэктары, рэстаўратары, прафесары, творчая iнтэлiгенцыя пiсала лiсты ў Мiнкульт пра разбурэнне таго цi iншага помнiка — гэтыя лiсты часта заставалiся без адказу. То бок, дыялогу з грамадскасцю не было. Спадзяюся, цяпер будзе iнакш, бо многiя прафесiяналы шчыра хочуць дапамагчы Мiнкульту ў справе захавання спадчыны. Да таго ж, спадар Павел на папярэдняй пасадзе працаваў амбасадарам Беларусi ў Польшчы. Жыў у Варшаве i бачыў на свае вочы, як там далiкатна i прафесiйна кансервуюць, аднаўляюць архiтэктурную спадчыну. Гэта дае спадзяванне, што так будзе i ў нас. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. |