Вялікая ісціна Рэгімантаса Адамайціса. 21.by

Вялікая ісціна Рэгімантаса Адамайціса

04.11.2009 11:38 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

фотоНародны артыст СССР літовец Рэгімантас Адамайціс сыграў сотні характарных роляў у тэатры і кіно. Сёння ён паўстае перад гледачамі ў вобразах лядашчага Казановы, Джорджа Буша і старога, якога сын адпраўляе ў дом састарэлых. Карэспандэнты “Тут і цяпер” пабылі ў гасцях у вядомага акцёра ў Вільні і распыталі яго аб ролях на сцэне і ў жыцці.

З ЖОНКАЙ ПАЗНАЁМІЎСЯ НА ЗДЫМКАХ

— Першым чынам (вось мне жонка мая Эўгенія падказвае) перадайце вялікае прывітанне майму беларускаму сябру Расціславу Янкоўскаму і былому амбасадару Беларусі ў Літве Яўгену Вайтовічу.

— Абавязкова перададзім. Паважаны Рэгімантас, у савецкі час фільм "Ніхто не жадаў паміраць" стаў бомбай — да гэтага ніхто не гаварыў пра тое, што ў Літве былі лясныя браты. А зараз у Літве паказваюць гэты фільм?

— Так, гэты фільм у свой час, сапраўды, нарабіў шмат шуму. Не магу зразумець дагэтуль, як яго цэнзура прапусціла, ды яшчэ на ўсесаюзны экран! Думаю, карціну прапусцілі не з-за таго, што гаворка ішла аб лясных братах, а, хутчэй, за яе несумнеўныя мастацкія вартасці. Для літоўцаў лясныя браты не былі таямніцай: усё адбывалася на нашых вачах. Гэта ж быў партызанскі рух супраціву.

Праўда, гэтыя людзі былі асуджаны. Яны спадзяваліся, што прыйдуць амерыканцы, і Літва ізноў здабудзе волю. Гэтага не адбылося. Большасць з іх былі забіты савецкім войскам, хтосьці здаўся… Я не ведаю, наколькі часта гэты фільм паказваюць у нас. Мусіць, часцей яго “круціць” маскоўскае тэлебачанне. Асабіста мне больш падабаецца фільм "Пачуцці", на здымках якога я пазнаёміўся са сваёй жонкай. Яна выконвала там дзве ролі — жанчын, у якіх закахаўся мой герой. Гэты фільм, на маю думку, танчэйшы, чым "Ніхто не жадаў паміраць", які больш нагадвае вэстэрн. А тут — чалавечыя пачуцці…

— Вы самі маеце дачыненне да палітыкі?

— Не. Напрыканцы 80-х мінулага стагоддзя я ўваходзіў у склад ініцыятыўнай групы руху за перабудову “Саюдзіс”. Але гэта не мая заслуга — мяне абралі ад кінематаграфістаў. Потым сядзеў у Крамлі дэпутатам (зноў-такі мяне выбралі). А на самай справе я чалавек глыбока беспартыйны. Я нават у кампартыі не быў. Дагэтуль дзіўлюся: як у мяне так атрымалася?!

МАСТАЦТВА ЖЫЦЬ СУЧАСНАСЦЮ

— Пасля выдатных фільмаў 80-х ці адчуваеце Вы настальгію па тых часах?

— Настальгія ёсць. Гэта маладосць была, час, які ўжо не вернеш… Але трэба жыць сённяшнім днём. Калі я здымаўся ў фільме “Сяргей Лазо” на малдаўскай кінастудыі, наша група сустракалася з ветэранамі той вайны. Хацелі даведацца, як жылі ў той час, каб зняць падзеі больш верагодна. І вось сядзіць такі дзядок, настальгіруе і ўспамінае: “Ды там на скрыжаванні стаяў браневік, перакошаны на левы бок”. Другі такі ж стары пачынае крычаць: “Не, на правы!”. Вось да чаго такая настальгія прыводзіць. Я такім старым станавіцца не жадаю.

— А якая рэальнасць у вас цяпер?

— О, гэта вельмі доўгая размова. Яшчэ раз паўтару — трэба жыць не мінулым, а сучаснасцю. Пакуль рухаешся. Хоць, ведаеце, ёсць такі анекдот. Прыходзіць акцёр у рыбную краму і кажа прадаўцу: “Вылавіце мне з акварыума ву-у-унь таго карпа”. Прадавец доўга ловіць рыбу, бо тая выкручваецца. Нарэшце вылавіў, паклаў на вагі. Карп саскоквае, прадавец зноў яго кладзе. Акцёр пытаецца: “Рыба свежая?” Прадавец адказвае: “Вы што, не бачыце? Яна ж рухаецца!” “Э! Мая бабуля таксама рухаецца! Але няўжо яе можна назваць свежай?”

КРЫЗІСУ Ў ТЭАТРЫ НЯМА

— Скажыце, Вы зараз запатрабаваны як акцёр?


— Не вельмі. Але я сам ствараю сваю запатрабаванасць.Калі я буду сядзець, склаўшы рукі, ніякай запатрабаванасці не будзе. У меня ёсць роля ў Малым тэатры: у Маскве я заняты ў антрэпрызе па п’есе “Паб” братоў Прасняковых, яшчэ іграю ў спектаклі “Стары Казанова”. Працую.

— А ў літоўскіх тэатрах ёсць публіка? Не ўсе сышлі ў інтэрнэт?

— Я сам здзіўлены: крызіс, а глядач усё роўна ёсць! Значыць, ёсць патрэба. Праўда, не ведаю, у чым. Тэатр — тонкае мастацтва. Зрэшты, і ён зараз усё больш мае цягу да шоу-бізнесу — усялякія там эфекты і іншае.

— І ўсё роўна галоўная фігура ў ім — артыст.

— Я б так не сказаў. Сёння тэатр усё часцей становіцца рэжысёрскім мастацтвам. Рэжысёр — узурпатар, які лічыць: усё, што адбываецца на сцэне — толькі ягоная творчасць і заслуга, а акцёры — марыянетки, якія павінны выконваць яго задумы. А вось што такое кіно, я дагэтуль не магу зразумець. Як з таго, што адбываецца на здымачнай пляцоўцы, у выніку ўзнікае мастацтва? Не магу сабе растлумачыць. Зрэшты, тое, што зараз паказваюць па літоўскіх тэлеэкранах, прыводзіць мяне ў жах. Засілле амерыканскага кіно, дзе кожную хвіліну забіваюць, збіваюць, гвалтуюць… Гэта не мастацтва! Я забараніў бы гэта паказваць. Насамрэч, кіно — гэта можа, карцінкі, якія рухаюцца і гіпнатызуюць. А гэтыя “малюнкі” нічога добрага не даюць! Аднак яны кожны дзень трапляюць у мозг гледача і фарміруюць ягоную асобу. Якая гэта будзе асоба?

Увогуле зараз дзякуючы прагрэсу знікае шмат добрых рэчаў. Напрыклад, ліставанне на паперы. Зараз інтэрнэт, мабілка... Стыль такіх зносінаў не той, што быў раней, калі людзі ліставаліся. Шкада, што гэта знікае.

"ПРАЦУЙ, ПАКУЛЬ НЕ ПАМРЭШ"

— Вам, мусіць, шмат лістоў дасылалі прыхільніцы?

— Было ў свой час. Помню нават кур’ёзны выпадак, калі напісала жанчына з турмы. Маўляў, “вось убачыла вас у кіно і закахалася”. Я меў неасцярожнасць адказаць. Пашкадаваў: жанчына сядзіць у турме, дзесяць гадоў ёй прысудзілі. Што тут пачалося! Горы лістоў ад яе: “люблю!”, “адбуду пакаранне і прыеду”... Я спужаўся і перастаў пісаць. Дзякуй Богу, яна так і не прыехала.

— А ў вашым сямейным жыцці была рэўнасць?

— Так, у жонкі. А ў мяне — не. Я чалавек нераўнівы. Дакладней кажучы, жонка мне падставы для рэўнасці не давала.

— А Вы давалі?

— А я даваў. Вось мы зараз сядзім, гаворым пра тое-сёе: пра тэатр, кіно… У маладосці пралятаюць гадзіны, дні, гады, а потым думаеш: у чым сэнс, у чым тваё прызначэнне? Я ў юнацтве ўсё шукаў сэнс жыцця. Доўга шукаў. А потым пазнаёміўся са сваёй жонкай і яе бацькам, маім будучым цесцем — простым вясковым чалавекам, які ўмеў рабіць так многа карысных рэчаў: кузня ў яго была, сталярнічаў, араў, дом пабудаваў. Прыехаў я да яго, тады яшчэ нежанаты, і ўсё спрабаваў паказаць, які я разумны. Селі мы за стол, пачалі піць дамашняе віно, а я ўсё пра сэнс жыцця — Шапенгауэр там, Ніцшэ... У цесця рукі былі велізарныя, далонь — як патэльня. І вось падпёр ён гэтай рукой шчаку, сядзіць, слухае. Слухаў, слухаў, потым махнуў сваёй патэльняй і кажа: “Працуй, працуй, працуй, пакуль на памрэш”. Я тады не зразумеў. Але гэтая фраза кожны дзень вярталася ў маю галаву, і потым я зразумеў, што цесць адкрыў мне самую вялікую ісціну. Які сэнс існавання чалавека? Гэта нам невядома. Можа, яго зусім няма. Як фізік магу вам сказаць, што мэта жыцця — смерць, як бы сумна гэта ні гучала. І я магу вам гэта даказаць. Так што ж цяпер, нічога не рабіць? Сесці — давай, налівай? Трэба працаваць! Хаця б для таго, каб даць выхад сваёй энергіі. Ад чаго ўсе войны на зямлі? Так людзі пазбаўляюцца ад лішняй энергіі. А вось калі б усе працавалі, не прыйшлося б ім адно аднаго забіваць. Такую ісціну адкрыў мне мой цесць. Пакуль ты жывы — працуй! І я перастаў быць разумным і чытаць Шапенгауэра (смяецца).

ДАВЕДКА ТіЦ

Рэгімантас Адамайціс cкончыў фізіка-матэматычны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта (1959), затым акцёрскі факультэт Літоўскай кансерваторыі (1962). У 1962—1968 — акцёр Каўнаскага драматычнага тэатра, з 1968 — Акадэмічнага тэатра драмы ў Вільнюсе. Зняўся больш чым у 40 фільмах. Вядомасць да яго прыйшла пасля фільма “Ніхто не хацеў паміраць”.

Народны артыст СССР.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны артыст СССР літовец Рэгімантас Адамайціс сыграў сотні характарных роляў у тэатры і кіно
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика