«Праз творчасць трэба размаўляць па-людску, а не па-свiнску» . 21.by

«Праз творчасць трэба размаўляць па-людску, а не па-свiнску»

05.06.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Драматург Аляксей Дудараў адпачывае ў збудаваным флiгельку, але ўжо ўзяўся за стварэнне старажытнага рыцарскага замка

Дзесяць гадоў таму на свой залаты юбiлей вядомы беларускi драматург Аляксей Дудараў (на здымку) вырашыў успомнiць сваю прафесiйную акцёрскую адукацыю i сыграў на сцэне ТЮГа ў спектаклi па сваёй п’есе «Палачанка». Як гаворыць сам, гэтак i выкру­цiўся, каб пазбегнуць абавязковых доўгiх вiншавальных прамоў i пажаданняў.

— Як уяўлю ўсё гэта, нiякавата робiцца. Лепш няхай не гавораць, а добра думаюць пра мяне, — падзялiўся з «Р» драматург, якому заўтра, 6 чэрвеня, спаўняецца 60.

Ад сёлетнiх працяглых вiншаван­няў ён таксама мяркуе адкруцiцца. I зноў усё выдатна прыдумаў. Спачатку спектакль па яго п’есе ў Драматычным тэатры беларускай армii, там ён мастацкi кiраўнiк. Пасля — дакументальны фiльм пра юбiляра. Потым — яго ж нядоўгi расказ пра новыя творчыя здабыткi. Нарэшце, кароткае афi­цыйнае вiншаванне i банкет, перажыць якi, прызнаецца юбiляр, ужо значна прасцей.

Пакуль жа ўсё гэта арганiзоў­ваецца, на мабiльным тэлефоне Аляксея Ануфрыевiча не змаўкаюць званкi. I кожны раз пакой напаўняе шчымлiва-пяшчотная песенька «Блю, блю, блю канари…» з колiшняга спектакля знакамiтых палунiнскiх «Лицедеев», якую мой суразмоўца слухае з бачнай асалодай:

— Генiяльная мелодыя, вельмi добрая, пазiтыўная. Спецыяльна яе для мабiльнiка выбраў — выдатна супакойвае. Характар жа ў мяне няпросты, завожуся, бывае, з паў­абароту.

— А наогул, ад жыццёвых нер­ваванняў як адпачываеце?

— У мяне за Лагойскам участак, дача. Ёсць на iм дом з усiмi гарадскiмi выгодамi. Але ж побач я ўсталёўваю колiшнi побыт. Збудаваў са старой лазнi флiгелёк, накрыў яго не шыферам, не чарапiцай, а гарбылём — неапрацаванымi дошкамi. Яны зрабiлiся ўжо шэрымi, але, калi я гляджу на iх, мне робiцца цёпла на душы. Вось гэты флiгелёк у мяне для адпачынку.

— Можа, абуджаюцца каранi вясковыя?

— Ды якi я ўжо вясковы, сорак гадоў, як у горадзе, 17-гадовым юнаком прыехаў.

— А якое самае яркае ўражанне засталося ад вясковага дзяцiнства?

— Зiмой заўсёды было многа снегу, а летам — многа сонца. Цяпер так амаль не бывае. Хаця сёлета быццам якраз класiчныя зiма i вясна — як з дзяцiнства. Спадзяюся, класiчным будзе i лета: у пачатку чэрвеня яшчэ памочыць, а пасля як дасць спёка, i так аж да самых жнiвеньскiх халодных начэй, калi ўдзень яшчэ спякотна, але каб у пуньцы спаць, дык трэба ўжо нечым прыкрыцца.

— Цi бываеце вы ў родных мясцiнах на Вiцебшчыне, Дубровеншчыне?

— Бываю даволi рэдка, у асноўным на Радаўнiцу. I ў Клянах, дзе я нарадзiўся, i ў Зарубах, на радзiме маёй мацi Анастасii Восiпаўны, засталiся адны магiлы. Наогул, старэе вёска, сышлi колiшнiя адносiны, патрыярхальныя асобы, на якiх трымалася культура вёскi, яе мараль, уклад жыцця. Раней кожная вёска, хоць i з рознымi людзьмi — i працавiтымi, i гультаямi, але была як вялiкая сям’я. Адчувалася адказнасць людзей перад грамадой. Аднаму перад адным было нiякавата, калi кашуля брудная цi дзецi замурзаныя ходзяць, цi бульба не ў час выкапана. Цяпер гэта знiкла. Дый не так адчайна зазiралi ў чарку. А зараз гэта часта замяняе працу. Працавалi ж раней апантана, хоць нiчога з таго i не зараблялi, iмкнулiся падняць дзяцей. Але што было дрэнна —дзяцей тых старалi­ся як мага хутчэй выштухнуць у горад. I вось гэта ўдалося, хаця не кожны, хто паехаў з вёскi, такое выпрабаванне вытрымаў. Нярэдка атрымлiвалася, як у знакамiтым вершы: «И города из нас не получилось, и навсегда утрачено село...».

— Дзякуй богу, у вашым лёсе ўсё складвалася ўдала. Вывучылiся на акцёра, сталi вядомым драматургам, рэжысёрам. Дарэчы, не шкадуеце, што адмовiлiся ад акцёрскага хлеба?

— Калi зусiм дакладна, то па самай першай прафесii я — слесар кантрольна-вымяральных прыбораў чацвёртага разраду. Некалi заканчваў наваполацкае ПТВ № 28 нафтавiкоў. А што сцэна мяне мiнула i акцёрам не стаў, дык за гэта дзякуй Богу. Бо акцёр, няхай даруюць мне калегi, — гэта трагiчная прафесiя. Я вельмi люблю акцёраў, паважаю i разумею складанасць iх працы. Яны ж свае жыццi кладуць, каб людзi, прыходзячы ў тэатр, рабiлiся чысцейшымi, каб на сцэне ўбачылi сябе такiмi, якiмi трэба быць i якiмi быць не трэба.

Рэжысёрам я сябе таксама не лiчу, хоць быў вопыт, калi я паставiў у тэатры iмя М. Горкага сваю п’есу «Люцi», i, здаецца, няблага. Я заўсёды быў больш драматургам. Нiколi не любiў чытаць доўгiх апiсанняў. Шчыра сказаць, багата што i ў класiкаў з гэтага не чытаў, а перагортваў. Мяне цiкавiлi дыялогi. Мне сумна чытаць, калi распiсваюць, напрыклад, якi прыгожы дуб, пад шатамi якога знаходзяцца героi рамана. Мне цiкава, што там пад дубам адбываецца памiж гэтымi людзьмi.

— Дзе вы знаходзiце сюжэты для сваiх твораў?

— Не ведаю. Раней модна было казаць, маўляў, гэта — назiраннi з жыцця. Няпраўда. Вось, здавалася б, усё проста: застолле, усiм весела, усе гамоняць, смяюцца, нешта пераказваюць. Толькi запiшы, пастаў на сцэне — i будзе гэтак жа весела i смешна. Але нiчога не атрымаецца. Ёсць нейкая таямнiца ў тым, як зараджаюцца вобразы, як мадэлiруюцца свет i адносiны герояў. Для таго, каб тое, што адбываецца ў п’есе, было цiкава ўсiм, драматургу трэба нейкiм чынам нiбы зазiрнуць папярэдне ў кожнага, хто будзе пасля глядзець гэту п’есу ў тэатры.

— I як гэта зрабiць?

— Адкуль я ведаю. Каб ведаў, генiем быў бы.

— Дык вас i так да класiкаў прылiчваюць. Дудараў — iмя ў драматургii.

— Да класiка я ўжо прызвычаiўся. Раней, калi чуў, злаваў i абураўся: класiкi ж — гэта Чэхаў, Пушкiн. Пасля — аджартоўваўся. А цяпер проста не звяртаю ўвагi, прывык. Але магу запэўнiць, што на мяне гэтае вызначэнне не дзейнiчае нiяк. Адчуваю сябе ў творчасцi тым жа самым юнаком, якi ў далёкiм ужо 1974 годзе апублiкаваў у часопiсе «Маладосць» свае першыя апавяданнi. Вось калi было сапраўднае свята! У iнтэрнаце на тумбачцы стаяў той часопiс, i я перыядычна падыходзiў, каб зноў паглядзець на свой фотапартрэт, якiм адкрывалася публiкацыя.

— Хто са старэйшых пiсьменнiкаў благаславiў вас на занятак лiтаратурай?

— Я заўсёды з удзячнасцю ўспамiнаю свайго першага рэдактара Уладзiмiра Максiмавiча Дамашэвiча. У «Маладосцi» ён тады працаваў у аддзеле прозы, i я, пачатковец, насiў яму рукапiсы сваiх апавяданняў. Да друку Уладзiмiр Мак­сiмавiч, зразумела, прымаў не ўсё, але ўсё прынесенае ўважлiва чытаў, казаў, што яму цiкава сачыць за маiм творчым развiццём. А ўвогуле, я шмат вучыўся на творах i Макаёнка, i Брыля, i многiх iншых расiйскiх i беларускiх празаiкаў i паэтаў.

— За творчасцю сённяшнiх маладых лiтаратараў сочыце?

— Спецыяльна — не. Але неяк трапiўся адзiн лiтаратурны часопiс. Я паспрабаваў чытаць. Ведаеце, чвэрць стагоддзя таму мы ставiлiся значна сур’ёзней, з большай адказнасцю, з глыбокай пашанай да таго, што мы пiшам, i больш думалi пра тое, чым наша слова адгукнецца. Яны цяпер нi пра што гэта не ду-ма-юць. Я не прыхiльнiк забарон. Забаронных тэм няма. Пiсаць можна сапраўды пра ўсё, што хочаш. Але ўнутры кожнага аўтара павiнен сядзець нават не жорсткi, а люты рэдактар. Не са страху, што выклi­чуць «на кавёр» цi пададуць у суд. Проста з людзьмi праз творчасць трэба размаўляць па-людску, а не па-свiнску. Мярзоту выцягваць цi на палатно, цi на экран, цi на сцэну, цi на паперу — забаронена. Не таму, што цэнзура i нехта прыйдзе пакарае з Мiнiстэрства культуры. А таму, што гэта — табу. I ты павiнен, калi табе Бог даў дар, вельмi ашчадна i далiкатна iм распараджацца. У сучаснага мастацтва галоўная задача — здзiвiць. Канешне, трэба здзiўляць. Але не любымi метадамi i не апускацца да пасрэднага шоу.

— Адкуль вы чэрпаеце натхненне?

— Я не ведаю, што такое натхненне. Жаданне працаваць — цi ёсць, цi яго няма. «Ни дня без строчки» — таксама не пра мяне. Па-мойму, гэта дурнота. Талстой сказаў лепш: «Можешь не писать — не пиши». У гэтым ёсць рацыя. А калi прымушаць сябе штодня? Творчасць — гэта ж, як каханне. Як можна прымусiць кахаць? Творчасць пачынаецца, калi надыходзiць момант, сiтуацыя, калi твае героi прыходзяць i стукаюцца да цябе, мучаюць да той пары, пакуль ты не вынесеш iх на паперу i потым не здасi ў тэатр. I то могуць яшчэ доўга трымаць. Мяне дзяўчынкi з п’есы «Не пакiдай мяне» трымалi больш чым год. Цяпер, як шосты год ужо iдзе спектакль, паспакайнела. А то не мог з iмi нiяк развiтацца, усё ў думках круцiлiся, перакручвалiся.

— Якiя тэмы хвалююць вас сёння?

— Мяне хвалюе рыцарскi замак. Беларускi саюз тэатральных дзеячаў, якi я ўзначальваю, спрабуе стварыць яго i сярэдневяковы горад на месцы нашага колiшняга тэатральнага пансiяната ў Астрашыцкiм Гарадку. Гэты горад будзе наблiжаны да сапраўднага, але не музей, а рэканструкцыя, таму да ўсяго там можна будзе дакрануцца. Пакуль працэс на пачатковай стадыi, але герб, сцяг i гiмн горада ўжо створаны, i ў гэтым я прымаў непасрэдны ўдзел. З цягам часу мяркуем праводзiць там i рыцарскiя турнiры, i канцэрты, i спектаклi адпаведнай тэматыкi. Там можна будзе i з лука пастраляць, i ў карчме пасядзець, i нават папрасiць менестрэля праспяваць пад лютню для сваёй дамы сэрца. Словам, там, у аднаўленнi сярэднявечча, сёння ўсе мае думкi i iмкненнi.

— А што з працягам вашых знакамiтых «Белых Росаў»?

— Год таму легкадумна прагаварыўся пра гэта, а цяпер нават не ведаю, што i адказаць. Я не адмовiўся канчаткова ад гэтага праекта, але ажыццявiць яго вельмi няпроста. Усе ж чакаюць, каб працяг «Белых Росаў» быў такi ж, як i першы фiльм, — па адчуваннях, па iнтанацыi, па адносiнах, па настроi. Але калi змадэлiраваць, прыдумаць прыгожую гiсторыю пра тое, што магло адбыцца праз 20 гадоў з жыхарамi неперспектыўнай вёсачкi, якiя сталi гараджанамi, мне скажуць: няпраўда. I сапраўды будзе няпраўда. Калi даць праўду пра тое, што з iмi зрабiлi 20 гадоў, скажуць: не патрэбна. «Белыя Росы» — гэта мастацтва, а яно так лёгка да сябе не падпусцiць. Як падысцi, каб не парушыць? Пакуль не ведаю. Магчыма, варта прыдумаць зусiм iншых персанажаў. Наогул, лiчу, любы працяг асуджаны на правал, як яго не здымi. Канечне, «Белыя Росы» «выцягнулi б» працяг. Людзi пайшлi б яго паглядзець, хаця б таму, каб упэўнiцца, цi не горшы ён за першы фiльм. Але горшым яго рабiць нельга. У гэтым будзе нейкi грэх i здрада перад усiмi — i рэжысёрам, i акцёрамi, хто стварыў гэтую цудоўную карцiну. Я лiчу, калi брацца за працяг, дык па-сапраўднаму, а не для таго, каб выкарыстаць вядомы брэнд i «зрубiць бабкi», як гэта, на жаль, часцей сёння бывае.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКI 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксей Дудараўпакуль што не адмовiўсяад iдэi «Белых Росаў-2»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика