У Мінску пачаўся фэст сучаснага мастацтва "ДАХ". 21.by

У Мінску пачаўся фэст сучаснага мастацтва "ДАХ"

13.07.2010 16:35 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У Палацы мастацтваў (Казлова, 3) распачаўся традыцыйны фэст сучаснага мастацтва "ДАХ".

Міжнародны фестываль эксперыментальнага мастацтва "ДАХ" упершыню прайшоў у 2001 г. у берлінскім цэнтры "Тахелес". З таго часу амаль кожны год гэты фэст ладзіцца то ў Берліне (у жылым доме, ператвораным у адну вялікую выставачную залу), то ў Мінску (у адносна рэспектабельным Палацы мастацтваў) і нязменна збірае пад свой дах тых, хто не цураецца эксперыментаваць у розных кірунках мастацтва.

Сёлетні фэст праходзіць пад кодавым назовам MAGEIA CEREBRUM ("Цёмныя таямніцы мозгу"). Расцягнуты на цэлы месяц фестываль пазнаёміць наведнікаў з творчасцю тых мастакоў, якія эксперыментуюць са словам, гукам, жэстам, фарбай. Экспазіцыя на працягу фестывалю зменіцца тры разы. Музыкі, лiтаратары, перформеры i тэатральныя суполкi будуць чаргавацца бесперапынна…

Сама цікавыя імпрэзы першага фестывальнага тыдня:

13 ліпеня, аўторак. Перформанс ад "Механёраў культуры". Тэатр перформансу (назавем яго так) "Механёры культуры" зладзiў блiзу пяцiдзесяцi перформансаў (і не зладзiлi яшчэ больш). Механёры - майстры бойкi з млынамі. Замест ветрака – Яе Вялікасць Культура, якая ўжо колькі гадоў, паводле механёраў, "варушыць сваiмi павучынымі канцавінамi". МК часам сям-там чаго-небудзь цыруюць, падбiваюць, выпраўляюць, каб гэты гмах змог дажыць да самага Канца. Механёры iснуюць у кожнай краiне свету (а сярод іх ёсць і беларускі мастак, мінчук-берлінец Алесь Родзін), аднак эпiцэнтр заўседы знаходзiцца ў Беларусі. Пачатак а 18-й. Прыходзьце: ведаючы МК, можна сказаць, што будзе таямнічае і ўрачыстае дзейства.

15 ліпеня, чацвер. Праект "Філаматы-Філарэты". Бард Аляксей Жбанаў і сябры нечакана далучыліся да фэсту сучаснай культуры. Чаму нечакана? Бо ягоны праект — гэта даніна класічнаму бардаўскаму выкананню. Што робіць яго адметным, дык гэта пераклады вершаў філаматаў і філарэтаў на беларускую мову: Адама Міцкевіча, Яна Чачота ды інш. Аўтары ўводзяць творчасць філаматаў і філарэтаў з дапамогай бардаўскай песні, узнаўляюць перарваную повязь культуры, спрабуюць пераадолець штучную мяжу паміж беларускамоўнай народнай і польскамоўнай шляхецкай культурай Беларусі ХІХ ст.

16 ліпеня, пятніца. Падляшскае кіно. Падляшша – край польска-беларуска-ўкраінскага сужыцця, дзе судакранаюцца культуры. Суполка Filmowe Podlasie Atakuje/"Кінападляшша атакуе!" прэзентуе чарговы зборнік кароткаметражных стужак сваіх сяброў, якія здабылі прызы на разнастайных кінафэстах, а таксама стужкі пачаткоўцаў. Пачатак а 16-й.

19 ліпеня. "Кабарэ Матыльды Штор" - Dostoevskij coming back/"Дастаеўскі вяртаецца". КМШ – беларускі дэкаданс. Імпазантныя літаратары Вера Бурлак, Віктар Жыбуль і Максім Іўкін выконваюць арыгінальныя прыпеўкі, вершы. Сябе лічаць наўпроставымі спадкаемцамі адэскіх куплетыстаў, стваральнікаў кабацкіх песняў і маэстра Вярцінскага. Дастаеўскі пачне вяртацца а 16-й.

21 ліпеня, серада. Умка и Броневик. Літаратурная вечарынка выдавецтва "Галіяфы" з удзелам Вольгі Гапеевай, Арцёма Кавалеўскага, Веры Бурлак, Віктара Жыбуля, Змітра Пляна, Сяргея Календы, Усевалада Гарачкі, Вікі Трэнас, Міхася Башуры, Змітра Вішнёва спалучыцца з канцэртам класікаў расійскага року "Умка и Броневик". Песні Умкі (у жыцці – вядомай расійскай перакладчыцы з ангельскае і літоўскае Анны Герасімавай) – інтэлектуальны рытм-энд-блюз, які часта параўноўваюць з амерыканскім псіхадэлічнымі гуртамі 70-х. Калі колісь зладзяць расійскі Вудсток – дык УиБ, пэўна, будуць там за хэдлайнера. Пачатак а 20-й.
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расцягнуты на цэлы месяц фестываль пазнаёміць наведнікаў з творчасцю тых мастакоў, якія эксперыментуюць са словам, гукам, жэстам, фарбай. Экспазіцыя на працягу...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика