Мір — у цэнтры Еўропы
07.01.2011
—
Новости Культуры
|
Пасля 27-гадовай рэстаўрацыі гасцінна адчыніў дзверы знакаміты
не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі Мірскі замкавы комплекс На ўваходзе гасцей сустракалі рыцары ў даспехах, па калідорах шпацыравалі паненкі з кавалерамі, апранутыя ў футра і аксаміт, у залах гучала музыка Сярэднявечча. А ў замак усё ішлі і ішлі людзі. Падалося, самі Радзівілы зладзілі тут баль. Сярод запрошаных гасцей — міністры, прадстаўнікі дыпламатычных місій, замежныя дэлегацыі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў на ўрачыстасці, што беларусы па праву ганарацца багатым гістарычным і культурным мінулым. Сярод найвышэйшых дасягненняў майстэрства нашых продкаў Мірскі замак — унікальны прыклад нацыянальнага дойлідства XVI–XX стагоддзяў. Прэзідэнт паабяцаў, што дзяржава прадоўжыць укладваць сродкі ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. За наступныя сем гадоў мяркуецца прывесці ў парадак і аднавіць 21 замак. Ёсць усведамленне таго, што менавіта рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры крок за крокам аднаўляе сувязь часоў і адраджае гістарычную самасвядомасць. Доўга чакалі беларусы гэтай падзеі. Рэстаўрацыя замкавага комплексу доўжылася амаль тры дзесяцігоддзі. Так, першых наведвальнікаў замак пачаў прымаць яшчэ ў 2008 годзе, калі ў паўднёва-заходняй вежы было адкрыта шэсць экспазіцый. Але поўнасцю рэстаўрацыйныя работы ўдалося ў асноўным завяршыць толькі сёлета. — Тое, што адбылося ў Мірскім замку, — заслуга ўсіх, хто працаваў над ім, пачынаючы з 1982 года, — зазначыў Міністр культуры Павел Латушка. — Калісьці Радзівілы, Ільінічы, Святаполк-Мірскія будавалі гэты замак, каб падкрэсліць сваю незалежнасць. Сёння Беларусь, аднавіўшы гэты замак, засведчыла ўсяму свету, што яна, сапраўды, незалежная краіна, якая можа ганарыцца сваёй гістарычнай спадчынай. Ні рэстаўратары, ні гісторыкі не будуць аспрэчваць той факт, што сённяшні замак не той, што ў шаснаццатым стагоддзі. Тады ён выконваў абарончую функцыю. Цяпер працуе, у першую чаргу, для турыстаў. А для іх неабходна ствараць належныя ўмовы. Таму ў замку хапае элементаў, якія не даюць забыць, што на дварэ ўсё ж такі ХХІ стагоддзе. У замку працуюць ліфты і аудыёгіды, выкарыстоўваюцца інавацыйныя метады экспанавання, эфекты камп’ютарнай відэаінсталяцыі. ...Тут месцяцца 39 музейных экспазіцый. Яны даюць магчымасць убачыць замак рознага лёсу і гістарычнага значэння, замак, які будаваўся ў розных архітэктурных стылях і кірунках. У канструкцыі і дэкаратыўным убранні гістарычнага цуду прасочваюцца элементы адразу некалькіх еўрапейскіх стыляў: готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Асобныя залы прысвечаны ўладальнікам замка — Ільінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Для музеефікацыі замка было набыта каля 900 унікальных прадметаў інтэр’ера і побыту XVII–XIX стагоддзяў. Сярод рэдкіх экспанатаў, напрыклад, слуцкі пояс у двух фрагментах — адзін з асноўных элементаў касцюма беларускага шляхціца, дзве фламандскія шпалеры XVII–XVIII стагоддзяў — пакуль адзіныя ў музейных зборах Беларусі. Сапраўдным рарытэтам з’яўляюцца рогі тура, якія ўпрыгожваюць інтэр’ер “Сталовай залы.” У большасці краін Еўропы туры зніклі яшчэ у XV стагоддзі, апошні быў забіты ў Белавежскай пушчы ў 1627 годзе. Рэдкім ваенным экспанатам з’яўляецца і барабан, які выкарыстоўваўся ў радзівілаўскай кавалерыі ў XVIII стагоддзі. Акрамя таго, у залах можна ўбачыць куфры, шафы і касанэ XVII ст., рэканструкцыі рыцарскіх даспехаў і старажытных музычных інструментаў — лютні, віёлы дэ гамба, спінета, прадметы са шкла Урэцка-Налібоцкай і фаянсу Свержанскай радзівілаўскіх мануфактур. — Тут ёсць што паглядзець! Упэўнены, у Мір будуць прыязджаць не толькі з суседніх краін, але і далёкага замежжа, — пракаментаваў убачанае дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Літвы Рамуальдас Будрыс. Мяркуецца, што ўжо сёлета колькасць наведвальнікаў Мірскага замка падвоіцца і вырасце да 350 тысяч чалавек. — Я быў у Міры некалькі разоў, упершыню — чатыры гады таму. І бачыў замак зусім у іншым стане. Тады можна было толькі ўяўляць, якім ён будзе пасля рэстаўрацыі, — гаворыць пасол Швецыі Стэфан Эрыксан. — Я не спецыяліст і не рэстаўратар. Але замак мне падабаецца. Складаецца ўражанне, што трапіў у старажытнасць. Плануецца, што Мірскі замак будзе не проста захоўваць унікальныя старажытныя прадметы. Тут будуць праходзіць канферэнцыі і ладзіцца выставы, будзе працаваць гатэль для турыстаў, гасцямі стануць артысты. Ужо ў час урачыстага адкрыцця адбыліся тэатралізаваныя прадстаўленні, канцэртныя выступленні ансамбляў “Класік-авангард”, “Пастараль”, “Харошкі”, “Талака”, адкрылася выстава сучаснага выяўленчага мастацтва з удзелам знакамітых мастакоў Беларусі Віктара Альшэўскага, Міхаіла Баразны і Уладзіміра Зінкевіча. Людміла Мінкевіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля 27-гадовай рэстаўрацыі гасцінна адчыніў дзверы знакаміты
|
|