Жыццёвая адысея Аляксея Карпюка. 21.by

Жыццёвая адысея Аляксея Карпюка

13.04.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аляксей  Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920  года ў вёсцы Страшава на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні, у Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У пачатку вайны ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы ў канцы 1942 года быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль – у канцлагер Штутгоф. Яму ўдалося ўцячы з палону і прыняць удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 годзе стаў камандзірам партызанскага атрада імя К. Каліноўскага. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разам з часцямі Савецкай Арміі ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены.
У 1949 годзе Аляксей Карпюк скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана, дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна.

У друку дэбютаваў у 1953 годзе аповесцю “У адным інстытуце”, неўзабаве быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Выкладаў у Гродзенскім педінстытуце. З 1955-га па 1957 год працаваў у абласной газеце «Гродзенская праўда», пасля быў уласным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”.

Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Аляксей Карпюк узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна “Віртуці Мілітары”. Заслужаны работнік культуры БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа. Мiжнародны бiяграфiчны цэнтр у Кембрыджы (Англiя) надаў А.Карпюку званне «Лепшы чалавек года» за 1992 г.
Памёр пісьменнік  14 ліпеня 1992 года.

Пісьменнік-партызан
У музеі гродзенскай СШ №35 адна з новых экспазіцый раскажа пра Аляксея Карпюка –  былога кіраўніка партызанскага атрада імя  Кастуся Каліноўскага, што дзейнічаў у беластоцкіх лясах.

Арганізатар музея, педагог з 46-гадовым стажам, Раіса Дзмітрыеўна Прохарава добра ведае біяграфію і творчасць пісьменніка Аляксея Карпюка. Некалі на яе прафесійны выбар і станаўленне вялікі ўплыў аказала маладая настаўніца Іна Анатольеўна Карпюк, жонка пісьменніка.

Калі ў школах быў аб’яўлены абласны конкурс  на лепшую творчую работу пра педагогаў – удзельнікаў  Вялікай Айчыннай вайны, за цікавы пошук узялася  дзесяцікласніца СШ №35 Насця Пачабыт. Пад кіраўніцтвам Раісы Дзмітрыеўны і з яе непасрэдным удзелам была праведзена вялікая пошукавая работа. Педагог і школьніца пабывалі ў архівах, музеях, у кватэры, дзе жыў пісьменнік. Шчыра адгукнулася дапамагчы ў пошуках дачка пісьменніка – Валянціна Аляксееўна Карпюк. Яна не толькі падзялілася цікавымі матэрыяламі, але і зрабіла станоўчы водгук на творчую работу школьніцы.

Рэферат атрымаўся  змястоўным, са шматлікімі фотаздымкамі, дакументамі ваенных год. Кранаюць сэрца словы дзяўчынкі: «Я пазайздросціла тым людзям, з якімі Аляксей Карпюк быў побач, бо ад яго заўсёды ішло дабро, спагада, шчырасць. Пра такіх кажуць: чалавек вялікай душы».

Аляксей Карпюк у маім жыцці

Некалі мне, вясковай дзяўчынцы-сямікласніцы, прапанавалі ў сельскай бібліятэцы невялічкую  даволі «зачытаную» кніжку «У адным інстытуце». Тады  я ўжо ведала, што аўтар  Аляксей Карпюк – наш зямляк, вучыўся ў педінстытуце, і ўсе, аб чым апавядаецца ў творы, адбывалася ў Гродна. Пасля набыткам  майго чытальніцкага вопыту сталі яго  іншыя аповесці….

Праз некалькі год у маю Луцкаўлянскую сярэднюю школу завіталі даволі вядомыя ў тыя гады пісьменнікі  Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк. Яны цікава расказвалі пра герояў сваіх твораў, успаміналі мінулае, дзяліліся планамі. Тады нехта з настаўнікаў пахваліўся, што ў нашай школе таксама падрастаюць таленты. Незадоўга да гэтага выпадку я даволі ўдала выступіла на  абласным конкурсе маладых паэтаў, актыўна друкавалася ў раённай газеце. Мяне папрасілі пачытаць свае вершы. Памятаю, як хвалявалася, як дрыжаў голас. Затое якой асалодай былі трохі жартаўлівыя, але па-бацькоўску лагодныя словы Аляксея Карпюка: «Гэта дзяўчынка, Васіль, некалі нас з табою пераплюне…»

Прайшлі гады, не лепшыя, на вялікі жаль, у жыцці пісьменніка. Памятаю, у верасні 1989 года Аляксей Карпюк узначальваў обласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. Яго рабочы кабінет размяшчаўся ў доміку Элізы Ажэшкі. Наша рэспубліка рыхтавалася да 50-годдзя ўз’яднання з заходнімі абласцямі, і мне было даручана падрыхтаваць матэрыял на гэту тэму. Я  пайшла на сустрэчу з Аляксеем Карпюком, бо ведала, што ён быў сталым сведкай тых падзей. На развітанне не стрымалася і нагадала пісьменніку пра тую  вясковую школьніцу, якая чытала некалі свае вершы. Маўляў, вас, паважаны Аляксей Нічыпаравіч, я  так і не пераплюнула,  не атрымалася з мяне сталага паэта, а вось у Саюз  журналістаў  СССР прынялі.
На памяць аб сустрэчы пісьменнік падпісаў мне адну са сваіх кніжак. А неўзабаве ўбачыў свет яго новы твор – раман «Карані». Як я насілася з ім, расказваючы ўсім знаёмым, што гэта новая кніжка апавядае пра жыццё такіх знаёмых і дарагіх сэрцу вёсак Прынёмання.

Мінулай восенню, роўна праз дваццаць год пасля апошняй сустрэчы з пісьменнікам, я  збірала матэрыялы аб  жыцці і творчасці Аляксея Карпюка для музея рэдакцыі. Перагарнула старонкі яго кніг, пабывала ў кватэры пісьменніка, гутарыла з яго дачкой Валянцінай, якая беражліва захоўвае  ўсё, што звязана з памяццю аб бацьку.


Святлана МУРЫНА
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1949 годзе Аляксей Карпюк скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана, дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика