Вартыя нашай памяці — педагог Анфіса Аляксандраўна Галуза. 21.by

Вартыя нашай памяці — педагог Анфіса Аляксандраўна Галуза

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анфіса Аляксандраўна Галуза разам са сваімі дзецьмі

Анфіса Аляксандраўна Галуза разам са сваімі дзецьмі

Мы працягваем публікацыю лепшых работ конкурсу, які праходзіў у бібліятэчнай сістэме раёна, пад назвай “Вартыя нашай памяці”. Сёння размяшчаем матэрыял бібліятэкара Зоркаўскай бібліятэкі Святланы Сташкевіч, прысвечаны настаўніцы пачатковых класаў Зоркаўскай сярэдняй школы Анфісе Аляксандраўне Галуза.

“Першая настаўніца — гэта вельмі важны чалавек у жыцці кожнага з нас. Менавіта яна дае нам асновы асноў, уводзіць у дарослае жыццё, знаёміць са школьнымі правіламі, дапамагае звыкнуцца з новымі абставінамі. Калі першая настаўніца прыкладзе намаганні і зможа знайсці падыход да вучняў, прывіць ім любоў да вучобы, яна адкрые кожнаму маленькаму хлопчыку і дзяўчынцы дарогу ў будучыню.

 

370 (Копировать)Першая настаўніца мая

Верасень 1981 года. Першая лінейка, першы званок і, канечне, першая настаўніца — Анфіса Аляксандраўна Галуза. Я на ўсё жыццё запомніла нашу першую сустрэчу. Настаўніца аказалася вельмі добрым чалавекам. Яна прыняла нас, маленькіх дзяцей, як сваіх родных, пазнаёміла з іншымі вучнямі, з правіламі паводзін у школе. Анфіса Аляксандраўна церпяліва тлумачыла нам прадметы, вучыла грамаце, імкнулася данесці веды да кожнага з нас. Калі ў каго штосьці не атрымлівалася, то заўсёды дапамагала разабрацца.

Мы не толькі вычыліся грамаце, але і на занятках у гуртках шылі, вышывалі, малявалі і майстравалі, рабілі розныя сувеніры для бацькоў у святы. Клапацілася яна і пра наша здароўе. Шматлікія спартландыі і спаборніцтвы, паходы ў лес аб’ядноўвалі нас, гуртавалі. Дзякуючы Анфісе Аляксандраўне мы навучыліся цаніць сяброўства.

Мы заўсёды бачылі яе ў сценах школы прыгожа апранутай, у добрым настроі. Але мы ніколі не цікавіліся тым, як яна жыве дома, з якімі цяжкасцямі і турботамі ёй прыходзіцца сутыкацца ў штодзённым побыце. І толькі з часам я задумалася пра гэта.

А жыццё Анфісы Аляксандраўны і сапраўды было нялёгкім, бо і час той быў цяжкім, на які выпала яе дзяцінства і маладосць.

 

Гады дзяцінства

Анфіса Аляксандраўна Галуза (у дзявоцтве Акуневіч) нарадзілася 8 сакавіка 1933 года ў вёсцы Ніжнія Малышы (цяпер Чарамхова) нашага раёна ў сям’і простых сялян. Бацькі мелі надзел зямлі, на якой старанна працавалі, каб пракарміць дзяцей, бо іх было ажно пяцёра. Маці Антаніна Усцінаўна працавала па гаспадарцы, а бацька Аляксандр Мікалаевіч быў выдатным цесляром. Анфіса была ў сям’і трэцім рабёнкам, таму дапамагала маці глядзець за малодшымі дзецьмі.

Вайна застала Анфісу ва ўзросце васьмі гадоў. Яна памятае, як у хату прыйшлі немцы. Адзін з іх падыйшоў да калыскі, дзе спала меншая сястрычка Волечка. Але ён не стаў чапаць дзіця, а паказаў фотаздымак. Як аказалася, у Германіі ў яго таксама засталіся дзеці.

У памяці маленькай Анфісы засталіся ўспаміны пра тое, як немцы па даносе збівалі бацьку вострымі палкамі. Быццам бы за тое, што па начах ён перавозіў цераз раку Дзісну партызан. Шмат здзекаў акупанты чынілі над іншымі вяскоўцамі: некаторых растрэльвалі, іншых забівалі.

Першапачатковую адукацыю Анфіса атрымала ў Ямненскай сямігодцы. Потым паступіла ў Глыбоцкае педвучылішча. Здымала там жыллё, да родных у вёску наведвалася толькі раз у два тыдні. Прыходзілася хадзіць пешшу. А гэта немалая адлегласць — ажно 45 кіламетраў. На другім курсе вучобы бацькі купілі ёй веласіпед. Дарога цяпер здавалася ўжо не такой доўгай.

 

На шырокай дарозе жыцця

У 1952 годзе Анфіса Аляксандраўна выйшла замуж. Са сваім спадарожнікам жыцця Мікалаем Васільевічам яны пазнаёміліся на вечарыне. Пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча ён працаваў настаўнікам у школе вёскі Акунёва (Міёрскі раён). Пачаліся спатканні, сустрэчы. Неўзабаве Анфіса і Мікалай пакахалі адзін аднаго і пажаніліся.

У 1954 годзе Анфіса Аляксандраўна атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю настаўніка пачатковых класаў. У гэтым жа годзе ў маладой сям’і нарадзіўся першы сын Уладзімір. Муж у гэты час праходзіў тэрміновую службу ў арміі. Бацька працаваў у калгасе, таму выхоўваць хлопчыка дапамагала маці.

Усяго ж у сям’і Анфісы Аляксандраўны і Мікалая Васільевіча чацвёра дзяцей. У 1957 годзе на свет з’явілася дачушка Тамара, у 1964 — сын Алег, а яшчэ праз тры гады ў сям’і нарадзіўся сын Ігар.

Сваю працоўную дзейнасць Анфіса Аляксандраўна пачала ў Азёрскай васьмігодцы (каля вёскі Буды Шаркаўшчынскага раёна), выкладала у старэйшых класах. Затым працавала ў школах вёсак Лонскія, Більдзюгі, Яцкаўшчына. Часта даводзілася з сабой у школу баць дачку. Мабыць, таму Тамара і сама ў будучым марыла стаць настаўніцай.

З 1962 па 1976 гады Анфіса Аляксандраўна працавала загадчыцай школы ў вёсцы Астаноўка. У гэтым жа годзе памерла яе маці Антаніна Усцінаўна. Школа ў Астаноўцы стала малакамплектнай, неперспектыўнай, таму гераіня аповеду прыняла рашэнне пераехаць у бацькоўскі дом. Стала працаваць загадчыцай Рэдзькаўскай пачатковай школы, якая размяшчалася ў вёсцы Зорка. Дом бацькоў стаў не вельмі прыгодным для пражывання, таму сельсавет прыняў рашэнне купіць настаўніцы дом у Верхніх малышах (цяпер Чарамхова).

Неаднаразова Анфіса Аляксандраўна выбіралася дэпутатам сельскага Савета. Гэты абавязак патрабаваў вялікай адказнасці. Да яе звярталіся мясцовыя жыхары з праблемамі, скаргамі, якія Анфіса Аляксандраўна заўсёды імкнулася вырашаць. За сваю добрасумленную працу неаднаразова атрымлівала падзякі і граматы раённага і абласнога ўзроўняў. А ў 1983 годзе Анфіса Аляксандраўна Галуза ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства народнай асветы БССР.

Дзе б Анфіса Аляксандраўна не працавала, усюды яна ўдзельнічала ў гуртках мастацкай самадзейнасці. Яна спявала так, што ажно сэрца ў слухачоў замірала. Вучыла спяваць і нас — сваіх вучняў. За чатыры гады, праведзеныя ў пачатковай школе, мы развучылі вялікае мноства песень. У апошні год перад выхадам на пенсію яна з’яўлялася настаўнікам пачатковых класаў Зоркаўскай сярэдняй школы.

 

Вялікая і дружная сям’я

Нягледзячы на нялёгкую працу ў школе, клопаты па хатняй гаспадарцы, Анфіса Аляксандраўна заўсёды знаходзіла час на сваіх дзяцей, не мінала ўвагай і ласкай. Усім яна дала пуцёўку ў жыццё: вывучыла, дапамагла стаць на самастойны шлях. Заўсёды была разам і ў радасці, і ў горы.

Старэйшы сын Уладзімір скончыў вучылішча нафтавікоў. Жыве ў Шаркаўшчыне. Мае дваіх дзяцей і столькі ж унукаў. Яго дачка Надзея, як і бабуля, працуе настаўніцай. Сярэдні сын Алег скончыў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі і атрымаў прафесію механіка. Увесь час працаваў у сельскай гаспадарцы. Цяпер жыве на Глыбоччыне ў вёсцы Карабы, працуе элактрагазазваршчыкам. Дачка Тамара скончыла тэхнікум эканомікі ў Маладзечна, а затым інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Жыве ў Глыбокім. Да выхаду на пенсію працавала ў райспажыўтаварыстве, у банкаўскай сферы. У яе двое дзяцей і трое ўнукаў.

Малодшы сын Ігар атрымаў прафесію шафёра, але большую частку жыцця займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Мае чатырох дзяцей і ўнучку. Яго малодшага сына Данііла Анфіса Аляксандраўна так і не пабачыла пры жыцці. Хаця ведала, што павінен нарадзіцца хлопчык.

Анфіса Аляксандраўна пайшла на пенсію ў 60 год. З успамінаў дачкі Тамары:

“Мама была вельмі актыўная і жвавая. Любіла шыць, вышываць, вязаць, разбіралася нават у будаўніцтве. Трымала вялікую гаспадарку. Мела і прысядзібны ўчастак, вельмі любіла кветкі. Паспявала хадзіць у лес па грыбы і ягады”.

 350 (Копировать)

У памяці — назаўсёды

Анфіса Аляксандраўна падтрымлівала сяброўскія адносіны з былымі вучнямі, калегамі. Мы заўсёды наведвалі яе дома, дзяліліся навінамі, віншавалі са святамі. З вялікім задавальненнем Анфіса Аляксандраўна сустракалася з выпускнікамі Глыбоцкага педагагічнага вучылішча, з якімі разам займалася.

Доўгія гады ў клопатах і пастаяннай працы не дадавалі здароўя жанчыне. Анфіса Аляксандраўна пераехала жыць бліжэй да дзяцей у Глыбокае. А сэрцам і душой яна засталася ў сваёй роднай вёсцы.

Маёй першай настаўніцы няма ўжо 12 год. Але ў памяці яе родных, блізкіх і знаёмых, у памяці ўдзячных вучняў назаўсёды застанецца імя Анфісы Аляксандраўны Галуза — выдатнага педагога і чалавека шчырай дабрыні”.

Да друку падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика