Моцныя карані духоўнасці
30.03.2010
—
Новости Культуры
|
Вопыт Беларусі па захаванні і развіцці культурных традыцый выклікае цікавасць у свеце
“Традыцыйныя духоўныя і культурныя каштоўнасці як аснова ўстойлівага развіцця” — такой была тэма дыскусіі на нядаўняй канферэнцыі ва ўніверсітэце Баламанд ліванскага горада Трыпалі, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі дваццаці краін. Пра вопыт Беларусі па захаванні культурных традыцый расказвала старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя Галіна Палянская. На думку дэпутата, у Беларусі за апошнія дваццаць гадоў праведзена вялікая работа па ўсіх гэтых напрамках. Напрыклад, летась на 25 культавых аб’ектах выкананы рэстаўрацыйныя работы за кошт дзяржфінансавання. І сёлета плануецца накіраваць адзін мільярд рублёў на фінансаванне комплексу работ у былым Калегіуме езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, крыху менш за гэтую суму — у Васкрасенскім саборы ў Барысаве, яшчэ 200 мільёнаў — ва Успенскім манастыры ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна Магілёўшчыны. Акрамя таго, з рэспубліканскага бюджэту на капітальны рамонт будзе выдзелена 450 мільёнаў рублёў для Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, Царквы абароннага тыпу ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна і Свята-Васкрасенскай царквы ў Клецку. Асобныя блокі даклада Г. Палянскай датычыліся адраджэння традыцый дзякуючы актыўнаму развіццю ў Беларусі агра- і экатурызму, прыцягненню моладзі да захавання культурных і духоўных каштоўнасцяў нашага народа. Паводле слоў дэпутата, даклад пра Беларусь выклікаў вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў канферэнцыі. “Мы годна выглядаем на фоне астатніх, і нават маем відавочныя перавагі. Многія маглі толькі тэарэтызаваць пра развіццё культурных каштоўнасцяў, а ў нас ёсць не толькі тэорыя, але і канкрэтныя факты і дасягненні, вынікі, пра якія можна прадметна гаварыць”, — падкрэсліла Галіна Палянская. Не без гонару яна адзначыла, што ў Ліване сустрэлася з двума архітэктарамі, якія былі ў ліку 70 ліванскіх студэнтаў, калі яна ўзначальвала архітэктурны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Максім Дарашэвіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вопыт Беларусі па захаванні і развіцці культурных традыцый выклікае цікавасць у свеце |
|