Фэст у гонар Сыса. 21.by

Фэст у гонар Сыса

30.10.2009 10:51 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


31 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў, што над Дняпром каля Рэчыцы, адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса.

Бяруць удзел родныя і землякі Анатоля, ягоныя сябры, а таксама паэты, барды і мастакі. У тым ліку: Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Эдуард Акулін, Алесь Камоцкі, Міра Лукша, Кася Камоцкая, Алесь Бяляцкі — усяго 50 паэтаў.

Пачатак а 12‑й гадзіне на Гарошкаўскіх могілках, каля помніка паэту.

У 12.30 — урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на хаце паэта. А 13‑й пачнуцца паэтычныя чытанні і бардаўскі канцэрт на падворку. Падчас свята адбудзецца прэзентацыя кнігі прысвячэнняў Анатолю Сысу «Ягамосць» і выбранага томіка паэзіі «Алаіза», а таксама нумара часопіса «Дзеяслоў», прысвечанага юбілею паэта. Даведкі праз т.: (025) 60‑60‑891 (у Мінску) і (033) 672‑24‑60 (у Рэчыцы).

З Мінска едзе мікрааўтобус. Лічба вольных месцаў у ім абмежаваная. Сваім ходам у Гарошкаў можна дабрацца праз Рэчыцу. Ад гэтага горада да вёскі Гарошкаў 8 км.

***

Памечаны

26 кастрычніка споўнілася б 50 гадоў Анатолю Сысу. Праклятаму паэту.

Сыс быў нібы памечаны ад самага ягонага нараджэння.

Калі маці, настаўніца пачатковых класаў, была ім цяжарная, яна праз неасцярожнасць зрабіла пажар. Маці абгарэла. У тую самую ноч нарадзіўся Анатоль.

Гэта здарылася ў 1959 годзе ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. На беразе Дняпра, у адным з самых старажытных пасяленняў чалавека ў Беларусі. Ён быў найменшы з чатырох дзяцей у сям’і Марыі і Ціхана Сысоў.

Само прозвішча, як імя мага — Сыс.

У траўні 2005 г. суседка паэта звярнула ўвагу, што ў Анатолевай кватэры трое сутак гарыць святло. Выбілі дзверы. Паэт быў ужо колькі дзён нежывы. Прычыны смерці няясныя. Паэт моцна піў.

Пахавалі Сыса ў родным Гарошкаве.

Асоба і месца Сыса ў паэзіі выклікае спрэчкі. Хтосьці ставіць яго ўпоравень з Купалам і Багдановічам. Іншыя заклікаюць крытычна ставіцца да часоў, калі паняткі «элі¬та» і «багема» памылкова атаясамліваліся.

Ён быў панк і нават бажаволак.

На заняткі ў «Гомельскі дзяржаўны універмаг» ён і ягоныя сябры хадзілі ў куфайках і гумовых ботах. Падчас лекцыяў дэманстратыўна елі сала з цыбуляй. Станавіліся кардонам перад уваходам на дыскатэку і пускалі толькі тых, хто цалаваў чырвона‑зялёны БССРаўскі сцяг… Чысты панк познесавецкай эпохі, з дапамогай якога імкнуліся намацаць, зразумець — што ж яно такое, твая Беларусь.

Ён мог з п’янымі ў зюзю сябрамі заваліцца да паэта‑пачаткоўца: «Я прыйшоў цвярозы слухаць твае новыя вершы». Ён абклеіў сцены бара Дома літаратара чырвонцамі — ганарарам за кніжку.

Але ніхто не адмаўляе, што Беларусь і паэзія былі для Сыса ўсім.

Да іх ён, блюзнер і бажаволак па жыцці, ставіўся надзвычай сур’ёзна.

31 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне пройдзе вялікі літаратурна‑музычны фэст, у часе якога на сцяне роднай хаты паэта будзе адчыненая мемарыяльная шыльда.

Сяргей Мікулевіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу ў Гарошкаве (Рэчыцкі раён) пройдзе традцыйнае свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика