Майстар сцэны. 21.by

Майстар сцэны

16.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вядомы акцёр Купалаўскага тэатра Генадзь Аўсяннікаў прымаў віншаванні з 75-годдзем у вобразе мудрага вясковага дзеда Васіля
Зорка сцэны. Мэтр айчыннага тэатра. А маладзейшыя калегі па-добраму называюць яго “дзядзька Гена”… Усе цёплыя словы да месца ў дачыненні да народнага артыста Беларусі Генадзя Аўсяннікава, асобы каларытнай, глыбока самабытнай. Талент яго вядомы і за межамі краіны. Пачэснае званне народнага артыста СССР вядучы беларускі акцёр атрымаў, дарэчы, адным з апошніх, у эпахальным 1991-м. Ужо больш за пяцьдзесят гадоў Генадзь Сцяпанавіч прымнажае славу і гонар Купалаўскай сцэны. І цяпер, як гаварылася на ўрачыстасці пасля бенефіснага спектаклю, сам гэтымі славай і гонарам з’яўляецца. А Генадзь Давыдзька, дэпутат Нацыянальнага сходу, былы калега юбіляра па Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, назваў Генадзя Аўсяннікава нават “жывым увасабленнем духа Купалаўскай сцэны”.
Юбіляра, які ў той вечар з вялікай сілай, пераканальнасцю сыграў галоўную ролю вясковага Васіля — дзеда з ліку тых, на якіх “свет трымаецца” — у спектаклі па п‘есе Аляксея Дударава “Вечар”, шчыра віншавалі калегі, сябры. Міністр культуры Павел Латушка зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі, у якім гаворыцца: “Самабытны талент, бліскучае акцёрскае майстэрства і нязменная вернасць жыццёвай праўдзе дазволілі Вам стварыць шэраг яркіх і незабыўных вобразаў сапраўдных народных герояў, якія ўражваюць цэласнасцю характару, шчырасцю пачуццяў, душэўнай сілай і адкрытасцю. Спектаклі і фільмы з Вашым удзелам сталі класікай айчыннага мастацтва”.
Як па мне, дык вельмі сімвалічна, што крэатыўным працягам знакавага спектакля глядзелася сама ўрачыстасць — на фоне сцэнічнага антуражу “Вечара”. Змяніўшы вясковую вопратку на парадны касцюм, Генадзь Сцяпанавіч душой заставаўся ў няхітрым вобразе дзеда Васіля. Сядзеў сціпла, нават крыху сарамяжліва на “этнаграфічным” зэдліку. Ні маладзіцца не спрабаваў, а ні разыгрываць гэткую паказную весялосць і бадзёрасць “з нагоды”. Але добра ўсміхаўся, слухаючы прамовы. І з імпэтам прачытаў урывак з “Васілія Цёркіна” пра хлопца-гарманіста. Вось жа: сыграўшы больш за 90 роляў, як падлічылі тэатразнаўцы, выбраў сабе народны артыст такое ціхае юбілейнае амплуа. А колькі розных варыянтаў магло быць! Тэатралам помняцца створаныя ім яркія вобразы моцнага гаспадара-селяніна Аўдзея, загадкавага шляхціца Завальні, прадпрымальніка Ванюшына, памешчыка Сабакевіча, “вясельнага генерала” Равунова-Каравулава… Ну і, вядома ж, Цярэшкі Калабка (яго ён сыграў 650 разоў!) у “Трыбунале” Андрэя Макаёнка і Пранціся Пустарэвіча ў неўміручай купалаўскай “Паўлінцы”.
Генадзя Аўсяннікава называюць “ні да каго не падобным”, “асобнай зоркай у сузор’і вядучых артыстаў-купалаўцаў”. А ён, як бачна, ставіцца да смелых вызначэнняў з лёгкай іроніяй, як мудры вясковец дзед Васіль, якому таксама, мусіць, не надта б ускружыла галаву людская слава. А значыцца, Генадзь Аўсяннікаў і сёння ў цудоўнай творчай форме. “Яшчэ не вечар!” — як з гумарам заўважыў, віншуючы юбіляра, аўтар “Вечара” Аляксей Дудараў.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядомы акцёр Купалаўскага тэатра Генадзь Аўсяннікаў прымаў віншаванні з 75-годдзем у вобразе мудрага вясковага дзеда Васіля
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика